Дэпэш Мод
Шрифт:
– Так, – кажу я, – мы яшчэ тут.
– Вы ведаеце, – гаворыць вядучы, – выбачайце, што я вас затрымліваю – насамрэч у мяне няма ніякага альбому.
– Дзякуй богу, – кажу.
– Дакладней, ён у мяне быў, але я яго яшчэ мінулага тыдня падарыў нашым спонсарам. Яны нам паабяцалі прафінансаваць рамонт офісу, і я захацеў зрабіць ім прыемнае. Падарыў альбом.
– О, госпадзе, – кажу.
– Я проста хацеў у вас запытаць, калі вы ня супраць, канешне. Можна?
– Можна, – кажу.
– Скажыце, вы што, сапраўды, п’еце гарэлку і ўжываеце лёгкія наркотыкі?
– Ну, праўда, – адказваю няўпэўнена.
– Сур’ёзна?
– Ну.
– А ў мяне, – гаворыць ён з сумам, –
– Галоўнае прызвычаіцца, – кажу.
– Ну, але як вы пры гэтым пачуваецеся?
– Як пачуваемся? – пытаю.
– Так – як вы сябе адчуваеце?
– Ведаеце, – кажу, – я сябе адчуваю, як рака.
– Як рака?
– Так, як рака, што цячэ супраць уласнай плыні.
Пасьля гэтага вядучы адразу кладзе слухаўку – моўчкі і трагічна.
20.06.93 (нядзеля)
0.05
– Спаць хачу.
– У электрычцы пасьпіш.
– Ага, – кажу. – У электрычцы. Там жа зараз поўны вагон дзембеляў будзе. Або грыбнікоў. Або міліцыянтаў.
– Поўны вагон міліцыянтаў? – Скептычна перапытвае Вася. – Ну, ня ведаю, ня ведаю.
– Ладна, пайшлі, – кажу, і мы зьбіраемся выходзіць.
Какава адчыняе нам дзьверы, вы зразумелі? перапытвае – да Канцавой, там перасядзеце, выйдзеце на Вузлавой, і там ужо зусім поруч, пару гадзін, – дадае ён і ўсоўвае нам нейкую брашуру, што гэта за гаўно? пытаецца Вася, вазьміце, кажа Какава, і хай адкрыцьцё госпада будзе з вамі. Вось мудак, гаворыць Вася, ужо калі дзьверы за намі зачыняюцца, ага, – кажу, мудак, мы спускаемся ўніз і на першым паверсе, каля ліфта, бачым цела Сабакі, Сабака, крычу я, слухай, ён, здаецца, усё-ткі памёр, ды пачакай, супакойвае мяне Вася, падыходзіць да сабачага цела і пераварочвае яго тварам дагары, Сабака ўвесь зарыганы, але яшчэ жывы, яшчэ б трошкі, і ён, мабыць, памёр бы, захлынуўся ва ўласных рыгаках, сапраўдны табе Гэндрыкс, што тут скажаш, як бы ён потым перад госпадам паўстаў бы – са сваімі белымі матузкамі на вайсковых чаравіках і ўвесь абрыганы, мы яго падымаем, Сабака, гаворым, сабака, прачынайся, ён прыходзіць у прытомнасьць, нават пазнае нас, я заблукаў, кажа, выйшаў, вадзяру купіў, вярнуўся – а куды ісьці ня ведаю, сядзеў тут, чакаў, што хтосьці з вас выйдзе, а вадзяра дзе? пытаецца Вася, вадзяру я выпіў, кажа Сабака, дождж пайшоў, холадна было, я ж думаў, вы выйдзеце за мной, ладна – расчаравана кажа Вася, ты можаш ісьці? так, усё нармальна – Сабака падымаецца, і мы выходзім на Гогаля.
0.30
– Што рабіць будзем? – пытаецца Вася.
– Паехалі дамоў, – кажу.
– А Карбюратар?
– А што Карбюратар? З Карбюратарам усё ў парадку. А гэты вось дакладна нікуды не даедзе. Ня будзеш жа ты цягнуць яго на сабе аж да Вузлавой?
– Усё нармальна, – кажа Сабака. – Я ў норме. Я даеду.
– Можа лепш дамоў? – пытаюся.
– Не, – гаворыць Сабака. – Толькі не дамоў.
– Ладна, – кажу. – Але як мы туды даедзем? Бабак усё адно няма.
– Трэба было ў гэтага мудака пазычыць, – гаворыць Вася.
– Не хачу я ў яго пазычаць, – кажу.
– Ну, дык і што рабіць?
– Слухай, – раптам кажа Сабака, – табе ж Маруся за Молатава нешта давала.
– Сапраўды, – кажу. – Я зусім забыўся. – Я лезу ў кішэню і дастаю адтуль досыць такі нармальную дваццатку. – Прыкол, – кажу. – у нас, як выявілася, ёсьць процьма грошай. Толькі трэба іх недзе памяняць. І пры гэтым адразу не растраціць.
0.45
Мы здаем нашую дваццатку ў кіёск непадалёк, і яшчэ нават не пасьпяваем пералічыць суму ў нацыянальным грашовым эквіваленце, як на нас налятае патруль. Нават дакумэнты не запыталі. Колазварот вады
ў прыродзе.1.25
– Сынок?
– Мікалаю Іванавічу...
– Я ж табе казаў, каб больш такога не было.
– Мікалаю Іванавічу, я зараз патлумачу.
– Што ты мне, блядзь, патлумачыш?
– Мікалаю Іванавічу...
Ладна, кажа Мікалай Іванавіч патрулю, я іх забіраю, гэта з табой? пытаецца ён у мяне і паказвае на Васю з Сабакам, са мной, кажу, са мной, і гэты абрыганы, паказвае ён яшчэ раз на Сабаку, з табой? са мной, кажу, ну ладна, пайшлі да мяне, я іх забіраю, кажа ён яшчэ раз патрулю, пагавару зь імі ў МАІМ кабінэце, ясна? таварыш капітан, кажа патруль, мы ж іх, тыпу для пляну, пайшлі на хуй, кажа ім Мікалай Іванавіч, ясна? ясна, сумна кажа патруль і ідзе далей на паляваньне, плян, усё-ткі.
– Значыць так – вы двое сядзіце тут, у калідоры, і чакайце. А ты, – ён паказвае на мяне, – за мной.
– Добра, – кажу і заходжу ў завешаны агітацыяй кабінэт. – Колькі ў вас тут плякатаў, – кажу.
– Ты, блядзь, мне яшчэ пагавары, – нэрвуецца Мікалай Іванавіч. – Ты мне яшчэ пагавары. Я табе, блядзь, дам плякаты. Я табе што казаў? Трапіш мне на вочы – заб’ю. Казаў?
– Казалі.
– Ну?
– Мікалаю Іванавічу...
– Што?
– Прабачце. Я не зьбіраўся сёньня піць. Вы разумееце... Мы проста з хаўтураў.
– Адкуль?
– З хаўтураў.
– Зь якіх хаўтураў?
– Дэкан... – выціскаю я зь сябе.
– Што?
– Дэкан, – кажу я. – Памёр у пятніцу. Сёньня хавалі. Мы дапамаглі на могілках. Ведаеце, там яму выкапаць, цела прысыпаць.
– Сур’ёзна? – разгублена пытаецца Мікалай Іванавіч.
– Ага.
– А без матузкоў чаму ходзіш?
– Так вы ж забралі, Мікалай Іванавіч.
Мікалай Іванавіч доўга і сумна маўчыць, але матузкоў не вяртае.
– Эх, сынок-сынок. Што ж мне з табой рабіць?
– Ня ведаю, – кажу. – Бабак няма. Дэкан памёр.
– Як хоць яго звалі – твайго дэкана?
– А хер яго ведае.
– Як?
– Ну, у яго прозьвішча такое было, ведаеце...
– Разумею, – задумліва кажа Мікалай Іванавіч.
– І што за краіна такая блядская? – раптам кажа Мікалай Іванавіч. – Народ мрэ як мухі. У мяне сын у рэанімацыю трапіў.
– Як у рэанімацыю? – пытаюся.
– Ды ён, выяўляецца, тры дні таму, ноччу, палез у аптэку. Кажа, што за вітамінамі. Ну, я-та ведаю за якімі вітамінамі, мяне не абдурыш, з МАІМ-та досьведам.
– Ну?
– Вось, палез, гаўнюк малы, праз фортку, набраў там нейкіх таблетак, зжэр цэлы пачак, а калі лез назад – яго вырубіла. Так у фортцы і захрас.
– О, госпадзе, – кажу.
– Да, – Мікалай Іванавіч задумліва разглядае агітацыю за маёй сьпіною. – Раніцай народ у аптэку прыйшоў, бачаць – ён вісіць у фортцы і ня дыхае. Ну, яны перапужаліся, думаюць – усё, памёр хлопец, яны да яго – а ён дыхае.
– Здорава, – кажу.
– Што – здорава? Ён калі назад лез, штосьці там сабе вывіхнуў, а на ім яшчэ і куртка была, уяўляеш – МАЯ куртка, адным словам, ён захрас – ні туды, ні сюды. А яго пры гэтым яшчэ і кілбасіць.
– Ну і што?
– Ну, яны выклікалі хуткую. Хуткая кажа – мы яго адтуль ня выцягнем, ён парэжацца альбо задушыцца, і што рабіць? пытаюць яны ў хуткай, што рабіць, кажуць тыя, што рабіць, ня ведаем, кажуць, хай вісіць, пакуль сам ня выпадзе, дык яго ж кілбасіць, кажуць тыя, кілбасіць, кажа хуткая, ну дык падкармлівайце яго патрошку, каб ён там зусім ня кончыўся. А гэтыя прыдуркі, уяві, сапраўды пачалі яго падкармліваць. Ну, яму, уёбку-малалетку, ясная рэч, больш нічога і ня трэба, ён і ня думаў адтуль вылязаць, уяўляеш – вісіш сабе ў чужой куртцы, а цябе пры гэтым яшчэ і наркотыкамі кормяць.