Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Час чумы

Орлов Владимир Викторович

Шрифт:

— І Ватыкан па-ранейшаму маўчыць…

Гусоўскі разумеў, што пасол паклікаў яго не дзеля таго, каб паведаміць пра новы паход султана. За доўгія гады іхняга своеасаблівага сяброўства ён навучыўся выдатна адчуваць унутраны стан мецэната і цяпер быў пэўны, што апрача паходу, апрача татарскіх набегаў і беспаспяховых пакуль што намаганняў пасольства Эразма гняце сёння і штосьці іншае. Вітэліус часта казаў, што поруч з ім не чуе на чужыне адзіноты. Ён, Гусоўскі, не мог бы шчыра паўтарыць тое ж самае. Аднак ён па-свойму любіў Эразма, і ў ягоным сэрцы таксама пасяліўся неспакой.

Ён быў шмат за што ўдзячны Вітэліусу. Пасля дабрадзейкі Соф'і, чацвёртай жонкі караля Ягайлы, краіна, бадай, не ведала мецэната больш слыннага. Біскуп Вітэліус апекаваўся паэтамі

і дойлідамі, на ягоны пасольскі двор у Рыме зляталіся лісты з пячаткамі знакамітых вучоных мужоў усёй Эўропы. Італьянец Кларэці нядаўна прысвяціў яму пераклад з Лукіяна, а немец Барэальд з Кёльна — свой трактат пра землятрусы. І ўсяго гэтага ён дасягнуў у зацятай барацьбе з зайздроснікамі і радавітымі няздарамі. Ды найперш Гусоўскі любіў Эразма за вернасць дадзенай у маладыя гады прысязе верай і праўдаю служыць Княству. Польскія арыстакраты не маглі дараваць яму не толькі ўзлёту, але перадусім гэтага сумленнага служэння. Яны не маглі дараваць Вітэліусу прамоў у Рыме і ў Аўсбургу, дзе ён услаўляў Вялікае Княства, яго былых валадароў і нават ягоную мову. Да таго ж нейкі спрытны рымскі друкар выдаў гэтыя прамовы асобнай кніжкай. Супроць пасла ўжо гучалі галасы на польскім сейме, і можна ўявіць, якая бура падымецца цяпер, калі ў Ватыкане пачалі гаварыць пра Вітэліуса як пра будучага кардынала. Відаць, нічога добрага не абяцаюць і каралеўскія пячаткі на лісце, які мецэнат чытаў перад ягоным прыходам.

Паэт рыхтаваўся пачуць благое і таму быў уражаны, калі Эразм абняў яго за плечы і загаварыў пра добрыя весткі з папскага палаца.

— Няхай узрадуецца тваё сэрца, як напоўнілася радасцю маё. Папа зацікавіўся паляваннем у нас на поўначы і выказаў жаданне мець у сваіх пакоях чучала зубра. Неба нарэшце пачула нашы малітвы. Табе давядзецца адкласці ўбок эпіграмы.

— Няўжо монсеньёр хоча паслаць мяне на паляванне? — спытаўся Гусоўскі са стрыманаю ўсмешкай і нейкім няясным, але ўсцешлівым прадчуваннем.

— Пра зубрыную шкуру няхай дбае Радзівіл, а мы з табою, Nicolaus, павінны ўпаляваць штосьці больш важнае. Папа пажадаў мець не толькі звера — яшчэ і праўдзівае паэтычнае слова пра ягоныя звычкі і пра лясы, што даюць яму прытулак. Ты няраз гаварыў, што твой човен застаяўся ў завані ціхіх азёраў. Выводзь яго ў мора і не бойся буры!

Гусоўскі маўчаў, таймуючы хваляванне, а пасол казаў далей:

— Памятай, што пасля Грунвальда пра нас даведаліся ва ўсім свеце. Кожны італьянскі вяльможа хацеў бы мець кнігу пра нашу краіну. Я ўжо стаміўся ад бясконцых роспытаў пра волатаў з вачыма на патыліцы і іншую бязглуздзіцу, народжаную хворым уяўленнем несумленных пісакаў. Дакуль яны будуць пашыраць чуткі пра варварства і дзікасць нашых земляў? Мы даўно адкрылі для сябе Захад, і ўжо даўно прыспела пара паказацца на людзях самім. Наша мінуласць мусіць належаць да гісторыі ўсёй Эўропы.

— Я хачу, — пасля пярэрвы сказаў Эразм, — каб ты памятаў і словы боскага Дантэ:

O, voi, ch'avete gl'intelletti sani Mirate la dottrina, che s'asconde. Sott'il velame degli versi strani [7] .

Мара трох апошніх гадоў пачынала збывацца, аднак Гусоўскі не мог даастатку аддацца радасным пачуццям, бо чуў у мецэнатавых словах недагаворанасць.

— Сённяшні дзень з тых, што могуць перавярнуць усё жыццё, — прамовіў ён. — Але чаму радасць у вачах у монсеньёра патанае ў смутку?

7

О вы, разумныя, зірніце самі, І кожны зразумее настаўленне, За дзіўнымі схаванае радкамі.

Позіркі паэта і мецэната сустрэліся. Яны ўбачылі адзін у аднаго падзеленыя напалам

удзячнасць і трывогу і ўадначас збянтэжана апусцілі вочы.

— Сёння я атрымаў ліст з Кракава. — У Эразмавым голасе з'явілася звінючая расколінка. — Інтрыганы дамагліся свайго. Кароль загадвае нам вярнуцца. Я ўжо не пасол.

Вітэліус сеў. Ягоныя плечы бяссіла апусціліся, маска ўпэўненага ў сабе дыпламата ўпала з твару, як сарваны ветрам ліст. Перад Гусоўскім быў разгублены няшчасны чалавек з пагаслымі вачыма.

— Я ўжо не пасол… — паўтарыў ён.

— Няхай монсеньёр скажа, каго з вялікіх не грызла ненажэрная пашча зласліўцаў. Але ж у пакутах гартуюцца дух і воля. Для Кракава монсеньёр ужо не пасол, але для Рыма і Эўропы ён застаецца знакамітым дыпламатам і не менш знакамітым апекуном музаў.

— Пасол без дзяржавы… — са слабаю ўсмешкаю азваўся Вітэліус.

— Кароль і двор — яшчэ не ўся дзяржава. У той час калі Сулейманавы сланы топчуць няшчасных сербаў, калі турэцкая чума распаўзаецца ўсё шырэй і шырэй…

— Sapienti sat. Разумнаму дастаткова. Я ведаю, пра што ты хочаш сказаць, — перапыніў мецэнат. — Статак сапраўды невінаваты, што ягоныя пастыры больш падобныя да ваўкоў. — Ён зноў уладна браў нітку гаворкі ў свае рукі, і Гусоўскі здзіўлена ўбачыў, што за сталом сядзіць заўсёдны, рашучы і гатовы да любых паваротаў лёсу біскуп Вітэліус.

Мікола заўжды зайздросціў волі апекуна, але такое хуткае вяртанне разгубленага і зламанага Эразма да сваёй звычайнай іпастасі нарадзіла акрамя зайздрасці і крыўду: паэт зразумеў, што шчырасць у паводзінах мецэната зараз была добра-такі разбаўлена падступствам. Ён ведаў, што Эразм разлічвае на ягоную дапамогу, але разумеў, што хвілінная біскупава слабасць таксама была маскаю. Той і цяпер заставаўся дыпламатам, вёў сваю гульню, і ад немагчымасці прабіцца нават да гэтай блізкай душы, ад усведамлення мяжы, што пралегла паміж імі, як пралягае паміж дзвюма рэкамі ўзвышша водападзелу, не дазваляючы ім сустрэцца ў адным моры, ад гэтых думак, хоць Гусоўскі і разумеў, што замова папы ўсё адно ў сіле, яму зрабілася непрытульна і самотна.

— У нас няма выбару, — прамовіў Эразм. — З гэтага дня мы — ізгоі. Табе не трэба тлумачыць, колькі залежыць цяпер ад тваёй музы. І для цябе, і для мяне, і для мільёнаў нашых суайчыннікаў.

Гусоўскі задуменна пазіраў на новую карціну. Востры сонечны прамень крануў чало Збавіцеля і слізгануў па малітоўна складзеных руках грэшніцы.

— Няхай умацуе мае слабыя сілы Ўсявышні.

Паэту хацелася пабыць на адзіноце, каб паўтарыць прамоўленыя словы таму, каму належала іх пачуць, але Вітэліус яшчэ не адпускаў яго.

— Дарагі Nicolaus, прызнаюся, што сярод трывог апошніх дзён у маім сэрцы знайшло свой куток і тое, пра што мы абодва пакуль што маўчалі. Мяне турбуюць твае сардэчныя справы.

— Я… — з выклікам пачаў Гусоўскі.

— Паслу ех officio [8] належыць ведаць усё, што чыніцца з ягоным сакратаром, — паспешліва сказаў Эразм, каб дапамагчы ці то паэту, ці то самому сабе. — А я не толькі пасол і мецэнат. Я сябра. Я ведаю імя тваёй абранніцы. Гэтая жанчына ніколі не пераступіць цераз забабоны, з якімі мы змагаемся ўсё жыццё…

8

Паводле пасады (лац.).

— Яе няма ў Рыме. Я ўбачу яе не раней як праз паўгода, — сказаў Гусоўскі, каб хутчэй скончыць гэтую цяжкую тэму, і мецэнату не ўдалося схаваць ад яго радасць.

— Я ведаю, што ты пісаў да яе, і здагадваюся, што яна табе адказала. Няхай расстанне будзе бальсанам на твае раны. Памятай, у тваіх руках не толькі твой лёс.

Вітэліус падышоў, каб развітацца, і калі ён злёгку сціснуў Гусоўскаму плячо, той насупор зусім нядаўнім пачуццям адчуў да мецэната спагаду. Знячэўку ён на ўсю поўніцу зразумеў, наколькі знітаваліся іхнія лёсы, і ў гэты момант зноў убачыў ланцужок слядоў на плітах калумбарыя.

Поделиться с друзьями: