Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ды вы прысядзьце, Мiканор Iванавiч, - крычаў грамадзянiн. Ён зусiм не разгубiўся, круцiўся, прапаноўваў старшынi крэсла.
Мiканор Iванавiч даволi люта адапхнуў крэсла i закрычаў:
– Хто вы такi, нарэшце?
– Я, майце ласку ведаць, перакладнiк пры асобе чужаземца, якi мае рэзiдэнцыю ў гэтай кватэры, - адрэкамендаваўся незнаёмы Кароўеў i грукнуў абцасам рыжага неваксаванага чаравiка.
Мiканор Iванавiч разявiў рот. Наяўнасць нейкага чужаземца, ды яшчэ з перакладнiкам, у гэтай кватэры была яму неверагодным сюрпрызам, i ён запатрабаваў тлумачэння.
Перакладнiк ахвотна растлумачыў.
– Нiчога ён мне не пiсаў, - здзiўлена сказаў старшыня.
– А вы паглядзiце ў сваiм партфелi, Мiканор Iванавiч, - соладка прапанаваў Кароўеў.
Мiканор Iванавiч пацiснуў плячыма, расшпiлiў партфель i знайшоў у iм пiсьмо Лiхадзеева.
– Як жа я пра яго забыў?
– тупа глядзеў на распячатаную капэрту i мармытаў Мiканор Iванавiч.
– Бывае i не такое, бывае, Мiканор Iванавiч!
– затрашчаў Кароўеў. Няўважлiвасць, няўважлiвасць, i ператомленасць, i павышаны цiск, дарагi Мiканор Iванавiч! Я сам жахлiва няўважлiвы. Як-небудзь пры чарцы я раскажу вам некалькi фактаў з мае бiяграфii, i ў вас жывот забалiць ад рогату.
– Калi ж Лiхадзееў едзе ў Ялту?
– Ды ён паехаў, паехаў!
– закрычаў перакладнiк.
– Ён, ведаеце, iмчыць ужо, iмчыць! Ён ужо чортведама дзе!
– I тут перакладнiк замахаў рукамi, як млын крыламi. Мiканор Iванавiч заявiў, што яму трэба ўбачыць чужаземца асабiста, але тут атрымаў ад перакладнiка адмову: нельга, заняты. Дрэсiруе ката.
– Ката, калi хочаце, магу паказаць, - прапанаваў Кароўеў.
Ад гэтага, у сваю чаргу, адмовiўся Мiканор Iванавiч, а перакладнiк адразу ж зрабiў старшынi нечаканую, але надта цiкавую прапанову.
Улiчваючы тое, што пан Воланд нiзавошта не хоча жыць у гатэлi, а жыць ён прывык прасторна, дык вось цi не дазволiць жылтаварыства заняць на тыдзень, пакуль працягваюцца гастролi Воланда ў Маскве, яму ўсю кватэру, гэта значыць i пакоi нябожчыка?
– Яму ж усё роўна, нябожчыку, - шэптам пеў Кароўеў, - яму цяпер, згадзiцеся самi, Мiканор Iванавiч, кватэра гэтая да лямпачкi?
Мiканор Iванавiч недаўменна запярэчыў, што чужаземцам належыць жыць у "Метраполi", а не на прыватных кватэрах.
– Кажу вам, капрызны, як чортведама што!
– зашаптаў Кароўеў.
– Ну не хоча! Не любiць ён гатэляў! Во яны дзе ў мяне сядзяць, гэтыя iнтурысты!
– iнтымна паскардзiўся Кароўеў i ткнуў пальцам у сваю жылiстую шыю.
– Верыце, усю душу выматалi! Прыедзе... i цi нашпiёнiць, як сучы сын, цi капрызамi ўсе нервы выматае: i тое яму не гэтак, i гэта яму не так!.. А вашаму таварыству, Мiканор Iванавiч, поўная выгада i вiдавочны прафiт. А грошай ён не пашкадуе, - Кароўеў азiрнуўся, потым шапнуў на вуха старшынi: - Мiльянер!
У прапанове перакладнiка быў закладзены яўны практычны сэнс, прапанова была даволi аўтарытэтная, але нешта надзiва не аўтарытэтнае было i ў манеры перакладнiка гаварыць, i ў яго адзеннi, i ў гэтым мярзотным, нiчога не вартым пенснэ. У вынiку гэтага нешта падсвядомае мучыла старшынёву душу, i ўсё ж ён вырашыў згадзiцца з прапановаю. Справа ў тым,
што таварыства мела даволi вялiкi дэфiцыт. Да восенi трэба было выкупiць нафту на паравое ацяпленне, а за якую фiгу - невядома. З iнтурыставымi грашыма i можна будзе выкруцiцца. Але дзелавы i асцярожны Мiканор Iванавiч заявiў, што яму перш за ўсё трэба ўвязаць гэтае пытанне з iнтурысцкiм бюро.– Я разумею, - крыкнуў Кароўеў, - як жа гэта без увязкi, абавязкова. Вось вам тэлефон, Мiканор Iванавiч, i тэрмiнова ўвязвайце. А наконт грошай не думайце, - шэптам дадаў ён i павёў старшыню ў пярэднi пакой да тэлефона, - з каго ж узяць, як не з яго? Каб вы бачылi, якая ў яго вiла ў Нiцы! На наступнае лета, як паедзеце за мяжу, знарок заязджайце паглядзець - ахнеце!
Справа з iнтурысцкiм бюро ўладзiлася па тэлефоне з незвычайнаю хуткасцю, якая ўразiла старшыню. Аказалася, што там ужо ведаюць пра намер пана Воланда жыць у прыватнай кватэры Лiхадзеева i супраць не маюць нiчога.
– Ну i цудоўна!
– крычаў Кароўеў.
Крыху аглушаны яго траскатнёю, старшыня заявiў, што жылтаварыства згодна здаць на тыдзень кватэру No 50 артысту Воланду з платай па...
– Мiканор Iванавiч сумеўся крыху i сказаў:
– Па пяцьсот рублёў у дзень.
Тут Кароўеў канчаткова ўразiў старшыню. Ён жулiкавата падмiргнуў на спальню, адкуль чуваць было, як мякка скача кот, i прасiпеў:
– За тыдзень, выходзiць, тры з паловаю тысячы? Мiканор Iванавiч падумаў, што ён дадасць: "Аднак жа i апетыт у вас, Мiканор Iванавiч!" - але Кароўеў сказаў зусiм iншае:
– Прасiце пяць, ён дасць! Хiба гэта сума? Мiканор Iванавiч разгублена ўсмiхнуўся i сам не заўважыў, як апынуўся ля пiсьмовага стала нябожчыка, дзе Кароўеў хуценька напiсаў кантракт у двух экземплярах. Пасля гэтага ён злятаў з iм у спальню i адразу ж вярнуўся, абодва экземпляры былi размашыста падпiсаны чужаземцам. Падпiсаў кантракт i старшыня. Тут Кароўеў запатрабаваў распiсачку на пяць...
– Пропiссю, пропiссю, Мiканор Iванавiч!.. тысяч рублёў...
– i са словамi, якiя не стасавалiся да сур'ёзнай справы: - Эйн, цвэй, дрэй!
– паклаў старшынi пяць новенькiх банкаўскiх пачкаў.
Адбыўся пералiк, перасыпаны жарцiкамi i прымаўкамi Кароўева накшталт "грошыкi падлiк любяць", "свае вочкi не глядзяць убочкi" i iншымi.
Пасля таго як пералiчыў грошы, атрымаў ад Кароўева пашпарт чужаземца i кантракт i ўсё паклаў у партфель, старшыня не ўтрымаўся i сарамлiва папрасiў кантрамарку...
– Пра што гаворка!
– гаркнуў Кароўеў.
– Колькi вам бiлецiкаў, Мiканор Iванавiч, дванаццаць, пятнаццаць?
Агаломшаны старшыня растлумачыў, што кантрамаркi яму патрэбны толькi дзве, яму i Пелагеi Антонаўне, яго жонцы.
Кароўеў адразу ж выхапiў блакнот i залiхвацка выпiсаў Мiканору Iванавiчу кантрамарачку на дзве асобы на першым радзе. I гэту кантрамарачку перакладнiк леваю рукою спрытна ўсунуў Мiканору Iванавiчу, а праваю ўклаў у руку старшынi тоўсты хрусткi пачак. Мiканор Iванавiч кiнуў на яго вокам, густа пачырванеў i пачаў адпiхаць ад сябе.
– Гэтага не паложана...
– мармытаў ён.
– I слухаць не буду, - зашаптаў яму на вуха Кароўеў, - у нас не палагаецца, а за мяжой палагаецца. Вы пакрыўдзiце яго, Мiканор Iванавiч, а гэта няёмка. Вы працавалi...