Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:
Пакуль яна ляцела, у светлай i лёгкай галаве пракуратара склалася формула. Яна была такая: iгемон разгледзеў справу валацужнага фiлосафа Iешуа па прозвiшчы Га-Ноцры, i злачынства ў яго дзеяннях не знайшоў. У прыватнасцi, няма нiякай сувязi мiж тым, што рабiў Iешуа i хваляваннямi, якiя адбылiся ў Ершалаiме нядаўна. Валацужны фiлосаф аказаўся псiхiчна хворым. У вынiку чаго смяротны прысуд, вынесены Га-Ноцры Малым Сiнедрыёнам, пракуратар не зацвярджае. Але, маючы на ўвазе тое, што ненармальныя, утапiчныя прамовы Га-Ноцры могуць стаць прычынаю хвалявання ў Ершалаiме, пракуратар забiрае Iешуа з Ершалаiма i арыштоўвае яго ў Кесарыi Стратонавай на Мiжземным моры, якраз
Заставалася толькi прадыктаваць гэта сакратару. Ластаўчыныя крылы фыркнулi над самай галавой iгемона, птушка кiнулася да фантана i вылецела на волю. Пракуратар падняў вочы на арыштанта i ўбачыў, што побач з iм слупам загарэўся пыл.
– Усё пра яго?
– спытаўся Пiлат у сакратара.
– На жаль, не, - нечакана адказаў сакратар i падаў Пiлату другi кавалак пергаменту.
– Што яшчэ там?
– спытаўся Пiлат i спахмурнеў.
Пасля таго як прачытаў напiсанае, ён яшчэ болей змянiўся з твару. Цi то цёмная кроў прылiла да шыi i да твару, цi здарылася нешта iншае, але скура яго страцiла жаўтлявае адценне, пацямнела, i вочы быццам правалiлiся.
Зноў, мабыць, была вiнавата кроў, якая прылiла да скроняў i застукала ў iх, але ў пракуратара нешта здарылася з вачыма. Яму прымроiлася, што арыштантава галава паплыла некуды, а на яе месцы з'явiлася другая. На гэтай лысай галаве сядзеў рэдказубы залаты вянок; на лбе была круглая язва, якая раз'ядала скуру, памазаная маззю; запалы бяззубы рот з адвiслаю капрызнаю нiжняю губою. Пiлату здалося, што знiклi ружовыя калоны балкона, дахi Ершалаiма ўдалечынi, унiзе за садам, i ўсё танула вакол у густой зелянiне капрэйскiх садоў. I са слыхам здарылася нешта дзiўнае - нiбы ўдалечынi цiха i грозна пратрубiлi трубы i вельмi выразна пачуўся гугнявы голас, якi пагардлiва расцягваў словы: "Закон аб знявазе яго вялiкасцi..."
Думкi прамiльгнулi кароткiя, абрывiстыя i незвычайныя: "Загiнуў!", потым: "Загiнулi!.." I адна зусiм недарэчная сярод iх пра нейкую абавязковую - у сувязi з кiм?
– несмяротнасць, i гэтая несмяротнасць выклiкала страшэнны сум.
Пiлат наструнiўся, прагнаў мроi, вярнуўся позiркам на балкон, i зноў перад iм апынулiся арыштантавы вочы.
– Слухай, Га-Ноцры, - загаварыў пракуратар i глядзеў на Iешуа неяк дзiўна: твар у пракуратара быў грозны, але позiрк трывожны, - ты хоць калi-небудзь гаварыў з кiм-небудзь пра вялiкага кесара? Адказвай! Гаварыў?.. Цi... не гаварыў?
– Пiлат расцягнуў слова "не" крыху болей, чым належала ў судзе, i паслаў Iешуа нейкую думку, быццам у нечым хацеў пераканаць арыштанта.
– Праўду гаварыць лёгка i прыемна, - заўважыў арыштант.
– Мне не трэба ведаць, - глухiм, злосным голасам адазваўся Пiлат, прыемна цi непрыемна табе гаварыць, гавары праўду. Табе давядзецца яе гаварыць. Але калi будзеш гаварыць, думай, што гаворыш, калi не хочаш не толькi непазбежнай, але i пакутлiвай смерцi.
Нiхто не ведаў, што здарылася з пракуратарам Юдэi, але ён дазволiў сабе падняць руку, быццам засланяўся ад сонечнага промня, i з-за гэтай рукi, як з-за шчыта, паслаў арыштанту нейкi позiрк з намёкам.
– Дык вось, - гаварыў ён, - адказвай, цi ведаеш ты нейкага Юду з Карыяфа i што менавiта ты сказаў яму, калi гаварыў пра кесара?
– Усё было такiм чынам, - ахвотна пачаў расказваць арыштант, - пазаўчора вечарам я пазнаёмiўся ля храма з адным маладым чалавекам, якi назваўся Юдам з горада Карыяфа. Ён запрасiў мяне да сябе дадому ў Нiжнi Горад i пачаставаў...
– Добры чалавек?
– спытаўся Пiлат, i д'ябальскi агонь
– Вельмi добры i цiкаўны чалавек, - пацвердзiў арыштант, - ён вельмi зацiкавiўся маiмi думкамi, шчыра сустрэў мяне...
– Свяцiльнiкi запалiў...
– скрозь зубы ў лад арыштанту прамовiў Пiлат, i яго вочы ў гэты час свяцiлiся.
– Ага, - крыху здзiвiўшыся дасведчанасцi пракуратара, працягваў Iешуа, папрасiў мяне паразважаць пра дзяржаўную ўладу. Гэтае пытанне яго вельмi цiкавiла.
– I што ж ты сказаў?
– спытаўся Пiлат.
– Цi будзеш гаварыць, што забыўся?
– але ў пракуратарскiм голасе ўжо была безнадзейнасць.
– Акрамя ўсяго iншага, я казаў, - расказваў арыштант, - што ўсякая ўлада з'яўляецца гвалтам над чалавекам i што прыйдзе час, калi не будзе нi кесарскай, нiякай улады. Будзе чалавеку царства праўды i справядлiвасцi, дзе наогул не патрэбна будзе нiякая ўлада.
– Далей!
– Болей нiчога не было, - сказаў арыштант, - тут убеглi людзi, звязалi мяне i прывялi ў турму.
Сакратар стараўся не прапусцiць нiводнага слова i старанна крэмзаў па пергаменце.
– На свеце не было i не будзе нiколi большай i цудоўнейшай улады для людзей, чым улада iмператара Цiверыя!
– ахрыплы i хворы Пiлатаў голас мацнеў.
Пракуратар чамусьцi з нянавiсцю глядзеў на сакратара i на канвой.
– I не трэба, шалёны злачынец, разважаць пра яе!
– тут Пiлат закрычаў: Вывесцi канвой з балкона!
– завярнуўся да стала i дадаў: - Пакiньце мяне са злачынцам сам-насам, тут дзяржаўная справа.
Канвой падняў коп'i i, роўна стукаючы калiгамi, выйшаў з балкона ў сад, а следам выйшаў i сакратар.
Маўчанне на балконе некаторы час парушала толькi песня вады ў фантане. Пiлат бачыў, як уставала над трубачкамi вадзяная талерка, як адломлiвалiся яе краi i сцякалi струменьчыкамi.
Першы загаварыў арыштант:
– Я бачу, што здарылася нейкая бяда з-за таго, што я гаварыў з гэтым юнаком з Карыяфа. У мяне ёсць прадчуванне, што з iм здарыцца няшчасце, i мне вельмi шкада яго.
– Я думаю, - з дзiўнаю ўсмешкай адказаў пракуратар, - што ёсць сёй-той на свеце, каго табе трэба пашкадаваць больш, чым Юду з Карыяфа, i каму будзе намнога горш, чым Юду! Такiм чынам, Марк Крысабой, халодны i закончаны кат, людзi, якiя, як я бачу, -пракуратар паказаў на скалечаны твар Iешуа, - цябе бiлi за твае пропаведзi, бандыты Дзiсмас i Гестас, якiя са сваiмi памагатымi забiлi чатырох салдат, i, нарэшце, брудны здраднiк Юда - усе яны добрыя людзi?
– Ага, - адказаў арыштант.
– I настане царства iсцiны?
– Настане, iгемон, - пераканаўча адказаў Iешуа.
– Яно нiколi не настане!
– раптам закрычаў Пiлат такiм страшным голасам, што Iешуа адхiснуўся. Гэтак многа гадоў назад у Далiне Дзеў крычаў Пiлат сваiм коннiкам словы: "Сячы iх! Сячы iх! Велiкан Крысабой папаўся!" Ён яшчэ мацней крыкнуў сарваным на камандах голасам, вымаўляў словы так, каб iх чулi ў садзе: - Злачынец! Злачынец! Злачынец!
А потым прыцiшыў голас i спытаўся:
– Iешуа Га-Ноцры, цi верыш ты ў якiх-небудзь багоў?
– Бог адзiн, - адказаў Iешуа, - я ў яго веру.
– Тады памалiся! Добра малiся! Хаця, - тут голас Пiлата апаў, - гэта не дапаможа. Не жанаты?
– чамусьцi з сумам спытаўся Пiлат, не разумеючы, што з iм адбываецца.
– Не, я адзiн.
– Ненавiсны горад, - чамусьцi раптам прамармытаў пракуратар i перасмыкнуў плячыма, нiбы змёрз, пацёр рукi, як абмыў iх, - калi б цябе зарэзалi перад тваiм спатканнем з Юдам з Карыяфа, гэта было б лепш.