Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Меч Маладзіковага Промня
Шрифт:

Ваявода выглядаў вельмі незадаволеным, але, відаць па ўсім, мусіў падпарадкавацца. Хмура гледзячы, ён махнуў рукой воям, і тыя павыходзілі з пакою. Ваявода ж, прычыняючы за сабою ўваходныя дзверы, сказаў з ледзь заўважнай пагрозай у голасе:

— Няхай князёўна сабе спіць спакойна — я пакіну варту пры дзвярах апартаментаў Вашае Светласці.

Рэзкія каманды, што пачуліся з вітальні, пацвердзілі, што ён не кідае слоў на вецер. Князёўна падышла да ўваходных дзвярэй і замкнула іх на засаўку; потым тое ж зрабіла з дзвярыма ў пакой фрэйлін — і без сіл павалілася на ложак. Яна хвілю ляжала пераводзячы дых, а я, тым часам, стаяў за шторай, разважаючы, ці то дзяўчына сказала ваяводу праўду і насамрэч проста палічыла, што сасніла жудасць; ці то яна свядома ратавала мяне — хоць было зусім неспадзяваным знайсці сабе саюзніка ў такім змяіным кубле, як Гадор. Аднак, усе мае сумневы адразу зніклі, калі князёўна зноў паднялася, запаліла лампадку і, павярнуўшыся тварам

у мой бок, прыцішана загаварыла:

— Гэй, шаноўны чужаніца! Хто б вы ні былі, выходзьце — яны ўжо не вернуцца! ... Прынамсі, пакуль.Яна стаяла пасярод пакою каля мініятурнага залочанага століка. Валасы мяккімі хвалямі ападалі на ейныя пакрытыя белай палярынкай плечы, а кволы агеньчык начное лампадкі асвятляў вабную, гнуткую постаць таямнічым мігатлівым святлом. Я не аматар розных там рамантычных сантымэнтаў, але выгляд дзяўчыны абудзіў ува мне шчырае захапленне. Ды я адразу схамянуўся і, апусціўшыся на адно калена, падзякаваў незнаёмцы.

Яна назнарок манерна прысела ў рэвэрансе (мусіць, кпіла з маіх не дужа зграбных у жалезе рухаў), але тут жа сама не вытрымала i засмяялася. Калі б на гаёвых дрэўцах замест сапраўднага лісця расло срэбнае, яно пад лёгкім павевам ветру шалёстала б гэтаксама звонка..

— Не турбуйся пра падзяку, вой! Я заўсёды радая дапамагчы непрыяцелю Гатарда, і паколькі ты ўцякаў ад княскіх рыцараў, я проста павінна была цябе схаваць.

— Так... —

— ЦІ азначае тое, што князёўна тут — паланянка? — Апошняе было відавочна ўжо хаця б таму, што яе пасялілі ў гэтай частцы замка, а не наверсе — але я хацеў упэўніцца. крыху памарудзіўшы, адказала дзяўчына; яна відавочна не была схільная абмяркоўваць гэтае пытанне.

— Няцяжка здагадацца, як князёўна сюды трапіла... Але, можа, распавядзеце?

— О, гэта дужа доўгая гісторыя... — голас дзяўчыны напоўніўся смуткам, i яна рэзка змяніла тэму: — Як ты намерваешся выйсці адсюль, вой?

О, вялікія богі! Я так замілаваўся гэтаю сустрэчай, што нібыта чары апанавалі мой розум — я зусім забыўся на тое, што мушу як найхутчэй выбрацца з замка! Я зноў падышоў да акна і зірнуў на краты — выламаць іх, маючы сякеру, канечне, няцяжка. Але як спусціцца са скалы? — схіл вельмі стромы, а да зямлі далёка. Гатард, мусіць, таму і вырашыў прасекчы тут акно: не маючы крылаў, усё роўна праз яго не збяжыш.

Я павярнуўся да дзяўчыны:

— Можа, князёўна мне падкажа выйсце?

Яна са скрухай пахітала галавой:

— Каб я магла — я б ужо даўно адсюль уцякла!

Што ж, тады мне прыйдзецца прабівацца скрозь ахову... Князёўна, відаць, прачытала гэтую думку на маім твары, і ў ейных вачах раптам заіскрылася надзея. Яна схапіла мяне за руку:

— Вазьмі мяне з сабою, вой!

— Але пра тое не можа быць і гаворкі! — Досыць рэзка адказаў я. — Як князёўна гэта сабе бачыць? Я ж вымушаны буду змагацца, а вы самлееце ад аднаго выгляду крыві...

— О не! — хутка запярэчыла яна. — Я ж неаднойчы хадзіла з братамі паляваць у пушчу, а бацька ладзіў турніры ў мой гонар — так што кроў я бачыла.

I не паспеў я адказаць, што турнір і сапраўдная бітва — розныя рэчы, і што я хачу прабрацца незаўважна, а ўдвох гэта, бадай, немагчыма, — як яна дадала пераканаўчы аргумент:

— Без мяне ты заблукаеш у гэтым аграмадным замку, вой! Згубішся ў лабірынце шматлікіх калідораў ды галерэй, і ніхто не згодзіцца паказаць табе дарогу навонкі — апрача мяне! А я мела шмат мажлівасці, каб вывучыць Гадор падчас баляў ды штодзённых шпацыраў па замку. Падумай: я тут адзіная, хто згодзіцца табе дапамагчы, хто правядзе цябе да брамы. Дык вазьмі ж мяне з са­бой — бо я тут больш не вытрываю!

Як усе жанчыны, яна была шматслоўнай i ад хвалявання паўтаралася, але на гэтыя ейныя словы не было чаго запярэчыць — я сапраўды меў патрэбу ў праводніку, які б паказваў мне дарогу. I пас­ля нядоўгага намыслу я згодна кіўнуў галавой:

— Ну, што ж, князёўна, хадземце...— I яшчэ адно, вой, — прамовіла яна. — Не называй мяне князёўнай, як яны... Я Ладзіслава... ці проста Лада. А цяпер мне трэба прыбрацца, — i яна, падышоўшы да ложку, апусціла заслоны балдахіну.

Я вярнуўся да акна і зірнуў на неба. Яно было ўжо скрозь зацягнутае хмарамі — добрая ноч для ўцёкаў. О, каб мог я зноў прасіць духаў пра ператварэнне! Мы б з князёўнаю абярнуліся птушкамі, узляцелі б у гэтае цёмнае неба і памкнулі б дадому — туды, дзе шумяць разлеглыя ду­бровы, дзе такая празрыстая вада ў крыніцах ды такое чыстае паветра ў палях i лясах. Але ж не... Дый, ператварыўшыся ў малую істоту, я не змог бы ўнесці з сабою важкі Меч. Трэба было шукаць іншыя шляхі...

X

Лада знянацку закрычала, i вартавыя — два кнехты, а за імі рыцар — уварваліся ў пакой: папярэдне адсунутая ёю засаўка дазволіла дзвярам вольна разнасцежыцца. Ды я ўжо чакаў іх, узняўшы сякеру для ўдару. Кальчужная плеценка не паставіла найменшага супраціву загартаванаму лязу сякеры — галава першага кнехта зляцела з плячэй, І, падскокваючы, бы гліняная куля для

гульні ў кіданкі, пакацілася пад ложак. Зваротны рух сякеры ўвагнаў абаротнае лязо ў грудзі другога кнех­та, і яно завязла ў прасечаным панцыры ды перасечаных касцях. Рыцар адкінуў шчыт і рынуў на мяне з узнятым двухручным мячом. Я не стаў марнаваць час на вырывание сякеры з цела кнех­та — выпусціўшы ейнае дзяржальна, я скочыў на супара. Сплёўшы пальцы на абсадцы мяча, мы нейкі час, тварам да твару, змагаліся за зброю. Паспяшаючы на крык, рыцар не паспеў апусціць прылбіцу, і я бачыў сціснутыя ў высілку зубы ды буйныя кроплі поту на ягоным твары; у нос мне шугаў ягоны смуродны пах. Змусіўшы супара напружыцца ў супрацьстаянні, я знянацку штурхануў яго назад. Ён машынальна ўклаў усе сілы ў рух супраціўлення і неабароненаю сківіцай наляцеў проста на мой, дакладна нацэлены ды ўцяжараны жалезнай рукаўкай, кулак. Ягоная вага i прыкладзены высілак узмацнілі мой удар удвая. Меч мне ўжо не спатрэбіўся.

Я, не без цяжкасці, вырваў сякеру з цела засечанага кнехта і кіўнуў князёўне, якая хоць i стаяла збялелая, але — было відаць — не страціла валодання над сабой. Мы ціха прайшлі праз разнасцежаныя дзверы, пасля мінулі калідор — ажно апынуліся перад цяжкімі дзвярыма, праз якія я раней трапіў у анфіладу. Я даў знак дзяўчыне стаіцца, а сам прыпаў вухам да счыну дзвярніцаў і нейкі час прыслухоўваўся. Не было чуваць ані шолаху — толькі рэдкі поскварк_паходняў. Я кіўнуў князёўне, і яна, злёгку пагрукаўшы ў дзверы, жаласна папрасілася:

— Вартавы, адвядзі мяне да князя Гатарда!

Потым яшчэ раз:

— Вартавы! Ён узнагародзіць цябе, калі ты правядзеш мяне да яго!

Ані згуку у адказ. Гэта пераканала мяне, што са знадворнага боку варта не выстаўленая, i я асцярожна расчыніў цяжкія дзверы. Ды ваявода быў занадта дасведчаны, каб не перасцерагчыся i не падрыхтаваць засаду. Ледзьве я, трымаючы напагатове сякеру, зрабіў крок у прахон, як мяне з абодвух бакоў заатакавалі ваяры з адзнакамі прыбочнае гвардыі Гатарда — выбранецкае ся­род гадорскага рыцарства. Толькі выпрацаваныя з гадамі рэфлексы дазволілі мне ўнікнуць удару мячом і адхінуцца назад за дзверы. Прахон быў занадта вузкі, каб наступаць удвох, i таму адзін працягваў атакаваць, другі ж за яго спінай паднёс да вуснаў баявы горн, каб паклікаць падмогу. Я, уклаўшы ўсе сілы ў кідок, шпурнуў у яго абедзвюма рукамі сваю важкую баявую сякеру — панад плячом пярэдняга. Яна была зацяжкая для кідання, ды ўсё ж мая спроба ўдалася — рыцар зваліўся, так і не паспеўшы выдзьмуць ані зыку, а лязо сякеры моцна засела ў раскроеным шаломе. Але я застаўся без зброі ў руках. Пазасталы вораг застыў на хвілю, калі смяротная сталь пранеслася ў паветры ля ягонае галовы, але тут жа рынуў на мяне з падвоеным спрытам, не даючы часу агаліць меч. Я адступаў, ухіляўся ды шпурляў у яго рэчамі, што трапляліся пад руку. I як толькі мой супар раптам спатыкнуўся аб перакулены столік ды на момант прыпаў на калена, я скарыстаўся замінкай і выцягнуў-такі свой меч з похваў. Цяперака справа пайшла весялей, бо адступаў ужо рыцар. Ягоны двухручнік быў даўжэйшы i, бадай, больш небяспечны — але толькі на большай адлегласці. Я, ведаючы гэта, імкнуўся навязаць яму бліжні бой; а ён, наадварот, стараўся адысці. Пабачыўшы, што з гэтага нічога не атрымліваецца, ён скочыў назад і, замахнуўшыся збоку, паспрабаваў перасекчы мяне напалам. Бязглузды намер! Зрабіўшы два хуткія крокі назад, я прапусціў вастрыё клінгі літаральна на волас перад сабой, і, калі цяжкі двухручнік пацягнуў рыцара налева, ударыў з выпадам у неабаронены бок — туды, дзе пласціны панцыра мацуюцца адна да адной раменьчыкамі. Рыцар захрыпеў, па лязе хутка пабег струменьчык крыві, а на брані каля раны запухірылася ружаватая сукравіца. Ягоны меч з гулкім бразгатам выпаў з раптоўна аслабелых рук на падлогу; сам рыцар замарудзіў на момант — нібы вагаючыся: што ж усё-ткі зрабіць — ажурэшце, як быццам надумаўшы, зваліўся ніцма. Я выцер свой меч аб ягоныя непрыкрытыя ззаду паножамі нагавіцы і сунуў у похвы; потым падняў з падлогі цяжкі двухручнік і, трымаючы яго перад сабой напагатове, паволі крочыў да прахону. Ззаду за мною паспяшала князёўна.

На выходнай пляцоўцы нікога не было. Яна была зырка асветленая некалькімі паходнямі на сценах, — відаць, Гатард вырашыў не пакідаць у замку цёмных месцаў. Але засаднікі больш нідзе не таіліся — ваявода яўна пераацаніў спрыт сваіх рыцараў. Я азірнуўся на князёўну:

— Што ж, Лада, цяперака твая чарга! Вядзі!

Яна згодна кіўнула і спакойна ды разважліва прамовіла:

— Адсюль мы можам выйсці толькі двума шляхамі — калі не лічыць галоўных сходаў, па якіх цяпер не прайсці. Адзін шлях вядзе праз вартоўню. У гэтым выпадку табе давядзецца змагацца спярша з вартай, што на адпачынку, — гэта чалавек шэсць-восем, але зазвычай кнехты; а потым з тымі, што пры браме, — гэта яшчэ двое-трое. Праўда, у выпадку нападу да іх нярэдка далучаюцца колькі рыцараў. Другі шлях, хоць i больш таемны, аднак не менш небяспечны. Ён праходзіць непадалёк ад скарбніцы. Там толькі двое рыцараў перад самой скарбніцай — яны нас не заўважаць. Але на падыходах у скале выдзеўбана аграмадная пячора, у якой сядзіць грыфон...

Поделиться с друзьями: