Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дэмакратыя i этычнае жыццё

Рын Клаэс Г.

Шрифт:

У вядучай дэмакратычнай дзяржаве свету закон і парадак настолькі здалі свае пазіцыі, што пачуццё небяспекі ў грамадзян лічыцца ўжо нормай жыцця. Злачыннасць набыла характар эпідэміі і нярэдка характарызуецца надзвычайным нахабствам. Шмат дзе злачынцы паспяхова аспрэчваюць у дзяржавы кантроль над грамадствам. Большасць злачынстваў застаецца без пакарання. Няздольнасць улады эфектыўна абараняць жыццё і здароўе грамадзян адлюстроўвае схільнасць да усёдазволенасці і няўпэўненасць адносна абвешчаных мэтаў грамадства. Гэтая няздольнасць з'яўляецца таксама сімптомам канцэптуальнай трансфармацыі ролі і значэння права. Тая асаблівая годнасць, якая калісьці была ўласцівая праву і стварала з яго бесстаронняга суддзю на варце агульнага дабра, цяпер страчваецца. Закон усё болей успрымаецца як сродак дасягнення эканамічнымі, этнічнымі і ідэалагічнымі групоўкамі сваіх адкрыта своекарыслівых мэтаў. У той самы час, як суды і юрысты пачынаюць абслугоўваць усё новыя і новыя сферы грамадскага жыцця, прававую сістэму разбурае непрадказальнасць і адвольнасць, шмат прыкладаў чаму можна адшукаць

у рашэннях Вярхоўнага Суда, якія адкрыта супярэчаць духу Канстытуцыі. Заняпад законнасці з'яўляецца ледзь не галоўнай прычынай больш ці менш выразнага адчування грамадзянамі таго, што імі проста маніпулююць.

Выраджаюцца традыцыйныя сацыяльныя і маральныя нормы. Сям'я губляе сваю аб'яднаўчую ролю і свае функцыі асноўнай крыніцы развіцця асобы і выхавальніка ў ім чалавечых каштоўнасцяў. Усё ніжэй апускаюцца і без таго нізкія нормы асабістых паводзін. Знікненне ранейшых поглядаў на сексуальныя адносіны прыводзіць да росту распусты і эпідэмій СНІДу і венерычных захворванняў. Руціннай справай робяцца аборты, колькасць якіх сапраўды ашаламляльная. Квітнее наркаманія, сумленнасць і чысціня саступаюць месца сумніўным якасцям і прыстасаванству. Зніжаецца якасць працы. Здольнасць да самадысцыпліны і ўпартасць у намаганнях таксама знікаюць. Сучасная сфера забаў і правядзення вольнага часу выражае і заклікае да адчужэння ад сапраўднай адказнасці і праблем. Вышэйшыя навучальныя ўстановы і адукацыя ўвогуле амаль ніякай увагі не эвяртаюць на гуманістычны змест навучання, у выніку чаго інтэлектуальныя і маральныя арыенціры задаюць розныя ідэалагічныя плыні і захапленні. Нізкія акадэмічныя паказчыкі сёння адстойваюцца нават шмат кім з тых, хто працуе ў сферы адукацыі. Аўтарытэт у грамадстве гарантуецца статусам «зоркі», знаходжаннем «навідавоку» і валоданнем словам. Апантанасць навінамі падмяняе імкненне заўсёды дакапацца да ісціны сваім розумам. Правы і свабоды прэсы ўзводзяцца ў культ. Дэградацыя эстэтычнай ацэнкі ў мастацтве прывяла да прыняцця і ўхвалення трывіяльнасці, бессэнсоўнасці, глупства, вульгарнасці і злавеснасці. Царква мала або ўвогуле нічога не кажа пра грэх і неабходнасць адкуплення ці робіць з рэлігіі і этыкі сентыментальны рытуал «спачування». Крах ранейшага пачуцця прапорцый, самаабмежавання і прыярытэтаў адлюстраваны ў ашалелым камерцыялізме і спажывецтве. Нашыя продкі жахнуліся б ад таго, што цяпер лічыцца нормаю рынкавай дзейнасці і камерцыйна паспяховай поп-культуры. У спорце нават тэніс запалонены людзьмі з дрэннымі манерамі, якіх яшчэ дзесяцігоддзі таму і блізка не дапусцілі б да ўдзелу ў спаборніцтвах. Паўсюль у грамадстве бадай што неабмежаваная памяркоўнасць да ўсяго, што знішчае традыцыйнае імкненне да цывілізаванасці, крок за крокам адцясняюць яе нормы. Здаецца, дэмакратыя рухаецца да вельмі непрыгляднага трыумфу.

У палітыцы можна прасачыць дэградацыю прынцыпаў лідэрства. Людзі адпаведнага складу характару з аналітычным розумам і арганізатарскімі здольнасцямі робяцца ўсё больш рэдкай з'явай і, каб атрымаць уплыў у грамадстве, вымушаны спачатку літаральна прабівацца скрозь палітычнае і журналісцкае асяроддзі, якія вызначаюцца павярхоўнасцю і недальнабачнасцю. Палітычная адказнасць і разумная грамадская дыскусія выціснутыя прыстасаванствам і схільнасцю да лозунгаў. Ціск з боку насельніцтва, стымулам да якога служыць увага сродкаў масавай інфармацыі, прымушае палітыкаў адкрыта паддобрывацца да выбаршчыкаў і тых журналістаў, якія прадстаўляюць іх электарату і фарміруюць іх рэпутацыю. Палітыкі, якія дабіліся поспеху, усё часцей з'яўляюцца запалоханымі і няўпэўненымі ў сваёй будучыні людзьмі без глыбокіх перакананняў. Іх кар'еру можна смела лічыць скончанай, калі яны пойдуць насуперак таму іміджу, што быў створаны ім электроннымі і друкаванымі сродкамі масавай інфармацыі. Шмат якія рэальныя і сур'ёзныя праблемы з'яўляюцца табу ці могуць згадвацца толькі мімаходзь і іншасказальна. Плебісцытны ўхіл настолькі змяніў сутнасць інстытутаў прадстаўніцтва, што сумленныя і прынцыповыя лідэры не маюць амаль ніякіх гарантый у выпадку іх супрацьстаяння меркаванню большасці ў інтарэсах служэння высокаму прызначэнню чалавека. Працвітае крывадушнасць. Дэмакратыі і мудрасці людзей па-ранейшаму пяюцца дыфірамбы, хоць выбарчыя кампаніі дэманструюць, што кандыдаты на афіцыйныя пасады лічаць сваіх выбаршчыкаў зборышчам неразумных невукаў.

Ці не дастаткова гэтых фактаў для таго, каб паспачуваць прыхільніку канстытуцыйнага ладу і той цывілізацыі, носьбітам якой гэты лад з'яўляецца? Такі дыягназ стану дэмакратыі можна крыху ўразнастайніць і ўраўнаважыць пералічэннем больш станоўчых адзнак і падзей, але пазбегнуць уражання ўсёпранікальнага заняпаду гэта не дазволіць. Разлажэнне этычнага стрыжня канстытуцыйнай дэмакратыі можна прасачыць на прыкладзе тых, хто па-ранейшаму распавядае пра маральны абавязак і агульную карысць, але чые перакананні ўжо надта далёкія ад традыцыйнай асноватворчай ролі самаабмежавання. Яны і мараль атаясамліваюць з законам, правамі і правіламі, што надае ёй юрыдычнае адценне. Маралісты такога кшталту ацэньваюць маральнасць паводзін паводле іх адпаведнасці ці адрознення ад фармальнага прынцыпу. Функцыя захавання і прасоўвання маралі ва ўсё большай ступені прыпадае, такім чынам, на заканадаўцаў, суды, юрыстаў і казуістаў з акадэмічнай сферы, а таксама на адміністрацыйныя ўстановы, якія глыбей і глыбей укараняюцца ў жыцці грамадзян. Заканадаўчая і нарматыўная дзейнасць набывае чыста ідэалагічны характар. Грамадская і прыватная дзейнасць вывучаецца з інквізітарскай пільнасцю, пасля чаго прапануюцца новыя і новыя правілы эфектыўнага супрацьстаяння нібыта знойдзеным несправядлівасці

і злу. Эпідэмія маралізатарства ў спалучэнні з правам будзе адлюстроўваць знікненне ўсяго, што мае сапраўднае дачыненне да маралі.

Шмат хто, асабліва ў Злучаных Штатах, лічыць, што заходняя дэмакратыя знаходзіцца ў добрым здароўі і з'яўляецца мадэллю на будучыню для астатняга свету. Меркаванні такога кшталту часцей за ўсё настолькі далёкія ад сапраўднасці і інтэлектуальнай пераканаўчасці, што самі дэманструюць хісткі стан заходняй дэмакратыі і ўвасабляюць большае ці меншае адмежаванне ад сур'ёзных праблем, якія падрываюць не толькі канстытуцыйную форму кіравання, але і асновы цывілізаванага жыцця.

Я прыводзіў ужо аргументы на карысць таго, што універсальнасць этычных патрабаванняў павінна рэалізоўвацца ў канкрэтных гістарычных абставінах. На што здольная і на што няздольная заходняя дэмакратыя — гэта са сферы здагадак. Хоць дэмакратыя і сутыкаецца сёння з вельмі сур'ёзнымі цяжкасцямі, якія, як можа здавацца, нават пагражаюць яе існаванню, але захоўваецца верагоднасць таго, што праз надзвычайныя этычныя, інтэлектуальныя, культурныя і палітычныя намаганні ў канстытуцыйную дэмакратыю можна ўдыхнуць новае жыццё. Каб выратаваць канстытуцыйны лад, спатрэбяцца і істотныя змены ў існуючых палітычных працэдурах. Толькі моцнае, мужнае і творчае кіраўніцтва здольнае выцягнуць Захад са стану поўнай самазадаволенасці і змяніць ход падзей на зваротны. Справа ў тым, што дух нашага часу будэе супрацьстаяць любым замахам.

Але адмова ўлічваць далейшы магчымы распад заходняй цывілізацыі і верагоднасць небывалых узрушэнняў, здаецца, сведчаць не аб чым іншым, як аб маральным і інтэлектуальным эскепізме. Магчыма, што вяртанне да рэалістычных поглядаў адбудзецца толькі ў выніку жудасных міжнародных падзей ці наступстваў безадказнасці ў саміх ЗША. Сучасныя плебісцытныя тэндэнцыі і адпаведныя падзеі разбураюць дэмакратыю знутры. «Мяккі» бюракратычны дэспатызм будзе па-ранейшаму прытрымлівацца дэмакратычных фармальнасцяў і тлумачыць сваё распаўзанне і цэнтралізацыю агульнай карысцю. На працягу некаторага часу ён зможа стрымліваць сацыяльны распад з дапамогай выбіральнага парадку, навязанага звонку. Нельга выключаць і тое, што ўнутраная нестабільнасць і пагрозлівыя міжнародныя падзеі ў рэшце рэшт прывядуць у некаторых заходніх краінах да ўсталявання дыктатуры. У Злучаных Штатах адчуванне грамадствам небяспекі і страху завершыцца, хутчэй за ўсё, надзвычайным пашырэннем паўнамоцтваў прэзідэнцкай улады. Незалежна ад зыходу, сучасныя маральныя, інтэлектуальныя і культурныя ўмовы на Захадзе прымушаюць сур'ёзных мысліцеляў лічыцца з магчымасцю канчатковага заняпаду канстытуцыйнай дэмакратыі. Трэба шукаць тыя сродкі, якія рэальна могуць абараніць і захаваць этычнае жыццё ў настолькі адмоўным гістарычным асяроддзі.

Заўвага

1 Апісанне вытокаў амерыканскага канстытуцыйнага парадку ў габрэйскай, старагрэцкай, рымскай, хрысціянскай і ранняй сучаснай цывілізацыях гл. у: Russell Kirk. The Roots of American Order (La Salle, III: Open Court, 1974). Гл. таксама: Forrest McDonald. Novus Ordo Seclorum, The Intellectual Origins of the Constitution (Lawrence, Kansas: University Press of Kansas, 1985).

Паказальнік

Агульная воля: азначэнне 12—14, 93—155; у палітыцы 97; як свабода 113—114; заснаваная на роўнасці 115—116; як вызначальнік маральнасці 120; яе адрозненне ад волі ўсіх 121; несумяшчальнасць яе з прадстаўніцтвам 123—125; несумяшчальнасць яе з канстытуцыйнымі абмежаваннямі 129—130, 136, 141—142; яе спантаннасць 133—135; як таталітарнасць 140; яе спартанскі аспект 143—144; утапічнасць яе прыроды 151—152; на практыцы 153— 154; групоўкі як пагроза для яе 216—220

Адвольнасць: абмежаваная законам, 14.168—169,173.176,181; і утапізм 151—152; недапушчальная ў сувязі з духам канстытуцыяналізму 174.181

Аднародная маса: прыхільнасць да яе Русо 140—141,192—193, 214—215, 217—220; непрыняцце яе традыцьйнай заходняй этыкай 218—220

Анархія: сяльнасць да яе Русо 105; як натуральны стан чалавека паводле Русо 108; як вынік вучэння Русо 153

Арыстоцель: пра абачлівасць і маральнасць 71; пра шчасце 74—79; пра сапраўднае сяброўства 85; пра звычкі і дабрадзейнасць 88, 98, 128—129; як супрацьпастаўленне Русо 139,

Аўтаномныя групоўкі: іх непрыняцце Русо 130—131, 140—141, 219—222; іх вызначэнне Ніэбетам, непрызнанне Русо, ухваленне Бэркам 140; падтрымка ў Канстытуцыі ЗША 192—193, 218— 219; пад пагрозаю мажарытарызму 193; іх неабходнасць для дэмакратыі 197—198, 217—226

Біхейвіярызм 28

Брэхт Арнольд 4

Бэбіт Ірвінг: пра дуалізм 57—58; пра ўнутранае абмежаванне 69; пра Русо 97, 199—200; пра недасканаласць і аўтарытэтнасць 207

Бэнтлі Артур 29

Бэрк Эдмунд: пра неабходнасць зменаў 89; у параўнанні з Русо 140; пра неабходнасць стрымлівання 153, 174—175; пра прадстаўніцтва 187; пра сацыяльныя прыхільнасці 198

Бэрмс Джэймс Макгрэгар: крытычны разгляд Канстытуцыі ЗША 189—190; пра мадэль Джэферсана 190—191; у суаднясенні з Рyco 192—195

Бэрнхэм Джэймс 192

Бэхрач Пітэр 199

Выканаўчая ўлада: яе функцыя ў "Грамадзянскім пагадненні" 121— 123; яе роля паводле Бэрнса 189— 192

Высокае "я": у вызначэнні Бэбіта і Мора 62—63; народа 165

Вышэйшы закон: канстытуцыя як набліжэнне да яго 173; канстытуцыя як яго праява 177;падпарадкаванасць яму 202—203; недасканаласць яго прававой канцэпцыі 226 227, 241—242

Гегель Г.Ф. 59

Грамадзянскае пагадненне: як сродак ад усіх сацыяльных хвароб 110; як аснова грамадзянскай свабоды і маральнасці 113—116

Поделиться с друзьями: