Ланцуг
Шрифт:
Валодзін гаварыў з тым задавальненнем, з якім адзінокія людзі, напаўшы на ўдзячнага слухача, даюць нарэшце волю языку. Ён нёс розную лухту, банальныя прапісныя ісціны, і выдатна ведаў гэта. Але яна слухала так уважліва, сур’ёзна, з адабрэннем кожнага яго слова, і Валодзіну ўсё больш пачынала здавацца, што яна разумее яго і што ён сапраўды гаворыць па тэме.
Мабыць, да сустрэчы з ім добрая каша была ў яе ў галаве, а цяпер яна паступова прымае яго бачанне, яго светапогляд, прычым з падзякай, з гатоўнасцю быць на другой ролі, ахвотна прызнаючы яго верхавенства.
«А добра, што яна замужам, — думаў Валодзін, ідучы з пляжа на сняданак. — А то сапраўды давялося б раман закручваць — во дзе было б!..»
Увечары яны зноў
Валодзін размяк ад віна, ад мяса, ад прыгожага краявіду, ад маладой жанчыны побач, і пацягнула яго на ўспаміны.
— Як шкада, што мы нікуды не з’ездзілі. У Судак, Феадосію, у тую ж Ялту…
Ён расказаў, як даўно, яшчэ студэнтам, упершыню патрапіў у Ялту, з грашыма толькі на зваротны білет і на маленькую порцыю пяльменяў у суткі, наіўна думаючы, што пераб’ецца адной экзотыкай і святым духам. Начаваў абы-дзе: на лаўках, на пляжы і на асфальце, які ўночы астываў да мінуса, а ўдзень Валодзін бадзяўся каля шашлычных, і кружылася галава ад паху, а музыка іграла, а людзі гулялі і куплялі што хацелі… І ён даў сабе слова прыехаць сюды калі-небудзь іншым чалавекам, не затурканым галодным звярком, а такім, як яны, гаспадаром жыцця…
— Спраўдзілася жаданне, — сказала Алеся.
— Прыехаў. У Ялце пабываў. І ўбачыў не свой ранейшы горад, а цяперашні — раскошны, мільянерскі… Я падрос і Ялта падрасла. І аказалася, нямнога ж я дасягнуў у параўнанні з тым студэнцікам, і лепш бы я хваліўся не тым, што чалавек кніжны, а тым, што пры грашах: беднасць, канечне, не загана, але звычайнае свінства…
Апускалася сонца і ляжала ад яго праз усё мора на спакойнай вадзе шырокая паласа, дрыжэла і пералівалася; колер імпрэсіяністаў — прыкладна як бэзавае накласці на залацістае.
— І я зразумеў: не трэба ні за чым гнацца, усё роўна не здагоніш (казаў Валодзін адваротнае сваім ранішнім словам), і калі і выбірацца ў розныя падарожжы-вандроўкі, дык таму, каб лепш разумець каштоўнасць свайго, яшчэ больш цаніць тое, што маеш, што пад носам…
Тут Валодзін з Алесяю заўважылі, што малая Лізка, ашчаперыўшы яго за шыю, спіць, як кацяня. Так ён яе — жывую, цёплую, і данёс да самага дома, а там асцярожна перадаў маці. Алеся панесла яе ў дом, а ён застаўся чакаць.
Як хутка, раптоўна цямнее на поўдні! З нічога згусцілася ноч, цёмная, шчыльная, працягні руку — памацаць можна. Над галавой на небе буйныя, з кулак, зоркі незвычайнай яркасці, а побач праз плоцік на клумбе такія ж буйныя белыя кветкі дурнап’яну, якія распускаюцца толькі пад ноч. Ад іх паху адразу забалела галава. Вельмі душна было. На вулічных слупах загарэліся ліхтары, і цемра крыху адступіла. Выйшла Алеся.
— Спіць…
Яны няспешна пайшлі назад да мора. Упершыню яны засталіся ўдваіх.
Валодзін бачыў — не так бачыў, як адчуваў, што Алеся таксама хоча пагаварыць, нешта сказаць яму. Але ніяк не мог спыніцца.
— Вось… Значыць, едзеш… Значыць, так мы і не патрапілі ў Ялту… Шкада. Ялта — горад Багдановіча і Чэхава. Памятаеш Чэхава?
— Каго-каго? — яна няўцямна зірнула на яго. — Чэхава?! — і засмяялася.
— Ну, дык і я ж пра тое! Піша — стаяць з малаточкам за дзвярамі кожнага шчаслівага і стукам нагадваць, што ёсць няшчасныя. З малаточкам… Шчаслівых наадварот — трэба аберагаць, раўняцца на іх, зайздросціць ім, а беды іх і без малаточкаў знойдуць! Ці — спяшайцеся рабіць дабро, пакуль маладыя. А якое дабро, што гэта такое — не сказана. Або вазьмі ты «Сабачку з дамаю». Ах ды ох, ён ірве на сабе валасы, яна ламае рукі, бо замужам, а ён жанаты. Калі б гэта пісаў не класік і каб не кідкая назва, — сярдзіта казаў Валодзін, — ніхто гэтага не чытаў бы і фільма не ставіў бы, бо ўвесь сэнс, уся рамантыка тут
акурат у незавершанасці. А вазьмі звядзі іх, пажані, ды яшчэ перанясі ў наш час, у цяперашні свет — яны праз гадзіну завыюць… Класікі. Да сарака гадоў ледзь дажывалі… Не — калі ты геній, дык навучы мяне, як спакайней і даўжэй пражыць — тады я паверу ў тваю геніяльнасць!.. Так жа? Ты згодная?Яны зайшлі на пірс, дайшлі да самага краю. Справа і злева, і спераду жыло, шумела мора, а ззаду, з набярэжнай падала на пірс святло, і калі Алеся папраў-ляла валасы, бліснуў пярсцёнак.
— Дзякуй табе…
— За што?
— Што ходзіш са мной, расказваеш… Ніколі ў жыцці такіх разумных людзей не бачыла… І добрых.
Яму стала і прыемна, і крыху сорамна. Ён балбатаў ад няма чаго рабіць, для ўласнага задавальнення, а яна, відаць, успрымала ўсё ўсур’ёз. А ён… «Закруцім раман»… Нічога ёй не падараваў, нікуды не звазіў… Нават не паслухаў яе толкам. І яму захацелася неяк выправіцца, хоць бы сказаць ёй прыемнае слова.
— Ведаеш, Алеся, калі б ты не была замужняя…
— Замужняя? — перапытала яна. — Вось цана гэтаму замуству, — сцягнула з пальца пярсцёнак і кінула ў ваду з пірса. Валодзін ахнуў, інстынктыўна памкнуўся ўслед, каб падхапіць, і ледзь не зваліўся. Яна, смеючыся, падтрымала яго.
— Кідаюць манеткі, каб вярнуцца, вось і я нешта кінула. Няма ў мяне ніякага мужа. І не было ніколі…
Дык вось што яна насіла ў сабе ўвесь час, вось у чым парывалася прызнацца яму цэлы вечар! Зрэшты, уся яе гісторыя ўклалася ў некалькі сказаў. Яшчэ ў школе пакахала жанатага, зацяжарыла ад яго. Ён не развёўся, яна нарадзіла Лізку. Можаш уявіць, Валодзін, як жыць у адным мястэчку, хадзіць па адных вуліцах, працаваць у магазіне — заўсёды на чужых вачах, ледзь не штодня бачыць яго, жонку яго… І вырвацца нікуды і ніяк.
Яна расказвала проста, даверліва, як вельмі блізкаму чалавеку. Валодзін разгублена памаўчаў, потым спытаў:
— Пярсцёнак чаго купляла?
— Сама не ведаю… Каб менш чапляліся. Ну, што, хадзем, за малую баюся… Правядзеш мяне? — узяла яго пад руку.
І пакуль яны ішлі, усё імгненна прадумаў і зразумеў Валодзін.
— Слухай, Алеся… Табе трэба ратавацца — гэта ясна! Слухай: вось калі б — ну так, проста дапусцім — калі б знайшоўся чалавек, старэйшы за цябе, у Мінску… Не я, іншы! І прапанаваў табе… Забраў цябе з дачкою ў Мінск. Ён бы атрымаў маладую прыгожую добрую жонку, пэўны аўтарытэт, сямейную ўтульнасць, яна — у сэнсе ты — сталічную рэгістрацыю і выграбанне з пекла… Але галоўнае, у кожнага ў любы час поўная воля разбегчыся! Як бы кантракт.
Ніхто ні з кім нічым не звязаны. Само сабой, той чалавек не пара табе, стары, буркатлівы, са сваімі звычкамі… Праўда, не злы. Калі б такі чалавек знайшоўся — пайшла б?
Яна нічога не адказала, толькі мацней сціснула яму пальцы. І Валодзін зразумеў: не проста пайшла — пабегла б.
На доўгай вуліцы толькі на двух слупах гарэлі ліхтары, у пачатку і ў канцы, а пасярэдзіне было цёмна. Валодзін з Алесяю якраз праходзілі цёмны адрэзак.
«Ну, давай! — загадваў сабе Валодзін. — Збярыся! Скажы, што гэты чалавек перад табой, гэта я, яна чакае гэтага!..»
Але Валодзін збіраўся-збіраўся, разяўляў-разяўляў рот, набіраў-набіраў у грудзі паветра — ды так нічога і не сказаў. Хай мо заўтра, яшчэ ж будзе заўтра…
Выйшлі да святла, да Алесінага дома. Развіталіся.
— Прыйдзеш нас правесці? — спытала яна звычайным голасам, у якім не было ні расчаравання, ні крыўды.
— Пытаеш — канечне!..
Нездарма так парыла. Сярэдначы пачаўся лівень і пляжыў да раніцы, з громам, з белымі маланкамі — іх відаць было нават праз заплюшчаныя вочы. Валодзін не спаў і чуў, як зусім блізка стогне, рвецца, бухае мора, як гуляе па двары вецер і трашчыць пад акном старое арэхавае дрэва. Страшнавата было яму, кантынентальнаму чалавеку, у чаканні, што вось-вось вецер падыме і панясе гэты катэджык разам з табою ў белы свет…