Лiсцiк серабрыстай таполi (на белорусском языке)
Шрифт:
Уладзiмiр Мiкалаевiч Шыцiк
Лiсцiк серабрыстай таполi
Пройдзе час, з зямных касмадромаў возьмуць старт вялiзныя зоркалёты i накiруюцца да далёкiх галактык.
Магчыма, гэта адбудзецца ўжо ў наступным стагоддзi, магчыма, значна пазней. Але наша мара не хоча чакаць, мы ўжо цяпер хочам ведаць, што напаткае бясстрашных астралётчыкаў у бясконцай прасторы. Аб iх прыгодах, лёсе i знаходках расказваецца ў гэтым зборнiку фантастычных апавяданняў.
За возерам, што плёскаецца зусiм пад нашымi вокнамi, пачынаецца лес. Мы мала там бывалi, не знаходзячы для сябе нiчога прывабнага. Лес быў дагледжаны, расчышчаны i нагадваў школьны парк. Iншая
Але аднаго разу, пасля буры, Мiшка Патупчык нацягаў на бераг ламачча i звязаў плыт. Гэта было нешта незвычайнае, i мы акружылi Мiшку, шкадуючы, што нiкому з нас не прыйшла такая думка раней. Паўтараць жа зробленае кiмсьцi было не ў правiлах вучняў нашай школы.
А Мiшка быццам не заўважаў нас i нашу зайздрасць. Ён спiхнуў плыт у ваду, працягнуў яго за прывязаную вяроўку крокаў на пяцьдзесят убок, якраз туды, дзе пачыналася глыбiнная плынь, i скочыў на хiсткiя бярвенчыкi.
– Вясло, Патупчык, вясло забыўся, - пабег у ваду Сярожка Шарай.
Мiшка толькi ўсмiхнуўся. А я падумаў, што ён, напэўна, уявiў сябе адным са старажытных мараходаў, якiя на плытах перасякалi цэлыя акiяны.
Вiдаць, Мiшка разведаў усё папярэдне. Плынь аказалася iмклiвай, i неўзабаве ён быў ужо далёка. Мы пастаялi яшчэ крыху на беразе, прыкладаючы час ад часу далонi да лба, каб паглядзець, як ён там. А калi ўжо плыт з Мiшкам стаў як маленькая карычневая кропка, разышлiся.
Вярнуўся Мiшка на самым змярканнi. Сонца падсмалiла яго, i ў Мiшкi былi ярка-чырвоныя рукi i ногi i лупiўся пакрыты вяснушкамi кiрпаты нос. Мы рабiлi выгляд, што нiчога незвычайнага не адбылося, а самi ледзь стрымлiвалiся - так хацелася ведаць, што ж такога было з Мiшкам?
Ён маўчаў. I толькi, калi ўжо вячэра падыходзiла к канцу, непрыкметна для астатнiх i настаўнiка падмiгнуў мне з Сашкам. Гэта азначала, што мы павiнны перад сном тайна прабрацца ў яго пакой. Вядома, нас не трэба было запрашаць двойчы. Больш таго, мы ледзьве дачакалiся прызначанага часу.
– Ну як?
– хрыплым шэптам спытаў Сашка, як толькi Мiшка, выглянуўшы папярэдне ў калiдор, зачынiў за намi дзверы.
– Возера, - адказаў Мiшка.
– I толькi?!
– мы былi расчараваны. Пра возера мы ведалi i без яго. Нават зараз, у гэты самы момант, яно глуха шумела, лiжучы высокiмi хвалямi пясчаны бераг.
– Лясное.
– Здзiвiў!
– Сашка нават абурыўся.
I я не разумеў, навошта было хавацца сюды, каб даведацца пра звычайную рэч.
– Па-першае, яно чорнае-чорнае, а па-другое, з'явiлася нядаўна. Ляснiк казаў, недзе было землетрасенне, i яно з'явiлася.
Колер - дробязь, а што побач ёсць возера, пра якое нават астатнiя хлопцы не ведагоць, - гэта ўжо сапраўды незвычайная падзея.
– А ты не памыляешся?
– не паверыў Сашка.
– Самi ўбачыце.
Назаўтра пасля заняткаў мы зноў былi на востраве. Я прапанаваў узяць лодку, але сябры не падтрымалi. Лодка - не для першаадкрывальнiкаў. Для гэтай мэты найлепшае - самаробны плыт.
Нас трох для кволага Мiшкавага збудавання было замнога. Разы са два хвалi захлёствалi плыт, i мы аказвалiся ў вадзе. Але ўрэшце дасягнулi другога берага. Выцягнулi плыт на пясок i пайшлi ў лес.
Дарогу Мiшка запомнiў добра. Праз якую гадзiну мы ўжо былi ля мэты.
На першы погляд у гэтым лясным возеры нiчога асаблiвага не было. Вялiзная палонка пасярэдзiне зарослай мохам паляны. Вакол растуць
кусты алешнiку, сям-там каля берага вiдаць шырокiя лiсты i кветкi гарлачыкаў. Вось толькi паверхня... Мiшка не памылiўся: яна была цьмяная, быццам промнi святла знiкалi ў ёй без астатку.– Як сажа, - усклiкнуў Сашка.
– А што я казаў?
– узрадаваўся Мiшка.
А мне падумалася, што гэта возера падобнае на кавалак глыбокага космасу, дзе ўсё навокал чорна i да блiжэйшых зорак доўгiя гады шляху. Але я не сказаў сябрам пра гэта параўнанне. Яны былi ўпэўнены, што я раўнадушны да космасу. А як я мог гаварыць, што некалi пайду ў прастору, калi нават фiзкультурай займаўся па спрошчанай праграме? Таму я нiколi не марыў з хлопцамi ўголас пра падарожжы да зорак. Я нёс сваiо мар/ ў сабе.
– Трэба нанесцi на карту, - сказаў Сашка. Няўрымслiвая яго натура патрабавала дзейнасцi.
– Стойце тут, я зраблю вымярэннi, - i ён пайшоў, шырока ставячы крокi, уздоўж азёрнага берага.
Мiшка тым часам сарыентаваўся па сонцу, каб вызначыць каардынаты возера. Напэўна, гэта была дарэмная работа. Каардынаты школы мы вызначалi шмат разоў - i ўначы па зорках, i ўдзень па сонцу. А адсюль да школы было кiламетраў дзесяць прама на ўсход. Так што патрэбныя разлiкi можна было зрабiць без алоўка. Але я зноў прамаўчаў. Хай робяць як хочуць. Я ж ведаў адно: я прыйду сюды яшчэ раз, адзiн, i прынясу акваланг. Я нарэшце адчую, што гэта такое - чорны i маўклiвы космас.
Тым часам вярнуўся Сашка. Перыметр возера раўняўся тысячы шасцiстам дваццацi крокам або прыкладна паўтара кiламетрам. Хлопцы хутка начарцiлi картаграфiчную сетку, потым нанеслi на яе абрысы возера.
– Вяртаемся, - сказаў Сашка, задаволена аглядаючы сваю работу.
– Пара ўжо, - згадзiўся Мiшка, - хутка сцямнее. Ты што, начаваць тут збiраешся?
– крыкнуў ён, убачыўшы, што я застаюся на месцы.
– Хадзем, Вiцiк, - падбег да мяне Сашка, - мы ж разам усё рабiлi, па-свойму зразумеў ён мой настрой.
Я засмяяўся i далучыўся да хлопцаў.
Калi праз некалькi дзён я сказаў, што пайду ў лес, гэта не выклiкала нi ў кога пытанняў. Раз не запрашаю ў спадарожнiкi каго-небудзь, значыць, так мне лепш. Мы прывыклi паважаць справы i жаданнi таварышаў.
Надвор'е было пахмурнае, i вада ў возеры здалася яшчэ больш цёмнай. Я добра плаваў i не баяўся нi глыбiнi, нi вiроў. А тут мне раптам стала страшнавата. Падумалася, што гэта проста багнiстае балота, дно якога ўсцiлае звычайны тарфяны пласт. Але менавiта таму, што адчуў страх, няўпэўненасць, я прышпiлiў балоны з паветрам, надзеў маску i падышоў да вады. Глеба пад нагамi была мяккая, як дыван, - прыбярэжнае дно было пакрыта мохам. Ногi не правальвалiся, i я ўжо больш упэўнена пакрочыў далей.
Так, у чорным колеры вады было, напэўна, вiнавата дно, бо сама вада мела зусiм нармальны выгляд, з-пад маiх ног i рук выляталi шматлiкiя празрыстыя пырскi. Можна было вяртацца дадому. На ўсякi выпадак я яшчэ прайшоў далей, каб павярнуць i адтуль паглядзець на неба, i раптам паслiзнуўся i правалiўся некуды ўнiз. Я паспеў толькi ўбачыць зацягнутае хмарамi шэрае неба, яно чамусьцi вiднелася крыху ў баку ад мяне, а яшчэ праз iмгненне ўсё наўкол ахутала цемра. Дзiўна, але гэта адразу супакоiла мяне. Цемра ж была маёй мэтай. Я паварушыў рукамi, адчуваючы, што цела падпарадкоўваецца мне, i, значыць, варта толькi захацець, я магу адразу вярнуцца. Да таго ж у мяне на спiне мiж балонаў з паветрам быў маленькi водаструменны рухавiчок. На крайнi выпадак я мог скарыстаць яго.