Кар'ер
Шрифт:
Тым часам тое, што чулася зводдаль, што даносілася да яго гулам і пошумам, памалу падкаціла бліжэй і рассыпалася на асобныя галасы, крыкі, плач. Успыхвалі і знікалі рэзкія словы каманд, сэнс якіх, аднак, цяжка было зразумець адсюль. Дзесьці, можа, на суседняй вуліцы, трывожна бляяла каза — па казлянятах, ці што. Некалькі разоў глуха прамычэла карова. Там жа пачуліся злосны вокрык і лаянка, падобна, гэта выганялі кудысь жывёлу. Агееў падумаў, што быццам яшчэ не забіваюць нікога, як тут жа за вуглом гулка ляснуў вінтовачны стрэл, і некалькі курэй з кудахтаннем кінуліся па вуліцы. Раздаўся здзеклівы мужчынскі рогат, і ён зразумеў: гэта завіхалася паліцыя. Ён і яшчэ чакаў стрэлаў, але іх не было болей, здаецца, пачаў ціхнуць шум здалёку, і ў гэтай паўзе цішыні раптам
Тым часам шум людскіх галасоў пакаціўся хвалямі з нейкага аднаго месца, наўкось цераз вуліцу, мабыць, з плошчы ў цэнтры мястэчка. Цяпер ён заставаўся ў аднолькавай сіле, не мацнеючы і не слабнучы болей. Агорнуты трывогай, Агееў чакаў і слухаў. Слухаць гэта так доўга было пакутна нават для яго, запёртага ў гэтай клетцы, а як жа там, на плошчы, падумаў Агееў. І тут зусім не ў лад са сваім настроем ён адчуў у сабе злосць: як жа можна было дапусціць такое? Трэба ж было нешта зрабіць, можа, уцякаць ці хавацца, але напэўна не падпарадкавацца, зрабіць ўсё, каб сарваць немеры фашыстаў. «Вось толькі што можна зрабіць?» — падумаў ён. Заўжды зручна меркаваць збоку, здаля — там жа, пад рулямі аўтаматаў, мабыць, усё было болей трудна і страшна. Асабліва калі падумаць, колькі там малых і старых, дзяцей і жанчын. Той, хто мяркуе здалёку ці праз нейкі час, заўжды мяркуе болей разумна, але ці болей сумленна — во ў чым пытанне.
Калі людскі шум у мястэчку пачаў сціхаць, зніклі паасобныя крыкі і плач, паблізу пачуліся іншыя, звычайныя галасы, і ён зразумеў: гэта забіралі жывёлу. Насупраць цераз вуліцу нешта грузілі ці, быць можа, выносілі з хат барахло, сцягвалі ў адно месца, і ён чуў: «Стой, куды прэш?.. Пашла, пашла… Трымай… Паварочвай ты жывей… Што ў цябе, вочы павылазілі?.. Хведар, а Хведар, забярэш рэшту». Ішла гаспадарчая работа, збор і адпраўка маёмасці, і займаліся ёю, відаць па ўсім, паліцаі ці хто пад іхнім наглядам. Гэтая мітусня па дварах і хатах працягвалася ўсю раніцу, здаецца, не абяцаючы калі-небудзь скончыцца, водгукі яе даносіліся то з аднаго, то з другога боку, то чуліся паблізу, то здалёку.
Толькі, можа, у абед усё стала сціхаць; і нарэшце жахлівая, мёртвая цішыня агарнула мястэчка. Агееў нерухома сядзеў на тапчане і думаў: на колькі яшчэ дзён і гадзін хопіць ягонай вытрымкі, колькі прадоўжыцца яго пакутнае выпрабаванне? Ён адчуваў сябе на лязе нажа, на парахавой бочцы ў час пажару — у гнятлівым прадчуванні бяды не сёння, дык заўтра. А можа, і трэба разлічваць на менавіта такі канец, думаў ён. Але навошта тады сядзець тут, бавіць час і цешыць сябе дурнымі надзеямі? А калі не сядзець, дык што зрабіць у ягоным становішчы? Дачакацца, калі прыйдуць, і пусціць у ход пісталет? Ці самому выйсці з пісталетам на вуліцу і загінуць з музыкай?
Пакуль, аднак, мінаў час, а па яго ніхто не прыходзіў. Не ішла нават цётка Бараноўская, і ён пачаў непакоіцца: ці не здарылася бяда і з ёю? Можа, і яе пагналі разам з яўрэямі?
Бараноўская прыйшла надвячоркам. Абвостраным слыхам Агееў яшчэ здалёку ўчуў яе таропкія крокі ў двары, дзверы застаронка нешырока прыадчыніліся, і яе маленькая цёмная постаць з'явілася на парозе.
— Фу! А я ўжо думала… Так непакоілася!..
Махнуўшы з палёгкай рукамі, яна апусцілася на высокі парог і заплакала, ледзь чутна хліпаючы і выціраючы вочы ражкамі цёмнай, у кропачкі хусцінкі. Агееў маўчаў, ён ужо здагадваўся аб прычыне яе плачу.
— Ой, што яны з людзьмі робяць! Яны ж усіх іх сабралі… Усіх, усіх… Нікога не пакінулі, усё іхняе пагрузілі… Гэта ж і мяне заставілі збожжа іх выграбаць… У каго якое засталося, усё выграблі.
— А
куды іх пагналі? — панылым голасам запытаў Агееў.— А хто ж іх ведае?! Кажуць, на станцыю. Кудысь адпраўляць будуць. А некаторыя кажуць: пастраляюць у Гарэлым балоце.
— І што — ніхто не ўцякаў?
— Як жа ўцячэш? Яны ж з вінтоўкамі на ўсіх вуліцах і гародах. Дваіх маладых застрэлілі за тое, што не падчыніліся, казалі. І Яўсееўну з імі…
— Яўсееўну? — амаль спалохана перапытаў Агееў.
— Яўсееўну таксама. У яе ж маці старэнькая. Так з маці і пагналі.
Агееў пра сябе ціха вылаяўся. З учарашняга дня ён чакаў акушэрку — трэба было зрабіць перавязку, з-пад бінта пачало падцякаць на штаніну, і, горш за ўсё, яму ўвесь час здавалася, што ў ране варушацца, ядуць яго цела белыя чарвякі, адна думка аб якіх вымушала яго скаланацца. Але ён нічога не мог зрабіць, каб памагчы сабе, у яго не было ні ваты, ні бінта, ні лякарства. Будзе клопату, калі зноў не заладзіцца з ранай, падумаў ён. Бараноўскай, аднак, ён не сказаў нічога, той за сённяшні дзень і без яго хапіла трывогі, і ціха сядзеў на тапчане, выцягшы на сеннічку сваю бедалагу-нагу. Трохі супакоіўшыся, гаспадыня выцерла вочы і ўздыхнула.
— Пайду. Бульбачкі ж трэба зварыць на вячэру.
— Ці да вячэры тут, — сказаў ён грубавата.
— Ну як жа! Трэба ж вам скарэй на ногі ўстаць.
— Яно б не шкодзіла.
Бараноўская выйшла з застаронка, а ён пачаў думаць, як выбрацца з гэтае пасткі, у якой яго цяпер пэўна ўжо не чакала нішто добрае. Перш была хоць якая-небедзь надзея на доктара, яго дапамогу і лякарства, а цяпер вось і гэтая спадзяванка прапала. Нешта трэба было рабіць, штосьці прыдумаць. Але што? Ён увесь час напружана думаў, ламаў галаву ў пошуках выйсця, але выйсця не было, параненая нага скавала яго магчымасці і працягвала трымаць у тупіку безвыходнасці. Яму нават пачало здавацца, што ён адгэтуль не выберацца, бо недзе прамінуў адзіны свой шанец, прамарудзіў ці зрабіў не так, як трэба было зрабіць у яго няпростым становішчы, і цяпер заставалася адно — чакаць расплаты.
Праўда, у яго быў Малаковіч.
Не дачакаўшыся доктаркі, Агееў пачаў чакаць Малаковіча, усё ж той меў большыя, чым ён, магчымасці ў гэтым мястэчку, лепш ведаў абставіны і мог яму памагчы. Мінулы раз яны не дамовіліся аб сустрэчы, і цяпер Агееў пачаў спадзявацца, што той хутка прыйдзе, яны параяцца аб іх становічшы і нешта прыдумаюць. Калі ў хляве за сцяной пачуліся асцярожныя крокі, ён так і падумаў, што гэта ідзе Малаковіч, таму што з кім жа яшчэ магла там ціхенька гаманіць яго Бараноўская? У гэтую пару на дварэ яшчэ, можа, толькі змяркалася, а ў застаронку стала амаль ужо цёмна. Агееў ледзьве бачыў квадрат нізкіх дзьвярэй, якія ціхенька адчыніліся, аднак шырэй, чым калі іх адчыняла гаспадыня, і ў застаронак нехта ўвайшоў, яўна не Малаковіч, хтосьці грувасткі і незнаёмы. Агееў насцярожана ўскінуўся, але з-за шырокіх плячэй чалавека пачуўся спакойны голас яго гаспадыні:
— Дык вы ўжо ўдвух тут. Я на двары пабуду.
— Да, паглядзіце там…
Сказаўшы гэта, чалавек тым жа густым, нізкім голасам стрымана павітаўся і, зрабіўшы некалькі няпэўных крокаў між тапчаном і сенам, усеўся на высокім парозе. Курыца, што ўвесь дзень спакойна сядзела ў кутку на покладзе, трывожна пракудахтала і сціхла. Агееў патроху спакайнеў, зразумеўшы, што чалавек гэты — не вораг, ворага Бараноўская не прывяла б сюды. Але хто гэта быў, аб тым ён не меў уяўлення. Яны нядоўга памаўчалі, Агееў чакаў, госць, падобна было, услухоўваўся ў гнятлівую цішыню, якая ўладкоўвалася пад ноч у мястэчку.
— Даўно вы тут… адпачываеце? — запытаў нарэшце чалавек.
Агееў умеў з першых слоў па тэмбры і гуках голасу вызначаць характар чалавека. У арміі звычайна імкнуліся паказаць у голасе цвёрдасць і энергічнасць, незалежна ад таго, ці былі яны на самой справе, ці таму, хто гаварыў, хацелася, каб былі. Так ці інакш, але ў голасе шмат значылася, трэба было толькі ўмець слухаць яго. Голас жа гэтага госця, несумненна, выдаваў у ім чалавека цывільнага, не надта маладога, які, можа, перажыў нават нешта труднае, і Агееў скупа азваўся: