Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дзве душы

Гарэцкі Максім

Шрифт:

Апанавала дрымота сярод сумнай імглы восені на нядрогкіх калёсах з нейкай прыемнай, нямеючай мулкасцю боку і нагам. «Да ўніверсітэта гаварыў найбольш па-беларуску. І думаў па-беларуску. Не: школа наўчыла думаць па-руску. Ці ж праўда?» І лавіў сябе, як думае: па-беларуску ці па-маскоўску, і не мог злавіць. «А вы, аднак жа, адкажыце мне…» Ён нічога не можа адказаць. Ён нават не можа адчуць усяе глыбі гора і няшчасця гэтай старонкі, што цяпер усцяж укрыта акопамі, крыжамі і магілкамі. Не можа. «А вы, аднак жа…»

Так, аднак жа ён штосьці павінен рабіць. Так, так. «Буду рабіць! Буду рабіць!» — грукаталі калёсы з невялічкай горкі і разганялі дрымоту сярод

сумнай імглы восені, што патроху робіцца святлейшай і весялейшай. Можа, і сонейка бліснець, і тады хочацца адарвацца ад прыемнай мулкасці калёс і бегчы па дарозе.

X

Іван Карпячонак Гаршчок, або Карпавіч (так звалі яго ўсе, калі пабыў у свеце), належаў да той даўняй і немалой чарады выхаджэнцаў з беларускай вёскі, каторая чакаець яшчэ ў літаратуры свайго пісьменніка.

Чарада гэтая маець свой пачынак у дужа далёкай мінуўшчыне, калі прадзеды нашыя, то той, то гэты не прыкутыя да свайго загона, як цяпер унукі, абы-якой культураю, раптам кідалі грэчкасейства і беглі ўва ўвесь белы божы свет шукаць волі, ці тое: гамаваць свае атавістычныя пачуцці.

Чарада гэта праходзіла таксама скрозь тыя слёзныя часы, калі дзяды нашы, то той, то гэты, і найбольш як той казаў, з ганарыстых, уцякалі ад жорсткіх паноў сваіх, бадзяліся па чужой, тугою аранай, старане, туляліся па розных глухіх куткох, канчае век свой ці ў цёмных лясох, ці ўзімку на бязлюдных дарогах на беленькай снегавой посцілцы, ці ў гарадох на камені пад плотам, калі яшчэ раней таго не накладалі галоўкаю за скрынку пушнога старасвецкага хлебца.

Цягнецца яна даўно струпехлымі крыжамі і касцьмі ды згладжанымі ад даўгога часу могільнымі курганкамі і ў тыя жалобы ціхія гадзіны, калі беларус у белай кашулі здабываў царом Сярэднюю Азію, і йшоў на вечныя часы за сваю веру ў Сібір, і вызваляў балканскіх «браткоў» з турэцкай няволі, і насыпаў чыгункі па ўсяму Ўсходу Эўропы, і дзе толькі, дзе толькі, апроч хіба свае бацькоўшчыны, не капаў у горах руду, не спушчаў ваду з гнілых балот…

Губіць свой стройны парадак і буяець ува ўсе бакі чарада ў астатнія колькідзесят гадоў, калі нарадзіўся людзей вялікіх шмат, а зямля не вырасла, а ўсохла да вузенькіх, што й курыца пераскочыць, шнурочкаў. Пацягнуўся тады з вёскі народ куламесаю і хто куды: у Пецярбург і Маскву, Рыгу і Адэсу, Тыфліс і Варшаву і ў далёкую заморскую Амерыку, дзе ёсць дзіўны горад Нью-Ёрк, дзе ёсць глухія, а багатыя фермы ў немцаў і расейскіх духабораў і дзе можна зарабіць добрую капейку, хаця ж і надта, надта цяжкаю працаю.

Губіць свой стройны парадак чарада ў гэную пару, бо хлопцы з беларускай вёскі пачалі выхадзіць цяпер не толькі «ў свет», адылі і «ў людзі». Школы адчыняліся, і можна было выўчыцца на пісара і на вучыцеля, на чыноўніка, ато дык і яшчэ вышэй: ксяндзы, папы і нават афіцэры пачалі выхадзіць з-пад мужыцкіх стрэх.

Што ж, як каму таланіла. Мікола Мартынёнак Макасей пехатою і басанож у N. прыйшоў, бо ў дарозе лапці стаптаў, але пашчасціла хлопцу: цяпер ён — Мікола Мартынавіч і вялікія міліёны маець. Іван Гаршчок, ці тое Карпавіч, па чыгунцы прыехаў у Маскву (і дайжа ў ботах, што дзед перад смерцю адказаў), а не меў ён гэткай удачы, хоць і нішто сабе ў манахах жыў.

Дужа псуець сабе кар'еру мужыцкі сын, калі не скора забываецца на хату бацькіну. Ташнуець тады немаведама чаго; у горадзе ходзіць, як непрыкаяны, а дамоў прыедзе — да працы ахвоты не маець. Так і прамарудзіць задарма жыццё сваё: ні богу свечка, а ні чорту чапяла, ні пан, ні нашчанец, мужыцкі брат.

Іван Гаршчок быў

хлопец удалы, змалку на ўсё здатны і здольны. Змалку ж ён і чытанню-пісанню добра няўся. Як скончыў ён царкоўную школу, пасадзіў яго бацюшка ў школцы граматы вучыцелем.

А Гаршчок калі за што браўся, дык браўся шчыра: замучыў дзяцей малітвамі, а баб і мужчын — чытаючы ім «Душеспасительный листокъ» з дужа страшнымі малюнкамі: у п'янюгі з рота лезець вужака, пляткарка ліжаць языком гарачае зялеза і да т. п.

І сасніў аднойчы Гаршчок, што ён вялікі нейкі праведнік ці манах, і пачуў голас ува сне, што павінен ісці ў манастыр, у манахі.

І пайшоў. Папоўніў чараду.

Быў ён з маладосці прыгожы: вочы зоркія, спрытныя, валасы кучаравыя, від да ўсякага чалавека спагадны і радасны.

І скора і лёгка ўбіўся ў ласку да архімандрыта; даручаў той яму стаць ля машчэй, калі знаймуюцца багамолы, і пільнаваць, каб клалі грошы і каб не было абы-якога непарадку.

А манастыр быў знамяніты. Многа вялікіх паноў прыязджала сюды, асабліва з таго часу, калі забілі недалёчка ад манастыра важную асобу царскага роду; прыязджалі князі і графы, княгіні і графіні закупляць панахвіды.

І прыязджалі дзве князёўны.

Любілі яны да машчэй прыкладацца. А станавіліся недалёчка да прыгожага послушніка.

І неўпрыцям для самога сябе паслізнуўся ён.

І дайшоў да астатняй брыды.

Грошы краў, цела брудзіў, а сумленне гарэлкаю заліваў.

Прапаў Іван Гаршчок.

Трапіў у самае бясяцкае прадонне.

…Прачнуўся аднойчы на голых, запэцканых гразёю, шалупашкамі і слізкімі гурковымі і кавуновымі недагрызкамі, замасленых басяцкім шкумаццём палацях у начулішчы.

Ляжаў паміж кудлатага, чорнага басячугі і абшарпанай п'яной бабы.

І нічога не памятаў.

У расхрыстанай, з калматымі косамі абшарпанкі цякла са шчэрбы на збітую шчаку слюня. Аднэй рукой баба сцяла Гаршка за палу, а другую адкінула — голую, без ададранага рукава капоты. Жылаватыя, брудныя ногі тырчэлі з-пад абмызганай спадніцы, звісаючы з палацяў.

Гаршчок намагаўся ўцяміць усё і абмеркаваць, але нудна было пад ложачкай, балела галава, гідзіла яго ад аблічча абшарпанкі.

Дужа карцела курыць, ды не было чаго. Ён вызваліў палу пінжака, і баба заварушылася і засмактала, а кудлаты басяк скрыгаў скрозь соння зубамі.

Пацягнула знізу ў разбітую шыбу з мутнога надвор'я свежым ветрыкам і прыемна асвяжыла галаву.

Нылі ўсе косці, калі скрануўся Гаршчок і палез далоў.

Ён агледзеўся. Начлежны дом быў повен. Была самая пара сну. Стаяла густое цёплае смуроднае паветра, нёсся храп, свістанне і варушэнне.

У адным вугле ўзняўся глухі гоман, нейкая ваганіна, хрыпаты смех і лайба — усё паніжонымі, начавымі галасамі.

Пайшоў туды, каб дастаць табакі.

Гэта прыйшлі з начной працы гаспадары начулішча, яе паважаныя паўсёдныя жыхары. Месца кождага, зазначанае каменем або цэглінай (замест падушкі), пуставала, бо ўсе ведалі, што тут занята і што гаспадар прыйдзе і мае права стурыць.

Але на адным месцы скорчыўся блізка што голы, аброслы чорнымі валасамі, дробненькі чалавечак, не то цыган, не то армянін ці жыд, — і гаспадар каменя загневаўся за гэткае зняважанне сваіх правоў. Ён злосна плюнуў, без усякай жаласці схапіў навічка, незнаёмага яшчэ з тутэйшымі парадкамі, за ногі звалок яго з палацяў і кінуў на памост, як нейкі мяшок, набіты мякінаю.

Ніхто і ўвагі не звярнуў.

А пабіты чорны перацягнуўся, як ніцы сабака, і заснуў проста на падлозе, слізкай і бруднай.

Поделиться с друзьями: