Дзе жыве Беларусь...
Шрифт:
Галоўна дзякуючы нястомнай працы айца Надсона ды перадусім Міхалюкоў, што жывуць тут-жа збоку, і трымаецца тая "маленькая Фінчлейская Беларусь". І прыходзяць добрыя, ці менш зычлівыя людзі, каб заглянуць у тое "беларускае вакно". І ёсьць ужо ня так сьціплыя плёны. Яны будуць расьці.
У часы фізычнай нямогласьці,
Малодшы Азарка, што паходзіць з выдатнай сям'і Азаркаў, з Самэрсэту, — старшыня Саюзу Беларуска-Амэрыканскае Моладзі, - паказвае мне рэклямную брашуру Дэпартамэнту Дарогаў штату Ню Джэрзі.
— Зірнеце, спадар Акула. Яны тут пішуць пра нашага Тадэвуша Касьцюшку, ды называюць яго Палякам. Гэта для нас крыўдна. Трэба было-б нешта напісаць і выдаць, каб вытлумачыць Амэрыканцам, што Касьцюшка не Паляк, а Беларус…
Малодшы Азарка — адзін з нашых парасткаў на чужыне. Ён ніколі ня бачыў радзімы бацькоў, але бароніць інтарэсы Беларусі. Хацелася-б, каб такіх парасткаў у нас на чужыне былі сотні тысячаў, мільёны, і каб далёка й шырака, на помач нашаму паняволенаму народу, чуваць быў іх магутны голас.
Але пра нашу моладзь на чужыне трэба пісаць яшчэ шырэй, ды асобна…
Разьдзел гэты, які можна было-б назваць "Пра нашых выдатных
людзей на эміграцыі, ці на выгнаньні", можна было-б прадаўжаць. Хацелася-б назваць яшчэ шматлікіх, каторыыя даюць вялікі ўклад у нашу рэлігійную, культурна-навуковую, грамадзкую ці палітычную працу. Але паўстае небясьпека: а што калі пра каго забудзешся? І з другога боку пытаньне: чаму аўтар гэтых радкоў можа меркаваць, што ён зьяўляецца аўтарытэтам, які асьмельваецца клясыфікаваць людзей, няхай сабе і з найлепшымі намерамі?Тых колькі асобаў, што згадаліся пры працы ці ў іншай сытуацыі, бязь ніякіх пабочных думак, паказаны ў сваей адданасьці ня толькі для вызваленьня паняволенай бацькаўшчыны, але й нашай эміграцыйнай грамады.
Каб жыла Беларусь!
Гэта — наш дэвіз, наша сьвятая сьвятых усякіх пачынаньняў на чужыне.
Некалі перачытваючы кадэбэшніцкую агітку "Голас Радзімы", я натрапіў на нейкага партыйнага паўзубна, каторы цешыўся з таго, што… выміраюць на эміграцыі Беларусы; што канкрэтна казытала ягонае партыйнае сэрца гэта тое, што адыходзяць ад нас людзі выдатныя, а бязь іх, вядома, справа дрэнь…
Прагныя канчатковай перамогі зла над дабром, паразіты-дармаеды трывожацца. Варта таго і іншых бальшавіцкіх паўзуноў папярэдзіць, што зьмена прыйдзе. Яна прыйдзе і тут, на эміграцыі, яна прыйдзе й дома. Няхай яны, партыйныя паўзуны, ворагі беларускага паняволенага народу не забываюцца, што народу нашаму ня раз ужо, дый ня меншыя, чымся яны, злыдні паніхіды сьпявалі, а ён выжыў, жыве дый вас, нячыстую бальшавіцкую хэўру, перажыве. І здабудзе запраўдную вольнасьць.
Бо станецца як сказаў паэт:
Яшчэ прыйдзе вясна, яшчэ прыйдзе!