Дзве душы
Шрифт:
Князя ўвяла і сказала аб ім сама гаспадыня якраз у той час, калі доктар гладзіў Алю па ручцы і ласкава супакоіваў яе, кажучы ёй і каб чуў бацька:
— Нічога, нічога, маё дзетка: маленькая нервовая хваробка… Трэба супакоіцца, выпіць мае мікстуркі, хоць ад іх і не вялікая польза, і як рукою здыме. Найлепшая ж рада й лекарства — спакой.
Мікола Мартынавіч быццам і цікавасці не меў прыгледзецца да князя і безуважна кіўнуў рукою на крэсла, каб той садзіўся.
Такое прыйманне было нялюба князю, і ён адразу пачуў нейкую непрыхільнасць да мільёншчыка. Аля яшчэ пабольшыла яе тым, што адвярнулася да
І пасля візыту князь зразумеў, што абставіны спляліся так, што сватацца няма чаго патыкацца. Мець абы-якія справы з «лапацонам», як ён у думках аблаяў міліёншчыка, было нялёгка. Хвароба ж дрыжонай дачушкі, відаць, зусім у благі бок скіравала настрой і думкі Міколы Мартынавіча. Дарма зрабіў князь спробу завесці з ім размову аб ратаванні маёмасці ад розных у часе рэвалюцыі магчымасцей. Дарма казаў яму пасля абеду ў кабінеце аб лісце ад пэўнага чалавека з Масквы, што трэба — як га — ратаваць домы і капіталы і сваё ўласнае жыццё. Дарма падбіваў старога прадаваць усё і выязджаць за граніцу — той слухаў няўважліва і маўчаў, бо навет гаварыць аб тым не хацеў. Мусіць, не ён, вясковы выхаджэнец, веры, каб хам мог яго зжорці.
І князь пастанавіў выехаць у сталіцу. Той ліст аб чаканых грозных падзеях напалохаў яго і прымусіў парупіцца.
Прыкра было яму.
І ён удаўся ў маркоту.
Увечары таго ж дня гасцяваў у яго вясёленькі, старэнькі курортны доктар, каторы і памагаў яму развеяць гора і салодка патужыць. Выпілі яны кахетынскага, добра пад'елі, пачырванелі, пасядалі ў мяккія крэслы і курылі, сумна думаючы. Потым князь узяў у рукі гітару і навёў струны на мінорны лад. Гукі гітары, гукі тужлівыя плылі ў дымна-сінім змроку цёплага пакоя да расчыненнага балкона і таялі ў смутным паветры шумячай жоўтым лісцем восені. Замігцелі на цямнеючым небе зорачкі, адна, другая і трэцяя за чорнаю каўказскаю гарою. Гітара дрыжача варкатала, і князь маўчаў і думаў аб тым, што было і што мінулася…
— Эх, мінулася, мінулася, — казаў доктар і качаў галавою, — да вайны было, а цяпер мінулася, мінулася ўсё, эха-ха, — і ўздыхаў, ківаў галавою.
XII
Пяць дзён не сціхала кананада.
Бесперастанку трашчэлі і трэскалі кулямёты і стрэльбы, то быццам заціхалі, то ўзноў набіраліся заядласці. Памаўчаўшы, бухалі пушкі, і чарада глухога, дужага гулу хавала ў сябе тое трэсканне.
Быў пяты вечар.
Хмурая восенная мга паўзла з сівага неба на цяжка хворы горад, на кананаду.
Карпавіча і Васіля адпусцілі дамоў, каб яны выспаліся і ўзноў прыйшлі змагаць буржуяў.
Абпэцканыя і абшарпаныя, з кулямётнымі патранташамі цераз плечы і ўкол пояса, з набітымі стрэльбамі ў руках перабегалі яны пад сценкамі, прабіраліся да свайго квартала.
Зрэдку там а там пёк з вакон і з люхтаў захованы вораг.
— Не здаюцца, каб іх удушыла, — мармытаў Карпавіч аб белагвардзейцах.
— Кажуць, нам ужо помач ідзець з Петраграда, — весяліў надзеяй сябе і старога Васіль.
— Ах, каб жа бог даў… — уздыхнуў змучаны Карпавіч і без асаблівай цікавасці і ўважнасці засудзіў сябе, што — бальшавік, а гаворыць — «бог даў».
— Каб жа бог даў, як той казаў, — падумаўшы і пераскачыўшы небяспечнае месца, дадаў Карпавіч.
— А як мы іх турылі па Газэтнаму завулку, —
весяліў успамінамі сябе і старога Васіль, — шкода, што не злавілі начальніка партыі, гэтага нягоднага князя.— Гальшанскага? Шкода, праўда што. Партыйка-то яго так сабе: блазні, кадзеты, юнкяры… Во сам б'ецца, як нячысцік. Усюдых паспее, — гаварыў стары.
— У страўню вегетарыянскую ці там нейдзе шмыкнуў і схаваўся. Пяць кулек пусціў яму ў сугон, ды абмахнуўся: пашчасціла князю ўцячы.
Раптам загудзела міма граната і з вялікім грукатам бахнулася высока аб мур.
Сыпнулася вапна, цэгла, і закурыўся пыл.
Яны шпарка ўбеглі ў вароты.
— Пачакаем.
— Трэба.
— Ах, не ведаю, як маецца матка, — сказаў Васіль.
— Але, здалася старка. Каб ногды зусім не развіталася з намі. І што ёй? Здаецца ж, век як не бог ведаеце які.
— Каб толькі, кажа, яшчэ хоць на паніча Ігналіка зірнуць.
— З галавы ёй нешта не выходзіць гэны паніч.
— Ну, як жа: узгадавала яго, сіротку.
— А цікаўна, як ён цяпер? З чыйго боку? — пытаючы, казаў Карпавіч.
І раптам неўспадзеўкі наперадзе нехта дужа свіснуў.
— Стой!
Сунуўся груд людзей.
Група ўсякіх мястовых паноў, з'ёжаных і падняўшых каўняры, нейкіх яшчэ шабадраных жулікаў і двох-трох чалавек у шынэлях, абкружаныя ўзброенымі чырвонагвардзейцамі, рушыла ўгору па вуліцы.
— Свае, свае!
Яны прад'явілі паролі і сказаліся.
— А! Таварыш Гаршчок! З Газэтнага завулка? Вы як маб быць усыпалі ім, калі яны ўцякалі.
— Нічога, як трапілася, — адказаў Карпавіч.
— Васілёк! — зняцейку пачуўся з групы арыштаваных абніжоны голас Абдзіраловіча.
— Ігнат Восіпавіч, як гэта вы папаліся? — пазнаў яго ў шынэлі з адрэзанымі наплечнікамі і адгукнуўся Васіль. — Таварыш начальнік, — папрасіўся ён у галоўнага канваіра, — дазвольце паздароўкацца.
— Я ехаў на доктарскую камісію, я не ведаў, што дзеецца ў месце, і на вакзале мяне ніхто не задзержыў. Во — запіска, што ў мяне адабрана аружжа. Ішоў я, Васілёк, да вас; тут мяне арыштавалі. А я чалавек хворы і не магу змагацца з ніводнага боку. І я, таварышы, ледзь на нагах стаю, — казаў Абдзіраловіч.
— Вы яго знаеце? — спытаўся начальнік канвоя ў Васіля.
— Добра знаю.
— І я таксама, — адгукнуўся Карповіч.
— Ну, дык можаце ўзяць яго да сябе. Абдзіраловіч радасна выйшаў з прыкрага кола. Яны пайшлі.
— А мама дужа хварэець, — зазначыў Васілёк.
— Ну, што ты?! — занеспакоіўся Абдзіраловіч.
— А так, дужа хварэець. Будзе рада, што вы прыйдзеце.
Ды толькі яны ступілі некалькі сігоў, як блізюхтанька з варот пасыпаліся рэвальверныя стрэлы.
Яны махам крутнуліся ўбок.
Але Карпавіч, відаць, зачапіўся за нешта, спатыкнуўся і заваліўся.
— Таварышы! — нейкім пісклявым галаском завапіў ён. — Таварышы, ратуйце!
З варот выбегла некалькі чалавек белай гвардзіі са знаёмым Абдзіраловічу па лазарэце капітанам Гарэшкам за даводцу. Яны ў мамэнт абкружылі Абдзіраловіча.
Васіль некуды кінуўся наўцёкі і як наскрозьдоння праваліўся.
Высокі Гарэшка злажыўся рэвальверам на ляжачага дробненькага Карповіча.
— Капітан!! Стойце! Здурнелі!! — праразліва загаласіў Абдзіраловіч і выставіў рукі перад Гарэшкам.