Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дэмакратыя i этычнае жыццё

Рын Клаэс Г.

Шрифт:

Гэта не значыць, што можна ігнараваць усё, што мае няпэўную назву «эмпірычнага факту». Шмат інфармацыі, пазначанай такім чынам, утрымлівае каштоўныя веды адносна чалавека-палітыка. Нельга забывацца, аднак, на тое, што прырода і важнасць «фактаў» могуць быць усвядомленыя толькі ў святле філасофскага разумення прыроды чалавека, дзякуючы якому змест яго імкненняў разглядаецца на ўласна навуковай глебе. Калі прыгадаць нашы аргументы наконт сімвалічнага характару свядомасці, дык мы ўбачым, што паняцце эмпірычны факт з'яўляецца надзвычай двухсэнсоўным. Што ёсць факт з пункту погляду сацыяпалітычнага жыцця? Паняцце эмпірычны звычайна выкарыстоўваецца для апісання з'яў, якія ўспрымаюцца органамі пачуццяў. Па словах Фрэнка Сорафа, палітычная навука «непахісна прытрымліваецца таго меркавання, што веды пра сацыяльныя паводзіны і інстытуты павінны вынікаць з досведу, з успрымання падзей у рэальным свеце з дапамогай пачуццяў»21. Такі погляд на крыніцу ведаў сведчыць аб яго зыходнай неакрэсленасці. Ужо сам факт усведамлення чалавекам падзей, якія мелі адбыцца, азначае, што яны былі прапушчаны праз медыум сімвалічнага мыслення і набылі, такім чынам, складаны змест. Той факт, што ўяўленне фарміруецца пачуццямі (які б гэтаму працэсу ні надаваўся змест), не азначае, што тая ці іншая

з'ява паўстае перад чалавекам цалкам і недвухсэнсоўна вызначанай. Як частка людской свядомасці, яна ўносіцца ў схему раней сфарміраваных меркаванняў, успамінаў, табу, ідэалаў і забабонаў. Так званы эмпірычны факт перапоўнены сімвалічным зместам. Будучы далёка не самавідавочным у сэнсе сваёй рэальнасці, ён патрабуе расшыфроўкі. I толькі пасля таго, як філасофскі аналіз вызначыць прыроду «факту», г.зн. яго месца ў буйной паняційнай структуры, якая ўмяшчае веды чалавека аб рэчаіснасці, будзе зразумела, якім метадам карыстацца для яго вывучэння. Эмпірычнай палітычнай рэчаіснасці характэрныя значна большыя складанасць і непрадказальнасць, чым гэта дазваляе прыродазнаўчы метад. У тэорыі дэмакратыі, якую я імкнуся прадставіць, кіраванне грамадствам будзе разглядацца як адна са складовых дзейнасці, якая мае ўласцівую толькі чалавеку паслядоўнасць і пэўную этычную мэту. Мая тэорыя карыстаецца тым, што можна назваць гуманістычным сведчаннем — фактамі пра чалавека, узбагачонымі філасофскім самапазнаннем. Як я ўжо паспрабаваў даць зразумець, выкарыстанне гэтых сродкаў не значыць, што вучоны павінен разлічваць толькі на суб'ектыўны вопыт. Свядомасці ўласцівая універсальнасць. Працэс сімвалізацыі, якім прасякнуты ўвесь чалавечы досвед, робіць цалкам недасягальнымі для людзей толькі некаторыя значэнні таго, што адбываецца ў рэальнасці. Індывідуум можа перадаваць сваё ўспрыманне жыцця іншым і рабіць адчуванні іншых сваімі. Адным толькі прыкладам з'яўляецца мастацтва ў яго разнастайных формах. Сацыяльнае жыццё павінна сапраўды разглядацца як транссуб'ектыўнае існаванне. Сумніўна, што хто-небудзь сапраўды будзе здольны вызначыць, якую частку ведаў пра існаванне чалавека складае ўласны досвед самога іх носьбіта, а якая частка была атрыманая ад іншых. «Асабістае» і «сацыяльнае» непарыўна звязаныя. Парадаксальна, але сама спасціжэнне ёсць працэс супольны і звязаны з культурай. У далейшым я буду імкнуцца даказаць, што дасягненне этычнага жыцця ёсць задача надіндывідуальнае. Этычнае сумленне праяўляюць усе, хто сур'ёзна ўспрымае яго нарматыўнае вяршэнства і спрабуе вызначыць яго ролю ў структуры чалавечага існавання. Сама спасціжэнне — гэта дыялектычны працэс, у якім сведчанні былых пакаленняў, адлюстраваныя часткова ў культурных традыцыях чалавецтва, выпрабоўваюцца праз уласны досвед, які таксама ў вялікай ступені залежыць ад гэтых сведчанняў.

Прапануючы этычную інтэрпрэтацыю дэмакратыі, мы звяртаемся да універсальнага элементу маральнага досведу. Пакуль людзі не будуць разглядацца, хоць бы патэнцыйнае, у адзінай каардынатнай сетцы сапраўднай рэальнасці, аргументы адносна вызначэння чалавечага быцця будуць не пераконваць, а толькі цешыць. Стаўленне да маральнага досведу як да немінуча і выключна суб'ектыўнай субстанцыі па сутнасці адмаўляе магчымасць падзелу на добрае і злое. Знешняе ж супадзенне індывідуальных прыхільнасцяў у пэўным канкрэтным выпадку таксама не з'яўляецца маральным пагадненнем, бо дзеля гэтага патрэбна яшчэ і аднолькавае разуменне зместу і мэты чалавечага быцця, Несумненна, людзі наўрад ці калі-небудзь сыйдуцца ў сваіх уяўленнях наконт таго, у чым менавіта заключаецца прырода этычнага сумлення, але ў залежнасці ад таго, як яны будуць будаваць сваю аргументацыю, можна будзе меркаваць, чыя інтэрпрэтацыя бліжэй падыходзіць да ісціны.

Сёння шмат хто адмаўляе універсальны характар маральнага досведу. Сцвярджаюць, што аргументы на карысць нарматыўных правамоцтваў этычных меркаванняў не маюць навуковых падстаў. Вынікаючы з разумення унікальнасці індывідуальных абставінаў, гэты падыход грунтуецца на ідэі, якая не цалкам разыходзіцца з прапанаванай мною этычнай тэорыяй. Разнастайныя дактрыны суб'ектывізму пазбаўлены, аднак, жыццёва важнага ўсведамлення таго, што, непазбежна маючы адрозненні, дзве сітуацыі ўтрымліваюць адзін і той самы маральны імператыў. Маральнасць ёсць сінтэз універсальнага і індывідуальнага. Змест канкрэтных маральных учынкаў мяняецца з абставінамі, да якіх яны прыстасоўваюцца, але парыў і мэта застаюцца нязменнымі. Філасофія імкнецца апісаць, якім чынам дасягаецца маральны сінтэз. Яна тлумачыць досвед, які выходзіць за рамкі суб'ектыўнага.

Часам можна пачуць сцвярджэнне, што сацыёлагі павінны размяжоўваць «факты» і «змест». Цалкам і абгрунтавана абвергнуць правамоцтва такой дыхатаміі на гэтых старонках немагчыма. Але ў наступных раздзелах адкрыта ці апасродкава будзе гучаць крытыка такога падыходу; дзяленне «фактзмест» з'яўляецца слушным толькі ў сувязі з сумніўным меркаваннем, што «факт» ёсць нейкая статычная з'ява, якая існуе незалежна. Праведзены мною аналіз паказвае, што «факты» павінны разглядацца як складовыя элементы і сродкі дасягнення ўсёабдымнага ўспрымання рэчаіснасці. Сімвалы, якія надаюць асобным фактам змест, вызначаюць іх месца ў больш шырокім кантэксце і, такім чынам, з'яўляюцца напамінкам аб усёй сукупнасці, да якой гэтыя факты належаць і якая вынікае з паняційнай структурызацыі чалавекам яго канкрэтнага досведу. Але і сам досвед кіруецца і асэнсоўваецца ў працэсе бесперапыннай інтэрпрэтацыі, так што тэорыя і практыка, інтэлектуальная і маральная дзейнасць знаходзяцца ў сумесным дыялектычным развіцці. Яны непарушна звязаныя між сабою, як думка звязаная са сваім аб'ектам. Любое дзеянне чалавека з'яўляецца адначасова ацэнкай. Таму вызначэнне яго факталагічнага і змястоўнага аспектаў з'яўляецца, тым самым, і выражэннем маральнай рэчаіснасці. Спроба ж аддзяліць ад «факту» яго «змястоўны» кампанент азначае толькі заплюшчваць вочы на тое, што, акрэсліваючы нешта як «факт», мы адразу і непазбежна акрэсліваем і яго станоўчае ці адмоўнае значэнне дзеля дасягнення ўсеагульнай мэты, каштоўнасць якой сцвярджаецца кожны раз, калі адбываецца такая ацэнка.

Наш спосаб інтэрпрэтацыі рэчаіснасці, наша адчуванне прапорцыі і каштоўнасці з'яўляюцца вынікам шматлікіх актаў волі і звязаных з імі паняційных змен у мінулым. «Такім чынам, у чалавеказнаўчых навуках... на сцвярджэнне «Я не разумею» можа быць правамоцны адказ, які набывае форму не толькі парады: «Развівай інтуіцыю», але і больш патрабавальнае: «Мяняйся». Гэта кладзе канец усякаму імкненню пазбавіць... навуку пра чалавека ад катэгорыі маральнай ацэнкі. Вывучэнне чалавека неадрыўнае ад аналізу альтэрнатыў, якія стаяць перад ім». Такі аналіз патрабуе не толькі інтэлектуальнага засваення абстрактных ідэй, але і пэўнай арыентацыі ўсіх пачуццяў асобы, якая звязвае сімвалы з досведам. Відавочна, што разумны выбар прадугледжвае наяўнасць пэўнага эталону: «Перавага адной пазіцыі над другой будзе заключацца... у тым, што з больш адэкватнай пазіцыі можна зразумець і сваю ўласную пазіцыю, і пазіцыю апанента, але не наадварот.

Само самой зразумела, што гэтае сцвярджэнне тычыцца толькі тых, чыя пазіцыя больш бездакорная»22. Будучы далёкім ад маральнай ці інтэлектуальнай пагарды і ўвасабляючы старадаўнюю фундаментальную празорлівасць, яно проста сведчыць аб тым, што адзін погляд на рэчаіснасць з'яўляецца слушнейшым за іншы дзякуючы сваёй большай канцэптуальнай праніклівасці. Прыведзеныя цытаты падкрэсліваюць шчыльную ўзаемасувязь паміж этычнай і інтэлектуальнай дзейнасцю і ўздымаюць пытанне аб тым, чаму некаторыя даследчыкі лічаць патрэбным размежаванне «фактзмест»: таму што яны глыбока засвоілі гэты старадаўні і супрацьлеглы іхняму погляд, які ідзе ад класічнай і іудзейска-хрысціянскай традыцый, і палічылі, што ён непаўнавартасны, або таму, што, наадварот, не здолелі яго глыбока засвоіць.

Філасофія імкнецца да найбольш поўнага спасціжэння рэчаіснасці. Сучасная спроба раздзяліць «факты» і «змест» і звязаная з ёю тэндэнцыя станоўча прымаць толькі так званыя «эмпірычныя факты» ў якасці крыніцы дакладных ведаў з'яўляецца, няхай крыху смела будзе сказана, звужэннем інтэрпрэтацыі досведу. Найлепшым сродкам супраць экстравагантных сцвярджэнняў і дачаснай перакананасці ў пытаннях маралі з'яўляецца не адмова ад аналізу абгрунтаванасці таго, што лічыць маральным для чалавека, а больш дакладны аналіз маральнага досведу ў дачыненні да розных аспектаў жыцця.

Тым, хто падзяляе пашыраны сёння пункт погляду, канцэпцыя этычнай інтэрпрэтацыі дэмакратыі будзе здавацца суб'ектывісцкай і нават дзёрзкай. «Хто возьмецца вызначаць, што маральна?» Але ці сапраўды такая ўжо дзёрзкасць меркаваць, што аргументы, якія тычацца этычнага жыцця чалавека, могуць правярацца аб'ектыўнай рэчаіснасцю, і дапускаць, што нашае пачуццё маральнага абавязку зусім не непрыступная загадка суб'ектыўнасці, a мае транссуб'ектыўнае, па-зачасавае паходжанне і прадмет яго ўвагі можа быць высветлены з дапамогаю філасофіі? Паколькі дасканалыя і поўныя веды недасягальныя, такі погляд не азначае, што ў рэшце рэшт спрэчкам аб маральнасці прыйдзе канец. Toe меркаванне, што існуе аб'ектыўны прынцып ацэнкі маральнасці, не адмаўляе, а стымулюе неабходнасць аналізу. Дарэчы, ці не больш дзёрзкаю ў параўнанні са сцвярджэннем, што дыскусія аб сутнасці дабра можа быць вельмі плённай, з'яўляецца адмова нават прыслухацца да меркавання, што дакладныя веды ў гэтай галіне атрымаць магчыма? Такі падыход, выглядаючы, на першы погляд, як інтэлектуальнае самапрыніжэнне, на самай справе ўтрымлівае значную долю дагматызму і пагарды. Мы можам прынамсі спадзявацца, што спроба патлумачыць дэмакратыю ў святле сур'ёзнага стаўлення да асэнсавання чалавекам яго вышэйшага прызначэння павінна дапамагчы хутчэй паменшыць, а не павялічыць залежнасць гэтай праблемы ад інтэлектуальных капрызаў. Гэта дазволіць перавесці разгляд самой сутнасці чалавечага досведу і яго сувязі з асноўнымі праблемамі палітыкі ў сферу крытычнага аналізу.

Наступным крокам у распрацоўцы этычнага тлумачэння дэмакратыі павінна быць спроба вызначыць агульную форму этычнай свядомасці і дзейнасці. Якім чынам чалавек спасцігае і сцвярджае сваё ўсёпранікальнае прызначэнне? Дапушчэнне, што структураўтваральны ўплыў этычнага сумлення мае пэўную каштоўнасць, робіць такі «фармальны» падыход адначасова і аналізам сутнаснага зместу маральнасці. Аргументам гэтаму служыць тое, што этычнае сумленне выяўляецца як абмежаванне імпульсаў. Іншымі словамі, можна сказаць, што пэўны тып самаабмежавання мае маральны змест. Пасля таго, як аналіз працэсу ўсталявання маральнага парадку будзе зроблены, мы паспрабуем высветліць, як ён можа ўплываць на арганізацыю народнага кіравання. Дзеля тлумачэння такой этычнай філасофіі і яе ўвязкі з пытаннямі, што датычаць інстытутаў дэмакратыі, мы правядзем уважлівы аналіз тэорыі народнага кіравання, распрацаванай Русо. Гэты аналіз дапаможа нам выявіць шчыльную сувязь паміж этыкай і палітыкай і, што асабліва важна, упэўніцца ў сур'ёзнай маральнай заганнасці канцэпцыі плебісцытнай дэмакратыі. Карыстаючыся метадам выключэння, мы будзем скіроўваць нашу аргументацыю ў напрамку да больш лагічнай пазіцыі і завершым яе разглядам канцэпцыі канстытуцыйнай дэмакратыі. Мэта майго даследавання не ў тым, каб зрабіць з дэмакратыі ўвасабленне маральнай «казуістыкі» і прапанаваць складаны набор арганізацыйных рэцэптаў. Хутчэй, яго можна характарызаваць як пошук агульнага прынцыпу ўзгаднення патрэбнасцяў этычнага жыцця з грамадскім самакіраваннем. Фактычна за рамкамі даследавання застанецца важная і вельмі складаная задача ўжывання гэтага прынцыпу да разнастайных практычных праблем дэмакратыі.

Заўвагі

1 Arthur F. Bentley. The Process of Government (Bloomington: Principia Press, 1935), 201, 200.

2 William James. Essays in Pragmatism. Пад рэдакцыяй Alburey Castell (New York: Hafner Publishing Co., 1968), 145.

3 David Easton. The Political System (New York: Alfred A. Knopf, 1971), 177, 61, 58, 59.

4 Aristotle. The Nicomachean Ethics. Пераклад David Ross (London: Oxford University Press, 1954), 3 (1094b).

5 M. Margaret Conway and Frank B. Feigert. Political Analysis: An Introduction (Boston: Allyn & Bacon, 1972), 14.

6 Гл. Ernst Cassirer. An Essay on Man (New Haven: Yale University Press, 1962).

7 Susanne K. Langer. Philosophy in a New Key (New York: New American Library, 1951), 43 (падкрэслена ў арыгінале).

8 У змешчаным тут разглядзе адрознення чалавека ад жывёлы ў скрайне сціслым выглядзе выкарыстоўваюцца аргументы, якія больш дэталёва прадстаўлены ў наступных творах: Cassirer. An Essay on Man; Langer. Philosophy in a New Key; Max Scheler. Man's Place in Nature. Пераклад Hans Meyerhoff (Boston: Beacon Press, 1961); Arnold Gehlen. Anthropologische Forschung (Hamburg: Rowohlt, 1961); Adolf Portmann. Zoologie und das neue Bild des Menschen (Hamburg: Rowohlt, 1956); F. J. J. Buytendijk. Mensch und Tier (Hamburg: Rowohlt, 1958); J. v. Uexkull und G. Kriszat. Streifzuge durch die Umwelten von Tieren und Menschen: Bedeutungslehre (Hamburg: Rowohlt, 1956).

9 Langer. Philosophy in a New Key. 37.

10 Aristotle. The Politics. Пераклад T. A. Sinclair (Harmondsworth: Penguin Boob, 1962), 28.

11 Cassirer. An Essay on Man. 33.

12 Langer. Philosophy in a New Key. 3354, passim.

13 Cassirer. An Essay on Man. 24.

14 Reinhold Niebuhr. The Nature and Destiny of Man (2 тамы; New York: Charles Scribner's Sons, 1964), I, 72; гл. таксама 6874, passim.

Поделиться с друзьями: