Хвоi гавораць
Шрифт:
Але гавары, родны мой, блiзкi дзядзька Язэп.
– Як твае справы?
Мае справы такiя: канчаю разам з бацькам на полi ворыва, малачу i чакаю з горада паведамленне - цi залiчаны я студэнтам. Чакаю ўжо доўга i думаю, што нiчога з гэтага не будзе.
Аб гэтым я гавару дзядзьку Язэпу.
– А ведаеш што, - гаворыць ён мне, - здаецца мне, што няма ў табе нейкага спакою, мусiць, нешта мучыць цябе. От перажыў бы ты такое, як у мяне, смерць Мiхала - у мяне ўжо мала гэтага будзе, у цябе многа яшчэ. А можа гэта ад таго ў цябе ўсё, што з такiх маладых год пачалося ў
Што мне адказаць яму?
Падумаўшы, я гавару, стараючыся, каб гэта выйшла жартаўлiва:
– Сёння дык неспакойны я затым, што ў вас ёсць дзяўчына i завецца яна Дося.
– Што яна табе спабачылася, гэтая дзяўчына, - з адценнямi жарту сказаў ён, - дык я гэта даўно ведаю, адразу ўбачыў тады, як глянуў на цябе. А што ў цябе ад яе неспакой, дык хто ж табе вiнават - зараз жа iдзi на вулiцу, бi па храпе каморнiка, асадзi яго к чорту - i справе канец.
I ён зарагатаў, але, мусiць, лепш у яго выйшла б, каб ён толькi цiха засмяяўся.
У хаце чуць свяцiла газоўка, старая спала каля печы на шырокай пасцелi. Пахла цыбуля з печы i табака...
Слаўны, пагодлiвы дзень заўтра будзе...
Я пайшоў у папоўскi сад. Стары Гiрш, як i заўсёды, спаў сабе цiха ў саламянай будцы, па садзе таксама хадзiлi, абняўшыся, хлопцы з дзяўчатамi, праз адчыненыя вокны вiдаць было, як iдзе рэпетыцыя да спектакля. Каля стала стаяў настаўнiк у ролi рэжысёра, махаў рукою i нешта расказваў. Дзяўчына ў чырвонай хустачцы няўмела прысядала, стараючыся зрабiць рэверанс. Ад гэтага ўсе рагаталi, а настаўнiк злаваў.
За плотам па двары, фантастычна-смешны ў змроку, кацiў поп па няроўнай зямлi пустую бочку...
I вакол кусты слухалi шэпты i былi маўклiвымi сведкамi некаторых спраў.
Стары Гiрш спаў сабе спакойна, а я, не могшы апанаваць разважаннямi, напоўнiўся раптам злосцю да Досi... Прыйшлося пайсцi ў чытальню i выказаць мае некаторыя тэатральныя веды...
Слаўныя вечары!
Гэта восень дыхае вясною.
Падморгвалi зоры зямлi, i зямля маўчала - як бы адчувала яна дзяцiнства ў маладосцi i маладосць у старасцi.
VI
Каржакаватыя хвоi, чырвона-агнявыя асiны i жоўтыя бярозы, i пад iмi шумяць кусты.
Шумяць... Шумяць!..
I ядлоўцам пахне над полем.
Густа паўсходзiла жыта, i ўсё таксама смяюцца яму ясныя днi.
Праляцелi ўжо гусi i жураўлi, чорныя дзiкiя птушкi клююць сакаўную рабiну, i журацца днi над свежай раллёю i над балотнай сухой асакою...
Мы выбiраем познюю бульбу.
З пахучых зямной вiльгаццю загонаў мне вiдно, як за шыпшынавымi межамi клапоцiцца дзядзька Язэп - нешта там камандуе моцна, а бабы са смехам сыплюць кашамi на воз бульбу... У мяне не падмазаны калёсы, i яны заскрыпелi так, што пачуў i азiрнуўся дзядзька Язэп.
– Пачакай!
– крычыць ён мне.
Я чакаю i гляджу, як ён грузна i шырока ступае вялiзнымi ботамi i тузае лейцы. Пхае плячом у аглабiну, нейкая дзяўчына выводзiць каня на дарогу, другая паганяе пугаю, i дзядзька Язэп весела камандуе:
– Па хвасце, па хвасце!..
Там паднiмаецца рогат, а дзядзька
Язэп выкiроўвас воз на дарогу...I вось мы поплеч iдзем каля вазоў па вузенькай, каляiнiстай дарозе. Дзядзька Язэп пагаварыў трохi аб восенi i жураўлях, пасля расказаў, як некаторага года адбiўся быў ад сваёй чарады малады бусел, не ведаў, куды ляцець, i зазiмаваў адзiн на мёрзлых паплавах. I як пасля кончыўся з холаду за гумнамi.
– Ты думаеш, ён не сумаваў, гэты бусел?
I, сказаўшы гэта, дзядзька Язэп змоўк, а я стаў думаць:
"Што ў яго цяпер у галаве i на душы?"
Твар яго стаў раптам каменна-спакойным, як бы гэта ён сперш доўга раздумваў, для чаго i нашто ўсё на свеце, а пасля дадумаўся: "Дык гэта ж я сам усё ўстанавiў..."
Дома мы ссыпалi бульбу - сперш яму, пасля мне.
Аднекуль з'явiлася Дося, i, як бацька пайшоў у сенцы, яна сказала мне:
– Хадзем, я памагу табе.
Я паглядзеў на сваю палатаную сарочку i сказаў:
– Ды ў мяне там няма чаго рабiць.
– Дзе ты сёння вечарам будзеш?
– запытала тады яна.
У мяне зноў, як i тады, застукала ў галаве кроў... Я ж ёй раней гаварыў... Яна не думала аб гэтым, а гэта або ў яе ад мяне застукала кроў, або ад таго практыканта пакiнула стукаць. Тады якая тут мая роля?
Гэта былi разважаннi, i з'явiлiся яны трохi пасля, тады ж я сказаў:
– Вечарам я буду сядзець каля твае хаты.
– Якi ты слаўны i дагадлiвы...
I яна пабегла ў сенцы.
"Слаўна жыць на свеце, - думаў я, едучы на поле.
– Няхай усё плыве, куды хоча, няхай рушыцца, падае, раскiдаецца, а мне на нейкi час адкiнуць усё гэтае, разам з усякiмi разважаннямi..."
Так я адчуваў i вечарам.
Чорненькая, маленькая i гарачая сядзела Дося, прыцiснуўшыся рукой да мяне. Мы не гаварылi, i я не думаў нiчога... Дзядзька Язэп выйшаў на вулiцу, пыхнуў папяросаю i хацеў сесцi на прызбу, пасля ўбачыў нас, пазнаў i запытаў мяне:
– Бацька твой дома?
– Дома.
– Пайду да яго, пакуру.
I пайшоў. А я падумаў:
"Стары Гiрш спiць недзе ў сваёй саламянай будцы - нудная i дрэнная работа. Страшна мець сiвую бараду i думаць толькi аб яблыках ды аб саламянай будцы..."
Дзядзька Язэп бараду голiць i саламяных будак не любiць. Курыць, соўваючыся па двары вечарам...
"Мiхал, братка мой дарагi, Мiхал!"
Зоры свецяць, залатыя асiны шумяць, зямля вее размахам i воляй. Недзе людзi спяваюць, недзе зыкi бягуць...
"Братка Мiхал, родны мой!"
Мне хацелася плакаць i расказаць аб гэтым усiм - i далёкiм, i блiзкiм.
I я з страшэнным смуткам адчуў, што Дося мяне не зразумее...
Дзядзька Язэп, з блiзкiх маiх, адзiн можа слухаць мяне...
VII
Назаўтра, як у тумане, хадзiў я цэлы дзень. Я прыпомнiў, як тады, вечарам, два разы праходзiў мiма нас той практыкант, я адчуваў у змроку на сабе яго калючыя вочы. Ён нiчога не гаварыў i праходзiў. Сягоння ж, як змеркла, выйшаў я на вулiцу i ўбачыў: Дося i практыкант iшлi, цесна прыцiснуўшыся адно к аднаму. Я залажыў рукi ў кiшэнi, свiснуў, настроiўся на гумарыстычны лад i заспяваў: