Кар'ер
Шрифт:
— Не трэба палохацца! У жыцці наогул шкодна палохацца. Шкодна для здароўя. Вось як, малады чалавек!
— Гэта так.
— Вось іменна. Асколак? — яна зноў запытальна зірнула на яго.
— Асколак.
— Гэта горш. Прыйдзецца рассячы.
— Што рассячы?
— Рану, вядома. Не нагу ж. Бараноўская! — хрыплым баском гукнула яна, павярнуўшыся да дзвярэй, і адтуль пачуўся ціхі голас гаспадыні:
— Іду, іду…
Усё гэтаксама, бадай нячутна, гаспадыня ўвайшла ў застаронак, паставіла на скрынку чыгунок з гарачай вадой, паклала ручнік і адступілася да дзвярэй, схаваўшы рукі пад фартушок. Яўсееўна намачыла ў чыгунку ручнік, старанна абцерла
— Ану, ляж і адвярніся! — загадала доктарка. — Нечага глядзець, не маленькі.
Агееў выцягнуўся на тапчане, трохі адвярнуў галаву, утаропіўшы позірк у сук на сцяне. Яўсееўна рыхтавалася да аперацыі — востра запахла нашатыром, бразнулі металічныя інструменты.
— Зараз мы таго… Гэта дзела простае! Не паспееш адчуць…
Востры боль у ране да касці пранізаў нагу, Агееў тузануўся, скрыгатнуў зубамі.
— Што, баліць? — незадаволена перапыніла яго дактарка. — Не хлусі, то не баліць. То — ерунда, камарыны ўкус.
Ён і яшчэ тузануўся ад такога ж, амаль невыноснага, болю, але прымусіў сябе не застагнаць, закусіў вусны.
— Так, так… Гэта ерунда… Да, тут набралося… Пачысціць… Так, гэта туды, гэта сюды, — прыгаворвала Яўсееўна, калупаючыся ў ране, і Агееў сабраў у сабе ўсе сілы, каб стрываць без стогну. Балела па-зверску, усю нагу да кончыкаў пальцаў ахапіў глыбінны боль, хацелася ўскочыць, вырвацца і ўцячы з гэтага застаронка… Здаецца, аднак, ён стрываў.
— Во-о-т! — задаволена сказала Яўсееўна. — А цяпер будзе трошкі таго… Наўродзе камарынага ўкусу будзе. Можа, трошачкі больш…
Не адразу сцяміўшы, што яна мае на ўвазе, Агееў не секунду расслабіўся і ў тое ж імгненне адчуў рэзкі балявы ўдар, які аддаўся ў целе. У вачах ягоных сцямнела, ён напяўся, абедзвюма рукамі ўчапіўся ў дошкі тапчана, быццам баючыся сарвацца з яго. І новы ўдар паўтарыў ранейшы, пасля нешта ў назе пацягнулася, напружылася, і раптам усё адразу звальнела.
— Во, палюбуйся, якая жалязяка!..
Увесь мокры ад поту, Агееў падняў галаву — Яўсееўна трымала перад ім зацяты ў кончыках даўгога пінцэта невялікі прадаўгаваты асколак з няроўнымі зубрыстымі краямі, які ледзь не падкасіў некалі ўвесь яго франтавы лёс.
— Добра, што косць абышоў. Яшчэ б сантыметр — і кепская была б твая справа, сынок, — цяплейшым голасам сказала Яўсееўна і кінула асколак у кут сена.
Агееў ляжаў, на здзіўленне для яго, зусім пазбаўлены сілы, рукавом аціраў густы пот на твары, абедзве рукі яго дробна трэсліся, і ён ледзьве выціснуў з сябе «дзякуй». Гаспадыня яго, якая на працягу ўсёй аперацыі стаяла за спіной доктаркі, усё прыгаворвала нешта, што ён не мог чуць, і Яўсееўна абарвала яе:
— Ды перастаньце, Бараноўская! Баліць! Што гэта за боль для такога мужыка?!
— Што ж, што мужык? Усім баліць, — ціха запярэчыла Бараноўская.
Яўсееўна між тым завіхалася над ранай. Кідаючы долу скрываўленае клочча ваты, абцерла нагу, пасля засунула ў свежы разрэз раны мокры сцюдзёны тампон і, лёгка снуючы бінт дужымі рукамі, туга перавязала сцягно.
— Во! Хутка танцаваць будзеш.
Пакідаўшы ў сакваяж інструменты, яна прысела ў нагах і пачала скручваць цыгарку. Бараноўская тым часам прыбрала чыгунок, ручнік і, хоць было цёпла, накінула на голыя ногі Агеева старэнькі выцерты кажушок.
— Гэта што за боль! — густым дымам дыхнула на гаспадыню Яўсееўна. — Вунь Султанішку маладую ратавала. Паўночы вазілася, сячэнне рабіла. З гэтымі во інструментамі! Хлопец на пяць кіло вываліўся, а Султанішка,
вы ж ведаеце, — муха! Саплёй пераб'еш.— А жыць жа хоць будзе? — насцярожылася Бараноўская, хмурачы свой маршчыністы тварык.
— Нічарта ёй не зробіцца. Бабы жывучыя.
— Ну, не кажыце, Яўсееўна. Бабы таксама людзі.
— Людзі, канечне! — згадзілася доктарка. — Але цяпер во мужыкоў берагчы трэба. Вайна ідзе.
— Берагчы заўжды ўсіх трэба. Кожнаму адно жыццё адмерана, — сказала Бараноўская мякка, але з поўнай пераконанасцю, на якую доктарка ўжо не запярэчыла.
— Гэта так! Калі б вашыя словы ды богу ў вушы. Можа б, ён спыніў гэтых варвараў…
— Ён не спыніць. Гэта ўжо людзям трэба.
— Во і я кажу. Мужыкі павінны, — сказала доктарка і змоўкла.
Агееў пазіраў на поўную грудастую постаць Яўсееўны і не ведаў, здзіўляцца яму або дзякаваць гэтай жанчыне. Ён ужо зразумеў пэўна, што яна акушэрка, і калі б ён сцяміў гэта адразу, яшчэ невядома, ці даўся б ёй для аперацыі. Але цяпер так ці інакш справа была скончана, самы востры боль мінуў, а галоўнае — ён пазбавіўся ад асколка, які ледзь не зрабіў яго інвалідам. Пэўна, трэба было неяк аддзячыць за гэта бравай акушэрцы, ды пасля ператрыванага болю ён троста не знаходзіў у сабе сілы для патрэбнай удзячнасці і вяла сказаў:
— Дзякуй, доктар, вялікі…
— Няма за што. Бог аддзячыць. Ды во Бараноўская. Ану, панечка, ганіце дзесятак яек, — знарок грубавата сказала Яўсееўна і засмяялася.
— Няма яек, усяго адна курачка. Хіба пашукаю што-небудзь, — сказала гаспадыня, і Яўсееўна спыніла яе сваім грубым голасам:
— Ладна, не старайцеся, абыдуся без яек. Вунь у вас ёсць каго яйкамі карміць.
Апантана задыміўшы самакруткай, яна павярнулася да дзвярэй, але, перш чым выйсці, выняла з рота цыгарку.
— Ну, папраўляйся. Днямі загляну. Перавязаць трэба будзе…
Ён кіўнуў на развітанне, і абедзве жанчыны выйшлі, наперадзе — самаўпэўненая, рашучая Яўсееўна, за ёй чорнай мышкай прашмыгнула яго гаспадыня. Агееў застаўся адзін. У застаронку цямнелася, шчыліны ўжо страцілі свой яркі сонечны бляск, сонца, напэўна, павярнула за вугал. Нага жахліва балела, але цяпер прыбыло надзеі, і ён думаў, што яшчэ, можа, як-небудзь абхітрыць лёс і вырвецца з крыважэрных кіпцюроў пагібелі, у якія яго загнала вайна.
Рэшту таго дня ён пакутліва змагаўся з болем, які марудна расцякаўся па ўсёй назе, ахапіўшы яе ўсю — ад ступні да клуба. Яго пачалі даймаць дрыжыкі — падобна, пачыналася гарачка. Здаецца, так не балела нават у першыя гадзіны пасля ранення, ці, можа, у калатнечы баёў і адступлення ён не заўважаў болю, бо ўвесь час быў сярод віхуры падзей, у ліхаманкавай змене абставін. Цяпер жа падзеі адышлі ў мінулае, ён знайшоў гнятлівы, трывожны, але адносна бяспечны спакой, і патрывожаная рана адгукнулася рэзкім злым болем. Пасля таго як пайшла доктарка, Агееў вышэй нацягнуў на сябе кажушок і ляжаў так у дрымоце, час ад часу скаланаючыся ад дрыжыкаў. Дзверы некалькі разоў ціхенька прыадчыняліся, але ён не расплюшчваў вачэй, і дзверы зноў зачыняліся — цётка Бараноўская не хацела яго трывожыць. Аднойчы, расплюшчыўшы вочы, ён убачыў на скрынцы ля ног прыкрытую чыстай анучкай міску, акрайчык хлеба каля яе, але паднімацца не стаў — было не да ежы. На некалькі хвілін ён забыўся ці, можа, заснуў прывідным, поўным гарачага туману сном і зноў прачнуўся — здалося, у застаронак нехта ўвайшоў. Ён узняў дзіўна цяжкія павекі і не адразе зразумеў, што гэта — яго гаспадыня, якая з сашчэпленымі на фартуху рукамі ціхенька пыталася: