Дэмакратыя i этычнае жыццё
Шрифт:
У пэўным сэнсе канстытуцыйная дэмакратыя, як я яе сабе ўяўляю, загадзя вызначае тое, што будзе на агульную карысць. Яе інстытуты і неабходныя дзеля іх захавання індывідуальныя рысы людзей з'яўляюцца, на справе, адлюстраваннем таго, якім павінна быць жыццё. I хоць ведання канкрэтнага зместу будучых сітуацый і дзеянняў гэтаму грамадскаму ладу нестае, арыенціраў пабудовы жыцця яму хапае. Тып чалавека, які здольны стварыць і захаваць канстытуцыйную дэмакратыю і які ў найбольшай ступені адпавядае яе механізмам прыняцця рашэнняў, характарызуецца такімі рысамі, як гатоўнасць да стрымлівання сваіх імкненняў і кампрамісу, памяркоўнасць у стаўленні да іншадумцаў. Гэтыя якасці, аднак, не азначаюць згоды з несумленнымі рэчамі і з'явамі ці адмаўленне ад барацьбы з яўным злом. У першую чаргу, асоба прадстаўніка канстытуцыйнага дэмакратычнага грамадства ўсведамляе патрэбы агульнага дабра і з'яўляецца дастаткова цэльнай і валявой, каб садзейнічаць ажыццяўленню гэтай высокай мэты. Чытач павінен ужо быў зразумець, што такія якасці цяжка развіць і захаваць у шырокім маштабе. Такім чынам, загубіць канстытуцыйную дэмакратыю няцяжка. Аднак у грамадстве, дзе большасць складаюць менавіта людзі з канстытуцыйнымі схільнасцямі і адпаведнымі маральнымі, інтэлектуальнымі і культурнымі поглядамі, жыццёвы лад будзе мець асаблівыя арыенціры,
Такім чынам, той факт, што паняцце агульнай карысуі пастаянна мяняецца і развіваецца, ніяк не паўплывае на яе прыроду. «Нявызначанасць» асаблівасцяў гэтага паняцця, якая можа хваляваць прыхільнікаў рацыяналісцкай мадэлі этыкі, вынікае са зменлівасці і непрадказальнасці жыцця.
Пры тлумачэнні мною скіраванасці універсальных этычных крытэрыяў магло ўзнікнуць уражанне, быццам я імкнуся пераканаць чытачоў, што дзеянні адных груповак і асоб не ўвасабляюць нічога, апроч этычнай мэты, а дзеянні другіх — нічога, апроч своекарыслівасці. Каб пазбегнуць такога непаразумення, я, відаць, павінен адназначна падкрэсліць, што такое ўражанне будзе памылковым. Нават пры вялікіх адрозненнях у характарах людзей, этычнай высакароднасці адных і д'ябальскай сутнасці другіх чалавечай прыродзе заўсёды ўласцівыя як высокія, так і нізкія якасці. Такі падыход да маральнай катэгорыі чалавека неабходны, каб усвядоміць механізм увасаблення этычнай універсальнасці ў гістарычным развіцці. Ен мае асаблівае значэнне для тэорыі канстытуцыйнага ладу.
Этычная адказнасць чалавека належыць да рэальнага свету, дзе ёсць месца людскім недасканаласцям і заганам, a не да нейкай абстрактнай ідэальнай сферы. Чалавек павінен імкнуцца да максімальнага выкарыстання кожнай сітуацыі ў дабрадзейных мэтах, нават калі сітуацыя здаецца вельмі далёкаю ад такой магчымасці. Сапраўднае этычнае дзеянне адбываецца не пры поўнай адсутнасці нізкіх матываў і паводзін — сродкі здзяйснення такога ўчынку выбіраюцца з улікам іх існавання ў грамадстве. Маральна мэтазгодным будзе нават выкарыстанне амаральнасці і іншых чалавечых слабасцяў дзеля ажыццяўлення этычнай мэты. Ігнараванне і прымяншэнне перашкод на шляху здзяйснення маральных мэтаў супярэчыць этычнай адказнасці чалавека, бо значна абмяжоўвае магчымасці маральнага ўдасканалення. Адмова ўлічваць у палітыцы нізкія рысы людской натуры і спадзяванне на іх поўнае знікненне ў далейшым будзе падыходам утапічным і нават амаральным.
Пошук метадаў і мэтаў у чыста абстрактнай мадэлі маральнага ўдасканалення пагражае прынцыпам этычнага жыцця. I калі мысліцелі ці дзяржаўныя дзеячы адмаўляюцца ўспрымаць сучасны свет такім, які ён ёсць, і шукаць у ім магчымасць маральнага ўдасканалення, якія ён сёння нам прапануе, яны могуць прызнаваць канстытуцыяналізм за адыход ад вышэйшых маральных крытэрыяў. Аднак прынцыпы, якія выглядаюць вельмі ўрачыста, але не маюць непасрэднага дачынення да гістарычнай рэальнасці і не звяртаюць увагі на магчымасць маральнага ўдасканалення ў кожным канкрэтным выпадку, толькі аддаляюць нас ад сутнасці задачы. Можна, вядома, сказаць, што сціпласць пастаўленай мэты — сумніўная дабрадзейнасць. Калі пад сціпласцю разумець аслабленне этычных намаганняў, то гэтае меркаванне сапраўды будзе мець рацыю. Але канстытуцыяналізм, як я яго разумею і як імкнуся давесці, не дапускае размывання ці падмены маральнай мэты больш нізкаю. Наадварот, канстытуцыйная дэмакратыя ўвасабляе імкненне максімальна наблізіцца да маральных вышыняў у канкрэтных палітычных умовах. Уключэнне канстытуцыйных абмежаванняў і адпаведных устаноў у структуру ўлады азначае, што пад увагу бярэцца як нізкая, так і высокая чалавечая існасць. Без поўнага ўсведамлення маральнай абмежаванасці чалавечай прыроды і тых магчымасцяў, якія рэальна існуюць на дадзены момант, імкненне да агульнага дабра будзе таптаннем на месцы. Канстытуцыяналізм сапраўды можна абвінаваціць у прызнанні чалавечай слабасці, аднак гэта не будзе азначаць аслаблення маральнай адказнасці. Сціпласць пастаўленай мэты ў сэнсе прывядзення задач і сродкаў у адпаведнасць з рэальнымі магчымасцямі ёсць сутнасць сапраўднага этычнага дзеяння. У параўнанні з ёю значна больш сумніўным здаецца маральны ідэалізм. Яго абстрактныя крытэрыі слаба рыхтуюць чалавека да адказных дзеянняў дзеля агульнага дабра.
Канстытуцыйная дэмакратыя служыць узорам таго, як этычны рэалізм дазваляе выкарыстоўваць канкрэтныя палітычныя і гістарычныя ўмовы для мэтаў маральнага развіцця чалавецтва. Без канстытуцыйных абмежаванняў і пэўных рысаў чалавечай натуры, пра якія ішла гаворка, народнае кіраванне не будзе адпавядаць этычнаму прызначэнню грамадства.
Заўвагі
1 Этычны рацыяналізм, які я тут крытыкую, прадстаўлены вялікай колькасцю філосафаў і палітычных мысляроў ад тамістаў і неатамістаў да прыхільнікаў існавання этычных прынцыпаў асобна ад гістарычных абставін і натуральных правоў чалавека. Два вельмі красамоўныя прыклады такой палітыка-філасофскай тэндэнцыі, якія, аднак, маюць значныя адрозненні, можна знайсці ў: Heinrich Rommen. The State in Catholic Thought (New York: Greenwood Press, 1969) i Leo Strauss. Natural Right and History (Chicago: University of Chicago Press, 1953). Безумоўна, этычны рацыяналізм можа быць больш ці менш абстрактным
і агістарычным. Некаторыя мысляры, якія выкарыстоўваюць у характарыстыцы этычнай універсальнасці словы кшталту «закон», «правы» і «роэум», набліжаюцца да канцэпцыі высокай волі і гістарычнага ўсведамлення універсальнасці этычных прынцыпаў. Гл., напрыклад: Peter Stanlis. Edmund Burke and the Natural Law (Ann Arbor: University of Michigan Press, 1965) i Walter Lippmann. The Public Philosophy (New York: New American Library, 1956). Спробу ўдасканалення этычнага рацыяналізму і пераводу вучэння Арыстоцеля ў гістарычнае вымярэнне можна ўбачыць у: Alistair Maclntyre. After Virtue, second edition (Notre Dame: University of Notre Dame Press, 1984).2 Месца гістарызму каштоўнасцяў y філасофіі i, y прыватнасці, яго эпістэмалагічнае абгрунтаванне тлумачыцца ў: Claes G. Ryn. Will, Imagination and Reason (Chicago and Washington, D.C.: Regnery Books, 1986).
3 Гл., у прыватнасці: JeanJacques Rousseau. The Social Contract. Пераклад Maurice Cranston (Harmondsworth: Penguin Books, 1968), Bk. II, Chap. III.
4 Сувязь паміж розумам i этычнай воляй і адрозненне паміж філасофскім і прагматычным падыходам падрабязна разгледжаны ў: Ryn. Will, Imagination and Reason.
Калі пішаш аб этычным патэнцыяле заходняй дэмакратыі напрыканцы дваццатага стагоддзя, даводзіцца пісаць аб шматлікіх нявыкарыстаных магчымасцях. Сёння пытанне аб існаванні канстытуцыйнай дэмакратыі ў наступным стагоддзі застаецца адкрытым. Шмат што паказвае на тое, што этычны, інтэлектуальны і культурны падмурак канстытуцыйнай дэмакратыі патроху страчвае сваю трываласць. Погляд на этыку і палітыку ў гістарычнай перспектыве дазваляе лепш усвядоміць паходжанне і перадумовы ўзнікнення таго ці іншага сацыяльна-палітычнага ладу. Форма кіравання з'яўляецца стварэннем не толькі розуму. Нават пры падрабязнай распрацоўцы палітычнага ладу дзяржавы моцны ўплыў на гэты працэс аказваюць шырокія плыні гістарычнага развіцця, якія могуць нават не асэнсоўвацца членамі дадзенага грамадства. Хада гісторыі ў пэўнай ступені нечакана надае рупліва распрацаваным планам крыху іншае значэнне ў параўнанні з тым, якое ў іх раней укладалася. Стабільнасць формы кіравання, якое даказала сваю паспяховасць, можа ў значнай ступені вызначацца інтэлектам, але шмат якія элементы сацыяльна-палітычнага ладу, апроч яго асноўных прынцыпаў, з'яўляюцца праявай хады гістарычнага развіцця. Мудрасць планаў уладкавання грамадства таксама істотна грунтуецца на гістарычных падзеях. Прызнанне непараўнальнай аналітычнасці за абстрактным, саманараджальным і аўтаномным розумам індывідуумаў, якія стаяць асобна ад гісторыі і грамадства, будзе сведчыць аб інтэлектуальнай павярхоўнасці і ні аб чым больш.
Калі ў якасці прыкладу ўзяць Канстытуцыю ЗША, то можна сказаць, што гэты пісьмовы дакумент з'явіўся толькі адной адзнакай таго вялікага і складанага этапу гісторыі, які нараджаўся і толькі часткова асэнсоваўся ці нават толькі інтуітыўна ўгадваўся аўтарамі Канстытуцыі. Есць нешта, у чым няпісаная канстытуцыя з'яўляецца больш уплывовай, чым дакументальна аформленая. Хада гістарычнага развіцця і новыя тэндэнцыі ў розных галінах грамадскага жыцця падрыхтавалі спрыяльныя ўмовы для з'яўлення ў 1787 годзе прапаноў па канстытуцыйным уладкаванні1. Спадчына цывілізаванасці зрабіла, у рэшце рэшт, магчымым стварэнне канстытуцыйнай дэмакратыі. Але няма ніякай гарантыі, што напярэдадні дваццаць першага стагоддзя этычныя і культурныя перадумовы канстытуцыйнай дэмакратыі захаваюцца. Красамоўным паказчыкам таго, што дэмакратыя ў небяспецы і ёй пагражае самазнішчэнне, з'яўляюцца тая гарачнасць і некрытычнае стаўленне, з якімі дэмакратыя абвяшчаецца і расхвальваецца.
Цяжка ўявіць сабе больш патрабавальную форму кіравання, чым канстытуцыйная дэмакратыя. Функцыянаваць на працягу доўгага часу яна можа толькі ў тым выпадку, калі ў дадатак да палітычных лідэраў большасць грамадзян будзе таксама вызначацца высокімі маральнымі якасцямі і абачлівасцю. Характар этычных, культурных і інтэлектуальных прынцыпаў канстытуцыйнай дэмакратыі вельмі ўскладняе яе стварэнне і захаванне. Сёння ўсё больш відавочнай робіцца значны адыход амерыканскага канстытуцыяналізму ад спадзяванняў і чаканняў заснавальнікаў Канстытуцыі. Сучасная дзейнасць амерыканскай дэмакратыі з'яўляецца прыкладам таго, што канкрэтны змест палітычных дзеянняў распавядае аб прыродзе дзяржаўных інстытутаў больш, чым афіцыйныя асноватворчыя дакументы і любыя фармулёўкі, якія тычацца форм кіравання. Амерыканская палітыка ва ўсё большай ступені нагадвае схемы і сродкі плебісцытнай дэмакратыі. Кідаецца ў вочы выкарыстанне палітычнай тэорыяй і практыкай мажарытарных і колькасных падыходаў. Пачынае панаваць меркаванне, быццам урад прызначаны здзяйсняць жаданні колькаснай большасці. Выбраныя афіцыйныя асобы і тыя, хто толькі імкнецца на палітычны алімп, скіроўваюць шмат сваёй энергіі на тое, каб забяспечыць сабе пераважную большасць ці хоць бы перацягнуць на свой бок значную колькасць прыхільнікаў на наступных выбарах. Пад лозунгам агульнаграмадскай карысці адбываецца значнае пашырэнне правамоцтваў урада і яго цэнтралізацыя. Урадавая бюракратыя, росквіт якой буйнее, цесна пераплятаецца з пашырэннем бюракратычнай праслойкі ў прадпрымальніцтве, адукацыі і іншых галінах.
Сведкі заняпаду амерыканскага канстытуцыяналізму, пазбаўленыя гістарычнага ўсведамлення сутнасці палітыкі, могуць настойваць на вяртанні да «прынцыпаў» Канстытуцыі. Але нават найбольш пераканаўчыя аргументы на карысць прытрымлівання гэтых прынцыпаў няздольныя аднавіць этычны дух канстытуцыяналізму. Людзі забываюцца на тое, што традыцыйныя амерыканскія канстытуцыйныя палажэнні ўтрымлівалі і мелі на ўвазе значна большы змест, чым той, што адлюстраваны ў тэксце. Яны ўвасаблялі этычныя і культурныя перавагі, якія сёння паступова страчваюцца. Пры адсутнасці настойлівых і паслядоўных намаганняў дзеля аднаўлення ці ўдасканалення цывілізаванага зместу Канстытуцыі нават найбольш утрапёная абарона абстрактных прынцыпаў няздольная адрадзіць канстытуцыйную дэмакратыю.
Шмат якія падзеі ў сучасным амерыканскім грамадстве і іх аналагі ў іншых дэмакратычных дзяржавах Захаду падкрэсліваюць недаўгавечнасць той формы цывілізаванасці, якую прадстаўляе прыхільнік канстытуцыйнага ладу. Шматлікасць сацыяльных і палітычных праблем з'яўляецца сімптомам знікнення тых рысаў характару і схільнасцяў, якія складаюць падмурак канстытуцыйнай дэмакратыі. Эканамічны, тэхналагічны, медыцынскі прагрэс і поспех у іншых галінах не могуць схаваць памераў і глыбіні заняпаду дэмакратыі. Гэты сумны спіс няцяжка падоўжыць.