Эсэ
Шрифт:
Тут і боль, тут і поўха народу-рабу, тут і вера ў яго.
Гэта якраз часы "Ламікаменя".
Вечны бой судзіцца гэтай жанчыне. Яна не толькі раніць, яна і атрымлівае раны. У 1897 годзе, якраз у год "Ламікаменя", яна пазнаёмілася ў Крыме з Сяргеем Мяржынскім, адным з арганізатараў "Кіеўскага саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа", а таксама і адным з арганізатараў беларускіх сацыялістаў. Saxifraga нездарма расцвіла ў той год. Парасткі сяброўства і любові прабіліся праз камень.
Усе,
Як і яна, прыўкрасны прадстаўнік пароды чалавечай. Як і яна, асуджаны хваробай на перадчасны скон. Вялікую несправядлівасць дапусціла з абодвума жыццё. Але добра, што дало ім хоць тры з паловай гады шчасця.
Маці памерла ад сухотаў. Сын успадчыў хваробу. Леся і ён, абое хворыя, вырашылі не жаніцца. Супроць іх былі і лёс і людзі. Яго сваякі і матка паэтэсы, што хваравіта раўнавала дачку і, калі тая была ў Мінску (Мяржынскі служыў у дзяржаўным кантролі Лібава-Роменскай чыгункі), ля ложка хворага друга, — лічыла гэта сямейным няшчасцем, якое трэба хаваць. А дачка ў гэты час крычыць у лісце да В. Кабылянскай: "Калі падумаю толькі, што я такога друга маю згубіць!.." А дачка крычыць пакутным вершам "Апантанай". Два месяцы цягнецца пакута, а потым сухотны менінгіт — і ўсё.
16 сакавіка 1901 года каменная паліца лёсу падае на гэтага чалавека. I хоць ён "прасіў памяці, а не пакут", яна хворая ад страшэннай журбы, нават хваравіта-ненармальная. Усе думкі былі засяроджаны на тым, што адбылося.
Нельга без глыбокага жалю чытаць яе лісты з тых часоў, нельга без пакуты чытаць лірыку, прысвечаную яму і ягонай смерці. Лірыку, што даходзіць да экзальтацыі амаль рэлігійнай. Бо жанчына ведала: дадзена, але на кароткі час. Дадзена, але яго чакае крыж і смерць. Калі рассыплецца руіна, што трымае плюшч, хай яна і яго пахавае пад сабою, бо нашто самотны плюшч? Калі здарыцца евангельскае дзіва і яна прыйдзе, як Магдаліна, рыдаць, што навек страціла яго, і раптам убачыць, што ён уваскрос і заззяў у славе, -
Што скажаш ты тады? Ці, можа, й ты Тады пашлеш мяне з вясёлай весткай Тваім сябрам таемным, клапатлівым, Што тройчы адракліся ад цябе? I пакуль я, не цямячы ад шчасця, Па людзях шчасця панясу навіны, Ты пойдзеш панаваць у новы край, I рай ты на зямлі збудуеш новы Дзеля сябе і тых, каго паклічаш. Ці будзе ж месца там для Магдаліны? Мне ўсё адно, абы ўчыніўся цуд!Відавочныя, нечалавечыя рыданні раздзіраюць горла і кожны радок.
То што ж, няхай не зрушу я нічога, Сарваўшыся ў бяздонне, ў забыццё, Абы не зраніла так смерць мая нікога, Як зраніла мяне маё жыццё.У кожным успаміне б'ецца:
Я тут, я тут заўжды, я ўсё з табою.У кожнай думцы дакор:
Не захацеў мяне ўзяць, тут пакінуў мяне на старожы.У кожным выгуку жаданне канца:
Знямела сэрца. Шчаслівейшай доля Была тым лыцарам, з сядзельца збітым, — Па праву даўняму, была ім воля Гукнуць: "Забі мяне!.." — і быць забітым.Тры гады спатрэбілася ёй, каб сяк-так ачуняць і аджыць да новага жыцця. Магчыма, цяжар гэтага навакольнага жыцця і ўваскрасіў яе. Занадта вялікая была б ад духоўнай яе смерці радасць усялякай погані, якая буйна і дробна помсціла ёй і ўсім яе годным сучаснікам за гордую незалежнасць, талент і вальналюбства. Помсціла цкаваннем, незаможнасцю і нават простай галечай, помсціла забаронай дзесяткаў лепшых вершаў, такіх, як "Дым", "Fiat nox!" ("Хай будзе ноч!"), "Анёл помсты", і нават паэм.
Адзін за адным з'яўляюцца драматургічныя творы пісьменніцы: "Блакітная ружа", "У пушчы", "Апантаная", "Вавілонскі палон", "Касандра", "На руінах", "Тры хвіліны", "Асенняя казка", "У доме работы…", "Руфін і Прысцыла", "Айша і Махамед", "На полі крыві", "Іагана, жонка Хусава", "Баярыня", "Адвакат Марціян", "Оргія і найлепшыя, на мой густ", "У катакомбах", "Каменны гаспадар", "Лясная песня" — магчыма, вяршыня ў жанры вершаванай драмы.
Нават па саміх назвах драм можна здагадацца, што дзея іхняя пераважна адбываецца ў далёкіх краях і ў далёкія вякі. Сучасная ёй — і не толькі сучасная — крытыка часта рабіла паэтэсе закіды і папрокі у "экзатычнасці". Я аніяк не згодзен з ёю. Тут не "экзатычнасць", а ўсё тая самая праблема адхілення творчай думкі, што, ва ўмовах нецярпімасці і самавольства, блукае па чужых краінах, па краінах гісторыі, па краінах казкі.
Апошнія гады Леся Украінка вымушана была жыць у Грузіі, што аніяк не ішло ёй на карысць. Вільготны, а тады яшчэ і дужа малярыйны клімат шкодзіў яе здароўю, і нават паездкі ў Егіпет не памагалі. Але муж быў прызначаны туды (паэтэса абвянчалася з Кліментам Квіткаю 25 ліпеня 1907 года), то даводзілася жыць там. Тужыць па зялёных гаях Палесся, па купах пышных дрэў, па смарагдавым кіліме балот і па вячэрнім дыме з комінаў. Гэтая туга па ўспамінах дзяцінства і прымусіла яе ў Кутаісі за 10–12 дзён напісаць дзівосную палескую "Лясную песню" ("Лісову пісню").
Улетку 1911 года перад яе вачыма ўставалі не ўзгоркі і малахітавыя ад вінаграднікаў лагчыны Грузіі, а ўвесь гэты чароўны палескі свет, споўнены самымі дзівоснымі праявамі фантазіі народнай.
Свет "Лясной песні" ўвесь створаны незвычайным палескім чалавекам. Свет утопленых няшчаснай маткай Пацярчат, свет Пералеснікаў, якія лётаюць з пажарам асенняй лістоты, запальваючы дрэвы, неўтаймоўны свет Тых, што рве грэблі, свет страснай вясновай вады і дранцвеючага снегу.
Свет кахання і вечнага пачуцця, абуджэння лесу і зязюлі, што адказвае жалейцы. I Маўка — прырода, Маўка — зямля, Маўка — песня, за здраду якой трэба плаціць.
Я не ведаю лепшага ў гэтым жанры. Бо гэта не п'еса, не драма, не феерыя нават, а вялікая паэма жыцця гэтай лясной і вадзяной зямлі.
Ідзе згасанне. Егіпет, дзе знаёмае арабскае дзіця, трапіўшы ў скрутны стан, крычыць пад яе акном: "Мама… я — труба! Ратуй!" Чорна-чырвоны, крывава-чырвоны, аранжава-ліловы хамсін з яго пылам і нясцерпнай спёкай. I непазбежныя ў такім стане думкі аб марнасці жыцця, якія выклікалі накіды няскончанага твора "На прадмесці Аляксандрыі…". Паміраючы, ужо ў Кутаісі, яна дыктуе маці нібы канспект гэтага твора ў ліпені 1913 года.
…Нельга не думаць, што яе скарбы таксама гінулі. Нельга не думаць, што яна не ведала пра тыя бездані, якія раскрывала людзям.
1 жніўня 1913 года ў Сурамі ўпаў апошні ўдар.
…Над свежай магілай дачкі яе маці піша Вользе Кабылянскай:
"Такі велічны агонь перастаў гарэць, такі высокі і тонкі інтэлект перастаў жыць, думаць, працаваць! Нібы ветрам здзьмухнула гэтую прыўкрасную, гэтак багата абдараваную істоту!.. Нашто так вядзецца на свеце?! I як могуць людзі верыць у нейкі мудры, вышні род думкі, нейкай усеаруднай сілы, бачыўшы такія з'явы? Каму, нашто патрэбная была перадчасная смерць гэтага прыўкраснага чалавека — і яшчэ сярод такіх пакут?.."