Дзве душы
Шрифт:
А Васіль хацеў казаць і казаў яшчэ. Казаў аб тым, як абсуджалі на зборцы пытанне, высунутае маладымі, аб адчыненні кааператыўнай крамы, якая ёсць, прыкладам, у жыдоў у м. Пятровічах. Прапазыцыю правалілі старыя за тое, што маладыя хацелі пасадзіць у краме сваіх таварышоў, а старыя іх каб прымелі, дык бы з'елі. Ён казаў, як старыя крычэлі: «Ага! І грошы на краму надыбе? Дык згарі яна! Не надыбе крамы, не надыбе, не надыбе!! Пойдзем, браточкі, дамоў!» — казаў, а госць усё ўглядаўся ў яго і потым, каб не збіцца з сваіх думак, каб толькі слухаць і далей думаць, запытаўся:
— Ці ж так адны старыя ўва ўсім вінаваты? Я чуў ад многіх, што бываець наадварот, маладыя на старых усселі цяпер і ездзяць на іх, колькі хочуць…
Сказаў
— Не адны старыя ўва ўсім вінаваты, — адказаў яму Васіль, — ёсць за што ганіць і маладых. Але ў ідэйнасці, беспярэчна, старыя нічога не варты; праўда — збоку маладых…
Ён памаўчаў, замысліўся, адылі загаманіў.
— Можа й, праўда, я здаўся вам, Ігнат Восіпавіч, не бесстароннім, дык я скажу яшчэ колькі слоў, каб паказаць, якая свалата ёсць і сярод маладых. Падвадзіў мяне ў дарозе адзін бедны жыд каваль, ён ехаў у П-цкі савет па зялеза. Ён прыхільнік камуністычных парадкаў, а наказаў мне пра маладых свайго сяла столькі чаго, што іх усіх проста павесіць трэба. Сяло беднае, дык усе маладыя йшлі раней у свет, у гарады, а цяпер паварочалісь дамоў гультаямі, бандытамі і пад штандарам бальшавізму здзекуюцца над усімі сялянамі. Жывуць паразітамі, паўлезлі ў камітэт беднаты, і ніхто іх не зачапі. Старшыня «камбеда» — яшчэ даволі малады блазнюк, быў засуджаны ў Маскве за ўбійства, сёлета ўлетку так пабіў граблямі сваю братоўку, жонку брата-земляроба, што тая памучылася колькі дзён і памёрла, брата ўсадзіў у чразвычайку, быццам за контррэвалюцыю, а бацьку штодня лупіць чым пападзя, па галаве, ганяець старога на работу, а сам п'янствуе ды гуляець з сваёй бандаю…
— У некаторых валасцях сяляне паўсталі… — сказаў Абдзіраловіч, напалавіну пытаючысь.
— Ну, паўсталі, разумеецца… — у тон яму адказаў Васіль і засмуціўся з складкай абурэння на вуснах, а шчокі яго гарэлі ад гутаркі. А потым сказаў: — Яшчэ горай тое, што даручаюць давіць паўстанне і караць паўстанцаў такім бэсціям-крывасмокам, як розныя п'янюгі з быўшых афіцарышак, як гэтыя розныя Гарэлікі…
Сказаўшы тыя словы з вялікай злосцю, Васіль схапіўся, што й госць яго — быўшы афіцарышка, ён пачуў цёпла на шчоках і скоса зірнуў на Абдзіраловіча. Злосць, аднак, не мінулася.
— А што такое? Хто гэты Гарэлік? — спакойна спытаўся госць.
— Нейкі п'янюга капітан, а можа, навет быў і жандарам калі-небудзь. Убіўся ў ласку к нашаму Карпавічу, наўчыў яго п'янстваваць, іх паслалі давіць паўстанне, і яны… яны без міласердзя парастрэлівалі зусім невінаватых людзей, цёмных сялян.
— Што ты кажаш?! — спытаўся Абдзіраловіч парушаным, але такім голасам, у якім сам помала чуў патрэбнага пачуцця і зганіў сябе за тое.
Васіль вельмі расстроіўся, але не хацеў паказаць усяго сябе.
У дзвяры забарабаніла гаспадыня, увайшла з самаварам, тоўстая, сівая ў замасленай блюзцы і ў пантофлях.
— А я прыйшоў прасіць, каб вы завялі мяне к Карпавічу, — сказаў Абдзіраловіч Васілю, калі яна ўсё паставіла на столе й вышла, — буду прасіць яго, каб памог вызваліць з «чразвычайкі» майго арыштаванага таварыша і яшчэ аднаго чалавека.
— Добра, пойдзем, — каротка сказаў Васіль, наліваючы гарбаты, — зараз, як нап'ёмся.
Настрой у вабоіх зламаўся і змяніўся. Васіль не чуў той зморанасці, апяшаласці, а быццам гарэў у трасцы ад патрэбы нейкага дзеяння, творчасці, змагання. Ён абпякаўся гарбатаю і адразу, неўпрыцям, з'ядаў увесь кавалачак цукру, хоць хапацца ж не было зусім куды. Шчокі яго ўсё гарэлі, а бровы насунулісь на вочы.
Абдзіраловіч пачуў тут нейкае палягчэнне ў адносінах да Іры, быццам пераверыўся ў нечым радасным і меў права сказаць: «Эт, каму гэта патрэбна!»
А што ды што патрэбна: ці беларускае нацыянальнае адраджэнне, ці яго дружба з дзяўчынаю, — таго і сам добра не цяміў ды й не стараўся абдумаць. Быццам гэтыя дзве акалічнасці толькі заміналі таму, каб назаўсёды знішчыць магчымасць расстрэлу невінаватых людзей.XX
Пад прозвішчам Гарэліка працаваў у месце N., сярод бальшавікоў капітан Гарэшка, як тайны агент вялікага маскоўскага хаўрусу «Вызвалення Расеі». Хаўрус меў мэтаю адрадзіць «ядзіную і недзялімую» расейскую імперыю і рассылаў сваіх людзей скрозь па ўсіх яе быўшых частках. Капітана Гарэшку, як беларуса родам, паслалі працаваць на Беларусь з вялікімі сумамі грошы і важнымі даручэннямі самага сакрэтнага характару. Між іншым было даручана яму знайсці патрэбных людзей для арганізацыі сялянскага паўстання, самому пралезці ў чырвоную армію, заслужыць ласку ў бальшавіцкіх кіраўнікоў, папасці на ўсмірэнне бунту і задавіць яго з незвычайнай, шалёнай жорсткасцю; між іншым было даручана яму, каб як толькі мага, а вывезці з Масквы, цераз заходні фронт, за межы савецкай тэрыторыі аднаго друзлага архірэя, важнага сябра хаўрусу «Вызвалення» (таго, што некалі быў архімандрытам, у манастыры, гдзе спасаўся Гаршчок, прадаў драгацэнную панагію важнага гістарычнага значэння) і вывезці яшчэ яго двух глаўных супрацоўнікаў, манахаў Паісія і Нікадзіма.
Калі ўвечары к Карпавічу прыйшлі Абдзіраловіч і Васіль, там было сярод дыму ад табакі шмат рознага бальшавіцкага камісарства, мусіць быць, у гасцёх ці на якой радзе, але скора ўсе разышліся, апрача аднаго, відаць, блізкага прыяцеля Гаршку. Гэта быў высокі мужчына ў чорным крытым кажушку і вялікіх, халявістых ботах, яшчэ не стары, але з акладзістаю барадою і сівеючай галавой, быццам усаджанай у вялікія чорныя акуляры.
— Таварыш Гарэлік! — сказаў яму Гаршчок, кульгануўшы ля столу. — Напрацаваліся мы з табою сяння добра, аж надта… Я ўважаю, што маем права сянняшні вечар прабандурыць, а?
— Я тож так думаю, што прабандурыць, — адказаў той вельмі знаёмым Абдзіраловічу голасам і пачаў круціць папіроску, седзячы за сталом блізка лямпы, ды адхіліўшысь ад яе.
«А божухна, ці ж гэта капітан Гарэшка?!» — памысліў Абдзіраловіч і з неспадзяванай нясмеласцю пільней агледзеў Гарэліка, а той і віду не падаў, што адразу спазнаў быўшага прапаршчыка.
«Ну, ды ён жа, ён… — думаў Абдзіраловіч і глядзеў на добра віднае ад святла лямпы вуха і шыю Гарэліка, — ён, гэта яго чырвоная, спечаная скурачка п'яніцы і дзявошніка, на якой цяпер так адраслі і засівелі яго мякенькія валасы, ён…» Гэта была для яго першая неспадзеўка.
— А гэта, брат, мае даўныя людзі, — павёў у іх бок рукою Гаршчок, кажучы Гарэліку сваім грубым, але не праціўным голасам: — Адзін, таварыш Васіль, добры камуніста, а другі не ведаю, але чалавек нічога сабе, толькі дужа доўга самавызначаецца. Гэй, Ахмет! — крыкнуў ён у прычыненыя дзверы другога, чарнейшага пакоя. — Давай скарэй вячэру, што там маеш, каб цябе, каб… — а потым павярнуўся і спытаўсь: — Ці ж вы, Ігнат… Ігнат…
— Восіпавіч, — падказаў яму Васіль.
— Чаго казаць, кагды нясу, — адгукнуўся Ахмет.
— Ці ж вы, Ігнат Восіпавіч, яшчэ й цяперака не паспелі з сваім самавызначэннем? А я ж вам казаў: бавіцца не выпадае, каб ногды не спазніцца! Забыліся? — зірнуў ён на Васіля з-пад сваіх сівых кучаравых валаскоў і кульгануў, нізенькі, ля столу. — Забыліся ай не?
— Не, забыцца, — я не забыўся, але бадай што й вызначыўся…
— А-а-а, ну, ну, цікава! — крыкнуў Карпавіч. Падняў голаў на яго й Васіль; толькі Гарэлік не заўважаў і пускаў а пускаў клубкамі дым.
— Я, бачыце, як беларус, патроху знаходжу сябе ў беларускай нацыянальнай і сацыяльнай свядомасці.