Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:

Наўрад цi можна было цяпер пазнаць Кароўева-Фагота, самазванца-перакладнiка пры таямнiчым кансультанце, якому непатрэбны былi нiякiя пераклады, у тым, хто цяпер ляцеў побач з Воландам праваруч ад майстра. На месцы таго, хто ў абшарпаным цыркавым адзеннi пакiнуў Вераб'ёвы горы пад прозвiшчам Кароўева-Фагота, цяпер iмчаў, цiха пазвоньваючы залатым ланцугом павадоў, цёмна-фiялетавы рыцар з насупленым, вечна няўсмешлiвым тварам. Ён упёрся падбародкам у грудзiну, ён не глядзеў на поўню, яго не цiкавiла зямля, ён думаў толькi пра нешта сваё, летучы побач з Воландам.

– Чаму ён гэтак перамянiўся?
– спыталася Маргарыта цiха пад ветраны посвiст у Воланда.

– Рыцар гэты калiсьцi няўдала пажартаваў, - адказаў Воланд i

завярнуў да Маргарыты свой твар з адным блiскучым вокам, - яго жарт, калi ён гаварыў пра святло i пра цемру, быў не зусiм добры. I рыцару давялося пажартаваць пасля гэтага намнога болей, чым ён меркаваў сам. Але сёння такая ноч, калi закрываюцца рахункi ўсiх даўгоў. Рыцар свой доўг выплацiў i рахунак закрыў!

Ноч адарвала i пушысты хвост у Бегемота, садрала з яго шэрсць i развеяла яе камякi па балотах. Той, хто быў катом, цяпер аказаўся худзенькiм юнаком, дэманам-пажам, лепшым шутом, якi хоць калi быў на свеце за ўвесь час. Цяпер зацiх i ён i ляцеў нячутна, падстаўляў свой малады твар пад святло, якое струменiла поўня.

Збоч ад усiх ляцеў, паблiскваючы сталлю даспехаў, Азазела. Поўня перамянiла i яго твар. Бясследна знiклi недарэчныя, непрыгожыя iклы, i крывое вока аказалася фальшывым. Вочы ў Азазелы былi аднолькавыя, парожнiя i чорныя, а твар белы i халодны. Цяпер ляцеў сапраўдны Азазела, як дэман бязводнае пустынi, дэман-забойца.

Сябе Маргарыта не магла бачыць, затое яна бачыла, як перамянiўся майстар. Валасы яго ў месячным святле бялелi i заплялiся ў касу, i яна ляцела ў паветры. Калi вецер расхiляў плашч майстра, Маргарыта бачыла на яго батфортах зорачкi шпораў, якiя то патухалi, то загаралiся. Гэтак, як i юнак-дэман, майстар ляцеў i не зводзiў вачэй з поўнi, але ўсмiхаўся ёй, нiбы добрай знаёмай i любiмай, i нешта мармытаў сам сабе, як прывык рабiць у пакоi No 118.

I, нарэшце, Воланд ляцеў таксама ў сваiм сапраўдным аблiччы. Маргарыта не змагла б сказаць, з чаго зроблены павады ў яго каня, i думала, што, магчыма, гэта месячныя ланцужкi i сам конь - толькi глыба цемры, а грыва гэтага каня хмара, а шпоры коннiка - белыя значкi зорак.

Гэтак ляцелi моўчкi доўга, пакуль сама мясцовасць унiзе не пачала мяняцца. Зажураныя лясы патанулi ў зямной цемры i пацягнулi за сабою цьмяныя нажы рэчак. З'явiлiся i пачалi паблiскваць валуны, а мiж iмi зачарнелi прорвы, куды не даставала месячнае святло.

Воланд спынiў свайго каня на камянiстай, сумнай, пляскатай вяршынi, i тады коннiкi рушылi далей ступою, слухалi, як конi трушчаць падковамi каменне i крэмень. Поўня асвятляла пляцоўку ярка i зялёна, i Маргарыта хутка разгледзела ў пустэльнай мясцовасцi крэсла, а на iм белую постаць чалавека. Магчыма, ён быў глухi альбо занадта задумаўся. Ён не чуў, як дрыжала зямля пад цяжарам коней, i коннiкi не патрывожылi яго, калi пад'ехалi.

Поўня добра дапамагала Маргарыце, свяцiла лепей, чым электрычны лiхтарык, Маргарыта бачыла, што чалавек, якi здаваўся сляпым, пацiрае рукi i невiдушчымi вачыма глядзiць на поўню. Цяпер ужо Маргарыта бачыла, што побач з цяжкiм каменным крэслам, на якiм паблiскваюць у месячным святле нейкiя iскаркi, ляжыць вялiзны вастравухi сабака i гэтаксама трывожна, як i гаспадар, глядзiць на поўню. Ля ног у чалавека ляжаць чарапкi, i расцякаецца нявысахлая чорна-чырвоная лужына. Коннiкi спынiлi коней.

– Ваш раман прачыталi, - загаварыў Воланд i завярнуўся да майстра, - i сказалi толькi адно, што ён, на жаль, не скончаны. Дык вось, мне хацелася паказаць вам вашага героя. Амаль дзве тысячы гадоў сядзiць ён на гэтай тэрасе на вяршынi i спiць, але калi надыходзiць поўня, бачыце, яго пачынае мучыць бяссонне. Яно мучыць не толькi яго, але i яго вернага вартавога сабаку. Калi гэта праўда, што баязлiвасць - сама цяжкi чалавечы недахоп, то, бадай, сабака тут не вiнаваты. Адзiнае, чаго баяўся смелы сабака, гэта навальнiцы. Але той, хто любiць, павiнен падзяляць лёс

таго, каго ён любiць.

– Што ён гаворыць?
– спытала Маргарыта, i на спакойным яе твары адбiлася спачуванне.

– Ён гаворыць адно i тое, - пачуўся Воландаў голас.
– Ён гаворыць, што i пры месяцы яму няма спакою i што ў яго дрэнная пасада. Гэтак ён гаворыць заўсёды, калi не спiць, а калi спiць, то снiць адно i тое ж - месячную дарогу i хоча пайсцi па ёй, каб пагаварыць з арыштантам Га-Ноцры, таму што, як ён сцвярджае, нечага не дагаварыў тады, даўно, чатырнаццатага чысла вясновага месяца нiсана. Але, на жаль, на гэтую дарогу яму выйсцi чамусьцi не ўдаецца, i да яго нiхто не прыходзiць. I яму нiчога не застаецца, як размаўляць самому з сабой. Хаця патрэбна i нейкая разнастайнасць, i да свае гаворкi пра поўню ён часам дадае, што больш за ўсё на свеце ненавiдзiць сваю несмяротнасць i вялiкую славу. Ён сцвярджае, што ахвотна памяняў бы свой лёс на лёс валацугi i абарванца Левiя Мацея.

– Дванаццаць тысяч поўняў за адну поўню калiсьцi, цi не занадта многа? спыталася Маргарыта.

– Паўтараецца гiсторыя з Фрыдай?
– сказаў Воланд.
– Але, Маргарыта, не турбуйце сябе дарэмна. Усё будзе па-справядлiвасцi, на гэтым трымаецца свет.

– Адпусцiце яго!
– раптам пранiзлiва закрычала Маргарыта, гэтак, як яна крычала тады, калi была ведзьмай, i ад гэтага крыку сарваўся камень у гарах i паляцеў з падскокамi ў бездань, аглушаючы горы грукатам. Маргарыта не магла сказаць, цi гэта быў грукат ад каменя, цi водгулле сатанiнскага смеху. Як бы яно нi было, але Воланд смяяўся, пазiраў на Маргарыту i гаварыў:

– Не трэба крычаць у гарах, ён усё роўна прывык да абвалаў, i гэта яго не патрывожыць. Вам не трэба прасiць за яго, Маргарыта, таму што за яго папрасiў ужо той, з кiм ён хоча пагаварыць.
– Тут Воланд зноў завярнуўся да майстра i сказаў: - Ну што ж, цяпер вы ваш раман можаце скончыць адным сказам!

Майстар нiбы чакаў гэтага, пакуль стаяў нерухома i глядзеў на пракуратара. Ён склаў рукi рупарам i крыкнуў гэтак, што рэха пракацiлася па бязлюдных i бязлесых гарах:

– Вольны! Вольны! Ён чакае цябе!

Горы ператварылi майстраў голас у гром, i гэты гром iх разбурыў. Праклятыя скалiстыя горы рассыпалiся. Засталася толькi тэраса з каменным крэслам. Над чорнаю прорваю, у якую правалiлiся сцены, паўстаў неабдымны горад з уладарнымi над iм зiхоткiмi iдаламi над пышным садам, якi вырас за многа тысяч месяцаў. Проста да гэтага саду працягнулася доўгачаканая пракуратам месячная дарога, i першы кiнуўся бегчы па ёй вастравухi сабака. Чалавек у белым плашчы з крывавым падбоем устаў з крэсла i нешта крыкнуў хрыплым, сарваным голасам. Нельга было разабрацца, плача ён цi смяецца i што крычыць. Вiдаць было толькi, што следам за сваiм адданым вартаўнiком па месячнай дарозе iмклiва пабег i ён.

– Мне туды, за iм?
– спытаўся неўгамонны майстар i тузануў за павады.

– Не, - сказаў Воланд, - навошта ж даганяць тое, што ўжо скончылася?

– Тады, выходзiць, туды?
– спытаў майстар, завярнуўся i паказаў назад, туды, дзе саткаўся нядаўна пакiнуты горад з манастырскiмi пранiкавымi вежамi, з разбiтым ушчэнт сонцам у аконным шкле.

– Таксама не, - адказаў Воланд, i голас яго пагусцеў i пацёк над скаламi.
– Рамантычны майстар! Той, каго гэтак прагне пабачыць выдуманы вамi герой, якога вы самi толькi што адпусцiлi, прачытаў ваш раман, - тут Воланд завярнуўся да Маргарыты: - Маргарыта Мiкалаеўна! Нельга не паверыць таму, што вы хацелi прыдумаць майстру найлепшую будучыню, але, сапраўды, тое, што я прапаноўваю вам, i тое, пра што прасiў Iешуа за вас таксама, - яшчэ лепш. Пакiньце iх удваiх, - сказаў Воланд, нахiлiўся са свайго сядла да майстра i паказаў услед пракуратару, - не будзем iм перашкаджаць. I магчыма, яны пра што-небудзь i дамовяцца, - тут Воланд махнуў рукой на Ершалаiм, i той знiк.

Поделиться с друзьями: