Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дрэва вечнасці

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Чаму не застацца тут? Цёплае паветра, цёплая зямля, родны лес вакол і чыстыя зоры над галавой. Добра ляжаць і марыць і нешта ціха спяваць самому сабе. Ніхто не праедзе, ніхто не пройдзе. Гэта ж табе не горад, дзе не дадуць добраму чалавеку нават паляжаць упоперак дарогі ў сваю ахвоту.

І мы прыехалі ў невялічкую вёску, усю аточаную лесам, усю патопленую садамі і шатамі вялізных дрэў, нібы апушчаную на дно зялёнага мора, нібы паглыбленую ў зялёны і трохі аранжавы ад заранкі паўзмрок.

Быў мяккі вечар. Даўно асеў пыл ад чарод (а можа, яго і не было? Можа, каровы і начавалі ў лесе?). Шэрыя хаты з таўшчэразных бярвенняў насунулі па самыя вушы цёплыя шапкі стрэх. Драмалі або марылі пад песні.

А

песні гучалі паўсюль. На бярвеннях ля хат, на лавах, на прызбах, проста на паплаўцах. Паўсюль сядзелі жанчыны, дзяўчаты, старыя і дзеці, чыста ўсе апранутыя накшталт сустрэтай намі старой. Розныя ўборы, розныя колеры, фарбы і адценні, розныя густы, крышачку рознае ўмельства. Але вёска дзякуючы ім нагадвала букет або стракаты ад разліву чэрвеньскіх красак поплаў. Бо ўсе былі ў сваім, напэўна, у амаль такім самым, як пры Ўладзіміры, як пры войнах з татарамі, як тады, калі бушавала ў гэтых мясцінах полымя паўстання, запаленага Крывашапкай.

Гэта не было старамодна і смешна (гэта былі людзі дваццатага стагоддзя, і яны шмат ведалі).

Гэта было велічна.

Гамер і лірныя песні не старэюць. Старэюць многія нядаўнія песні. Старэюць многія кінастужкі, падобныя на оперу ўдзень, пад чыстым небам. Старэюць і выклікаюць смех.

А Гэта было велічна.

У дваццатым веку, сярод гэтых людзей, смешныя былі мы ў нашай гарадской, ды яшчэ і патрапанай, рабочай вопратцы. Тут і новая выглядала б пачварна... Гармонія — гэта былі яны. Дасканаласць — гэта былі яны. А старамоднымі і непатрэбнымі на вока дваццатага стагоддзя тут былі мы. Мы былі дысанансам.

Сярод гэтых людзей Толькін прыяцель, расеец, саромеўся сваёй кніжнай расейскай мовы, а я саромеўся сваёй гарадской беларускай. Мы, аднак, пастараліся не даць ім зразумець гэтага. Той пераважна слухаў, а я адразу ўключыўся ў балбатню і жарты, стаў пераймаць іхнія інтанацыі, імітаваць непараўнальную музыку іхніх сказаў.

І — дзіўна! — у мяне пайшло.

Можа, яны проста зрабілі выгляд, што не заўважаюць гэтага, па прыроднай, адвечнай далікатнасці сваёй, але я не думаю.

Са мною аднойчы ўжо было так. Я слухаў, як грае на жалейцы вясковы пастух, прыгожы і чысты, як голуб, сівы дзед. І таксама быў вечар, і каровы жавалі жвачку і слухалі. Мне здалося, што я нібыта разумею ўсё. І дзед быццам зразумеў гэта, выцер жалейку аб прыпол сарочкі і працягнуў мне:

— На.

І я, нібы так і трэба было, узяў яе і... зайграў. Таму што я зразумеў: тут непатрэбна загадзя прыдуманая мелодыя, тут павінна гучаць душа. Гэта яна павінна выказваць сябе ў подыхах і рухах пальцаў, а астатняе прыйдзе само. Таму што музыка твая толькі акампанемент вечару.

— Добра, — сказаў дзед. — Дайшло.

Нешта падобнае было і тут. Мы сядзелі і гаварылі і ціха смяяліся, чакаючы нашага дзеда. Мы хацелі, каб нехта яшчэ сёння паказаў нам дуб. Заўтра мы паедзем здымаць яго, нікога не турбуючы. Вызваўся наш дзед. Мы далікатна (галоўным чынам дзеля старой) усумніліся ў ягоных магчымасцях. Што тут пачалося! Дзед намыліў нам галаву оптам і ў розніцу. Ён сказаў, што ніхто лелей за яго не ведае, дзе ён, гэты дуб, што ён ужо тысячу разоў хадзіў да яго за доўгае сваё жыццё, што ён бываў каля яго яшчэ дзіцем, што ніхто так добра не пакажа нам, дзе менавіта ўжо «тышчу гадоў» расце гэты дуб. І мы згадзіліся, і вось чакалі яго.

А жанчыны спявалі. А я глядзеў на іхнія прыгожыя твары, на іх ільняныя або чорныя як смоль (сярэдняга не было) косы, на іхнія ўборы і думаў, што гэта дзіва як добра.

Таму што гэтыя шнуроўкі і андаракі былі не ад оперных пейзан у лапціках, а было гэта заўсёды так. Аб гэтым сведчылі чорныя рабочыя рукі (правядзі такімі па чымсьці — сто разоў зачэпяцца), што зараз адпачывалі на дзіўнай прыгажосці андаракоў, вытканых

імі. Рукі, якія насілі сена з балотаў і палян і ўмелі рабіць яшчэ тысячы спраў. Рукі, што цяжка здабывалі свой «штодзённы».

На д'ябла былі ім патрэбныя мы. Іхнія песні плылі над вёскай да залатой завесы захаду. Плылі над гэтай сумнай, вячэрняй, нібы закінутай зямлёй. І песні гэтыя былі — дзіва. І казалі яны пра каханне, пра варанога коніка і дальнюю дарогу, пра здраду і рэўнасць, пра гэтыя дубы — пра ўсё, што было і давеку будзе на зямлі.

Стары выйшаў з хаты, як адноўлены. Твар свежы, трохі нават урачысты. Белая сарочка з хатняй палатніны багата вышываная. Паважна сеў побач з шафёрам і — перад бабамі — уладна сказаў:

— Паняй!

І тут адна гожая чарнявая маладзіца са снежнымі зубамі сказала:

— Ну вось. А я тут і жыццё-о пражыла-а, а дуба таго не бачыла-а.

Вочы смяяліся. Я запрасіў яе сесці з намі, і яна нават устала. Але астатнія схапілі яе, пачалі валтузіцца і крычаць ёй, што «няма чаго адной», што хлопец той, відаць па ўсім, «адарвірог», а нам — каб мы хутчэй рушылі. Сілком пасадзілі на бярвенні, утрымалі. Машына наша рванула і пакаціла.

Так і давялося мне задаволіцца пачэснай мянушкай «адарвірога», сесці на месца ды глядзець вакол.

«Казёл» наш праехаў трохі па дарозе і звярнуў налева. Стары расказваў нешта аб тым, колькі гэтаму дубу, якіх людзей і якія падзеі ён бачыў. Фігурыравалі там чамусьці шведы (і тут было зашмат шведаў!), царыца Кацярына, французы (зашмат французаў!) і ўласны дзедаў прадзед. Зрэдку ён перарываў свае цікавыя гістарычныя рэмінісцэнцыі, каб кінуць:

— Паняй-паняй!

...Гэта былі нізінныя месцы. Туман, як продкавы душы, слупамі стаяў над ямамі, поўнымі празрыстай вады. Удзень яна была, пэўна, колеру чырвонага дрэва. Цяпер — чорная як смоль. Трапляліся даўнія лесасекі, зарослыя дрэўцамі, маліннікам і кіпрэем. Белы туманец шматкамі поўз з нетраў. Было бязлюддзе. І цішыня. Залаты і шафранны захад шырокай паласой дагараў за ляснымі волатамі.

І тут наш «газік» выглядаў дзіка, як машына часу.

— Паняй-паняй!

Як глуха! Якая закінутая журба! Быццам і не было ні кіеўскіх князёў, ні Ванькі Крывавага, ні Пятрухі-Мучыцеля. Нібы толькі што пад гэты халодны небасхіл, пад першую крынічную зорку на ім, да залатога іканастаса захаду прыйшлі людзі — мы.

І зноў пушча. Зноў ствалы волатаў, а за імі гараць крылы соцень жар-птушак. Гараць і дымна згараюць у цішыні.

І раптам я ўбачыў: вышэй за ўсе дрэвы ўзносілася над светам не дужа густая, але магутная верхавіна і некалькі велізарных, як бярвенні, галін. Стройны, як калона, у мноства абхватаў ля зямлі, усё раўней і танчэй угору, дасканалы ў сваёй велічнай зграбнасці, стаяў сярод лесу, сярод сыноў сваіх, унукаў, праўнукаў, далёкіх нашчадкаў лясны волат. Здавалася, метраў на сорак — пяцьдзесят — бо яго ні з чым вакол нельга было параўнаць — вышэйшы за ўсё на зямлі. Роўны амаль да самай верхавіны, гладкі, амаль як мармур, карою (так уяўлялася ўпрыцемку), без адзінай шышкі на ёй, без адзінага наросту ці галінкі, ён толькі ля верхавіны шырыў недзе ў саміх нябёсах магутныя свае лапы.

Ён быў вечны і неўміручы. Ён, здавалася, павінен быў быць нязменны і канчатковы ў сваёй класічнай закончанасці. І, аднак, ён рос. Разумееце? Ён яшчэ рос.

Ён нарадзіўся ад жолуда нейкага такога самага волата, ад якога даўно не засталося і слядоў. Бацька ягоны жыў у часы Цэзара і Спартака, Хрыста і Нерона, Атылы і Катула. І вось аднойчы ён задумаўся аб неўміручасці і вечнасці і неспадзявана скінуў жолуд. А з жолуда прадзёўбнуў зямлю пяшчотны ружавата-жоўты парастак велічынёй з палову мізінца. Яго чакалі тысячы бедаў. На яго мог наступіць чалавек або алень. Тысячы дубовых малят гінуць вось так.

Поделиться с друзьями: