Дрэва вечнасці
Шрифт:
Памятаеш, тады, над Прыпяццю, я казытаў табе круглае пуза, перакуліўшы на спіну? Успомні мяне дабром, як і я ўспамінаю цябе.
Пасля ночы, якая паўзла парай з Прыпяці і малочнымі туманамі з лагчын, пасля ракі, спачатку поўнай вячэрняй заранкай, а пасля зорамі, пасля вогнішча і мёртвага сну добра было ехаць Палессем.
Выдаўся цудоўны, раскошны сонечны дзень, такі цёплы, што мы знялі тэнт, апусцілі, спадзеючыся на бязлюддзе і адсутнасць інспекцыі, ветравое шкло, скінулі кашулі і ехалі, і толькі глядзелі, пілі ўсімі вачыма прыгажосць, разлітую вакол.
Цэлымі гадзінамі лясы і лясы, старыя, гордыя сваім узростам
На рэдкіх палянах — буслы, што бродзяць берагамі ручаін, дзічкі, падобныя на дубы, на зялёныя, у палову неба, хмары.
Продкі пакланяліся дубу і дзічцы, лічылі, што жывуць у іх гордыя душы палескіх мужчын і пяшчотныя душы мясцовых жанчын, ледзь не самых прыгожых на ўсёй Беларусі. Нашчадкі не вераць (а можа і вераць падсвядома, памяццю тысячагоддзяў) у лясных багоў. Але яны і зараз пазбягаюць чапаць гэтыя дрэвы і не чапалі б іх зусім, каб часам не пільная неабходнасць або не загад чалавека, які не ведае звычаяў гэтай зямлі.
Замест гэтага яны ўсцягваюць на кожную такую палянную дзічку, на кожны дуб калоду для дзікіх і свойскіх пчаліных раёў. Часта па тры-чатыры і больш калод на кожнае вялікае дрэва.
Мы завём гэта калодай. Продкі паўсюль называлі гэта «свепет». Мясцовыя людзі кажуць «слепет», і ў гэтым слове ясна адчуваецца старажытнае праславянскае «в», якое так нідзе і не паспела перайсці ў беларускае «ў».
Але я пад гэтымі дубамі, дзічкамі, каштанамі і грабамі з трапятаннем адчуваю дыханне майго прашчура, зменлівае і вечнае Слова яго.
Палессе! Ты ўсё — бясконцая і вечная паэма. Кожная лясная рэчка твая — драмлівы рэчытатыў ліры. Кожнае тваё ўрочышча — урачысты хор магутных галасоў. Кожнае дрэва тваё — Песня Песняў. Кожная галіна пад ветрам — неўміручы радок. І кожны свепет на дзічках тваіх — ода гэтаму вялікаму небу, на якім зараз ласкавыя і чыстыя адценні вечара. І пад гэтым небам мы ехалі ў стагоддзі.
Кіламетры за чытыры ад Данілег (Данілевічы таксама) я яшчэ здалёк убачыў нешта такое, што сэрца маё не паверыла і ўпала, а пасля ледзь не выскачыла ад радаснай упэўненасці, што вочы мае не падманулі мяне.
Упоперак пешаходнай сцежкі, якая ў мініяцюры паўтарала сабою гэты зарослы травой прасёлак, ляжаў, па казацкім звычаі, раскінуўшы рукі і ногі, каржакаваты, моцны стары. А ля яго стаяла і прасілася ўзяць старая.
У нас было страшэнна цесна ад экспедыцыйнага барахла, але я непахісна вырашыў: «Гэтых трэба ўзяць». Калі б трэба было — я пасадзіў бы ў гэтую ж самую машыну яшчэ мільён такіх, як яны, а сам выйшаў бы і пайшоў пеша.
Старая была першым прывітаннем ад стагоддзяў, у якія мы падарожнічалі. Нібы прыйшла з сярэдніх вякоў у сваім, з ног да галавы напэўным, народным уборы. Не было хіба што наміткі, або «галавы», таго дзіўнага падабенства белай кісейнай чалмы, што завесаю падае на плечы і пакідае адкрытым адзін толькі твар. Замест яе на галаве была багацюшчая хустка, гладкая і вышытая
толькі «на вугал» вышыўкай дзіўнай прыгажосці і майстэрства. На белай доўгай сарочцы не было жывога месца ад візэрункаў, зробленых, магчыма, за доўгія і доўгія месяцы дасканалай у сваім адчуванні прыўкраснага рукой.Сумесь геаметрычнага арнаменту з раслінным была натуральная і завершаная. Такому навучыць нельга. Тут вучылі тысячагоддзі, а майстар інтуітыўна, але ж прыўносячы сваю індывідуальнасць, паўтараў неабвержны вопыт і густ мільёнаў. Тут было, як з вялікім майстрам народнай песні, які ў вочы не бачыў ніводнай ноты, але спявае, як усе пакаленні вялікіх майстроў да яго. Пачніце яго вучыць, калі ён ужо склаўся. Кажыце яму аб фальшы ў гучанні той ці іншай ноты, аб «пясочку» ў гуку, аб «сцершымся» тэмбры. Вы навучыце! Пры поспеху можа быць нават і добры спявак. Але вялікага майстра не будзе. Вы навучыце, але вы і заб'еце, бо ваш вопыт — нішто перад вопытам тых, якія, не ведаючы, тысячы год спявалі «душой».
Паўзверх гэтай снежна-белай сарочкі з рассыпанымі па ёй вясёлкамі была накінута ядвабіста-сіняя шнуроўка, якая яшчэ і зараз строга і ладна абцягвала стройны (відаць ужо да смерці) і прамы старэчы стан.
Тканы ў рознакаляровыя дробныя шашачкі андарак быў, як трохі прыглушаны (бо так патрабаваў узрост) жар, і дзівосны па спалучэнні колераў. Пасля я ўбачыў маладых. У тых на андараках пераліваліся чыстыя, нязмешаныя колеры. А тут былі хутчэй адценні двух-трох колераў, але адценняў гэтых было мноства. Відаць, і тыя і тыя ткаліся не менш як у дваццаць чатыры ніты.
Чабоцікі каляровай скуры давяршалі ўсё. Нічога не выбівалася з агульнага строю. І я зразумеў, што ў вобразе гэтай старой, сярод гэтых лясоў, пад гэтым беларускім небам, упершыню ў маім нябедным жыцці сустрэлася мне сама Гармонія.
Яе не магло быць ува мне. А ў гэтай старой, у адпаведнасці яе і яе ўбора гэтым ціхім прыглушаным лясам, гэтай забытай дарозе, гэтаму залацістаму вячэрняму небу — яна была. Поўная і дасканалая, пакуль што на адзін толькі вечар у маім жыцці. А можа, на адзін толькі вечар да самага майго скону.
Мы сяк-так размясцілі іх на рэчах, і, дзіўна, наша машына не стала дысанансам, а сама пакорліва падпарадкавалася старажытнай прыгажосці. А старая гаварыла, усплёскваючы рукамі, і, таксама як сама Гармонія, гучаў, пераліваўся, звінеў у яе вуснах пявучы палескі дыялект.
Быў дзень Пятра і Паўла. Стары, муж, па даўняй традыцыі ўчыніў ім патрэбнае ўзліванне (а паколькі святых было два, то няма чаму здзіўляцца, што ўзліванне было двайное) і, нягледзячы на гэта, пераапрануўся і пайшоў на кашару, дзе працаваў вартаўніком.
Яго хацелі затрымаць, прыводзілі рэзонныя доказы, што стаіць лета, а значыць, няма чаго палохацца ваўкоў, што не толькі злодзея, а і ўвогуле чалавека не знойдзеш з агнём на многія вёрсты, але стары занатурыўся.
І вось, нібы чула яе сэрца, устрывожылася, пайшла і ўбачыла, што ляжыць яе стары лясны казак — па казацкім звычаі — упоперак сцежкі і наадрэз не хоча ісці дахаты. Напетрапаўліўся-а. Каб не вы, галубочкі, невядома б, што і рабі-іць.
Я грэшным чынам падумаў, што старая за ўсё жыццё так і не раскусіла яго да канца, што не такі ён і п'яны (дарэчы, ён трохі пасля і давёў гэта), а проста не хацеў ні дадому, дзе ад адных баб кранешся, ні на кашару, дзе авечкі. Усё было прасцей.