Шрифт:
…Будзеш свой сярод чужых
Калі мяне папрасілі напісаць артыкул аб перакладах твораў Байрана на беларускую мову, я не адразу даў згоду, бо недастаткова ведаю мову арыгінала. І ў тым, што вы чытаеце гэтыя радкі, вінавата мая любоў. Любоў да роднай мовы і любоў да Байрана.
Я чытаў творы паэта ў перакладах на іншыя мовы. Чытаў і некалькі дакладных — слова ў слова — празаічных перакладаў ягоных твораў.
Але мне хочацца пагаварыць аб адным: наколькі па-беларуску, наколькі поўна і дакладна гучаць вершы паэта. Ці не супярэчаць яны агульнаму духу мовы, складу думкі? Ці не зрабіў перакладчык з крылаў — купы лахманоў, з каменнай вежы — груды руін? Ці не стаў Байран
Практыка нашага перакладу адмяла ўбок шырока распаўсюджаны цяпер сярод паэтаў Захаду дакладны празаічны пераклад сэнсу верша. Бо ён, пакідаючы непарушным "што", незваротна разбурае "як": музыку верша, яго інтанацыі, гучанне слоў і гукаў — усё тое, што складае магію паэзіі, усё, за што мы так пяшчотна яе любім.
І аднойчы сасніўся ёй дзіўны сон, Родны край, палі і зямля, І пачула далёкі падводны звон Лілафея, дачка караля.Я паспрабаваў перакласці гэта іхнім метадам.
"Аднойчы Лілафея, дачка караля, сасніла дзіўны сон. Сасніла зямлю, палі і родны край. І тут пачула яна далёкі звон пад вадой…" Міла. Прыемна. Прыдасца нават у казку. Але нікуды не варта.
Нашы перакладчыкі разумеюць непадзельнасць "што" і "як", яны абралі свой шлях, бязмерна больш цяжкі, але і больш удзячны: перадаць душу паэта, не страціўшы ні грана сэнсу, ані гуку.
…Я тройчы прачытаў кнігу перакладаў, і яна пакінула ў мяне прыемнае, харошае ўражанне. Гэта сапраўды Байран, які гаворыць "дзе" і "чаго".
І, насуперак выдумкам дасужых балбатуноў (чуў я і такое), гэта яму аніяк не шкодзіць. Англійскі паэт ходзіць у новым, але сваім плашчы, і ён яму пасуе. Відаць, Байран, каб дажыў, слухаў бы гэтыя незнаёмыя гукі з прыемнасцю, а магчыма, і палюбіў бы нас — нават калі б не ведаў усяго астатняга, за што нас варта паважаць і любіць.
Што дзіўнага? Перакладчыкі таксама любяць яго.
Паспрабую сказаць пра іх некалькі слоў. Па парадку. А гэта цяжка, бо я адразу быў уладна захоплены лаканізмам "Урыўка" (пераклад Я. Семяжона) і простай гаротнасцю верша "Што ж, ты — шчаслівая" ў яго ж перакладзе. Нібы і тугі асаблівай няма, часам верш нібы кідаецца ў прозу, але сэрца аж заходзіцца ад болю.
Мікола Аўрамчык зрабіў адзін з найлепшых перакладаў зборніка. Гэта верш "Не ўспамінай, не ўспамінай". Паэту ўдалося перадаць нясцерпную страснасць шэдэўра. Трэба падкрэсліць, што пераважная большасць перакладаў зроблена на ўзроўні гэтага:
Ці ж мне забыць, забыць цябе, Як расплятаў касу ўсю ноч, Як сэрца білася, бы птах? Нібыта бачу зноў цябе — З паглядам млявых мілых воч, З агнём кахання на губах. . Павекі сплюшчвала ўжо ты, Яны звужаліся, пакуль Не прыкрывалі сінь, бы ў сне. І два чмялі расніц густых Зляталі ценем на шчаку. Як ворана пяро — на снег.Тут усё Байранава. І ўсё — наша. Нават строфіка адпавядае беларускаму сказу, пявучаму, завершанаму ў сваім узвышэнні і падзенні. Сказу, які канчаецца толькі тады, калі не хапае ў грудзях паветра.
"Яўрэйскія мелодыі" — адзін з самых славутых цыклаў паэта — увогуле атрымаўся горш, чым можна было зрабіць. На маю думку, лепшы ў гэтым цыкле верш "Галашэнне Ірада па Марыямне" (пераклад Ю. Гаўрука). Гаўрук наогул шмат зрабіў для таго, каб даць пераклады правільныя, дакладныя, зробленыя на высокім, хоць, можа, і трохі сухаватым прафесійным узроўні. "Схмурнеў мой дух" (пераклад У. Дубоўкі) і "Як ноч у месячнай красе" (пераклад Я. Семяжона) — работы
добрыя, але ніжэй магчымасцей перакладчыкаў. Мы будзем яшчэ гаварыць пра гэта.Спачатку пра Уладзіміра Дубоўку. "Схмурнеў мой дух" — верш выключны, але, па-мойму, мала падыходзіць Дубоўку па духу і самому ладу думкі. У ім — змрочная, сапраўды "біблейская", хмурная патэтыка. Гэта сім-тым эклезіяст, як амаль уся Біблія. А перакладчык — чалавек светлы, рамантычна-мужны, сапраўдны славянскі паэт. Нешта светлае, сімпатычнае, бязмерна трывалае, нягледзячы на душэўную тонкасць, прысутнічае ў ягоным вершы. І вось таму так выключна добра атрымаліся ў яго пераклады двух вершаў са "Стансаў да Аўгусты". Гэта — "Калі згасіў праменне змрок" і "Закацілася сонейка лёсу".
Яны зусім розныя. Першы пераклад вельмі англійскі па манеры выканання. Другі — як славянскі плач. І ўсё ж я сэрцам адчуваю, што тут перакладчык узяўся за самае сэрца, за самую сутнасць гэтых вершаў. І што мне з таго, што гэта, магчыма, не такая высокая паэзія, як "Схмурнеў мой дух". Гэта проста элегічная, вельмі добрая песня — нібы жаўранак вырваўся з роснай травы; і я веру перакладчыку, што ён зразумеў душу Байрана. У гэтым, відаць, уся справа.
Слухайце, якая суровая баладная прысяга:
Няхай лунае над маім І сілу дасць няхай твой дух. Са словам ласкавым тваім На цэлы свет адзін пайду. . Хай згіне ўсё ў жыцці маім, Каб толькі ты была са мной! Хай шляхам я прайшоў цяжкім, Свет — не пустыня мне з табой! Якая мужная журба: Гора ходзіць за мною па пятах, Можа, нават прыцісне калі — Панаваць не дазволю я катам Над сабой, над табой, на зямлі! . Праз памылку я страціў багацце, Нават больш, чым падумаць бы мог, Але што б я і як бы ні страціў — Лёс цябе, дарагая, ўсцярог!Я чытаў гэты зборнік, не зазіраючы спачатку ў змест, дзе названы прозвішчы перакладчыкаў. Для таго, каб быць бесстароннім у ацэнках. І вось часам з-за Байранавых радкоў выплывала знаёмае нават асабіста аблічча. Так здарылася з вершам "Урывак":
Калі б рака жыцця вярнула зноў Мяне да першых летуценняў, сноў, Я не хацеў бы з ёю плыць туды, Дзе адцвілі даўно лугі, сады. Нешта вельмі знаёмае. Ага… Вісіць у небе месяца нарог, Стаіць музыка паміж дзвюх дарог.Канешне, Танк. Настроем амаль той, якога мы ведаем па філасофскіх вершах апошніх гадоў.
І вось тут паўстае адно вельмі важнае пытанне. Ці павінен паэт, які перакладае, памерці ў тым, каго ён перакладае? Я ведаю, для моцнай паэтычнай індывідуальнасці гэта цяжка, амаль немагчыма. Дух не хоча змяшчацца ў чужой амфары, няхай нават чароўнай, бунтуе, узламвае яе. Хоча сам для сябе зляпіць форму-ёмішча. І я не ведаю, што тут лепей: слабы дух у чужой велічнай форме або моцны, які тую форму зламаў. Відаць, у перакладзе, майстэрстве, якое ўсё ж павінна зберагчы чужую амфару, патрэбна трэцяе: захаваўшы сваю магутнасць, усё ж памерці ў другім, аддаць яму сябе самога, стаць яму слугою, як гэта ні цяжка. Але, з другога боку, як тады ставіцца да перакладаў Лермантава? Што яны, уласныя вершы ці пераклад з Гейнэ? Не ведаю. Ведаю толькі, што пераклад "Урыўка" пераходзіць ужо ў другі жанр, незаконна занядбаны цяпер жанр пераймання.