Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:

– Меры вось якiя. Узяў я на кухнi свечачку...

– Вось гэту?
– спытаўся доктар i паказаў на паломаную свечку, якая ляжала побач з iконкай на стале перад жанчынаю.

– Гэтую i...

– А навошта iконка?

– Ага, i iконка...
– Iван пачырванеў, - iконка больш за ўсё i спалохала, ён зноў пальцам паказаў на Рохiна, - але справа ў тым, што ён, кансультант, ён, скажам шчыра... знаецца з нячыстаю сiлаю... i проста так яго не зловiш.

Санiтары чамусьцi выцягнулi рукi па швах i не спускалi вачэй з Iвана.

– Ага, - працягваў Iван, - знаецца! Тут факт бясспрэчны. Ён асабiста з Понцiем Пiлатам размаўляў. Ды не глядзiце вы гэтак на мяне! Праўду

гавару! Усё бачыў - i балкон, i пальмы! Быў, адным словам, у Понцiя Пiлата, я ручаюся.

– Ну, ну...

– Ну, значыць, я iконку на грудзi прычапiў i пабег...I тут гадзiннiк ударыў двойчы.

– Эге, - усклiкнуў Iван i ўстаў з канапы, - дзве гадзiны, а я з вамi час марную! Я прашу прабачэння, дзе тэлефон?

– Прапусцiце да тэлефона, - загадаў доктар санiтарам.

Iван схапiў слухаўку, а жанчына тым часам спыталася ў Рохiна:

– Жанаты ён?

– Халасцяк, - спалохана адказаў Рохiн.

– Сябра прафсаюза?

– Ага.

– Мiлiцыя?
– закрычаў Iван у слухаўку.
– Мiлiцыя? Таварыш дзяжурны, загадайце зараз жа, каб выслалi пяць матацыклiстаў з кулямётамi лавiць замежнага кансультанта. Што? Заязджайце па мяне, я сам з вамi паеду... Гаворыць паэт Iван Бяздомны з вар'яцкага дома... Якi ваш адрас?
– шэптам спытаўся Бяздомны ў доктара, прыкрыўшы слухаўку далонню, а потым зноў закрычаў у слухаўку: - Вы слухаеце? Алё!.. Бесталач!
– раптам зароў Iван i ляпнуў слухаўку аб сцяну. Потым ён завярнуўся да доктара, падаў руку, суха сказаў "да пабачэння" i сабраўся iсцi.

– Злiтуйцеся, куды ж вы хочаце iсцi, - загаварыў доктар, гледзячы Iвану ў вочы, - апоўначы, у адной бялiзне... Вы сябе дрэнна адчуваеце, застаньцеся ў нас!

– Прапусцiце, - сказаў Iван санiтарам, якiя заступiлi дзверы.
– Прапусцiце вы цi не?
– страшным голасам крыкнуў паэт.

Рохiн затрымцеў, а жанчына нацiснула на кнопачку ў стале, i на яго блiскучую паверхню выскачыла блiскучая каробачка i запаяная ампула.

– Ах, так?!
– дзiка i зацкавана прамовiў Iван i азiрнуўся.
– Ну ладна! Бывайце...
– i галавою ён кiнуўся ў акно. Пачуўся ўдар, але спецыяльнае шкло вытрымала, i праз iмгненне Iван выкручваўся ў руках у санiтараў. Ён хрыпеў, спрабаваў кусацца, крычаў:

– Дык вось якiя вы шкельцы ў сябе завялi!.. Пусцi!.. Пусцi, кажу!

Шпрыц блiснуў у руках у доктара, жанчына адным узмахам разарвала рукаў талстоўкi i ўчапiлася ў руку з нежаночаю сiлаю. Запахла эфiрам, Iван аслаб у руках у чатырох чалавек, i спрытны доктар выкарыстаў гэты момант, укалоў iголку ў Iванаву руку. Iвана патрымалi яшчэ некалькi хвiлiн, потым паклалi на канапу.

– Бандыты, - закрычаў Iван i ўсхапiўся з канапы, але яго пасадзiлi. Як толькi адпусцiлi, ён зноў падхапiўся, але назад ужо сеў сам. Ё? памаўчаў, дзiкавата азiрнуўся, потым нечакана пазяхнуў, потым злосна ўсмiхнуўся.

– Упяклi ўсё ж, - сказаў ён, пазяхнуўшы яшчэ раз, нечакана прылёг, галаву паклаў на падушку, кулак па-дзiцячы пад шчаку, замармытаў ужо сонным голасам, нязлосна: - Ну што ж, добра... самi ж за ўсё i расплацiцеся. Я папярэдзiў, а там як хочаце! Мяне ж зараз найбольш цiкавiць Понцiй Пiлат... Пiлат...
– i ён заплюшчыў вочы.

– Ванну, сто семнаццатую асобную i пост да яго, - загадаў доктар, надзяваючы акуляры.

Тут Рохiн зноў здрыгануўся: нячутна адчынiлiся белыя дзверы, за iмi быў вiдаць калiдор, асветлены сiнiмi начнымi лямпачкамi. З калiдора выехала на гумавых колах канапа, на яе пераклалi зацiхлага Iвана, i дзверы за iмi замкнулiся.

– Доктар, - шэптам спытаў уражаны Рохiн, - ён што, сапраўды хворы?

– Вядома, - адказаў доктар.

– I

што ж гэта з iм?
– спалохана спытаў Рохiн.

Стомлены доктар паглядзеў на Рохiна i вяла адказаў:

– Рухальнае i моўнае ўзбуджэнне... лiхаманкавыя iнтэрпрэтацыi... выпадак, вiдаць, цяжкi... Шызафрэнiя, мабыць. I да ўсяго гэтага алкагалiзм...

Рохiн зразумеў са сказанага доктарам, што справа ў Iвана Мiкалаевiча дрэнь, уздыхнуў i спытаўся:

– А што гэта ён усё пра нейкага кансультанта гаварыў?

– Бачыў, мабыць, некага, хто надта ўразiў яго хворае ўяўленне. А можа, i галюцынацыi...

Праз некалькi хвiлiн грузавiк iмчаў Рохiна ў Маскву. Свiтала, i святло не патушаных на шашы лiхтароў было ўжо непатрэбнае i непрыемнае. Шафёр злаваўся, што змарнавана ноч, гнаў машыну хутка, i яе заносiла на паваротах.

Вось i лес адпаў, застаўся недзе ззаду, i рэчка адышла некуды ўбок, насустрач грузавiку сыпалася рознае: нейкiя платы з вартаўнiчымi будкамi i штабелi дроў, высозныя валуны i нейкiя мачты, а на iх нанiзаныя катушкi, кучы каменнага друзу, зямля, парэзаная канавамi, - адным словам, адчувалася, што вось яна, Масква, побач, недзе за чарговым паваротам, i зараз навалiцца, абхопiць.

Рохiна калацiла i падкiдала нейкая калодка, на якой ён прымасцiўся, вылузвалася з-пад яго. Рэстарацыйныя ручнiкi, што падкiнуў мiлiцыянер, якi раней ад'ехаў на тралейбусе разам з Панцялеем, коўзалiся па ўсiм кузаве. Рохiн паспрабаваў iх спачатку сабраць, але потым чамусьцi злосна прашыпеў: "Ну iх к чорту! Чаго я, на самай справе, кручуся, як дурань?.." - адкiнуў iх нагой i не глядзеў туды болей.

Настрой у яго быў жахлiвы. Наведванне журботнага дома пакiнула ў душы цяжкi след. Рохiн спрабаваў зразумець, што яго мучыць. Калiдор з сiнiмi лямпачкамi, якi ўрэзаўся ў памяць? Думка пра тое, што горшае бяды, чым вар'яцтва, няма на свеце? Вядома, i гэта ўсё. Але яно так - агульная думка. А вось яшчэ ёсць нешта. Што ж гэта? Крыўда, вось што. Ага, крыўдныя словы, якiя сказаў Бяздомны проста ў вочы. I бяда не ў тым, што яны крыўдныя, а ў тым, што гэта праўда.

Паэт не глядзеў болей па баках, а ўпёрся позiркам у падлогу, дрыготкую i брудную, пачаў нешта мармытаць, ныць, нiшчыць самога сябе.

Ну, вершы... Яму - трыццаць два гады! А сапраўды, што ж будзе далей? I далей ён будзе выдумляць па некалькi вершаў у год. Да старасцi? Ага, да старасцi. Што ж дадуць яму гэтыя вершы? Славу? "Глупства! Хоць сам сябе не абманвай. Нiколi не будзе славы ў таго, хто выдумляе недарэчныя вершыкi. Чаму недарэчныя? Праўда, праўда сказана!
– бязлiтасна пераконваў сябе Рохiн, - не веру я нiчому з таго, што пiшу!.."

Атручаны выбухам неўрастэнii, паэт гайдануўся, падлога перад iм перастала трэсцiся. Рохiн падняў галаву i ўбачыў, што ён даўно ўжо ў Маскве i што над Масквою ранiца, што воблака падсвечана золатам, што грузавiк яго спынiўся ў калоне разам з iншымi ля павароту на бульвар i што блiзенька ад яго стаiць на пастаменце металiчны чалавек з ледзь нахiленай галавой i абыякава глядзiць на бульвар.

Нейкiя дзiўныя думкi хлынулi ў голаў захварэламу паэту. "Вось прыклад сапраўднае ўдачы...
– тут Рохiн устаў у кузаве i руку падняў, напаў чамусьцi на чалавека, якi нiколi нiкога не чапаў, - куды б не ступiў ён у жыццi, што толькi не здаралася з iм, усё яму на карысць было, усё ператваралася ў славу! Ну што ён зрабiў? Я не разумею... Ну што асаблiвае ў гэтых словах: "Буря мглою..."? Не разумею!.. Пашанцавала, пашанцавала!
– злосна падсумаваў Рохiн i адчуў, што грузавiк пад iм варухнуўся, - страляў, страляў у яго гэты белагвардзеец, разбiў бядро i забяспечыў несмяротнасць..."

Поделиться с друзьями: