Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Клубок гадзюк (на белорусском языке)
Шрифт:

Цiкава!.. Я зусiм не здзiвiўся б, калi б сустрэў свайго сынка дзе-небудзь у шыкоўным рэстаране на Вялiкiх бульварах. Але тут!.. Як ён апынуўся ў гэтым квартале?.. Значыць, прыйшоў ён сюды з нейкай мэтай... Я вырашыў пачакаць. Загадзя расплацiўся за мiнеральную, каб можна было адразу пайсцi, калi спатрэбiцца.

Хюбэр кагосьцi чакаў i ўсё паглядаў на гадзiннiк. Я крыху здагадваўся, хто зараз крадком падыдзе да яго, i быў амаль расчараваны, калi пад'ехала таксi i адтуль вылез мой дарагi зяць Альфрэд. Ён быў у пiжонiстым саламяным капелюшы-канацье. Пакiнуўшы далёка жонку, гэты саракагадовы таўстун зусiм ажыў. Вунь як выфранцiўся: белы касцюм, яркiя жоўтыя туфлi... На фоне гэтай правiнцыяльнай крыклiвасцi вельмi добра выглядаў Хюбэр у сваiм строгiм элегантным касцюме. Ну, гэты-то ўмее глядзець сябе. Недарэмна Iза гаворыць пра яго: "Апранаецца, як сапраўдны

Фандадэж".

Альфрэд зняў капялюш i выцер потны лоб. Потым залпам выпiў чарачку каньяку. Хюбэр устаў i паглядзеў на гадзiннiк. Я падрыхтаваўся iсцi следам за iмi. Мусiць, пойдуць браць таксi. Што ж, я зраблю тое самае i высачу iх. Хоць, вiдаць, не так гэта будзе проста. Добра ўжо тое, што я ўбачыў... Я пачакаў, пакуль яны адышлiся. У таксi яны не селi... Пехатой пайшлi цераз плошчу. Пра нешта гамоняць i кiруюць у бок Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ... Вось дзе нечаканасць, вось дзе цуд: абодва зайшлi ў царкву!.. Наўрад цi палiцэйскi, якi бачыць, што злодзей сам лезе ў пастку, адчувае такую радасць, як я ў той момант. Я аж задыхаўся ад радасцi. Я зноў трохi пачакаў - яны маглi хутка вярнуцца: сын мой блiзарукi, затое ў зяця вочы як у ястраба. Я ледзьве прымусiў сябе пастаяць пару хвiлiн на тратуары, а потым таксама падаўся ў царкву.

Было гэта ў пачатку першай гадзiны. Асцярожна прайшоўся я па цэнтральным нефе. Людзей было мала, i хутка я пераканаўся, што тых, каго я шукаў, тут не было. На нейкае iмгненне я засумняваўся: можа, яны бачылi мяне i зайшлi сюды, каб заблытаць сляды, а самi выйшлi цераз бакавыя дзверы. Я павярнуў назад i, хаваючыся за вялiзнымi калонамi, пайшоў па правым бакавым прыдзеле. I раптам у самым цёмным кутку, у глыбокай нiшы, я ўбачыў iх. Абодва сядзелi на крэслах, а пасярод iх затаiлася яшчэ адна згорбленая, пакорлiвая асоба. Прысутнасць гэтага чалавека мяне зусiм не здзiвiла. Некалькi хвiлiн назад у кавярнi я чакаў, што менавiта гэты нiкчэмны чарвяк Рабэр падпаўзе да столiка майго законнага сына.

Я прадчуваў такую здраду, але ўсё адганяў ад сябе гэтую думку. Пасля самай першай сустрэчы з Рабэрам мне стала ясна, што ў гэтага шчанюка, гэтага раба не хопiць адвагi, каб паслухацца мяне. Дапускаў я i тое, што мацi гэтага дурня, якая занадта добра помнiць свае непрыемнасцi з прадстаўнiкамi правапарадку, напэўна ж будзе раiць сыну ўпотай згаварыцца з маёй сям'ёй i прадаць мой сакрэт як мага даражэй... I шкада, i агiдна было мне глядзець на Рабэра: моцна яго зацiснулi гэтыя два кiты! Адзiн з iх - Альфрэд - неблагi хлопец, як кажуць. Думае толькi пра сваю выгаду, далей свайго носа нiчога не бачыць (што, зрэшты, iдзе яму на карысць). А вось другi - сынок мой Хюбэр!.. У гэтага ёсць i празорлiвасць, i асцярожнасць, i вострыя iклы, i выключная ўладарнасць над людзьмi (рыса, канешне, атрыманая ад мяне). Рабэр тут, вядома, бездапаможны... Я сачыў за iмi з-за калоны так, як глядзiш часам на барацьбу павука i мухi, калi ўжо загадзя ведаеш, што зараз ад аднаго ўдару загiне i павук i муха. Рабэр усё нiжэй i нiжэй схiляў сваю галаву. А пачынаў ён, мусiць, бадзёра: "Усё дзелiм папалам!" Гэты звярок, бачыце, убiў сабе ў галаву, што сiла на яго баку... Эх, дурань!.. Ды з таго моманту, як ты падаў свой голас, цябе адразу раскусiлi, i не табе цяпер ставiць умовы... I толькi я, сведка гэтай барацьбы, бачыў яе абсалютную безнадзейнасць i непатрэбнасць! Я адчуваў сябе як усемагутны Бог! Я збiраўся знiшчыць гэтых гнюсных насякомых, растаптаць гэтых мярзотных гадзюк, i цiхенька смяяўся.

Прайшло яшчэ хвiлiн дзесяць, i Рабэр зусiм анямеў. Затое ўвесь час гаварыў Хюбэр, - вiдаць, аддаваў распараджэннi, а малады чалавек пакорлiва слухаў i ўгодлiва кiваў галавой. Ён усё больш горбiўся: спiна была ўжо зусiм круглая. Альфрэд развалiўся ў саламяным крэсле, закiнуў нагу на нагу i зрэдку задаволена адкiдаў назад галаву, i я мог бачыць яго чорную бараду, яго вясёлы тлусты твар.

Нарэшце яны ўсталi i не спяшаючыся пайшлi да выхаду. Я рушыў следам. Панура плёўся Рабэр, нiбы злодзей памiж двума жандарамi. Нязграбнымi чырвонымi рукамi камячыў ён свой паношаны шэры капялюш. I ў той самы момант, калi я падумаў, што больш тут ужо нiхто мяне нiчым не здзiвiць, я ўбачыў, як Хюбэр адстаў ад Альфрэда i Рабэра, апусцiў руку ў крапiльнiцу са "святой вадой", павярнуўся да алтара i ўрачыста перахрысцiўся.

Больш мне не было куды спяшацца. Навошта турбавацца, сачыць за iмi далей? Цяпер я ведаў, што сёння ўвечары або заўтра ранiцай Рабэр прымчыцца да мяне, скажа, што ён з усiм згодны, i будзе прасiць хутчэй брацца за наш план. Як жа мне яго сустрэць? Трэба падумаць. Часу

ў мяне яшчэ хапае... Я стамiўся i прысеў перадыхнуць. Сынава ханжаства, яго пачварны жэст перад алтаром... "святая вада...". Вось што ашаламiла мяне, вось што балюча паранiла мяне i засланiла сабой усё астатняе!..

Маладзенькая, сцiпла апранутая дзяўчына села побач, паклала нейкi клуначак i стала на каленi. Я добра бачыў яе профiль, крыху схiленую наперад шыйку. Погляд яе быў прыкаваны да таго самага алтара, на якi так урачыста хрысцiўся Хюбэр...

Зайшлi два семiнарысты. Адзiн высокi, худы, - ён нечым нагадаў мне абата Ардуэна. Другi быў невялiчкага росту, з пухленькiм дзiцячым тварам. Яны таксама ўкленчылi i застылi. Вочы iх умольна ўпiвалiся ў алтар. А я не мог зразумець, што яны там бачаць. "Ну што, - думаў я, - нiчога тут асаблiвага няма, акрамя цiшынi, халадку, паху ладану, воску ды каменных сырых сцен..." I зноў мой позiрк спынiўся на твары маладзенькай дзяўчыны. Цяпер вочы яе былi заплюшчаныя. У яе былi доўгiя вейкi, i мне ўспомнiлiся заплюшчаныя вочы нашай Мары, калi яна ляжала ў труне. Я адчуваў, што вось тут, зусiм блiзка, побач са мной, i разам з тым бясконца далёка ад мяне, iснуе невядомы мне свет дабрынi... Iза часта гаварыла мне: "Ты бачыш усюды благое, адно толькi благое..." Гэта было i праўда, i няпраўда.

XVI

Абедаў я з добрым настроем. Такой раскаванасцi, свабоды, упэўненасцi даўно я не адчуваў. Нiбы здрада Рабэра не толькi не перакрэслiла ўсiх маiх планаў, а, наадварот, паспрыяла iм. У маiм узросце чалавеку, жыццё якога можа абарвацца ў кожную хвiлiну, не варта шукаць прычын перамены свайго настрою: яны фiзiялагiчныя. Мiф аб Праметэю недарэмна сцвярджае, што ўвесь сусветны смутак залежыць ад печанi. Але хто адважыцца прызнаць такую простую, грубую iсцiну? Боль пакiнуў мяне. Я з задавальненнем з'еў смажанае мяса з кроўю. Я радаваўся, што кавалак дастаўся мне вялiкi i не давядзецца трацiць грошы на другiя стравы. А на дэсерт вырашыў узяць сыру - тады i пад'ясi, i танна заплацiш.

Як жа мне быць з Рабэрам? Трэба нешта прыдумаць, але я стамiўся i не магу засяродзiцца. А зрэшты, нашто мне задурваць сабе галаву нейкiмi планамi? Лепш за ўсё - экспромт. Не хацеў я нiчога планаваць i ўсё ж смакаваў, наперад адчуваў тую асалоду, што чакае мяне: хiба гэта не ўцеха, хiба гэта не радасць - пагуляць, як кошка, з гэтым дурным мышанём, Рабэрам. А ён жа, вядома, i не здагадваецца, што я дазнаўся пра яго здраду... Жорсткi я цi не? Бадай, жорсткi. Але не болей, чым iншыя, чым дзецi цi жанчыны. Жорсткi - як i ўсе (i тут мне ўспомнiлася маладзенькая дзяўчына з царквы Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ) - як i ўсе тыя, хто не шануе Хрыста.

Я вярнуўся на таксi ў свой пакойчык на вулiцы Брэа i прылёг адпачыць. Студэнты, якiя займалi большасць пакояў у гэтым доме, раз'ехалiся на вакацыi. Было цiха i спакойна. I ўсё ж пакойчык мой з такой беднай мэбляй i не вельмi чыстымi фiранкамi нiяк не назавеш утульным. Ад ложка ў стылi Генрыха II паадклейвалiся маленькiя кавалачкi драўлянай разьбы. Чыясьцi дбайная рука сабрала iх i паклала ў бронзавы кубачак, што стаяў на камiне. На глянцавiтых шпалерах з муаравым узорам скрозь плямы. Нават пры адчыненым акне пах ад начной прыгожай тумбачкi, аблiцаванай чырвоным мармурам, стаяў у паветры. Стол быў засланы абрусам гарчычнага колеру... Вось такое тут было "абсталяванне" узор недарэчных, безгустоўных мяшчанскiх прэтэнзiй.

Прачнуўся я ад нейкага шоргання. Расплюшчыў вочы i ўбачыў перад сабой Рабэраву мацi. Яна лiслiва ўсмiхалася. I калi б нават я нiчога не ведаў пра здраду яе сынка, то адна толькi гэтая ўсмешка навяла б мяне на нядобрыя думкi. Празмерная ласкавасць, угодлiвасць - надзейныя прыкметы вераломнага ўчынку. Я, аднак, таксама ўсмiхнуўся i пахвалiўся, што адчуваю сябе многа лепш. Дваццаць гадоў назад у яе быў не такi тоўсты нос. Прыгожы круглы роцiк тады быў запоўнены двума радамi моцных белых зубоў, якiя атрымаў сабе ў спадчыну Рабэр. А сёння яна шырока ўсмiхнулася, i я ўбачыў устаўныя скiвiцы. Яна, мусiць, iшла хутка, спацела, i едкi пах поту перабiваў нават "водар" ад прыгожай начной тумбачкi. Я папрасiў яе шырэй адчынiць акно. Яна паслухмяна ўстала, падышла да акна i насцеж расчынiла яго. Зноў вярнулася, зноў абдарыла мяне сваёй робленай усмешкай i прашчабятала, што цяпер, калi я паправiўся, Рабэр поўнасцю гатовы да "той самай справы". Заўтра, у суботу, хлопчык прыйдзе да мяне апоўднi. Я нагадаў ёй, што ў суботу пасля абеду банкi не працуюць. Тады яна сказала, што Рабэр адпросiцца з работы ў панядзелак. Яго абавязкова адпусцяць, а, зрэшты, можна i не адпрошвацца: няма чаго цяпер баяцца гаспадара.

Поделиться с друзьями: