Часовы прыпынак
Шрифт:
Я ўздыхнула:
– Шкада! Я гатова была дзеля вас адмовiцца ад Джэка.
– Лепш адмовiцца i ад яго i ад мяне.
– Чаму?
– Каб застацца сабой.
Я надзела капялюш перад люстэркам. Пiтэр падаў мне палiто.
– Правiльна, - сказаў ён, - трэба ехаць. Аэрапорт далёка адгэтуль, i лепш, калi мы прыбудзем раней, чым пасажыры аўтобуса.
Ён патушыў у кухнi лямпу i, перад тым як выйсцi, не стрымаўся i па-брацку абняў мяне. Я не супрацiўлялася, мне было прыемна адчуваць яго сiлу i
На вулiцы нас чакала яго невялiчкая машына, i я села з iм побач, не сказаўшы нi слова.
Iшоў дождж, i вулiцы начнога Лондана танулi ў змроку i смутку. Праз хвiлiну Пiтэр загаварыў. Ён мне апiсаў людзей, што жывуць у гэтых дробных домiках стандартнай будоўлi, iх аднастайны побыт, убогiя радасцi i сцiплыя надзеi. Яго ўяўленне было на дзiва вобразным. Ён мог бы стаць вялiкiм раманiстам.
Потым мы апынулiся ў заводскiм прадмесцi. Мой спадарожнiк змоўк. Я моцна задумалася... Думала аб заўтрашнiм днi, аб сваiм прыездзе ў Ню-Ёрк, пра Джэка, якi, напэўна, пасля гэтай незабыўнай ночы мне будзе здавацца чужым i трошкi смешным. Раптам я сказала рашуча:
– Стойце, Пiтэр!
Ён рэзка затармазiў i запытаў:
– Што такое? Вам нядобра?.. Цi, можа, у мяне што забылi?
– Не. А толькi я не хачу ехаць у Ню-Ёрк... Я не хачу яшчэ раз выходзiць замуж.
– Што?
– Я перадумала. Вы мне раскрылi вочы. Вы мне сказалi, што ў жыццi бываюць моманты, калi рашаецца ўсё, i надоўга... У мяне якраз такi момант... Я перадумала. Я не выйду замуж за Джэка Паркера.
– Вы ўскладаеце на мяне страшэнную адказнасць. Мне здаецца, я вам даў добрую параду. Але я магу памылiцца.
– Вы не можаце памылiцца. I асаблiва я не магу памылiцца. Я цяпер ясна бачу, што збiралася зрабiць глупства. Я не паеду.
– Дзякуй богу!
– павесялеў ён.
– Гэта вам збавенне. Iначай, папалi б у бяду. А вам не боязна вяртацца ў Парыж, даваць тлумачэннi?..
– А чаго баяцца? Мае бацькi i сябры не хацелi, каб я ехала. Яны лiчылi гэта капрызам i будуць рады, што я вярнулася.
– А мiстэр Паркер?
– Джэк паходзiць засмучаны колькi дзён цi колькi гадзiн... Пабалiць крыху ўшчэмленае самалюбства, але ён скажа сабе, што вельмi цяжка жыць з такой наравiстай жанчынай, i ўцешыць сябе тым, што развод адбыўся да шлюбу, а не пасля... Трэба толькi паслаць яму зараз жа тэлеграму, каб заўтра не шукаў мяне дарэмна.
Пiтэр уключыў матор.
– Што будзем рабiць?
– запытаў ён.
– Паедзем на аэрадром. Ваш самалёт вас чакае. А я сяду на другi, вярнуся ў Францыю. Скончыўся сон.
– Сон быў прыгожы.
– Але без вынiкаў.
Прыехаўшы ў аэрапорт, я зайшла на тэлеграф i напiсала тэлеграму Джэку: "Прыйшла да вываду шлюб неразумны кропка шкадую бо моцна люблю вас але не змагу
жыць у чужым далёкiм краi кропка лепей незалежнасць кропка пасылаю нескарыстаны бiлет апраўдаць выдаткi кропка прывiтанне Марцэла".Я перачытала i замест "жыць у чужым далёкiм краi" напiсала "жыць на чужыне". I ясна, i карацей.
Пакуль я складала тэлеграму, Пiтэр высвятляў, калi адправяць яго самалёт. Вярнуўшыся, ён сказаў:
– Усё - як мае быць цi лепш, нядобра ўсё: матор наладзiлi. Я вылечу праз дваццаць хвiлiн. Вам давядзецца чакаць да сямi гадзiн. Мне непрыемна пакiдаць вас адну. Хочаце, я куплю вам кнiжку?
– Не, - адказала я.
– У мяне ёсць над чым падумаць.
– Вы ўпэўнены, што не будзеце шкадаваць? Яшчэ ёсць час, але, паслаўшы ўведамленне, позна будзе перайначваць.
Не прамовiўшы нi слова, я падала тэкст тэлеграмы чыноўнiку.
– Звычайная?
– запытаў той.
– Спешная.
Потым я ўзяла Пiтэра пад руку.
– Дарагi Пiтэр, у мяне такое ўражанне, нiбы я праводжу да самалёта свайго самага блiзкага друга.
Я не змагу паўтарыць вам усяго, што ён мне гаварыў у гэтыя апошнiя дваццаць хвiлiн. Ён вызначыў некалькi важнейшых жыццёвых правiл. Вы не раз казалi мне, што ў мяне ёсць чалавечнасць, што я верная сяброўка i не ўмею хлусiць. Калi хоць частка гэтых добрых якасцей спраўдзiлася ва мне, я найбольш абавязана Пiтэру. Нарэшце ў дынамiк абвясцiлi: "Пасажыры да Ню-Ёрка. Рэйс шэсцьсот трыццаць два..." Я праводзiла Пiтэра да выхаду. Абняла яго там i моцна, ад душы, пацалавала. Больш мы нiколi не бачылiся.
– Нiколi не бачылiся? Чаму? Хiба вы не пакiнулi яму адраса?
– Пакiнула, але ён мне нiколi не пiсаў. Вiдаць, яму падабалася ўвайсцi вось гэтак у жыццё людзей, паказаць iм дарогу i знiкнуць.
– А прыязджаючы ў Лондан, вы не прабавалi яго знайсцi?
– Навошта? Ён сам прызнаўся, што аддаў мне сваё самае лепшае. Натхнёнага настрою тае ночы мы б не вярнулi нiколi. Не, тады нам было вельмi добра... Шчаслiвыя моманты мiнулага не аднаўляюцца... Цяпер скажыце, мела я прычыну сцвярджаць, што гэта прыгода была самай дзiўнай у маiм жыццi? Цi ж не цуд, што чалавек, якi перайначыў мой лёс, прымусiў жыць у Францыi, а не ў Амерыцы, якi зрабiў на мяне такi моцны ўплыў, быў незнаёмы ангелец, выпадковы сусед у лонданскiм аэрапорце?
– Гэта нагадвае, - заўважыў я, - антычныя мiфы, калi бог у вобразе жабрака альбо чужаземца размаўляе са смяротнымi... Але, сказаць па праўдзе, Марцэла, гэты незнаёмы не надта перавыхаваў вас, паколькi ўсё скончылася тым, што вы выйшлi замуж за Рэно, якi, хоць i носiць iншае iмя, але па сутнасцi той самы Джэк.
Падумаўшы, яна сказала:
– Ну так... Чалавечую прыроду змянiць нельга, яе можна толькi падправiць.
Пераклад: Юрка Гаўрук