Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Кар'ер

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Можа, вам супчыку зварыць? Ці бульбачкі?

— Не, дзякуй. Вадзічкі…

— Вадзічкі? Я зараз…

Яна знікла з застаронка, і Агееў зноў заснуў ці праваліўся ў забыццё, калі рэчаіснасць тоне ў гарачым тумане ценяў, аднекуль з далёкіх закуткаў памяці выплывае мінулае, усё дзіўна пераблытваецца ў мутнай свядомасці. Невядома адкуль у гэтым тумане выплыў камандзір стралковага палка маёр Папоў, які немаведама куды знік у час іх начнога прарыву з-пад Ліды, — цяпер жа ён быў у поўнай камандзірскай форме з дзвюма кавалерыйскімі партупеямі на плячах, планшэткай, процівагазам на шырокай брызентавай почапцы цераз плячо, і рашуча камандаваў батальёнамі, стоячы па грудзі ў ровіку на пагорку з кустоўем. Агееў, які быў тут жа, усё імкнуўся далажыць маёру, што іх акружаюць немцы, але чамусьці не мог знайсці сілы вымавіць гэтыя некалькі слоў, а маёр злосна крычаў на кагосьці за перарасход боепрыпасаў, за тое, што стралялі чамусьці не па тых мішэнях. Між тым Агееву было бачна, як па полі перабягаюць нямецкія аўтаматчыкі, яны былі ўжо побач, а маёр усё не мог змоўкнуць, і ў Агеева быццам адняло язык — не мог вымавіць слова. Ён вельмі

хваляваўся, пакутна перажываючы сваю незразумелую немач у прадбачанні таго, што немінуча павінна было здарыцца на КП. Каб не стаць сведкам катастрофы, намаганнем волі ён вырваў сябе са сну і з палёгкай адчуў, што ўсё тое было за мяжой рэчаіснасці, усё няпраўда, таму што — прыснілася.

За сценамі яго застаронка марудна дагараў летні дзень, мабыць, ужо цямнелася, у паўзмроку ледзьве відаць быў нізкі праём дзвярэй у сцяне, некалькі пасудзін на скрынцы ў канцы тапчана, сярод якіх ён убачыў стаўбунок і кварту. Вельмі хацелася піць, у роце ўсё высахла, але, здаецца, жар зменшыўся, і ён памкнуўся ўстаць, каб напіцца. Гэта яму ўдалося, хаця і не адразу. Стараючыся не патрывожыць нагу, ён дапяўся да скрынкі, напіўся са стаўбунка, знясілена адкінуўся на тапчане і заплюшчыў вочы.

З маёрам Паповым у яго былі няпростыя адносіны. Часам Агееву здавалася, што больш злоснага чалавека, чым іх камандзір палка, цяжка знайсці на свеце; часам жа маёр рабіў такое мілае ўражанне, што, здавалася, больш ветлівых людзей не бывае. Ён увесь быў як на далоні, гэты маёр Папоў, і свае пачуцці заўжды выказваў з гранічнай натуральнасцю, хаця частая і рэзкая змена іх, асабліва ў баявой абстаноўцы, нярэдка бянтэжыла падначаленых. Зрэшты, у тыя дні, калі ён камандаваў палком, падначаленых куды болей бянтэжыла абстаноўка, у якой апынуўся полк, што двойчы займаў абарону і двойчы пакідаў яе пад канец дня. Нямецкая авіяцыя люта бамбіла тылы, дывізія страціла ўсякае забеспячэнне, і калі надвячоркам трэцяга дня стала зразумела, што яны ў акружэнні, усё перамяшалася і перад фронтам палка, і, што асабліва было кепска, у бліжніх тылах, забітых часцямі, якія адступалі, тылавымі падраздзяленнямі, цывільным насельніцтвам, што бегла ад немцаў. Полк меў патрэбу ў боепрыпасах, і пасля доўгіх пошукаў у бліжніх тылах Агееву пашэнціла наткнуцца на невядома чый артсклад, утульна размешчаны ў схоўным, мабыць, апусцелым фальварку, які, аднак, з раніцы бамбілі немцы, што, зрэшты, і навяло на яго Агеева. Збочыўшы на палутарцы з пыльный гравійкі, Агееў пад'ехаў да гэтага фальварка, калі там усё гарэла — гаспадарчыя і жылыя будынкі, канюшні, зводдаль у задымленых руінах ляжала цагляная дамоўка, і нямецкія самалёты, што ўчынілі гэты разгром, адзін за адным адляталі над лесам на захад. Спыніўшы ў пачатку ліпавай алеі сваю палутарку, Агееў пабег шукаць начальніка склада, але нікога нідзе не мог знайсці, даўгія штабялі боепрыпасаў на краі садка былі разбіты і раскіданы паміж дрэў, некаторыя гарэлі, і ўсюды слаўся горкі, удушлівы дым. Удвух з шафёрам аўтамашыны яны пачалі цягаць з абгарэлага штабеля скрынкі вінтовачных патронаў, прыхапілі яшчэ і некалькі скрынак гранат, якія ім трапілі пад рукі. Аднак не паспелі яны загрузіць і палавіну машыны, як самалёты наляцелі зноў. Пярэдні пікіроўшчык, уключыўшы сірэну, з шаталомным рэвам абрынуўся на фальварак і высыпаў долу серыю бомб, якія амаль усе разарваліся ў садку. Іншыя сыпанулі свой груз на алею, дзе пад ліпамі стаяла некалькі пустых грузавікоў; дзве машыны загарэліся адразу, адна была адкінута выбухам з дарогі і завалілася на бок у канаве. Скаланаючы паветра, выбухі бомб, здавалася, на ўсю глыбіню праломвалі зямлю, у паветры несліся патокі пылу, падалі вялікія і малыя камякі зямлі, віхурай вымятала абпаленую лістоту ліп. Па сутнасці, гэта была першая сур'ёзная проба агнём, у якую трапіў Агееў; часам спалох у ім межаваў з жахам, блізкія выбухі бомб выклікалі амаль фізічны боль. Агееў пачаў забываць, дзе ён і што з ім робіцца, і толькі ў глыбіні ягонай збянтэжанай свядомасці жыло, не пакідаючы яго, адчуванне мэты, нявыкананай задачы, якую ён што б там ні стала павінен выканаць. І ён, то падаючы, то ўскокваючы, слепнучы ад пылу і выбухаў, усё ж загрузіў машыну бязладна накіданымі ў кузаў скрынкамі і пагнаў яе ў полк. На яго шчасце, шафёр трапіўся з вопытам — немалады ўжо чалавек, які прайшоў вайну з фінамі, — сцяўшы зубы, ён паслухмяна выконваў усе каманды Агеева і спрытна кіраваў машынай на разбітай дарозе. У полі іх абстралялі, некалькі мінных выбухаў па абодва бакі ад дарогі абсыпалі машыну камякамі зямлі, ды ўсё ж такі яны ўдала праскочылі адкрытую мясціну і прыкацілі ў вёску, якую абараняў полк. Каля мураванай, без даху аборы іх ужо чакалі падносчыкі боепрыпасаў з батальёнаў, якія тут жа абступілі машыну. Але не паспелі яны яе разгрузіць, як на вёску пачаўся артналёт — добра, што пад абшкрэбанай сцяной аборы былі недаўгія акопчыкі, у адным з якіх і знайшлі сховішча Агееў з шафёрам. Ён ужо не спадзяваўся тут уцалець. Два снарады трапілі ў вугал аборы, амаль разваліўшы будыніну, але ўсё ж яе каменныя сцены вытрымалі, прыкрылі байцоў у акопчыках і нават палутарку, якую ён падагнаў да самай будыніны. Калі ўсё патроху аціхла і байцы вылазілі ў двор, Агееў таксама выбраўся з акопчыка і пачаў атрасацца ад пяску, якім яго абсыпала з ног да галавы. У гэты час каля аборы паявіўся малады чырвонаармеец з вінтоўкай, у высока накручаных на худыя ногі абмотках — камандзір палка клікаў Агеева на КП. Камандны пункт маёра Папова размяшчаўся па той бок вёскі ў канцы гародаў, мінулай ноччу Агееў быў там і цяпер па стаптаных, перакапаных выбухамі градках пабег наўпрасткі да знаёмага акопчыка пад дзвюма грушамі.

Камандзір палка стаяў у акопчыку ў новай, насунутай на вочы касцы, якая хавала верхнюю палову яго схуднелага твару, але па тым, як уся яго хударлявая постаць напружылася, калі ён згледзеў Агеева, той зразумеў, што гэты выклік дабром

для яго не скончыцца. Ззаду ў вёсцы зноў загухалі выбухі, наперадзе чутны быў залівісты стук кулямёта ў полі, усчыналася частая страляніна, асабліва справа, дзе да жытняга поля блізка падступаў хваёвы ўзлесак. Агееў зваліўся ў акопчык насупраць камандзіра палка і не паспеў яшчэ далажыць аб прыбыцці, як маёр груба і злосна закрычаў:

— Ты — начбой ці тупая бабская ж…?

Ліхаманкава згадваючы, дзе ён дапусціў прамашку і ў чым правініўся, Агееў маўчаў, а камандзір палка з усё большым імпэтам паўтарыў сваё абразліва-грубае пытанне. І тады Агееву стала зразумела, што адказваць на яго не было патрэбы — належала моўчкі атрымаць спагнанне. Але за што? Начальнік штаба палка, адарваўшыся ад тэлефона на дне акопчыка, са стрыманай злосцю паведаміў:

— У другім батальёне таксама: дзве скрынкі з ручкамі і ніводнай — з галоўкамі.

Тады Агееў ураз зразумеў, дзе дапусціў промах, які, напэўна, яму дорага абыдзецца: не разабраўшыся, ён пагрузіў у машыну некалькі скрынак з ручкамі ад РГД, а скрынкі з баявымі галоўкамі, напэўна, засталіся на складзе, мабыць, у іншым ці разбомбленым штабелі. Пэўна, што так. Паводле правіл захоўвання боепрыпасаў у мірны час, абедзве часткі разборных гранат належала хаваць асобна — каб пазбегнуць магчымасці дыверсіі.

— Вы абяззброілі полк! Вы сарвалі абарону! Пойдзеце пад трыбунал! Я вас расстраляю!

Маёр схапіўся за кабуру дрыготкімі рукамі, спрабуючы выняць з яе пісталет. Агееў, унутрана напяўшыся, стаяў насупраць, гатовы да ўсякага прыгавору, — ён і на самай справе не знаходзіў для сябе апраўдання. Але ў той самы момант начштаба нагнуўся да тэлефоннага апарата і ўстрывожаным голасам паклікаў камандзіра палка:

— Вас ноль-першы!

Агееў не ведаў, хто гэта быў ноль-першы, можа, камандзір дывізіі ці хто вышэй, але адразу пачуў, што гэта давала нейкі перадых, амаль палёгку. Маёр з пісталетам у адной руцэ пацягнуўся да трубкі, а начштаба выразным жэстам даў Агееву знак, каб той зараз жа знік. Не змусіўшы сябе ўгаворваць, начбой перажыргнуў цераз схіленую спіну сувязіста і схаваўся за паваротам акопчыка. Пасля ён выскачыў на адкрытае поле і, прыгнуўшыся, па градах пабег да аборы. Ён ужо сцяміў, што павінен зрабіць, каб калі не апраўдацца зусім, дык хоць бы змякчыць прысуд камандзіра палка.

Абстрэл між тым прадаўжаўся, міны з прарэзлівым віскам праносіліся над галавой і рваліся між хат, на гародах і асабліва густа — на выездзе з вёскі, дзе засталася яго палутарка. На шчасце, яна была яшчэ цэлая, і Агееў, гукнуўшы шафёра, ускочыў у кабіну. Яны паспешліва развярнуліся на закіданым грудамі зямлі падворку і, ужо не зважаючы на абстрэл, панесліся па гравійцы да ахопленага полымем фальварка.

На гэты раз нямецкіх самалётаў тут не было, хаця амаль не было і фальварка, замест алеі грувасціліся завалы паламаных, пасечаных, вывернутых з каранямі ліп, увесь сад быў перакапаны варонкамі, уцалелыя дрэвы стаялі з голым, без лісця суччом; штабялі пад імі або згарэлі, або паўзрываліся ад дэтанацыі; раскіданыя навокал, валяліся снарады, латунныя гільзы, упакоўка, дошкі ад тары. Але ўсё ж нейкая частка боепрыпасаў уцалела, і Агееў, падбегшы да рэшты штабялёў, узрадаваўся: аказваецца, не так проста нават для авіяцыі знішчыць вялікі склад боепрыпасаў. Яны з шафёрам пабеглі сярод раскіданых скрынак са снарадамі, супрацьтанкавымі і супрацьпяхотнымі мінамі, разматанымі стужкамі буйнакаліберных зенітных патронаў, якія ім былі без патрэбы. Агееў стараўся знайсці знаёмыя зялёныя скрынкі з галоўкамі ад РГД, але іх нідзе не было — можа, паўзрываліся, а можа, як і ён, іх прыхапілі, не разабраўшыся, шафёры з другіх палкоў. І тут на краі абгарэлага з вугла штабеля ён згледзеў знаёмую маркіроўку на драўляных скрынках — то былі гранаты Ф-1, або, як часцей іх называлі, «лімонкі». Узрадаваўшыся нечаканай знаходцы, ён крыкнуў шафёру і, падхапіўшы ў абедзве рукі па скрынцы, пабег да машыны.

Гэтымі гранатамі яны загрузілі амаль увесь кузаў палутаркі, яшчэ прыхапілі некалькі скрынак вінтовачных патронаў і зноў ірванулі па разбітай гравійцы да свайго палка.

Аднак дзень ужо быў на сконе, нізкае сонца зайшло за хмары, поле пачало засцілаць туманам. За лесам, у баку, дзе была вёска, грукатаў моцны бой, і, як здалося Агееву, на гэты раз чамусьці бліжэй, чым удзень. Кепская здагадка засмуціла яго, але, усё яшчэ баючыся цалкам паверыць у горшае, ён спыніў машыну на ўзбочыне ў маладым сасоннічку, дзе наводдаль ад дарогі акопваліся некалькі байцоў, і выскачыў з кабіны. На ягонае пытанне, з якой яны часці, першы баец не сказаў нічога, толькі, быццам нямко, паўзіраўся ў яго спадылба, другі сказаў, што гэта ваенная тайна, якую ён не можа паведаміць незнаёмаму камандзіру, і толькі трэці, стрыжаны, белабрысы баец, мабыць, пазнаўшы яго, растлумачыў:

— Ды з другога батальёна мы, таварыш начальнік боепітання.

— Як з другога? Другі ж батальён быў у вёсцы?

— Быў, ды адступіў. У акружэнні мы.

«Вось табе і на!» — паныла падумаў Агееў. Час ад часу не лепш. Ён пабег уздоўж ланцуга і хутка ад знаёмага камандзіра роты даведаўся, што другі батальён па загаду адышоў з вёскі, а першы і трэці чамусьці прамарудзілі, не паспелі выканаць загад і цяпер чакаюць ночы, каб прарвацца з кальца. Камандзір са штабам палка таксама застаўся ў вёсцы, рыхтуе прарыў; другі батальён будзе падтрымліваць іх агнём з гэтага сасоннічку.

Агееў мог бы раздаць боепрыпасы байцам тутэйшага батальёна, у якіх таксама было іх нягуста, але пачуццё віны перад камандзірам палка за ранішні промах вымагала яго думаць, як прарвацца ў вёску. Было, аднак, зразумела, што, пакуль не змеркнецца, зрабіць гэта наўрад ці пашэнціць, значыць, трэба дачакацца ночы. Але і ў цемры яшчэ невядома, як ашукаць немцаў, якія, напэўна, перакрылі ўжо дарогу. А калі напралом, на авось? Авось быў пэўны вайсковы сродак, які памагаў там, дзе нічога ўжо не магло памагчы. І Агееў наважыўся. Трэба было толькі ўгаварыць шафёра, ад якога ў гэтай спробе залежала многае.

Поделиться с друзьями: