Час чумы
Шрифт:
— Настаўнік…
Невядома, хто з нас настаўнік, з горыччу падумаў Вітэліус.
— Па маёй смерці ты атрымаеш грошы, якіх вам хопіць на дарогу да Кракава.
Гусоўскі паднёс слабую руку мецэната да вуснаў. Гэта ягонае вам…
— Дай мне слова, што ты не памрэш, пакуль не надрукуеш «Песню», — сказаў Вітэліус.
VII
Гусоўскі прачнуўся з адчуваннем, што яму не дваццаць, а зноў сорак пяць гадоў. Безразважнае шчасце першых дзён развеялася, як начны туман па-над рачным абалоннем. Стараючыся не варушыцца, каб не пабудзіць Франчэскі, ён слухаў яе дыханне,
Але ніхто ўжо не адбярэ ў яго ўспаміны. Ён ніколі не забудзе, як Франчэска пайшла з ім у ягонае ўбогае жытло, дзе адзінай раскошаю была прывезеная з радзімы зброя. Ён згадаў, як яна разглядвала лук, як дакранулася да цецівы і асцярожліва выняла з тула стралу…
Ён аддаў Франчэсцы большы пакой, што быў кабінетам і пачывальняй, а сам позна ўвечары, не распранаючыся, прылёг на вузкай каменнай ляжанцы ў малым пакойчыку. Сярод ночы ён пачуў яе спуджаны голас. Ён кінуўся да яе, і яна, яшчэ са спалохам на твары, працягнула насустрач яму рукі…
Можа, хаця б тады яна слухалася не розуму, а сэрца?
Сцяна над ложкам і абапал вакна была ўжо голая. Ён не дазваляў сабе чапаць Эразмавы грошы і ўчора, не знайшоўшы ў такі час пакупцоў на малюнкі Босха, мусіў прадаць зброю. Франчэска пакрысе вярталася да былых звычак. Учора яна запатрабавала новую сукенку і дванаццаць траў, якімі мыюць валасы, каб захаваць светлы колер. Ён расстараўся толькі размарыну, альясу і рамонку, але і гэта было цяпер сапраўдным дзівам.
Ноч дарыла яму пяшчоту і асалоду, а абуджэнне несла з сабою пакутлівую думку, што ён зноў атрымаў ад Франчэскі плату.
Ён не хацеў зазіраць у будучыню і ніколі не гаварыў пра яе з Франчэскаю. Наогул яны мала размаўлялі, відаць, адчуваючы, што словы могуць разбурыць той маленькі ненадзейны свет, у якім яны жылі. Дый ці маглі яны спадзявацца на нейкую будучыню пасярод зачумленага горада?
Цяпер Гусоўскі асабліва балюча адчуваў, як яму не стае Эразма. Ён ужо даўно дараваў яму нават ваганні ў размове з туркам, ён гатовы быў аддаць год жыцця, каб толькі можна было зноў пагаманіць з мецэнатам, пачуць з ягоных вуснаў роднае слова. Штодня ён адзін або з Франчэскаю маліўся ў царкве святой Марыі дэль Попала, якая дала Эразму Вітэліусу апошні прыстанак. Майстры ўжо высеклі на жалобнай пліце кароткую эпітафію. Ён глядзеў на яе, але бачыў не літары, а расстайны Эразмаў позірк, позірк не мецэната, а сябра. Дай яму вечны спакой, Божа!..
Аднаго разу Гусоўскаму востра захацелася ўбачыць Строццы. Ён адшукаў той дом, ды ў паўпустых пакоях і за разьблёнымі дзвярыма ў канцы анфілады не было ні душы. На сухім дне келіха ляжала нежывая муха. Свечкі даўно дагарэлі, і скразняк варушыў па пыльным стале спісаныя аркушы. Ён узяў адзін з іх сабе на ўспамін, але потым перадумаў і, паклаўшы яго назад, прыціснуў аркушы кандэлябрам. Яму хацелася верыць, што гаспадар гэтага пакоя яшчэ вернецца…
Гусоўскаму ўдалося зрабіць амаль немагчымае: ён знайшоў возчыка, які ў гэты час згадзіўся ехаць да Балоньі. Ужо прызначаны дзень ад'езду. З Балоньі яны дабяруцца да Венецыі, адтуль да Трэвіза і Астравы. А там ужо рукой падаць да Кракава. Ён праб'ецца да каралевы Боны і будзе прасіць за сябе і за Франчэску. Ён будзе прасіць за сваё дзіця — за «Песню пра зубра». Ён прысягнуў Эразму, што не ляжа ў зямлю, пакуль не возьме ў рукі кнігу з паэмай. А калі ворагі Вітэліуса будуць помсціць і паэту, якім апекаваўся пасол? Тады з Кракава яны з Франчэскаю паедуць далей, на радзіму. Ужо чатыры гады ён не мае ніякіх звестак пра бацьку. Ці жывы ён, стары пушчанскі паляўнічы? Але
хіба зможа абвыклая да раскошы Франчэска жыць у бедным баярскім доме?..Гусоўскі задумаўся, чаму яна ніводнага разу не пажадала пачуць ягоных вершаў. Напэўна, ён мусіць не засмучацца, а цешыцца з гэтага. Няхай яна зусім забудзе на тое, што ён — паэт. Пакахаць паэта прасцей, чым чалавека звычайнага. Пакахаць… Ён горка ўсміхнуўся сам сабе. Як лёгка чалавек аддаецца лятункам…
Ён адчуў, што Франчэска прачнулася.
Пачынаўся новы, поўны трывог дзень.
VIII
За два дні да ад'езду Франчэска адмовілася ад вячэры. Ён прыклаў ёй да лоба далонь і здрыгануўся: хвароба падпільнавала і яе.
Раніцою заявіўся па задатак возчык. Пачуўшы, што, напэўна, давядзецца ехаць пазней, ён глянуў на жанчыну пад дзвюма коўдрамі і нахабна папярэдзіў, што вярнуць задатак не зможа.
Хвароба перамагала яе з незвычайнай хуткасцю. Наступнага дня Франчэска ўжо не падымалася. Поячы яе мятаю, ён змеціў на дзяснах вузельчыкі, якія ператвараліся ў язвы. Апошнія надзеі зніклі: гэта была чума.
Ён адыходзіў ад ложка толькі дзеля таго, каб пагрэць мятавы настой і падкласці ў кадзільніцу зёлак. Хвароба падаравала яму балючую і грахоўную радасць доўгіх гутарак з Франчэскаю.
Яна зноў і зноў прасіла яго расказаць пра радзіму. У ціхіх просьбах не было нават водценю колішняй уладнасці, і гэта рабіла ягоны боль яшчэ вастрэйшым.
Ён апавядаў пра доўгую марозную зіму і дуйкі, што заносяць бацькаў дом вышэй вокнаў, пра тое, як аднае раніцы ён адкапаў ад дзвярэй снег і, выбраўшыся на падворак, убачыў на замеценай да самага вільчака страсе трох ваўкоў. Яна слухала, як разліваецца ўвесну Нёман і як буслы збіраюцца перад выраем у чароды і, кругамі набіраючы вышыню, падымаюцца так высока, што знікаюць з вачэй.
— Мы паедзем туды, і ты ўсё гэта ўбачыш, — казаў ён, папраўляючы падушку.
— І я ўсё гэта ўбачу, — гаварыла Франчэска, і вочы яе глядзелі ўдалеч, нібы яна ўжо бачыла далёкую зямлю, дзе ён нарадзіўся.
— Я навучу цябе страляць з лука і хадзіць на іртах…
Ён сам трапляў у палон свайго ўяўлення, і яны з Франчэскаю пазіралі на вясёлы агонь у грубцы і моўчкі слухалі, як шалеюць у коміне дэманы завірухі, або ішлі па цаліку на іртах-снегаступах. Франчэска была ў лёгкім белым кажушку з ірхою; яна ціха і шчасна смяялася, а воддаль, атрасаючы з галінаў зіхоткі снег, пералятала з хваіны на хваіну цікаўная сакатлівая сарока, за якой гнаўся яе блакітны цень…
І раптам сэрца абрывалася, і ён вяртаўся назад і замаўкаў. Але яна, відаць, баючыся цішыні, пыталася пра Кракаў, пра каралеўскі палац, і іхняя гульня ў будучыню працягвалася.
— Ты адрэкамендуеш мяне каралеве, — казала яна, і ён, нібыта каронны маршалак, дакляраваў, што зробіць гэта ў той самы дзень, калі яны прыедуць у сталіцу.
Часам Франчэска пачынала трызніць. Найчасцей яна клікала пакаёўку і загадвала ёй прынесці цаколі і бэзавую сукенку. Гусоўскі згадваў іхнюю першую размову, калі Франчэска была ў такой самай сукенцы, і яму хацелася верыць, што гэта не проста трызненне. Можа, раней ён быў несправядлівы да яе?
На чацвёрты дзень ёй зрабілася зусім блага. Франчэска ўжо маўчала, напэўна, ён было цяжка гаварыць. Але яна глядзела на яго і не адпускала ягонай рукі, і Гусоўскі ўзіраўся ў яе вочы, намагаючыся прачытаць там усё тое, што не маглі вымавіць яе асмяглыя вусны. Ён пакутаваў, што не можа зразумець застылага ў агатавых вачах здзіўлення. Мо перад ёю паўставалі ўжо нейкія іншыя, невідочныя сферы? Ці гэтае здзіўленне было яшчэ зямное і датычыла яго, Гусоўскага, нібыта яна толькі зараз упершыню ўбачыла яго?