Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Маўглi (на белорусском языке)
Шрифт:

– Вольны Народ!
– крыкнуў ён.
– Хiба Шэр-Хан Важак Чарады? Хiба тыгр можа быць нашым важаком?

– Месца ж важака яшчэ не занята, а мяне прасiлi гаварыць...
– пачаў Шэр-Хан.

– Хто цябе прасiў?
– сказаў Маўглi.
– Няўжо мы ўсе шакалы, каб поўзаць перад гэтым мяснiком? Чарада сама выбера важака, гэта чужых не датычыцца.

Пачулiся крыкi:

– Маўчы, чалавечае дзiцяня!

– Не, няхай гаворыць! Маўглi захоўваў наш Закон!

I нарэшце старыя гыркнулi:

– Няхай гаворыць Мёртвы Воўк!

Калi Важак Чарады выпусцiў сваю здабычу, яго называюць Мёртвым Ваўком да самай смерцi, якой не даводзiцца доўга чакаць.

Акела

нехаця падняў сiвую галаву:

– Вольны Народ i вы, шакалы Шэр-Хана! Дванаццаць гадоў я вадзiў вас на паляванне i з палявання, i за гэты час нiводзiн з вас не трапiў у пастку i не быў пакалечаны. А цяпер я прамахнуўся. Вы ведаеце, як гэта было падстроена. Вы ведаеце, што мне падвялi свежага аленя для таго, каб мая слабасць стала вiдавочнай. Гэта было ўмела зроблена. Вы маеце права забiць мяне тут, на Скале Рады. I таму я пытаюся: хто з вас падыдзе i прыкончыць ваўка-адзiнца? Паводле Закону Джунгляў я маю права патрабаваць, каб вы падыходзiлi па адным.

Настала доўгае маўчанне. Нiводзiн воўк не асмельваўся распачаць смяртэльны бой з Акелам.

Потым Шэр-Хан зароў:

– Навошта нам гэты бяззубы дурань? Ён i так памрэ! А вось чалавечае дзiцяня зажылося на свеце. Вольны Народ, яно з самага пачатку было маёй здабычай. Аддайце яго мне. Мне агiдна бачыць, што ўсе вы быццам страцiлi розум з iм. Яно дзесяць гадоў баламуцiла джунглi. Аддайце яго мне, iнакш я заўсёды буду паляваць тут, а вам не пакiну нават голай косткi. Яно чалавек i дзiця чалавека, i я ўсiм сэрцам ненавiджу яго!

Тады больш за палову Чарады завыла:

– Чалавек! Чалавек! Навошта нам чалавек! Няхай iдзе да сваiх!

– I ўзнiме супраць нас усiх людзей у вёсках!
– крыкнуў Шэр-Хан.
– Не, аддайце яго мне! Гэта чалавек, i нiхто з нас не асмельваецца глядзець яму ў вочы.

Акела зноў падняў галаву i сказаў:

– Ён еў разам з намi. Ён спаў разам з намi. Ён заганяў для нас дзiчыну. Ён нi разу не парушыў Закону Джунгляў.

– Мала таго: калi яго прымалi ў Чараду, у плату за яго я аддала буйвала. Буйвал каштуе не дужа шмат, але гонар Багiры, магчыма, каштуе таго, каб за яго бiцца, - правуркатала Багiра сама мяккiм голасам.

– Буйвал, аддадзены дзесяць гадоў назад!
агрызнулася Чарада.
– Што нам да костак, якiм ужо дзесяць гадоў?

– Або да таго, каб трымаць сваё слова?
– сказала Багiра i ашчэрыла белыя зубы.
– Нездарма вы называецеся Вольным Народам!

– Нiводная чалавечае дзiцяня не можа жыць з Народам Джунгляў!
– завыў Шэр-Хан.
– Аддайце яго мне!

– Ён наш брат па ўсiм, апрача крывi, - гаварыў далей Акела, - а вы хочаце забiць яго тут! I праўда, зажыўся я на свеце! Адны з вас нападаюць на свойскую жывёлу, а другiя, падвучаныя Шэр-Ханам, як я чуў, бадзяюцца цёмнай ноччу па вёсках i крадуць дзяцей з парогаў хацiн. Таму я ведаю, што вы баязлiўцы, i да баязлiўцаў звяртаюся цяпер. Я хутка памру, i жыццё маё не мае цаны, а не - дык я аддаў бы яго за жыццё чалавечага дзiцяняцi. Але дзеля гонару Чарады, пра якi вы паспелi забыцца без важака, я абяцаю вам, што не ўкушу вас нi разу, як прыйдзе мой час памiраць, калi толькi вы дасце чалавечаму дзiцяняцi спакойна пайсцi да сваiх. Я памру без бою. Гэта ўратуе для Чарады не менш чым тры жыццi. Больш я нiчога не магу зрабiць, але, калi хочаце, пазбаўлю вас ад ганьбы - забiць брата, за якiм няма вiны, брата, якога прынялi ў Чараду, паводле Закону Джунгляў.

– Ён чалавек!.. Чалавек!.. Чалавек!
– завыла ўся Чарада.

I больш за палавiну Чарады перабегла да Шэр-Хана, якi пачаў паляпваць па зямлi хвастом.

– Цяпер усё ў тваiх руках, - сказала Багiра Маўглi.
– Мы цяпер

можам толькi бiцца.

Маўглi выпрастаўся на ўвесь рост, з гаршком у руках. Потым разгарнуў плечы i пазяхнуў проста ў твар Радзе, але ў душы ён быў сам не свой ад злосцi i гора, бо ваўкi, па сваёй воўчай звычцы, нiколi не гаварылi Маўглi, што ненавiдзяць яго.

– Слухайце, вы!
– крыкнуў ён.
– Увесь гэты сабачы брэх непатрэбны. Вы столькi разоў гаварылi мне сёння, што я чалавек (а з вамi я на ўсё жыццё застаўся б ваўком), што я i сам адчуў праўду вашых слоў. Я стану называць вас не братамi, а сабакамi, як i належыць чалавеку. Не вам гаварыць, чаго вы хочаце i чаго вы не хочаце, - гэта мой клопат! А каб вам лепей было вiдаць, я, чалавек, прынёс сюды Чырвоную Кветку, якой вы, сабакi, баiцеся.

Ён шпурнуў на зямлю гаршчок, гарачыя вугалi падпалiлi сухi мох, i ён загарэўся яркiм полымем. Уся Рада адскочыла назад перад языкамi полымя. Маўглi сунуў у агонь сухi сук, так што дробныя галiнкi ўспыхнулi i затрашчалi, потым закруцiў iм над галавой, разганяючы натапыраных ад страху ваўкоў.

– Ты - гаспадар становiшча, - сказала Багiра шэптам.
– Выратуй Акелу ад смерцi. Ён заўсёды быў табе сябрам.

Акела, пануры стары воўк, якi нiколi ў жыццi не прасiў лiтасцi, цяпер з мальбою зiрнуў на Маўглi, а той стаяў у святле ад палаючай галiны, увесь голы, з растрапанымi на плячах доўгiмi чорнымi валасамi, i ценi скакалi i мiтусiлiся вакол яго.

– Так!
– сказаў Маўглi, павольна азiраючыся навокал.
– Бачу, што вы сабакi. Я iду ад вас да свайго народа - калi гэта мой народ. Джунглi цяпер не для мяне, я павiнен забыць вашу мову i вашу дружбу, але я ўсё ж буду больш лiтасцiвы, чым вы. Я быў вашым братам ва ўсiм, апрача крывi, i таму абяцаю вам, што, калi стану чалавекам сярод людзей, я не здраджу вам перад людзьмi, як вы здрадзiлi мне.

Ён пiхнуў вогнiшча нагой, i ўгору паляцелi iскры.

– Памiж намi, ваўкамi адной Чарады, не будзе вайны. Аднак, перш чым пайсцi, трэба заплацiць доўг, - дадаў ён.

Маўглi падышоў блiжэй да таго месца, дзе сядзеў Шэр-Хан, няўцямна мiргаючы на агонь, i схапiў яго за кутасiк на падбародку. Багiра падалася за iм на ўсякi выпадак.

– Устань, сабака!
– крыкнуў Маўглi.
– Устань, калi гаворыць чалавек, а то я падсмалю табе шкуру!

Шэр-Хан прыцiснуў вушы да галавы i заплюшчыў вочы, бо палаючы сук быў вельмi блiзка.

– Гэты забойца жывёлы гаварыў, што заб'е мяне на Радзе, бо не паспеў забiць мяне ў маленстве... Вось так i вось так мы б'ём сабаку, калi становiмся людзьмi. Варухнi толькi вусам, Кульгавы, i я заганю табе ў горла Чырвоную Кветку.

Ён бiў Шэр-Хана па галаве палаючай галiнай, i тыгр скуголiў i стагнаў ад смяртэльнага страху.

– Фэ! Цяпер iдзi прэч, смаленая кошка! Але памятай: калi я наступны раз прыйду на Скалу Рады, я прыйду са шкурай Шэр-Хана на галаве... Цяпер вось што, Акела вольны жыць, дзе яму хочацца. Вы яго не заб'яце, бо я гэтага не хачу. Не думаю таксама, што вы доўга яшчэ будзеце сядзець тут, высалапiўшы языкi, нiбы важныя асобы, а не сабакi, якiх я ганю прэч, вось так! Вон, вон!

Канец сука раз'юшана палаў. Маўглi раздаваў удары направа i налева па крузе, а ваўкi разбягалiся з выццём, несучы на сваёй шкуры гарачыя iскры. Пад канец на скале засталiся толькi Акела, Багiра i, можа, дзесятак ваўкоў, што перайшлi на бок Маўглi. I тут штосьцi пачало пячы Маўглi знутры, як нiколi ў жыццi не пякло. У яго заняло дух, ён заплакаў, i слёзы пацяклi па яго шчоках.

– Што гэта такое? Што гэта?
– гаварыў ён.
– Я не хачу iсцi з джунгляў, i я не ведаю, што са мной робiцца. Я памiраю, Багiра?

Поделиться с друзьями: