Крытыка
Шрифт:
Як жа гэта цябе азарыла!
Так, як і ў гэтым здзіўленні, што зямля, людзі і неба могуць жыць без цябе, а ты без іх — не можаш, як і ў тым, што пры позірку на прыгожую дзяўчыну цудам адрастаюць на руках "музычныя пальцы".
Або вось "Водопад". Гэта не проста вадаспад, гэта "Прут послизнувся з обрива!". А круча абыякава глядзіць на яго — "така, як ти, коли я проходжу мимо".
Лірыка прыроды, лірыка кахання ў паэта — чыстая, добрая, празрыстая, як неба, пявучая, як скрыпка.
Вы самі толькі што чулі яе музычнасць.
Я прачытаў гэты зборнiк з радасцю. Сучасная маладая ўкраiнская паэзiя — з'ява такая ўцешная i радасная, што ёй, кажучы словамi Лучука, "Бетховен б'е ў далонi".
Я ўсцешаны тым, што наша зямля
Паўсюль: ад Тбілісі да Таліна, ад Рыгі да Тувы.
Ад Львова да Мінска.
І радасна, што авейвае мяне сумленнае полымя.
Полымя сапраўднай паэзіі.
Да новых, яшчэ шырэйшых даляглядаў
Возьмем звычайную геаграфічную карту свету. І паглядзім, як адчувае сябе на ёй кожны пісьменнік і кожная літаратура. У прасторы і часе. Пра якія саслоўі, праслойкі і класы гаворыць гэты пісьменнік, гэтая літаратура. У якіх краінах жывуць людзі, створаныя аўтарамі гэтай літаратуры. Якіх пісьменнікаў з далёкіх і блізкіх земляў хочуць наблізіць да свайго народа, зрабіць яму роднымі творцы гэтай літаратуры.
Руская літаратура, напрыклад, асабліва з эпохі Пушкіна, аднолькава вольна адчувала сябе ў Англіі і Германіі, Іспаніі і Францыі. Яна і пісала пра гэтыя і іншыя краіны і, шматлікімі перакладамі, зрабіла так, што для рускіх чытачоў сталі даступнымі многія і многія тысячы кніг. Практычна — усё вартае з духоўнага багацця, накопленага чалавецтвам.
Беларуская літаратура да Багдановіча была лакальная, за рэдкімі выключэннямі гаварыла толькі пра Беларусь. Аўтары яе перакладалі вельмі мала і скупа. І гэта наклала на наша прыгожае пісьменства адбітак нейкай недавершанасці і абдзеленасці. З часоў Вялікага Максіма шмат змянілася. З'явіліся многія сотні перакладаў, почасту вельмі добрых. З'явіліся дзесяткі перакладчыкаў, часам выдатных. Нябожчык С. Маршак сам (магчыма, з некаторай дозай аўтарскай сціпласці) сказаў, што пераклады Р. Бёрнса, зробленыя Я. Семяжонам, лепшыя, чым у яго. А "Гамлет" і "Лір" у перакладзе Ю. Гаўрука! А пераклады М. Танка, Я. Брыля, Э. Агняцвет, А. Куляшова (называю першае, што прыходзіць да галавы)! А цудоўны беларускі Байран! А Лорка ў перакладзе Р. Барадуліна! І на падыходзе "Фаўст", перакладзены В. Сёмахам.
З вялікай прыемнасцю мы ўзялі ў рукі першую кнігу літаратурна-мастацкага зборніка "Далягляды", у якім змешчаны пераклады літаратурных твораў многіх народаў свету. Уласна кажучы, яго трэба назваць "Далягляды — 1975", таму што пакуль ён адзін такі і выйшаў. Першынец. Адзін за год…
Трэба адразу сказаць, што тут атрымаўся зусім не "першы блін". Многа і старанна папрацавала рэдкалегія, пераклады на добрым, часам нават на выдатным узроўні. Пастараліся таксама і паліграфісты.
Яшчэ раз пераглядаючы прачытаную ўжо кніжку, хочацца сказаць з самага пачатку, што даты 1945–1975 да многага абавязвалі ўкладальнікаў. Вайна — гэта асколак, які і дагэтуль сядзіць у калясардэчнай сумцы кожнага з нас.
…А. Твардоўскі: "Той дзень, як скончана вайна". Магутны талент паэта захапляў і пры яго жыцці, а цяпер і пагатоў. Журботная памяць людзей заўжды ўзвышае паэта. І таму трэба мець вялікую смеласць, каб наважыцца на пераклад мастака такога маштабу. І — талент. Падзякуем Міколу Аўрамчыку (ён, дарэчы, пераклаў і "Ты помніш, Алёша, дарогі Смаленшчыны" К.Сіманава), які мае і тое, і другое. пераклады яго ўсхваляваныя і дакладныя. А гэта цяжка, калі вершы тыя з дзяцінства ведаеш на памяць. Але тут перакладчыку турбавацца няма чаго. Працу ягоную варта памянуць добрым словам. Хай вершы гучаць нязвыкла — не страчана нічога важлівага з таго, што казаў арыгінал:
"Мы вас пачакаем!" — казалi загоны нам. "Мы вас пачакаем!" — казалі лясы. Ты знаеш, Алёша, здаецца мне поначы, Што следам за мной іх ідуць галасы.І зноў вайна. М. Шолахаў: "Яны змагаліся за Радзіму". У перакладзе М. Лужаніна, раздзелы з рамана. Таксама даўно знаёмая і таму надта адказная для перакладчыкаў рэч. Але і тут добра. Несумненная ўдача ў стэпавых пейзажах, у малюнку хутара над рэчкай. А лепш за ўсё — Лапахін. Так добра перададзены яго то з'едлівы, то хуткі, то злосна-павольны, то проста з лютым гумарком, а то і вясёлы, балбатлівы гаварок разумніка-салдата. І яшчэ — бабка з яе крыклівасцю, бурчаннем. Такая — як мноства вясковых бабак. Гэтыя моўныя адметнасці, гэтыя дыялектызмы. М. Лужанін справіўся са сваёй задачай грунтоўна, хаця і не без непазбежных страт. Што ж, мы даўно, яшчэ з даваенных часоў, ведаем яго як добрага перакладчыка.
Вельмі дакладны і паэтычны пераклад "Паэзіі" У. Бранеўскага даў нам Ю. Гаўрук:
Калі арфу скамандуюць выбраць, каб развеяць пякельныя хмары, сабе жылы гатовы мы выдраць і па іх, як па струнах, ударыць. Трэба песняю біць аж да смерці, знішчыць кодлішча гадаў варожых. Пэўна ж, ёсць справядлiвасць на свеце, ёсць — любоў — і яна пераможа. Вось тады дай слоў самых сардэчных, найцішэйшых і поўных павагі, а памерлых укрые хай вечнасць, як парваныя віхрамі сцягі.…Першы агрэх. Нехта не ўсё добра прадумаў. Чаму Тадэвушу Рыжэвічу такі гонар, што ён мае біяграфію перад сваім цудоўным апавяданнем "Сыны", а, скажам, Яўген Гуцала, той жа Бранеўскі і многія іншыя такога гонару не маюць? Скажам, Шолахаў не мае ў гэтым патрэбы, яго і так усе ведаюць. Але — Ян Костра, Данат Шайнэр ці Францэ Прэшэрн? Шмат хто ведае пра іх?
Увогуле, на мой погляд, у наступных кнігах "Даляглядаў" трэба даваць у канцы (як гэта паспяхова робяць часопісы "Маладосць" або "Иностранная литература") кароткае: "Нашы аўтары". Гэта і карысць прынясе, і адначасова не будзе разбіваць асноўнага тэксту.
А пераклад Т. Ружэвіча Янкам Брылём вельмі добры. Выкліваюць пярэчанне толькі некаторыя дэталі. Застрэлілі хлопца. Брат у моргу змочвае вялікі пук газет і запаўняе забітаму чэрап. Каб, значыцца, выглядала "па-людску"… Ёсць усё ж і для літаратуры забароненыя вобразы. Асабліва калі за іх няспрытна бяруцца. Але гэта закід аўтару вельмі добрага апавядання, а не перакладчыку, якому трэба сказаць ва ўхвалу, што тут ёсць мова. У адрозненне ад некаторых іншых перакладчыкаў, якія ўжываюць не ўласцівыя нашай граматыцы звароты.
Увогуле, "Далягляды" — подзвіг перакладчыкаў, за гэта ім нашае дзякуй. Бо так мала часу, каб прачытаць такое па-польску, чэшску, славенску.
Дарэчы, чэшская і славацкая паэзія. Усе пераклады выкананы тут добра, на высокім узроўні. Аднак насцярожвае почасту падбор вершаў. Вітазлаў Незвал, напрыклад, змешчаным у зборніку вершам робіць не зусім тое, што трэба, уражанне. Можна было выбраць штосьці лепшае.
Добра гучаць вершы Іозефа Горы, Станіслава Косткі Неймана, Даната Шайнэра. Дужа ўдалыя і некаторыя пераклады П. Макаля. Напрыклад, "Страхоўка" Андрэя Плаўкі, "Паўстаць" Іозефа Мігалковіча, "Старыя настаўніцы" Войтэха Мігаліка, "Каляндар" і "Вяселле" Міраслава Валека, "Я іду" Штэфана Жары, "Дрэвы" Яна Смрэкі. П. Макаль праявіў добры густ у адборы пісьменнікаў і меў дакладнае перакладчыцкае пяро. Толькі шкада, што не трапілі сюды вершы, скажам, Лаца Навамескага. І яшчэ шкада, што ўкладальнікі абмежаваліся паўсюль толькі сучаснымі паэтамі, не ўключаючы класіку.