Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Курганы ля в. Новыя Віхраны, ля в. Пячкоўка (на краі кар'ера, які з'еў амаль увесь могільнік), селішча і курганы ля в. Разанцы, гарадзішча і могільнік ля в. Усполле (7 стагоддзе да н. э. — 4 стагоддзе да н. э.).

Густа засялялі гэтую зямлю, густа ў яе і клаліся. Ля той жа самай Пячкоўкі побач са старымі курганамі месца, дзе фашысты расстралялі звыш пяцісот людзей.

Курганы, курганы і курганы. Селішчы, гарадзішчы і зноў курганы. Мноства іх.

І, вядома, самыя галоўныя гарадзішчы гэтай зямлі — гарадзішчы Мсціслаўскія. А сярод іх гарадзішча "Замкавая гара". Высокі мыс на правым беразе Віхры. Абкружаны шырокімі, метраў 60 — 100 і глыбокімі, метраў на 25, ярамі. Плошча 108 на 48 метраў, каля двух гектараў. Па краю Замкавая гара была абкружана яшчэ насыпным валам вышынёю

на два з паловаю метры, але ён збярогся не паўсюль.

Першы абследаваў і апісаў гарадзішча славуты беларускі вучоны, этнограф, фалькларыст і археолаг Е.Р.Раманаў, таксама, дарэчы, не дужа і далёкі зямляк з Сожа. Было гэта ў 1893 годзе. У дваццатыя гады абследавалі яго А.М.Ляўданскі і С.А.Дубінскі, у 1978 годзе — М.А.Ткачоў. Раскопкі праводзіў Л.В.Аляксееў. І раскопкі тыя былі на дзіва багатыя. Магутны, да трох метраў, культурны пласт добра захоўваў рэчы арганічнага і неарганічнага паходжання.

Рука археолага ўскрыла жылыя і гаспадарчыя пабудовы, аж цэлых сем ярусаў вулічных маставых (не па гразі хадзілі старажытныя мсціслаўцы — па бярвенным гулкім мосце), вастраколы XIII–XIV стагоддзяў. І мноства розных рэчаў і прыладаў: рамесніцкіх, гандлярскіх, земляробчых, рэчаў культурных і культавых, рэчаў з поўначы, поўдня, усходу (значыць, і туды даходзілі гандлёвыя шляхі старадаўняга Мсціслава). Жылі тут ганчары і гарбары, шаўцы і касцярэзы, майстры ювелірнай справы і майстры апрацоўкі дрэва і выдатныя, на ўвесь славянскі свет славутыя майстры "цаніннай справы " (майстры па паліванай кафлі), залатары і збраяры і іншыя, якіх нават пералічыць цяжка.

І ўсё гэта ахапляе вялізны час, аж з эпохі бронзы. Усе гэтыя рэшткі Днепрадзвінскай і Зарубінецкай керамікі, сярэднелатэнскія фібулы, грузікі дзякаўскага тыпу (гэта на Дзявочай гары). Усе гэтыя касцяныя восці, дзівосныя звяры з дзвюма галовамі, сярпы, нажы, шкляныя бранзалеты, накладкі калчанаў 13 стагоддзя і жалезныя наканечнікі стрэл.

Бо горад працаваў, але і ваяваў, баронячы створанае сваёй працай. Равы, валы, яры, сцены, а пасярэдзіне рэшткі драўлянай вежы 17 стагоддзя. Апошняй надзеі абаронцаў. На жаль, драўлянай. А дрэва — яно гарыць.

З большага ўсё гэта знойдзенае пайшло ў Інстытут археалогіі АН СССР. Але і там гэтаму будзе цесна. І чаму, каб зведаць старажытны Мсціслаў, я павінен ехаць туды, а не заставацца тут? Не бачыць гэтага на свае вочы тут, або ў Магілёве, на крайні выпадак.

Замкавая гара — не адзiнае месца ў Мсцiславе, дзе здаўна-давён сялiлiся людзi. Непадалёк i Дзявочая гара — гарадзiшча Днепрадзвiнскай культуры. Другая яе назва "Гарадок": гэта "на палову вярсты" на ўсход ад замка.

Дарэмна гэта ходзяць легенды пра Дзявочую гару, што яе калісьці дзяўчаты нанасілі па пясчынцы. "Дзеві-гарадок" проста аж крычыць сваёй назвай, што гэта "Дзіві-гарадок", месца, дзе водзяцца "дзівы", гэта значыць дзівосы, дзівовішчы, злавесныя пачвары або й добрыя стварэнні, тое, чаму дзівяцца людзі, што створана людзям на здзіўленне. Словам, розныя "дзівія" стварэнні народнай фантазіі эпохі Пяруна, Вялеса і Дажбога.

А можа і эпохі, якая папярэднічала ім, папярэднічала ўвогуле славянам. Бо кераміка, знойдзеная на Дзявочай гары — тыповая кераміка ўсходніх балтаў, а зарубінецкая культура тады ледзь-ледзь займалася тут (ёсць асобныя знаходкі ранняга яе этапу).

Ну а Замкавая гара — проста волат у параўнанні з Дзявочай, Замкавая гара са сваімі валамі, пад'ёмным мостам з паўднёвага боку, Акольным горадам (а вакол яго таксама равы і валы) — гэта ўжо не жыллё родавай абшчыны, а горад ва ўсёй разнастайнасці сваёй гісторыі, гэта ўжо дзевяць — а можа і болей — стагоддзяў гісторыі славян.

Не ўсёй, а пераважна 17 стагоддзя, да часу страшнай "Трубяцкой разні" (1654 г.).

Вулічны мост (мы яшчэ будзем гаварыць пра яго ў сувязі са знаходкай адзінай пакуль на Мсціслаў берасцяной граматы) перасякаў замчышча з поўначы на поўдзень і налічваў аж сем ярусаў бярвенняў. Ніжні датуецца 1239 годам, самы позні — першай паловай 14 стагоддзя. Паабапал моста былі вастраколы (бярвенняў не шкадавалі), сядзібы, хаты (досыць невялікія па памеры, як тром людзям легчы галовою да ног наступных трох: жыхары, відаць, лічылі, што няма чаго

бабіцца ў хаце, калі прасторы хопіць і пад вольным небам у полі ці ў лесе), гаспадарчыя пабудовы і склепы.

Раскапана пакуль што няшмат і да гэтага часу самы ранні раскапаны будынак датаваны 1204 годам, а пад ім ідуць слаі бяднейшыя дрэвам.

Час, аднак, пакажа, што яно было і як. Абы нехта не ўздумаў гаспадарыць на старым гарадзішчы.

Але і знойдзенае да гэтага часу дае шмат матэрыялу для роздумаў і разваг. Касцяныя пласціны ад скуранога калчана, дзе арнамент — складаная повязь раманскага захаду, скандынаўскай поўначы і палавецкага поўдня, крыжы-энкалпіёны (складні) кіеўскай работы, шкляны кубак з арабскім надпісам. І, як часта на Беларусі, прасніцы з валынскага і аўручскага каменя, самшытавыя грабеньчыкі (гэта Каўказ). І, вядома, зброя, ганчарства, вырабы ліцейшчыкаў і гарбароў.

Вось на гэтай узгоркавай сямейцы, на Замку, аддзеленым ад Траецкай і Могільнікавай гор глыбокімі равамі, ды на Дзявочай і ўзнікла ў спрадвечныя язычаскія часы спачатку людское паселішча, а пасля і горад Мсціслаў.

У 12 стагоддзі (1136 год) упамінаецца ён як горад Смаленскага княства ў грамаце князя Расціслава Мсціславіча. У 1156 годзе яго, як умацаванае месца, упамінае Іпацьеўскі летапіс.

Месца было амаль непрыступнае. Ляжала на досыць бяспечнай гандлёвай дарозе (Сож і ягоны басейн ляжаў у межах Смаленскага княства, а купцоў, што плылі Дняпром, маглі абрабаваць, а то і забіць і смаляне і шалёныя, буяныя жыхары магутнага Полацкага княства, для якіх на першым месцы была смеласць, а закон — на другім). Месца ахоўвала з паўднёвага захаду шлях на Смаленск. Месца ляжала, як на той час, менавіта там, дзе трэба, і таму хутка вырастала, рабілася горадам моцным, слаўным, упрыгожаным.

У ім ужо ёсць багаты дзяцінец, мураваныя і драўляныя цэрквы, калі Смаленскі князь Раман Расціслававіч дае яго ва ўдзел сыну Мсціславу. Гэта 1180 год, год пачатку Мсціслаўскага княства. Мсціславу падпарадкоўваюцца Чавусы, Чэрыкаў, Радамля, Расна, Прапошаск, Расціслаў. І князі яго — з роду Манамаха.

Толькі не дужа шанцавала гэтым князям. Мсціслаў Раманавіч, першы ўдзельны князь Мсціслаўскі, а пасля князь Смаленскі, стаў потым князем Кіеўскім і загінуў пасля першага сутыкнення з манголамі на рацэ Калцы ў 1224 годзе.

Ды й самому гораду часамі шанцавала не дужа. З узнікненнем Вялікага княства Літоўскага ён апынуўся на юры, на памежжы паміж княствам і Смаленскай зямлёй. І тут ужо ён сербануў ліха спаўна, пераходзячы ад адных князёў да другіх, аж пакуль не апынуўся ў 1359 годзе — стала на пэўны, вядома, час — у складзе Вялікага княства. Вялікі князь Альгерд аддаў яго ва ўдзел сыну свайму Лугвену Сямёну. Князі літоўскія вельмі хутка аславяніліся і князь Лугвен Сямён не быў выключэннем. Жывучы ў славянскім асяроддзі, укладаючы свой побыт на славянскі манер, прыняўшы праваслаўе, ажаніўшыся з дачкой Дзмітрыя Данскога (у год Кулікоўскай бітвы, дарэчы), ён і гаварыў і выдаваў свае граматы па-старабеларуску. У тым жа 1380 годзе засноўвае ў наваколлі Мсціслава Пустынскі манастыр. А ў 1407 годзе засноўвае Ануфрыеўскі манастыр, а ў 1410 годзе сын яго Юры змагаецца пад Грунвальдам. А ў XV–XVI стагоддзях зноў точацца войны, палаюць гарады, з-за дынастычнай бязглуздзіцы, з-за ўсобіцы і ўладалюбства князёў, каралёў і цароў многімі тысячамі гінулі аршанскія, полацкія, маскоўскія, мсціслаўскія хлопцы. Аратаі, рамеснікі, кніжнікі, майстры. Залатыя чалавечыя рукі! Замест таго, каб ствараць, — яны бяруць меч і забіваюць.

І гэта ў той час, калі адзіны святы і стакрат блаславёны толькі той меч, што ўзняты на абарону роднай страхі, родных муроў, роднага ачага.

На шчасце, Мсціславу ёсць чым ганарыцца і тут. Яму давялося трымаць у руках меч высакароднай і праведнай вайны за айчыну і за самое існаванне роднага племя.

Здарылася гэта на самым пачатку XV стагоддзя. Тады вялікая бяда звалілася на землі славян. Ішоў Тэўтонскі ордэн, ставячы пад пагрозу не толькі мову, свабоду і гонар, але і самое існаванне славян. З боку рыцараў зачэпкай вайны 1409–1414 гадоў было тое, што Жмудзь упарта трымалася язычаства. Але немцы лічылі не меншымі язычнікамі не толькі праваслаўных, але і католікаў.

Поделиться с друзьями: