Меч Маладзіковага Промня
Шрифт:
На хвілю ён замоўк, а потым зноў прадоўжыў:
— Зоры мне сказалі, што сярод усіх сыноў нашага народу толькі ты адзін здольны выцягнуць Маладзіковы Прамень з похваў і ўзняць яго супраць ворагаў. Але гэта зусім няпроста. Перш, як ухапіць ягонае дзяржальна і стаць на чале нашых войскаў, ты мусіш гэты меч здабыць. За сотні гадоў ён неаднойчы змяняў уладальніка. 3 часам людзі — не без дапамогі нашых заклёнаў — забыліся на ягоныя чароўныя ўласцівасці, і пачалі ўспрымаць яго толькі як каштоўную і старажытную, але ўсё ж звычайную, зброю. Апрача вешчбітаў толькі адмыслова выбраны захавальнік — Мечнік — быў пасвячоны ў тайніцу клінка. Апошнім Мечнікам быў князь Велемір. На нядобры выпадак — а можа, з веданнем і адмысловым намерам — Гатард са сваім войскам наблізіўся
Гневам выбухнула мая душа, калі я пачуў тыя словы: каб не залішняя міратворнасць ды прытойлівасць жрацоў (бо, напэўна, пра той напад яны ведалі яшчэ тады, калі яго можна было пазбегнуць), каб не вечная іх боязь парушыць волю багоў, дык, можа, не было б гэтае невыноснае паразы; можа, засталіся б жывымі мой бацька і мае браты; можа, усё б было іначай! Аднак, вою не выпадае даваць волю пачуццям: з каменным тварам ды без найменшае адзнакі ўзрушанасці я кіўнуў галавой Мудраславу на знак таго, што разумею яго. Але гэты выбух гневу ўсё змяніў: у маіх грудзях ізноў пачала расці прага бою, прага змагання.
— Табе трэба ўжо ісці, — ціха прамовіў старац; падобна, ён нават думкі не дапускаў, што я магу адмовіцца. — Цяпер усё ў тваіх руках. Я хацеў бы дапамагчы табе, але не маю сіл супрацьстаяць чорнай магіі чараўнікоў Гатарда. Адзінае, што магу — даць табе гэты старажытны абярэг, што належаў яшчэ майму прадзеду, — вяшчун зняў з сябе і, сказаўшы пахіліць галаву, павесіў мне на шыю месяцападобны талісман. — Ён абароніць цябе ад варожага наслання, а ў патрэбе дазволіць звярнуцца па дапамогу да духаў нашае зямлі. Але памятай: духі не любяць, калі іх занадта часта турбуюць — у першы раз яны дапамогуць, але ў другі могуць загубіць. I яшчэ адно: зараз ветах; на трэцюю ноч, лічачы ад тае, што надыходзіць, родзіцца маладзік. Калі князь Гатард вынясе перад світаннем меч пад ягонае сяйво, дык стане непераможны, а наш край назаўсёды трапіць да яго ў падданства — больш ніколі ўжо мы не будзем цешыцца воляй i вясною, спяваць нашыя песні i жыць паводле сваіх законаў!
Кудзебнік змоўк, пільна гледзячы мне ў вочы, і паўсталі перад маім зрокам зруйнаваныя паселішчы, спаленае на палетках жыта, чароды гнаных у палон кабет ды дзяцей... Потым Мудраслаў загадаў падрыхтаваць зброю і сабраць з сабой ежы. Пасля нядоўгае малітвы ён запаліў жмуток зёлак з даўкім пахам і абвёў ім вакол мяне ў паветры. Я пачуў прамоўлены заклён, і ў той жа момант ахутала мяне бялютка-празрыстая смуга, дрэвы ды рэчы навокал расплыліся, а пасля я раптам ўсвядоміў, што стаю пасярод выпаленага пустэльнага стэпу, а далёка наперадзе, на фоне залаціста-блакітнага неба чарнеюць вострыя зубцы вежаў Гадора.
Я пакіраваў да замка...
IV
Ніта ўспамінаў перарвалася... Мая рука ўсё яшчэ несвядома сціскала абярэг, і думкі вярнуліся да яго: як немагчыма трапіць у замак натуральным шляхам, дык я мушу выкарыстаць звышнатуральны, бо апошні дзень ужо гасне — i мне засталася толькі адна ноч. Я не думаў, што давядзецца прасіць дапамогі духаў ужо на самым пачатку маёй выправы — бо хто ж зведае, якія яшчэ перашкоды рыхтуе мне Лёс наперадзе! Але ўсё ж неяк трэба гэтую выправу распачаць!
Я адклаў убок дзіду, адшпіліў з-за спіны шчыт ды выцягнуў з навязі і прыхінуў да глыжака сваю баявую сякеру. Потым укленчыў, запаліў ахвярныя вохнасці і, сціскаючы ў гарачых далонях абярэг, узнёс маленне да духаў. Я прасіў ператварыць мяне на кароткі час у кажана: бо гэтае спароддзе цемры вядзецца ў кожным замку, прынаджанае паўзмрокам скляпенняў у высокіх вежах ды магільнаю прахалодай глыбокіх сутарэнняў і лёхаў; таму ніводзін вартавы, калі ён сам не з'яўляецца чараўніком ці кудзебнікам, не западозрыць у гэткім стварэнні ворага, што прабіраецца ў фартэцыю.
I духі ўважылі
маёй малітве. Раптоўна я пачаў змяншацца ў памерах, адначасна парастаючы бура-чорнай кароткай поўсцю. Мае пальцы выцягнуліся, а між імі і да цела нацягнулася тонкая скураная плеўка. Я хацеў падзякаваць духам, але, калі адкрыў рот, маё горла вытыргнула адно абрыдлівы піск.Гэтае ператварэнне, якое адкрыла для мяне доступ за замкавыя муры, мела, аднак, і адмоўны бок: адно толькі абярэг зменшыўся разам са мною; уся ж вопратка і зброя засталіся звычайных памераў. Значыць, у замку, вярнуўшыся ў сваё прыроднае аблічча, я застануся нават без нажа! Балохтаючыся, я так-сяк выкараскаўся з-пад апалай на мяне кальчугі, выпаўз наверх, узмахнуў плеўчатымі рукамі-крыламі — і паляцеў. Трохі няўклюдна соўваючыся ў паветры, я зрабіў колькі спробных колаў над глыжаком, што яшчэ нядаўна хаваў мяне, і пакіраваў у бок замка.
V
Мае спадзяванні спраўдзіліся, і ніякіх перашкодаў (калі не лічыць майго няўмелага лётання ды яшчэ ветру, што ўвесь час зносіў мяне ўбок), я не напаткаў. Адно толькі перад самымі мурамі мяне паспрабавала заатакаваць чародка кажаноў, што зляцела з вежы; аднак мне ўдалося нырцануць у чорную шчыліну найбліжэйшае бойніцы, і я ад іх адарваўся.
Пераходы ў замку былі цёмнымі, пакручастымі і бязлюднымі. Я досыць доўга лётаў па іх, блукаючы сярод галерэй са шматлікімі адгалінаваннямі, сходамі ды бакавымі пакоямі, аж пакуль не трапіў у шырокі, асветлены паходнямі калідор, дзе, як і паўсюль, нікога не было. Калідор заканчваўся шчыльна зачыненымі двухстворкавымі дзвярыма, з-за якіх быў чуцён шматгалосы гоман. Я асцярожна зляцеў з-пад скляпення наверх створкі і прыпаў вокам да шчыліны над дзвярыма.
Калі мае вочы пасля цьмяна-міргатлівага святла паходняў звыкліся з зыркім ззяннем лампад і жырандоляў за дзвярыма, я ўбачыў велізарную, напоўненую людзьмі залю. Большасць з прысутных былі ў чорных даспехах і з мячом пры пасе, хоць, разам з тым, у дарагіх раскошных плашчах ды без шаломаў. Я падумаў, што, мусіць, аднак, нешта рыхтуецца, бо ніхто ж не прыходзіць на свецкія ўрачыстасці ў „жалеззі". Былі, аднак, там і дамы ў шытых золатам ды срэбрам сукнях, нярэдка таксама чорных; былі яшчэ пару асобаў у пурпуровых мантыях, якіх я вызначыў для сябе як Гатардавых чараўнікоў.
Людзі праходжваліся па зале, збіраліся ў купкі, гучна размаўлялі і смяяліся. Гэтая грамада, бадай, не надта б рознілася ад кожнае іншай, сабранай у звычайным замку, каб не такое панаванне цемнаколерных шатаў ды каб не жорсткія выразы твараў і хіжыя позіркі вачэй. Здавалася, што нейкія чарнапёрыя драпежныя птушкі кружляюць навокала ў пошуках здабычы.
Проста насупраць маёй хованкі знаходзіўся парадны ўваход; важкія залочаныя дзверы былі разнасцежаныя; за імі віднеліся мармуровыя сходы, па якіх таксама спускаліся або ўзыходзілі рыцары і дамы. Пры дзвярах ад боку сходаў стаялі алебарднікі ў панцырах і маршалак з вітым жазлом ды ў срэбнага шытва ліберыі. У іншых канцах залы было бачна яшчэ колькі зачыненых дзвярэй, якія, мусіць, падобна да тых, за каторымі стаіўся я, вялі ў бочныя галерэі. Я разглядаў іх і намагаўся адгадаць, куды далей мне трэба скіравацца. Бо ў такім аграмадным замку меч можна шукаць не адну ноч — і ўсё роўна не знайсці.
Раптоўна гоман і смех сцішыліся. Я зірнуў на парадныя дзверы і зразумеў прычыну: аточаны дужымі ахоўнікамі, на парозе з'явіўся высокі хударлявы мужчына ў чорным аксамітным строі. Ягоная пастава выдавала чалавека ўладарнага; вочы глядзелі жорстка і пранізліва, а вусны змяіліся ў пагардліва-пыхлівай усмешцы. Маршалак ударыў у падлогу жазлом і абвясціў прыход гаспадара замка Чорнага Князя Гатарда. Прысутныя схіліліся ў паклоне.
Князь прайшоў да свайго пасаду, які, на шчасце для мяне, месціўся на процілеглым ад уваходу канцы залы — то бок, непадалёк ад маіх дзвярэй. На шчасце — бо, напружыўшы слых, я мог пачуць, пра што казалі пры пасадзе, а Гатард якраз падклікаў да сябе пахілага сівога чараўніка, што выглядаў найстарэйшым з усіх прысутных.