Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:

– Во!
– усклiкнуў Воланд i насмешлiва паглядзеў на прышэльца.
– Меней за ўсё можна было чакаць цябе тут! Ты чаго з'явiўся незапрошаны, але чаканы госць?

– Я да цябе, дух зла i валадар ценяў, - адказаў прышэлец i з-пад iлба варожа паглядзеў на Воланда.

– Калi ты да мяне, то чаму не вiтаешся, былы зборшчык падаткаў? загаварыў Воланд.

– Таму што я не хачу, каб табе здаровiлася, - з выклiкам адказаў прышэлец.

– Табе з гэтым давядзецца змiрыцца, - запярэчыў Воланд, i ўсмешка скрывiла яго рот, - не ўспеў ты з'явiцца, як ужо ляпнуў глупства, i я табе скажу, у чым яно, - у тваёй iнтанацыi. Ты

гаворыш гэтак, быццам не прызнаеш ценяў, а таксама зла. А ты, будзь ласкавы, падумай, што рабiла б тваё дабро, каб не было зла, i як бы выглядала зямля, каб з яе знiклi ценi? Ценi атрымлiваюцца ад прадметаў i ад людзей. Вось цень ад маёй шпагi. Але бываюць ценi ад дрэў i ад жывых iстот. Цi не хочаш ты абадраць увесь зямны шар, знесцi з яго ўсе дрэвы i ўсё жывое з-за твае фантазii мець голы свет? Ты дурны.

– Я не буду з табой спрачацца, стары сафiст, - адказаў Левiй Мацей.

– Ты i не можаш са мной спрачацца, таму што я сказаў ужо: ты дурны, адказаў Воланд i спытаўся: - Ну, гавары коратка, не стамляй мяне, чаго ты хочаш?

– Ён прыслаў мяне.

– Што ён загадаў перадаць табе, раб?

– Я не раб, - яшчэ больш зазлаваў Левiй Мацей, - я яго вучань.

– Мы гаворым з табою на розных мовах, як заўсёды, - адазваўся Воланд, але рэчы, пра якiя мы гаворым, ад гэтага не мяняюцца. Ну?..

– Ён прачытаў створанае майстрам, - загаварыў Левiй Мацей, - i прасiў цябе, каб ты забраў з сабою майстра i ўзнагародзiў яго спакоем. Няўжо табе гэта цяжка зрабiць, дух зла?

– Мне нiчога не цяжка зрабiць, - адказаў Воланд, - i табе гэта добра вядома.
– Ён памаўчаў i дадаў: - А чаму ж вы не бераце яго да сябе, да святла?

– Ён не заслужыў святла, ён заслужыў спакой, - журботным голасам сказаў Левiй.

– Перадай, што будзе зроблена, - адказаў Воланд i дадаў, пры гэтым вока яго загарэлася: - I пакiнь мяне тэрмiнова.

– Ён просiць, каб тую, што кахала яго i пакутавала з-за яго, вы забралi таксама, - упершыню Левiй паглядзеў на Воланда ўмольна.

– Без цябе мы нiяк не здагадалiся б пра гэта. Iдзi.

Левiй Мацей знiк адразу пасля гэтага, а Воланд паклiкаў Азазелу i загадаў:

– Ляцi да iх i ўсё ўладзь.

Азазела пакiнуў тэрасу, i Воланд застаўся адзiн. Аднак быць яму аднаму доўга не давялося. Пачуўся тупат па плiтах на тэрасе i ажыўленая гаворка, i перад Воландам з'явiлiся Кароўеў i Бегемот. Цяпер прымуса ў таўстуна не было, нагружаны ён быў iншымi прадметамi. Пад пахаю ў яго быў невялiкi пейзажык у залатой раме, на руцэ вiсеў кухарскi, напалову згарэлы халат, а ў другой руцэ ён трымаў цэлую сёмгу са скураю i хвастом. Ад Кароўева i Бегемота патыхала гарэлым, Бегемотава морда была ў сажы, а шапачка напалову абгарэла.

– Салют, месiр!
– крыкнула неўгамонная парачка, i Бегемот замахаў сёмгаю.

– Якiя прыгажуны, - сказаў Воланд.

– Месiр, уяўляеце, мяне палiчылi марадзёрам, - радасна i ўзбуджана закрычаў Бегемот.

– Калi меркаваць па прынесеным табою, - адказаў Воланд i паглядзеў на ландшафцiк, - ты i ёсць марадзёр.

– Паверце, месiр...
– пачаў задушэўна Бегемот.

– Не паверу, - коратка адказаў Воланд.

– Месiр, клянуся, я гераiчна спрабаваў выратаваць што толькi можна было, i вось ўсё, што ўдалося адваяваць.

– Ты лепш скажы, чаму загарэўся Грыбаедаў?
– спытаўся Воланд.

Абодва, Кароўеў i Бегемот, развялi рукамi, паднялi

вочы ў неба, а Бегемот закрычаў:

– Не разумею! Сядзелi мiрна, зусiм цiха, абедалi...

– I раптам - трах, трах!
– падхапiў Кароўеў.
– Стрэлы! Ашалелыя ад страху, мы з Бегемотам кiнулiся ўцякаць на бульвар, даганялы следам, мы кiнулiся ў Цiмiразеўку!..

– Але адчуванне абавязку, - умяшаўся Бегемот, - перамагло наш брыдкi страх, i мы вярнулiся.

– Дык вы вярнулiся?
– сказаў Воланд.
– Ну, вядома, тады будынак згарэў ушчэнт.

– Ушчэнт!
– горка пацвердзiў Кароўеў.
– Гэта значыць зусiм ушчэнт, месiр, як вы i сказалi. Адны галавешкi.

– Я накiраваўся, - расказваў Бегемот, - у зал паседжанняў, гэта той, што з калонамi, месiр, спадзяваўся выцягнуць што-небудзь каштоўнае. Ах, месiр, мая жонка, калi б яна толькi была ў мяне, яна дваццаць разоў рызыкавала б застацца ўдавою! Але, на шчасце, я нежанаты, i скажу вам шчыра - шчаслiвы, што не жанаты. Ах, месiр, хiба можна прамяняць халасцяцкую волю на цяжкае ярмо!

– Зноў глупства мелеш, - сказаў Воланд.

– Слухаюся i працягваю, - адказаў той, - ага, вось ландшафцiк. Болей нiчога нельга было ўзяць, полымя шуганула мне ў твар. Я пабег у каморку, выратаваў сёмгу. Пабег на кухню, выратаваў халат. Я лiчу, месiр, што зрабiў усё, што толькi мог, i не разумею, чаму ў вас гэтакi скептычны твар.

– А што рабiў Кароўеў у гэты час, калi ты марадзёрнiчаў?
– спытаў Воланд.

– Я дапамагаў пажарнiкам, месiр, - адказаў Кароўеў i паказаў на парваныя штаны.

– Ну, калi гэтак, то давядзецца будаваць новы будынак.

– Ён будзе пабудаваны, месiр, - адазваўся Кароўеў, - запэўнiваю вас.

– Што ж, застаецца толькi пажадаць, каб ён быў лепшы, чым стары, заўважыў Воланд.

– Гэтак яно i будзе, месiр, - сказаў Кароўеў.

– Вы мне паверце, - дадаў кот, - я сама сапраўдны прарок.

– Нарэшце мы вярнулiся, месiр, - дакладваў Кароўеў, - i чакаем вашых загадаў...

Воланд устаў са свае табурэткi, падышоў да балюстрады i доўга маўчаў, адзiн, завярнуўшыся плячыма да свае свiты, глядзеў удалячынь. Потым адышоў ад краю, зноў сеў на табурэтку i сказаў:

– Загадаў нiякiх не будзе - вы выканалi ўсё, што змаглi, i больш пакуль што мне вашы паслугi не патрэбны. Можаце адпачываць. Зараз прыйдзе навальнiца, апошняя навальнiца, яна скончыць усё, што трэба скончыць, i мы рушым у дарогу.

– Вельмi добра, месiр, - адказалi абодва гаеры i знiклi дзесьцi за круглаю цэнтральнаю вежаю, якая размяшчалася пасярод тэрасы.

Навальнiца, пра якую гаварыў Воланд, ужо збiралася над небакраем. Чорная хмара ўстала на захадзе i да палавiны адрэзала сонца. Потым яна накрыла яго цалкам. На тэрасе пасвяжэла. Яшчэ праз нейкi час зрабiлася цёмна.

Гэтая цемра, якая насунулася з захаду, накрыла вялiзны горад. Знiклi масты, палацы. Усё знiкла, быццам гэтага нiколi i не было на свеце. Па ўсiм небе прабегла вогненная нiтка. Потым горад скалануўся ад удару. Удар паўтарыўся, i пачалася навальнiца. Воланда не стала бачна ў iмжы.

Раздзел 30

ПАРА! ПАРА!

– Ты ведаеш, - гаварыла Маргарыта, - якраз калi ты заснуў учора ноччу, я чытала пра цемру, якая прыйшла з Мiжземнага мора... i гэтыя iдалы, ах, залатыя iдалы! Яны чамусьцi мне ўвесь час не даюць спакою. Мне здаецца, што i зараз лье дождж. Ты адчуваеш, як пасвяжэла?

Поделиться с друзьями: