Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Кар'ер

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Прыёмнік. Старэнькі, праўда, — ціха азваўся Кіслякоў.

— Гэта добра. Дык што там?

Сціпла месцячыся на краёчку сена, Кіслякоў сморкнуў кароценькім вострым носам і складна, як завучаны ўрок, паведаміў:

— Зводка за дваццаць сёмае. Нашы войскі пасля цяжкіх і ўпартых баёў пакінулі горад Талін. Адзін наш бамбардзіроўшчык тараніў нямецкі юнкерс Ю-88. Цяжкія баі на Смаленскім напрамку…

Агееў выслухаў яго моўчкі. Ён ужо ведаў, што калі ў зводцы Інфармбюро гаварылася пра баі на Смаленскім напрамку, дык Смаленск, напэўна, ужо застаўся ў немцаў, зводкі заўжды спазняліся.

Мяркуючы па ўсім, наступленне немцаў працягвалася.

— Як усё абярнулася, усё пакацілася, хто б сказаў, хто б яшчэ нядаўна падумаў! — злосна забедаваў Малаковіч.

— Да, абярнулася, чорт бы яго пабраў! Ну, а што ў мястэчку?

— Ды што ў мястэчку? У мястэчку разбой. Немцаў, можна сказаць, яшчэ і не было, дык паліцыя свірэпствуе. Аднекуль з'явіўся ўжо і начальнік. Драздзенка нейкі. Бачыў яго ўчора, як вешаць гэтых вялі…

— Каго вешаць?

— Двое акружэнцаў павесілі каля базара. Аказалі супраціўленне пры затрыманні.

— Паліцаі, канечне, брэшуць, — ціха ўставіў Кіслякоў. — Узялі іх, сонных, у будачніка на пераездзе. Ноччу зайшлі, ну, і заснулі. А ранкам паліцай Стасевіч заскочыў на пераезд і пабраў іх сонных, як курапатак.

Агееў уважліва слухаў, узіраючыся ў невясёлыя твары маладых хлопцаў, жыхароў гэтага мястэчка. Напамінак пра павешаных акружэнцаў датычыў яго непасрэдна, бо і ён жа цяпер, па сутнасці, быў акружэнцам і яму пагражала тое ж. Праўда, ім быў і Малаковіч, хіба што з той розніцай, што жыў цяпер у сваёй хаце і тым не парушаў нямецкіх парадкаў, а беспрытульнага Агеева чакаў палявы лагер ваеннапалонных. Гэта ў лепшым выпадку, калі без супраціўлення, з высока паднятымі рукамі.

Малаковіч між тым расказваў:

— Стасевіч гэты — сусед мой. Цераз агарод хата. У калектывізацыю з вёскі перабраўся да родзічаў жонкі. У прамкамбінаце майстрам рабіў, у бандарным цэху. Наўродзе і някепскі сусед быў, з ягоным Міколам у школу хадзілі, той годам пазней пайшоў, цяпер на Далёкім Усходзе служыць. А гэты ўчора прыпёрся, маўляў, праведаць франтавічка. Бутэльку прынёс. «Ваша песня скончылася, таварышы чырвоныя камандзіры, цяпер пад Гітлерам будзем». — «Ну, гэта яшчэ як паглядзець», — кажу. А ён: «Няма чаго глядзець, ідзі ў паліцыю, пакуль возьмуць, а то позна будзе. Во наш начальнік у Чырвонай Арміі капітанам быў, а цяпер на немцаў працуе, жыдам чоху дае!» Ну, вы разумееце? Як мне, лейтэнанту, слухаць такую агітацыю?

— Ну, і што ж ты яму адказаў? — стрымана спытаў Агееў.

— Я? Анічога. Я прамаўчаў. Але дужа мне хацелася ў яго мой ТТ разрадзіць.

— Во маладзец! — здзекліва сказаў Агееў. — Так бы яны і цябе разам з тымі двума. Трэцім.

Малаковіч, здавалася, без увагі да яго здзеклівасці трохі цішэй паведаміў як аб чымсь канчаткова вырашаным:

— Я яго ўсё роўна стрэльну. Ён жа маю настаўніцу арыштаваў. Адправілі ў горад. Во гэта і будзе мой асабісты ўклад у барацьбу з акупантамі. Шлёпну і змыюся. Нельга нам тут доўга заставацца.

Агееў змоўчаў, ён быў гэткай жа думкі, толькі не хацеў гаварыць пра тое пры гэтым староннім хлопцу. Хто ведае, кім стаў гэты Малаковічаў сябра за час вайны.

— Як тваё плячо? — спрабаваў Агееў перавесці размову на іншае.

— Плячо загоіцца. Яшчэ дзень-другі, і зніму павязку.

— Ну,

дык вось. Пакуль не знімеш павязку, не рыпайся. А то сам па дурасці ўліпнеш і маці падставіш.

— Ну, матка як-небудзь абыдзецца. А брацельнік сам лезе супраць іх што-небудзь выкінуць. Вунь у Кіслякова болей — чацвёра з маткай, і то не дрэйфіць, радыё слухае.

Мусіць, ніякавата паёрзаўшы на сваім мяккім сядзенні, Кіслякоў вытлумачыў:

— Баяцца — не тое слова. Страшна, канечне. Але ж трэба. Калі паддацца страху…

— А ваш бацька дзе? — запытаўся Агееў.

— Бацьку мабілізавалі. У першы ж дзень.

— Самога не прызывалі?

— Не. Я ж нягодны па зроку.

— Ён жа студэнт, — ціха сказаў Малаковіч. — У Мінску ў дзяржуніверсітэце вучыўся. Скончыў два курсы…

— Ды што там, — махнуў рукой Кіслякоў, і яго вастраносы тварык зрабіўся надта самотным. У ранішнім паўзмроку ён здаваўся цяпер заўчасна састарэлым хлопчыкам, гэткім сарамлівым, разумненькім гномікам.

— Да-а. Ну, а што людзі кажуць? Як настрой у народа?

Ад гэтага пытання Агеева Кіслякоў заклапочана нахмурыў лобік і пачаў ахвотна тлумачыць:

— У асноўнай масе людзі настроены патрыятычна. Але ўсе чакаюць. Гэтыя поспехі немцаў, безумоўна, не маглі не выклікаць некаторай разгубленасці. Але гэта часова. Хутка пачнецца ўсеагульнае выступленне. Асабліва калі будуць працягвацца рэпрэсіі. А яны, несумненна, будуць працягвацца, таму што пашырыцца супраціўленне. Гэтыя рэчы ўзаемазвязаны і ўзаемаабумоўлены.

— А што ж кіраўніцтва раёна? Інтэлігенцыя?

— Тут, бачыце, якая сітуацыя: з парткіраўніцтва амаль нікога няма. Інтэлігенцыі таксама. Каго мабілізавалі ў першыя дні, хто ў іншыя месцы падаўся. Настаўнікі, напрыклад. Але, я так думаю, ёсць недзе арганізаванае падполле. Таксама як і партызанскія атрады.

— Гэта павінна быць. Гэта абавязкова! — з жарам падхапіў Малаковіч. — У нас тут у грамадзянскую славуты партызанскі атрад дзейнічаў. Атрад Макоўчыка. Недзе яны і цяпер ёсць. У Сырамятаўскім лесе, мабыць.

— Яны знаюць — дзе, — ціха сказаў Кіслякоў.

— Было б нядрэнна звязацца, — зазначыў Агееў. Але Малаковіч не пагадзіўся.

— Гэта нашто нам? Нам партызаны не трэба. Што, я ў партызанах ваяваць буду? Маё месца ў арміі. Я ж сярэдні камандзір усё-такі

— На ўсякі выпадак, — сказаў Агееў.

— Не, гэта не для нас. Гэта для вясковых дзядзькоў. Няхай яны ў лес ідуць, шалашы будуюць. Маё дзела на фронце. У полк нам трэба, я так думаю, — гарачыўся Малаковіч.

— Ты добра думаеш, — з уздыхам сказаў Агееў. — Але во заселі мы тут, і яшчэ пасядзець прыйдзецца. Фронт вунь дзе, а я пакуль не хадок, сам разумееш. Яшчэ з тыдзень, напэўна, праваляюся…

— А то і болей, — сказаў Малаковіч і з прыкрасцю ляпнуў сябе па калене. — Ну што ж, можа, за гэты час вайна не скончыцца…

Ён ускочыў з тапчана, захінуў на грудзях куртаты свой пінжачок, надзеты на аблезлую, у палоску, кашулю, — зусім не падобны на сябе нядаўняга, лейтэнанта — высокі, худы і тонкі, вясковага выгляду хлопец з рашучым выразам загарэлага твару.

— Да, забыўся сказаць: заўтра тут сабантуй намячаецца. Усім яўрэям загадана сабрацца каля царквы, кудысь перасяляць будуць.

Поделиться с друзьями: