Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дзве душы

Гарэцкі Максім

Шрифт:

Прыкрасць ізноў, яшчэ горшай, чапнула настрой яго. «Змоўкла бы ты ўжо, — падумаў аб ёй, — ты не чула таго, што чуў я надоечы ў таго праклятага Гаршка, ты не ведаеш, што робіцца ў маёй душы, а ўсё мяне папікаеш няведама за якія ўчынкі…»

А яна паглядзела на яго збоку, падумала, што ён, аднак, прыгожы, а потым адвярнулася і памысліла: «Ты ловак цяпер разважаць, а гдзе ты сам, вайсковы беларус, быў тады, як украінцы арганізавалі свае нацыянальныя вайсковыя часці, выдзяляючысь з маскоўскага войска? Пэўне, і тады вельмі разумна разважаў».

На вуліцы яна хапалася шыбчэй абмінуць маніфестантаў і забегчы ў страўню, а ён углядаўся, й слухаў, і думаў: «Я з-за непаразумення трапіў у панскія сыны, я сын гэтай чорнай грамады і хацеў бы павесці яе ляпей за ўсіх да шчасця».

Паабедаўшы, яны разышліся. Іра не хацела, каб ён увечары прапускаў яе ў ад'езд, толькі цвёрда-пільна прасіла, каб усё

рабіў, што толькі змога, для вызвалення Міколы й Сухавея. Яна чуць не заплакала, казала, што сэрца яе знібеець, быццам вяшчуючы нешта злашчаснае, дык каб зараз даваў ёй вестку аб усякай новай змене ў справах. З свайго боку чуць не клялася, што за сем дзён пастараецца ўсё справіць і адаб'ець яму тэлеграму, як дастанець паперу ад камбеда. Ён сунімаў і супакаіваў дзяўчыну, а развітаўшыся, пачуў аж нейкую палёгку, так усім гэтым знэрваваўся.

Цэлы гэты дзень бальшавіцкага свята бадзяўся па вуліцах і скверы, быў на плошчы і слухаў прамовы аратараў з трыбуны. Асабліва падабаўся слуханнікам кульгавы Гаршчок. Хоць ён не столькі выказываў новыя ці паважныя думкі, сколькі лаяў рознае панства і манахаў, каторыя некалі мучылі яго, біў кулаком у грудзі і па більцу загародкі і крычэў тонкім, звонка-пісклявым голасам, хоць так, — але прамову яго просты народ паймаў найляпей і біў яму ў ладкі з усяе сілы і прыемнаеці.

Седзячы ў скверы на лавачцы, Абдзіраловіч уздумаў на Іру з мешаным чуццём нейкага жалю, крыўды і раздражнённасці, а потым уздумаў на свае любошчы з Алечкаю. «За якую мяккасць характару неспанараўны быў я для яе?» — думаў сабе. «Што не здолеў вырваць яе дужасцю свайго кахання з прыкрай мне буржуазнай сферы? Не, добра, што ў нас нічога не выйшла і мы разышліся ў розныя бакі. Абое былі б няшчасныя, бо скрозь усё жыццё цягнула б нас нешта ў гэтыя розныя бакі. А так яна, прынамсі, знайшла свой пэўны прытулак жыцця, пабраўшыся з тым князем». І тут жа ўзноў уздумаў на Іру, на яе шэрыя круглыя вочы, такія разумныя, але ўжо без той маладзенькай дзявоцкай свежасці, што ў Алі. Белы тварык з бліскучымі чорнымі вачмі і пасмачкамі бліскучых чорных валасоў стаяў уваччу, і не меў ён на яго ніякага жалю, ніякай крыўды. А голас Іры, мяккі, густы, нутраны, дрыжэў увушшу ды будзіў жаль і раздражнёнасць.

Часам мітусіўся той вечар у Гаршка і забірала злосць на народ і на бальшавіцкіх такіх Гаршкоў. А проці Гарэшкі было штосьці тупое, цяжкое, ненавіднае, што не магло яшчэ прарвацца ў звычайнай злосці і быццам чакала асаблівай дарогі для свайго разгону.

XXII

За сем дзён Іра не справілась вярнуцца, бо сяляне за пільнай работай не маглі сабрацца на зборку, а за гэты час у N. знайшлі контррэвалюцыйны замысел і ўжо колькі чалавек буржуяў аддалі пад расстрэл.

На неабмеркаваны час быў забаранены ўезд у N., дык Іра, пачуўшы ад людзей, што там ідуць расстрэлы, а яна прыехаць туды, каб бараніць сваіх, не можа, — проста з галавы схадзіла ад чорных думак. Глаўнае, што нічога не ведала: Абдзіраловіч нічога не пісаў.

Тым часам Абдзіраловіч пабыў у другую суботу ў вастрозе і пагаманіў пры вартаўніку з Міколам і Сухавеем. Мікола быў незвычайна рад, што Ігнат даведаўся яго, а Сухавей пазнаў, што Абдзіраловіч той падарожны рэнегат, і непрыхільна наставіўся да яго. Мікола дужа схудзеў, збялеў і аброс шчацінаю, вельмі мучыўся ад боязні, што расстраляюць, і зусім апаў духам. Сухавей быў спакойны, засмучоны, але цвёрды, «Аб бацьку вашым тут ніхто нічога не ведае, — сказаў ён Абдзіраловічу з падказанным значэннем слоў, — веданне знішчылась у сяле, вусны пераказ, як давядзецца, после…» Абдзіраловіч зразумеў, што пісьмо не папала ў рукі «чразвычайкі», і з асаблівай ласкавасцю адказаў яму: «Надта вам дзякую… Добра, добра…» — «А грошы?» — спытаўся вучань. «Я йшчэ не ведаю…» — адказаў Абдзіраловіч. «Дык вы йшчэ рэнегат… Я йзноў памыліўся», — злосна буркнуў яму Сухавей, кінуў іх, адышоў ад рашоткі на нары, сеў там і больш не падышоў, як ні прасіў яго Мікола «быць чалавекам».

Вартаўнік-чырвонаармеец з увагай слухаў іхнюю гаворку, а потым прыхільна ўхмыльнуўся і сказаў: «Па-мужыцку гамоніце, а йдзіцё проці народа». — «А вы самі адкуль?» — спытаўся ў яго Канцавы. «А з С-кай воласці, калі ведаеце». — «О, ведаем! Таварыш Сухавей! — гукнуў ён хлопца. — З тваёй, братка, воласці чалавек». Вучань не адгукнуўся. «Ён сярдзіты, — сказаў вартаўнік, — з гарэцкіх студэнтаў, я пазнаў па форме…»

На тым і скончылась пабачанне. Абдзіраловіч намагаўся заспакоіць свайго любага Міколу, ды той мала няў веры ў яго няпэўныя словы.

Дальш за гэтыя дні падзеі раскаціліся шырокім клубком.

Глаўнай навіной для ўсяго N. была страшная і загадковая смерць камуніста

Гаршка, каторага знайшлі на яго кватэры зарэзанага, а з запіскай, пісанай яго рукою, каб нікога не вінавацілі ў яго смерці.

У газетах нічога не было друкована, але пераказы штораз болей страшныя і фантастычныя аб смерці «кульгавага» плылі сярод людзей.

На другі дзень пасля тае смерці, увечары, Гарэшка прыйшоў да Абдзіраловіча, сеў проці яго за стол, закурыў цыгару і сказаў:

— Гэта я зарэзаў яго…

— Дык што вы ад мяне хочаце? — сказаў Абдзіраловіч, вытрашчыўшы вочы, і пачуў, як пасцюдзянелі яго пальцы.

— Хочу, каб вы паслухалі, што я кажу.

— Я слухаю…

— Я меў загад якім толькі мага спосабам вывезці з Бальшавізіі аднаго друзленькага, старэнькага архірэя і яго двух манахаў. Я здолеў іх перавезці сюды з Масквы. Патрэбны былі толькі перапускі да дэмарклініі. Нам не пашчасціла. Па нейчыму даказу іх забралі, білі, укінулі ў «чразвычайку». Я быў у ласцы ў нябожчыка Гаршка. Заслужыў гэтую ласку цэлымі цэбрамі густой, запечанай, чорнай крыві паўстанцаў. Аднойчы Гаршчок запрасіў мяне паглядзець на нешта прыемнае. Ён павёў мяне ў «чразвычайку», гдзе начальнікам — яго прыяцель-латыш, сын быўшага прыказчыка князёў Гальшанскіх. Нас завялі ў цёмны склеп, гдзе было толькі трое гэтых манахаў, бо звычайна арыштаваных адсылаюць у вастрог. Гаршчок пераказаў мне, каб чулі й манахі, цэлую гісторыю, як яны яго некалі пакрыўдзілі ў манастыры. Потым ён пляваў ім у твар, здзекаваўся, а потым мы выйшлі. Уноччы ўчора… ці сёння, як гэта выходзіць… я прыйшоў падзякаваць яму за ласку і прыемнае зрэлішча. Выслаўшы Ахмета, запёршы дзверы, я зламаў яго, забіў рот, звязаў і сцягнуў у склеп — ведаеце… робяць тут такія пад кватэрамі… Прынёс туды паперу, чарніла. После нядоўгага падпалівання яму пятак ён згадзіўся напісаць усё, што я прадыктаваў: каб далі перапускі і інш. Праўда, ён зробіў спробу паўстання: кінуўся на мяне з асадкай і зламаў пяро аб лоб, хацеў выкаліць вока… во, бачыце знак? Але я лёгка сцішыў паўстанца і ўспамяніў яму, як мы сцішалі мужыцкае паўстанне ў некаторых паветах. Ён прызнаўся, што ён мізэрны паўстанец. Затым я прынёс колькі трэсачак з лучыны, шкумацця паперы, запаліў другую свечку, сеў побач на нейкую калодачку і, гледзячы на звязанага, як цяпер на вас, пераказаў яму цікаўную гісторыю з жыцця майго брата, якая трапілася ў слаўным чырвонай славаю Кранштаце… Гэта было зараз после сацыяльнай рэвалюцыі. Адну таварыш прастытутку, маю знаёмую, чырвоныя матросы запрасілі да сябе на баль. У вадным антракце кавалер гэтай дамы запрасіў яе на гарбату і павёў у трум. Там ляжаў на спіне, голы і прыбіты к падлозе рукамі і нагамі, зусім маладзенькі і прыгожанькі мічман, а на голых грудзёх у яго гарэў грудок трэсак і стаяў саганок з вадою, каб, зварыўшы, піць гарбату… Пераказуючы гэта, я здзёр вопратку з грудзей Гаршка, насыпаў на касматае цела трэсак, кавалкаў паперы і сказаў, што «ну, зараз падзівуюсь, ці добра выглядала вогнішча на грудзёх у майго брата»…

Капітан наліўся крывёю, дрыжачай рукой адарваў канец цыгаркі і казаў далей:

— Тут Гаршчок неўспадзеўкі для мяне самлеў, і я, замест таго, каб паліць яго, адліў вадою, потым вывалак нагару, у пакой, паклаў на пасцелю і брытвай, каб доўга не мучыўся, зарэзаў яго. Ён ляжаў у крыві — кароценькі, з падагнутаю кульгаваю нагой…

І Гарэшка і Абдзіраловіч маўчалі доўга. Аж у дзверы стукнулі. Капітан спакойна адчыніў іх і ўпусціў нейкага запыханага чырвонаармейца. Потым узяў шапку і сказаў, махнуўшы на таго, каб сказаў сваё после за яго:

— Ну, аставайцеся здаровы, таварыш Абдзіраловіч! Можа, яшчэ калі а калі сустрэнемся. Вы пачынаеце беларусіцца, а я, прызнацца, памагаю цяпер Гальшанскаму, а ён якраз працуе сярод беларусаў, там. Надта ж, надта вам дзякую, што ўважна слухалі, бо так мне палягчэла, быццам быў запэцканы ды й вымыўся ў чысценькай вадзіцы.

І ён пайшоў.

— Таварыш! — шыбка загаманіў новы госць. — Я прыйшоў сказаць, каб ратавалі і свайго і майго таварыша. Той гарэцкі студэнт заўчора ўцёк з вастрога, калі вартаваў мой таварыш з С-кай воласці, дык і яго цяпер заарыштавалі. А таго вашага, што застаўся, сянні ўноччы павядуць некуды, ёсць ужо прыказ… Ратуйце іх, я нічога не ўмею…

— Божа мой! Што ж я ўмею?! — мімаволі застагнаў узварушаны Абдзіраловіч і схапіўся за голаў.

…У гэты самы вечар Іра выпраўляла ў далёкую дарогу, за дэмарклінію, Сухавея, каторы з рызыкай забегся да дзяўчыны.

Вучань нязграбна й борзда хадзіў, бесперастанна, ад кута да парога, пакуль яна складала яму нешта ў хатылёк, круціў пачырванелымі, запалёнымі вачмі то на партрэт Янкі Купалы, то на вакно, за якім чарнеўся мак і бялелася табака, і гаварыў, хапаўся, як у трасцы, ды збіваўся і чапляўся за стол сваімі запыленнымі ботамі.

Поделиться с друзьями: