Ланцуг
Шрифт:
Раніца сустрэла яго пахмурнай, ветранай няўтульнасцю. На двары стаялі калюжыны, клумбы з кветкамі былі здратаваныя з мокрай зямлёй. Адламалася і ляжала на зямлі вялікая галіна арэха з няспелымі пладамі.
Валодзін прыйшоў акурат да маршруткі,
Як прыкра атрымалася! І разам з тым у душы была невялічкая палёгка, бо за ноч ён так і не вырашыў, што скажа.
На пляжы пасля начнога шторму ўсё было амаль як у першы дзень яго прыезду. Нізкія хмары, крыкі чаек, халоднае агрэсіўнае мора, шумны накат хваляў з жоўтай пенай… Падышоў малады армянін, з дакорам зірнуў на Валодзіна, прамовіў ледзь не са слязьмі ў голасе:
— Абыдно! — і зразумела было, што ён хацеў гэтым сказаць — так чакаў цёплага мора, сонца, так пра гэта марыў, дабіраўся — і вось табе маеш.
Крыўдна было і Валодзіну, толькі з іншай прычыны. І хто яго ўчора цягнуў за язык? Навошта даў чалавеку надзею? Вось ужо сапраўды, чым старэй, тым дурней…
Так — старэй! Так — мала жыцця засталося, і чым бліжэй да канца, тым больш бесталковае яно; дык ці варта так ужо за яго чапляцца, любой цаной падаўжаць яшчэ на якіх пару паршывых гадоў? Гэта ж так проста: ахвяруй хоць астаткамі яго для кагосьці,
пасунься, падзяліся — табе ж самому лепш стане, сэнс ва ўсім з’явіцца, вечную шклянку вады будзе каму падаць і паміраць не так страшна будзе.Мо і праўда? Паехаць у тое мястэчка… Зрабіць добрую справу… Памагчы чалавеку, нават двум… Для цябе гэта ніякая не ахвяра, ці вельмі малая ахвяра, а для Алесі з малой — шчасце, ратунак. Што ён губляе? Сваю гэтак званую свабоду?
Не факт, што пагодзіцца, — чапляўся Валодзін за саломіну, але не ратавала яна. Яшчэ і як пагодзіцца. Не для сябе, дык дзеля малой.
Праз дзесяць гадоў яму стукне шэсцьдзясят, ёй трыццаць. Вясёленькая ж будзе ў іх сямейка! Дык добра, калі дзесяць гадоў — ого! — а хутчэй за ўсё месяцаў дзесяць… І потым — каму ён што павінен? Мала яго жыццё вучыла? Мала ён аддаў здароўя і сілы, каб набыць спакой і душэўную раўнавагу — самыя большыя ў свеце каштоўнасці?
Ну, не! Жывіце, дарагія, як знаеце, без мяне, я са сваёй шкарлупкі ў ваш свет не вылезу, надта добра ён мне знаёмы!..
Так Валодзін думаў. А спакою ўжо не было, штосьці смактала, і ніяк не можна было, як раней, пераключыць у сабе рычажок на ціхую эгаістычную радасць ад простага існавання.
І яшчэ ён заўважыў, што неяк асабліва пільна ўзіраецца ў мокры пясок пад нагамі, спадзеючыся ўбачыць там залаты бляск.
2011 г.