Дэмакратыя i этычнае жыццё
Шрифт:
19 Ibid., 14 (1098a), 6 (1095b).
20 Ibid., 12 (1097b).
21 Ibid., 265 (1177b).
Чалавек ёсць істота сацыяльная, сцвярджалі старажытнагрэцкія філосафы, і ў гэтым поглядзе да іх далучаюцца хрысціянскія мысліцелі. Галоўнай высновай традыцыі, якая вынікала з гэтых крыніц, стала тое, што сацыяльнае жыццё азначае нашмат больш за супрацоўніцтва дзеля дасягнення матэрыяльнага дабрабыту і сацыяльнага спакою і з'яўляецца сродкам заснавання жыцця на прынцыпах дабра. На фоне такіх аналітычных адкрыццяў мы здольныя больш поўна зразумець працэс ажыццяўлення гэтай мэты.
Я ўжо казаў, што чалавек у стане супрацоўнічаць дзякуючы ўменню мысліць абстрактна. Гэтая здольнасць, якая робіць магчымым планаванне і арганізацыю дзейнасці, з'яўляецца неабходнай перадумовай усяго сацыяльнага жыцця. Сапраўды, я ўжо адзначаў, што абстрактная,
Сацыяльнае жыццё садзейнічае ажыццяўленню разнастайнай дзейнасці і адпаведных каштоўнасцяў. Дзейнасць можна падзяліць на этычную, інтэлектуальную, эстэтычную, эканамічную1 і палітычную, якая не абмяжоўваецца рамкамі ніводнай з папярэдніх. Пад цывілізаваным грамадствам я маю на ўвазе такое, у якім гэтая дзейнасць павінна ажыццяўляцца на высокім узроўні. Паколькі каштоўнасць любой з'явы вызначаецца, у рэшце рэшт, яе ўкладам у ажыццяўленне канчатковай мэты жыцця, цывілізаванасць вызначаецца ў першую чаргу ступенню этычнага развіцця. Ступень цывілізаванасці інтэлектуальнага, эстэтычнага і эканамічнага жыцця грамадства залежыць ад таго, наколькі гэтыя тыпы дзейнасці прасоўваюць здзяйсненне этычнай мэты. Нават з улікам таго, што іх адпаведныя каштоўнасці, такія як ісціна, прыгожае і эфектыўнасць, падпарадкоўваюцца ўласнаму прынцыпу арганізацыі ці крытэрыям дасканаласці, іх можна лічыць адыгрываючымі сваю высокую ролю толькі ў выпадку прасоўвання этычнай мэты. Паводле гэтага вызначэння, грамадства, якое здольнае ажыццяўляць свае планы з высокай ступенню эфектыўнасці, але не дзеля рэалізацыі маральных мэтаў, не можа лічыцца цывілізаваным у поўным сэнсе гэтага слова. Гэтае сцвярджэнне наглядна праілюстравана пачатковымі поспехамі нацысцкай дзяржавы, сарыентаванай на вайну. Таксама і грамадства, якое вызначаецца актыўнай інтэлектуальнай дзейнасцю, скіраванай на мэты іншыя, чым адкрыццё ўмоў этычнага жыцця, будзе цывілізаваным у вельмі нязначнай ступені. Маральнай мэце грамадства, якой падпарадкоўваюцца і якую ў ідэале падтрымліваюць усе астатнія мэты, мы можам даць назву супольнасці.
Я ўжо казаў пра тое, што чалавек разрываецца паміж духоўна разбуральнымі і стваральнымі імкненнямі. Ва ўмовах грамадства дэзынтэграцыйная скіраванасць нізкага «я» чалавека прывядзе яго да канфлікту з суайчыннікамі. Яго ўласныя жаданні прыйдуць у супрацьстаянне з воляй іншых людзей. Вынікаючая з адукаванай своекарыслівасці гатоўнасць да пэўнага самаабмежавання падтрымлівае ў грамадстве хісткую стабільнасць, але з прычыны таго, што ў жыцці людзей адсутнічае этычная дысцыпліна, супольнасці ў сапраўдным сэнсе гэтага слова не існуе. Яна можа ўзнікнуць толькі ў тым грамадстве, дзе сілы своекарыслівасці ўраўнаважваюцца клопатам аб усеагульнай дабрадзейнасці.
Настройваючы супраць чыста адвольнага і своекарыслівага ва ўчынках, этычнае сумленне ўстараняе тое, што аддзяляе нас ад іншых людзей. Яно вымагае дабра дзеля дабра, што павінна быць мэтай усіх людзей і кожнага асобнага чалавека, а не імкнення да здзяйснення інтарэсаў канкрэтных індывідуумаў і груп. Такім чынам, ступень імкнення чалавека жыць згодна з этычным сумленнем ёсць ступень яго яднання з іншымі. Як у чалавека маральная дысцыпліна прыводзіць да самаапраўдальнай інтэграцыі асобы, так і ў грамадстве з яе вынікае самаапраўдальная гармонія. Супольнасць ёсць людскі саюз пад кіраваннем этычнага сумлення. Сапраўднае прызначэнне чалавека лепш усведамляецца супольна. Трэба зразумець, што сапраўдная супольнасць адчуваецца тымі, хто будуе сваё жыццё адносна адных і тых самых маральных крытэрыяў. Адмаўленне маральнага чалавека ад удзелу ў агульнай амаральнасці можа прывесці да яго ізаляцыі і адарвання ад грамадства. Аднак адваротны вынік не будзе азначаць супольнасці.
У пэўным сэнсе імкненне чалавека жыць дабрадзейна можна разглядаць як індывідуальнае пачынанне. Сэнс такога жыцця — у неабходнасці маральных паводзін, якую чалавек адчувае ў сабе. I гэтая неабходнасць адчуваецца ў такой цеснай сувязі з яго асобай, што яе можна назваць лепшым «я». Сваё сапраўднае прызначэнне чалавек рэалізуе праз усведамленне сакратаўска-дэльфійскага загаду «пазнай сябе». Апроч таго, маральнае ўдасканаленне магчыма толькі праз уласныя валявыя акты. Але той тып індывідуалізму, які я тут апісваю, не мае нічога агульнага з атамістычным поглядам на чалавека і грамадства. Працэс духоўнага развіцця заўсёды глыбейшы за змены, што адбываюцца на індывідуальным узроўні. Высокае «я» чалавека — гэта не нейкая чыста асабістая рэальнасць, а патэнцыяльны сродак рэалізацыі сапраўднага прызначэння чалавека дзеля агульнай карысці. Яго ўлада носіць універсальны, a не індывідуалістычны характар, і робіць абавязвальны ўплыў на ўсіх людзей.
Прадмет маёй аргументацыі
цесна звязаны з вучэннем Арыстоцеля аб сапраўдным сяброўстве. На погляд філосафа, яно прадугледжвае даволі значны маральны рост яго ўдзелыгікаў. Паколькі этычнае сумленне вызначае аднолькавую мэту для ўсіх людзей, мы разам з Арыстоцелем можам сказаць, што маральны індывідуум «звязаны з сябрам у такой самай ступені, як з самім сабой»2.Кожнаму чалавеку ўласцівая унікальнасць, але не з прычыны наяўнасці лепшага «я», а дзякуючы спалучэнню ў яго асобе вечнага, якое ўвасоблена ў этычным сумленні, і канечнага, або праяў яго ўласных характарыстык. Паколькі жывуць людзі ў розных умовах і маюць розныя здольнасці, этычнае сумленне не навязвае ўсім патрабавання жыць аднолькавым жыццём. Выкладчык будзе прасоўваць сапраўднае прызначэнне чалавека іншым чынам, чым святар ці бізнесмен, калі прывесці ўсяго тры прыклады, звязаныя з родам заняткаў. Асаблівай дакладнасці патрабуе тое сцвярджэнне, што лепшае «я» выкарыстоўвае унікальнасць кожнага чалавека дзеля адзінай маральнай справы ў ступені адпаведнасці гэтай справе. Якімі б ні былі канкрэтныя абставіны, мэта заўсёды застаецца без зменаў: пашырэнне ўплыву этычнай волі.
Такім чынам, супольнасць аб'ядноўвае не майстроў своекарыслівай выгады ці проста «прыхільнікаў прыроды чалавека», якім нестае разумення духоўнай сутнасці і лёсу чалавека, а тых асоб, якія імкнуцца пераадолець усё тое размежавальнае і дэструктыўнае, што ёсць у іх характары, і стаць на ўзроўні лепшага боку сваёй натуры. Лад жыцця, які вынікае з намаганняў гэтых асоб, заснаваны не на суб'ектыўным капрызе, а на надындывідуальнай уладзе этычнага сумлення. Сваё жыццё такія людзі будуюць адносна «галоўнага крытэрыя, які стаіць над зменлівымі ўяўленнямі індывідуума і непастаяннасцю прыроды з'яў»3. Іх аб'ядноўвае прыхільнасць да той існасці, якая аднолькавая ва ўсіх людзях. Па рэлігійнай тэрміналогіі, яны аб'яднаныя верай у Бога.
У кантэксце супольнасці канцэпцыя ўсеагульнага дабра больш чым проста тэрмін, які акрэслівае паспяховы кампраміс паміж канфліктуючымі своекарыслівымі інтарэсамі. Прынцып дабра для ўсіх тычыцца таго элементу зносін паміж людзьмі, які трансцадэнтны да асабістай выгады. На гэтых прынцыпах павінна грунтавацца сумеснае жыццё ва ўмовах нейкай этычнай высакароднасці пры падтрымцы агульнага культурнага росту. Такі тып жыцця не патрабуе абароны з дапамогай аргументаў на карысць уласнага інтарэсу, хоць людзі, аб'яднаныя такім ладам жыцця, атрымліваюць ад яго задавальненне. Яно самаапраўдальнае. Усё, што працуе на яго, можа быць апраўдана, але не абслугоўваннем інтарэсаў той ці іншай групоўкі або асобы, a скіраванасцю на каштоўнае ад прыроды існаванне. Чалавек разумее, што прызначэнне яго — быць часткай супольнасці. Ва ўмовах грамадства людзі аб'ядноўваюцца вакол агульнага каштоўнаснага стрыжня. Паводле Арыстоцеля, гэтым стрыжнем з'яўляецца шчасце, або сапраўднае сяброўства, а па хрысціянскай тэрміналогіі — любоў.
Трэба дадаць, што супольнасць як этычную мэту грамадства нельга здзейсніць цалкам. Яе ажыццяўленне азначала б поўнае знікненне з зямлі своекарыслівых матываў. Ha ўсім працягу свайго пабудавання супольнасць суіснуе з эгаізмам. На падставе таго, што прагучала падчас абмеркавання адносін паміж маральнасцю і своекарыслівасцю,4 мы можам сцвярджаць, што імкненне да ўласнай выгады ніколі не будзе маральным. Этычныя сілы супольнасці, якія змяшчае грамадства, здольныя, аднак, у пэўнай ступені прыстасаваць імкненне да ўласнай выгады да мэтаў маральнага жыцця і зрабіць эгаістычнасць падкантрольнай. Калі прыводзіць прыклад, дык бізнесмен, які заклапочаны выключна сваім уласным дабрабытам і задавальненнем і імкнецца да прыбытку як да сродку набліжэння гэтай мэты, можа ў пэўных абставінах садзейнічаць прасоўванню мэтаў больш высокіх. Калі патрабаванні рынку, якія бізнесмен імкнецца задаволіць, акультураны і хаця б часткова вынікаюць з жадання пакупнікоў ажыццявіць маральныя мэты, то ягонае жаданне атрымаць прыбытак, які з'яўляецца ўзнагародай за эфектыўнае абслугоўванне патрэб спажыўцоў, можа быць на карысць этычнага жыцця грамадства. Нягледзячы на нізкую маральную якасць уласнага канчатковага матыву, ягоныя эканамічная рызыкоўнасць і ўяўленчыя здольнасці прасоўваюць больш высокія мэты. Ці возьмем, напрыклад, прагнага на ўладу дэмакратычнага палітыка, удзел якога у палітыцы заснаваны на адзіным матыве — пашырэнні свайго ўплыву. Нават яго своекарыслівае расшаркванне перад выбаршчыкамі можа быць на карысць маральнасці, калі імкненні яго прыхільнікаў маюць пэўны этычны змест5.
На ўсім працягу пошуку чалавекам свайго сапраўднага прызначэння паступова складаецца агульнае адчуванне таго, якая дзейнасць спрыяе дасягненню гэтай мэты, а якая — замінае. У грамадстве, для якога такі пошук — адна з асноўных спраў, увесь гістарычны погляд чалавецтва з'яўляецца каштоўнай крыніцай аналізу і арыенціраў, на якой грунтуецца ўсталяванне канкрэтных нормаў выхавання і адукацыі, а таксама інтэлектуальнай, творчай і палітычнай дзейнасці, якія, у сваю чаргу, падтрымліваюць той тып гуманістычных грамадскіх адносін, які цалкам залежыць ад індывідуальных валявых актаў. У такім грамадстве традыцыя з'яўляецца адначасова праявай і апорай дабрадзейнага жыцця. Яна дапамагае скіраваць волю і ўяўленчыя здольнасці чалавека на здзяйсненне вечнай духоўнай мэты. Яна ёсць стваральная, фарміруючая сіла, што стрымлівае спантаннае распаўсюджванне дачасных і памылковых меркаванняў і паводзін. Можна сказаць, што, заахвочваючы чалавека на пэўную стабільнасць учынкаў, традыцыя дапамагае прызвычаіцца весці дабрадзейнае жыццё. Па словах Арыстоцеля, «маральная дабрадэейнасць вынікае са звычкі»6.