Час чумы
Шрифт:
Але вось яе вочы заплюшчыліся, і Франчэску агарнуў сон. Смерць забрала Эразма, а цяпер прыйшла па яе, каб ператварыць гэтую прыгажосць, гэтае зведанае, бясконца дарагое цела з сузор'ямі радзімак у спажыву чарвям.
Шукаючы нейкага апірышча, ён абвёў вачыма пакой. Позірк спыніўся на ацалелых Босхавых
Рух на карцінах замёр, але пакутлівае пачуццё хаосу не міналася. У Гусоўскага з'явілася адчуванне, што ён трапіў у вялізныя цяжкія жорны, якія з кожным новым імгненнем усё глыбей зацягваюць яго ў сваё каменнае чэрава.
Ратуючыся, ён запаліў усе свечкі і вярнуўся да Франчэскі. Яе дыханне зрабілася рэдкім, адначасна з выдыхам з грудзей вырываўся хрыплаваты прысвіст. Ён маліўся, каб хоць у астатнюю хвілю Бог дазволіў ім паглядзець адно аднаму ў вочы. Смерць стаяла ўжо каля самага ложка. Яму здалося, што ён змеціў яе бледны прывід. Вось смерць нахілілася над Франчэскаю для апошняга пацалунка, і яна пачала задыхацца. Ён скінуў з Франчэскі коўдры і ўбачыў, як яе грудзі падняліся і ўжо не апусціліся. Яна разлучылася з душой, так і не расплюшчыўшы вачэй.
Свет вакол яго рушыўся. У гэтым свеце панавалі пачвары.
«Дзверы адчыненыя, можаш пайсці», — загарэліся ў свядомасці словы Сенекі.
Розум дзейнічаў успышкамі, у святле якіх уваччу ўзнікалі абліччы людзей, малюнкі рымскіх вуліц і храмаў.
І раптам ён убачыў
зусім іншае. Бацькаў дом пад саламянай страхою, чарада дубоў, Нёман. І яшчэ сляды на плітах калумбарыя. Божая маці, прачыстая Дзева Марыя, Чуеш імя сваё ў песні і бачыш, напэўна, Як затрымцела ад страху рука вершатворцы? Раб твой пакорлівы слёзную гэту малітву Шле да цябе, баючыся: а можа, не прымеш? О, заступіся за нас! Праз любоў к чалавеку Бацька наш Бог і абраў цябе сам, і паставіў Першай заступніцай люду, і ты заступіся!..Ён чытаў і не бачыў, што на парозе схлупілася купка ўзброеных людзей. Зыркае святло ў вакне прывабіла начны дазор. Вартавыя прынюхваліся да палыновага дыму і ніякавата аглядаліся. Хтосьці моўчкі паказваў на ложак з незварушнаю жанчынаю, не могучы зразумець: спіць тая ці ўжо заснула давеку? А ў пакоі ўсё мацней гучаў голас чалавека, што сядзеў пры стале з кнігамі.
— Ён моліцца, — прыслухаўшыся, сказаў нехта. Варта ўбачыла, як чалавек кінуў на стол нейкія паперы і чытаў далей па памяці.
— Яго апанаваў д'ябал, — са страхам прамовіў начальнік дазору, і ягоныя людзі, паспешліва жагнаючыся, зніклі ў мораку галерэі.
У насычаным смерцю паветры, над Франчэскаю, над цёмнымі вуліцамі Вечнага горада, дзе ўладарыла чума, гучаў Голас.
1986