Дзе жыве Беларусь...
Шрифт:
Калодка цэлы час браў удзел, на колькі высмактаныя гітлераўскімі нацыстамі фізычныя сілы дазвалялі, у мясцовым беларускім грамадзкім, рэлігійным і культурным жыцьці. Я яго бачыў першы раз у жыцьці й захапляўся нязломнай маральнай сілай гэтага чалавека. А што гэта за чалавек, у якога ў зьняможаным целе тлее такі нязгасна-палымяны дух?
— Падчас вайны Калодка ў нас у Вялейцы быў свой чалавек, — апавядаў мне ў Тароньце Нікіфар зь Вялейшчыны, — Да яго ў якой хочаш справе ішоў увесь народ з усіх вёсак. Калі дзе каго пакрыўдзіла якое паляч'ё, што было пазашывалася ў нашу адміністрацыю, дык людзі казалі: ідзіце ў Вялейку да Калодкі, пажальцеся яму. Ён свой чалавек і ён надзвычайна спагадлівы.
Я, прыгадваю, прасіў тады шматгаманлівага Нікіфара, каб сеў за стол, узяў самапіску ў правую руку, кавалак паперы, ды, пацеючы ад вялікіх намаганьняў, сваімі словамі, як умее, запісаў што ведае пра Калодку. Але пэнсіянер Нікіфар і дагэтуль не сабраўся гэтага зрабіць.
Слухаючы тады Калодкаў даклад у Мэльбурне, я быў сьведмы таго, што слухаю чалавека, які сваей нястомнай працай для народу на бацькаўшчыне, у грозны ваенны час, заслужыў сабе пачэснае месца ў нашай гісторыі. "Наш чалавек" тады ў народных вуснах было вялікай пахвалой і ўзнагародай.
Гэны-ж народ не называў тады "нашым чалавекам" нікога з тых "запраўды праваслаўных" нікчэмнікаў, якія подлымі даносамі пасадзілі яго, гэроя-змагара, у нацыстоўскі лягер сьмерці.
Дзякую Богу за Калодку, а яму самому пашана ад мяне, беларускага патрыёта з суседняй Вялейшчыне Глыбоччыны.
У прыгожы сонечны дзень мы стаялі перад новай царквой у Рычманд Гіл, паўночным прадмесьці Ню Ёрку. Кастусь Мерляк апавядаў мне як яе будавалі.
— Бачыш, купал хацелі мы даць крыху больш уперад, бліжэй вуліцы, але нам не дазволілі, бо ёсьць такое мясцовае байло (права), якое рэгулюе вышыню будынкаў у адлегласьці іхнай ад вуліцаў. Дык давялося тады нашаму архітэктару зьмяніць крыху пляны…
Кастусь апавядаў тое голасам, у якім чуваць было пашану да працы; з такім задавальненьнем добры гаспадар гаворыць пра належна апрацаваную й засеяную ніву. Ён-жа назваў і нейкі лік, значыцца прыблізную камэрцыйную вартасьць гэтага храму, што пабудавала група людзей, якая пакінула некалі парафію Сьвятога Кірылы Тутаўскага ў Брукліне й пачала тут новае жыцьцё. Прыгожая царква. Яшчэ адно сьветчаньне, як наш ахвярны народ працуе для Бога й народу, ставіць Госпаду й сабе помнікі. На бацькаўшчыне чужынцы нашы сьвятыні руйнуюць, а нашы выгнаньнікі на чужыне будуюць.
І яшчэ мне думалася, як больш плённым было-б жніво, калі-б усе нашы праваслаўныя парафіі, на чатырох кантынэнтах, належалі да адзінай Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, а не цягаліся па розных шляхох "з Варагаў у Грэкі", ці, яшчэ горш, наведвалі чужыя сьвятыні…
26-га лістапада 1983 году ў Тароньце, на сьвяткаваньні 35-х угодкаў заснаваньня Згуртаваньня Беларусаў Канады, д-р Раіса Жук-Грышкевіч мела галоўны даклад, які расьцягнула аж на цэлую гадзіну. Мяркавалася, што выкінуўшы аж зашмат непатрэбных згадак пра адну асобу дый пра сябе, магла-б час напалову скараціць. Галоўнае, што Раіса, — як мы яе тут звычайна называем, — не згадала нічога пра некаторых людзей, якія гэтага заслужылі, хоць праца іх канцэнтравалася толькі ў пэўных пэрыядах беларускага арганізацыйнага жыцьця.
Насамперш варта й неабходна было згадаць Валер'яна Навіцкага. Родам са Случчыны, ён скончыў Менскі Пэдагагічны Інстытут,
а падчас вайны працаваў кіраўніком СБМ у павеце.У Канаду Навіцкі трапіў зь Нямеччыны і ўжо ў 1949 годзе прыбыў у Таронта. Згуртаваньне Беларусаў Канады адно што карэньне тады ў чужую глебу запушчала й кажны чалавек свой быў надзвычайна дарагі. "Беларускі Эмігрант" адбіваўся на рататары. Наклёўвалася арганізаваньне праваслаўнае парафіі. Каля гэтага ўсяго была вялікая маса працы.
Навіцкі даваў у грамадзкую й выдавецкую працу вялікі ўклад, у кіраўнічых ворганах займаў розныя пазыцыі, а ў "Беларускі Эмігрант" пісаў цікавыя артыкулы, пераважна на тэмы дзейнасьці расейскіх "адзінанедзялімцаў".
У гэным часе, у пачатку пяцідзесятых гадоў, калі ведамы "ускалосаўскі" штурмавік, гадунец камуністычнага інстытуту журналістыкі Сяргей Зіняк-Хмара, як казаў Мікола Панькоў, "распусьціў крылы", пачалося ў Канадзе зацятае змаганьне з хмараўскім гнільлём. Побач зь іншымі, найбольш актыўнымі сябрамі Згуртаваньня Беларусаў Канады й Беларускага Выдавецкага Фонду, браў у тым змаганьні вельмі актыўны ўдзел і В. Навіцкі.
У нашай сьціплай лікам людзей грамадзе, цэнным быў кажны чалавек. Хмара ніколі ня грэбаваў ніякімі сродкамі, а заўсёды дзеяў і цяпер дзее мэтадамі камуністычнага палітрука-агітатара, разьлічанымі на людзкую цямноту й нясьведамасьць.
Пасьля Навіцкі пайшоў вучыцца на ўнівэрсытэт і менш браў удзелу ў працы, а атрымаўшы дыплём і добрую прафэсію, зноў далучыўся да нашае грамады, сваімі прафэсыйнымі ведамі й іншымі ўкладамі зноў памагаючы галоўна ў парафіі Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Тароньце.
За ягоныя шматлікія заслугі для агульнага дабра нашае грамады ў Тароньце й Канадзе Валер'яну Навіцкаму належыцца прызнаньне і ўдзячнасьць.
Часта чуеш пра так званых незаменных людзей. Магчыма такія ёсьць, калі разважаць павярхоўнымі людзкімі катэгорыямі. Хочацца, каб такі чалавек як найдаўжэй жыў для агульнага дабра. У Бога, відаць, іншая мерка. Прыйшоў час і Бог яму, такому незаменнаму чалавеку, як выражаецца адзін мой вульгарны сябра, лапатай па азадку…
Вось такі, здавалася нам, зусім незаменны на ягонай рэлігійнай і навукова-грамадзкай ніве чалавек, біскуп Часлаў Сіповіч пакінуў нас у самы ўрачысты дзень сьвяткаваньня дзесяцігодзьдзя заснаваньня бібліятэкі й музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане. Ён занямог, ці, дакладней кажучы, меў удар сэрца, выконваючы абавязкі гаспадара сьвята падчас мае прамовы й пару гадзін пасьля сканаў у шпіталі.
Мяне гэна катастрофа надта ўзварушыла і, ня гледзячы на ўсе намаганьні, усё-ж я на наступны дзень зусім раськіс. Айцец Алесь Надсон, каторы, — ведаю гэта, — сам правёў бяссонную ноч, бо на яго як на нікога іншага абрушылася гэна вялікая катастрофа, прыйшоў мяне суцяшаць.
— Калі ты верыш у Бога, дык трэба яму за ўсё-ўсё быць удзячным, за ўсё, што ён дае… навет і за такое вось…
Дакладныя словы ня прыгадаю, але айцец Алесь гаварыў нешта ў гэтым сэнсе.
— Усе мы ад Бога, Ён ведае што робіць і мы яго ня маем права квэст'янаваць.
І тады й пасьля шмат я думаў пра айца Алеся Надсана. Чалавек гэта надзвычайна сьціплы, працавіты, глыбока веруючы. У тым музэі й бібліятэцы працы шмат. Як казаў адзін з нашых пісьменьнікаў з Польшчы, — гэта "беларускае вакно ў сьвет". Туды прыяжджаюць і навукоўцы, і звычайныя людзі з цэлага сьвету, у тым ліку з-за ведамае "заслоны", каб вывучаць Беларусь. А тут яшчэ Англа-Беларускае Навуковае Таварыства. А гэтта ў айца Алеся яшчэ інвэнтар дамоў і царквы. Як сьвятар, ён яшчэ абслугоўвае Беларусаў Парыжа дый памагае тым, што ў Рыме.