Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)
Шрифт:
32. Тым часам Псiхея, пры ўсёй сваёй красе, не мела з яе нiякай карысцi. Усе любуюцца, усе ўслаўляюць, але нiякi цар, нi каралевiч, нi нават хто-небудзь з простага люду не iдзе да яе ў сваты. Дзiвяцца толькi на яе, як на боскую статую цi няземскую з'яву. Старэйшыя сёстры, якiя не вельмi славяцца прыгажосцю, даўно выйшлi замуж за прадстаўнiкоў царскага роду, а Псiхея, седзячы дома ў дзеўках, аплаквае сваю адзiноту, недамагаючы целам, з болем у душы i зненавiдзеўшы сваю прыгажосць, якая так усiх вабiла.
Тады гаротны бацька няшчаснай дзяўчыны, падумаўшы, што гэта знак нябеснай непрыхiльнасцi i баючыся гневу багоў, запытвае старое прадраканне мiлецкага бога i просiць у вялiкай святынi малiтвамi i ахвярамi мужа сваёй абяздоленай дачушцы. I вось Апалон, хоць i грэк i нават iанiец, дае прароцтва, з увагi на складальнiка мiлецкага апавядання, на лацiнскай мове:
33. "Пастаў няшчасную дачку
I, як на пахаванне, на вяселле апранi.
Не знойдзецца, няшчасны бацька, зяць смяротны,
Ён будзе дзiкi i надзвычай люты, як дракон.
На крылах аблятае ён эфiр i ўсiх стамляе,
Наносiць раны ўсiм i полымем гарачым палiць.
Дрыжыць Юпiтэр перад iм, багi яго баяцца,
Наводзiць страх ён i на Стыкс, на змрочную падземную раку".
Пачуўшы такi адказ найсвяцейшага прадказальнiка, раней шчаслiвы кароль едзе назад незадаволены, сумны i расказвае жонцы, што прадказаў яму злавесны вяшчун. Гаруюць яны i плачуць даволi доўгi час. Аднак нiчога не зробiш, даводзiцца выконваць злавесны загад няўмольнага лёсу.
Як да пахавання вядзецца перадвясельная падрыхтоўка няшчаснай дзяўчыны. Цьмяна гараць i чарнеюць ад сажы вясельныя факелы, гук вясельнай флейты пераходзiць у жалобны лiдыйскi напеў, i вясёлыя гiменеi канчаюцца жаллiвымi выкрыкамi, а маладая выцiрае слёзы шлюбным вэлюмам. Увесь горад спачувае горкай долi збедаванай сям'i, i з агульнай згоды выдаецца загад на ўсеагульную жалобу.
34. Аднак неабходнасць падпарадкавацца волi неба заклiкае бедную Псiхею да наканаванай пакуты. А калi ўсё было падрыхтавана да святкавання хаўтурнага шлюбу, рушыла ў дарогу пры ўсiм народзе, пры агульнай скрусе пахавальнае шэсце без нябожчыка. I заплаканую Псiхею вядуць не як да шлюбу, а як на ўласнае пахаванне. I калi збедаваныя i згараваныя бацькi замаруджвалi шэсце, сама дачка падбадзёрвае iх такiмi словамi: "Навошта стамляеце сваю старасць доўгiм плачам? Не скарачайце свайго дарагога жыцця, якое я ахвотна прадоўжыла б за кошт свайго! Што памогуць гэтыя бяссiльныя слёзы, якiмi аблiваеце вы свае шанаваныя мною твары? Перастаньце! О, перастаньце! Не рабiце болю маiм вачам праз шкоду сваiм. Паберажыце свае сiвыя валасы i вашы такiя мне дарагiя грудзi. Iншай узнагароды за маю красу атрымаць вы не маглi. Позна апомнiлiся вы, прабiтыя смяротнымi ўдарамi ганебнай зайздрасцi. Калi народы i краiны выказалi нам боскую пашану, калi ўсе ў адзiн голас называлi мяне Венерай, тады трэба было лiць слёзы, тады трэба было аплакваць мяне як загiнуўшую. Бачу i адчуваю, што загубiла мяне iмя Венеры. Вядзiце мяне на скалу i пакiньце там, як прысудзiў мне злы лёс. Спяшаюся ўзяць гэты шлюб, спяшаюся ўбачыць майго высакароднага мужа. Навошта марудзiць, адцягваць прыход таго, што павiнна адбыцца?"
35. Сказаўшы гэта, дзяўчына замаўчала i цвёрдым крокам увайшла ў натоўп, якi яе суправаджаў. Iдуць да вызначанага абрыву высокай гары, ставяць на самым версе дзяўчыну, адыходзяць, пакiнуўшы вясельныя факелы, што асвятлялi дарогу, а цяпер пацямнелi i тухлi ад слёз i, спусцiўшы галовы, разыходзяцца па сваiх дамах. I няшчасныя бацькi, прыгнечаныя такой бядой, пагрузiлiся ў змрочную жалобу.
Тым часам Псiхея стаяла высока на вяршынi скалы зусiм адна i ў напружаннi чакала вырашэння свайга лёсу. Яна ўздрыгвала ад плачу i страху, калi ў нейкую хвiлiну адчула, што мякка ляцiць над зямлёю. Лёгкi подых Зефiра, ускалыхнуўшы адзенне, далiкатна падымае яе i спакойным павевам нясе з высокай скалы, а пасля, апускаючы ў глыбокую далiну, памалу кладзе на ўлоне квяцiстага лугу.
КНIГА ПЯТАЯ
1. Тут у адзiн момант пакiнулi Псiхею ўсе яе пакуты сумненняў i неспакою. Апынуўшыся на мяккай пасцелi з роснай расквечанай травы, яна хутка заснула. Пасля доўгага падбадзёрлiвага сну прачнулася i ўстала весялейшая. Якi ж цудоўны вiд паўстаў перад яе вачыма! Яна знаходзiлася ў гаi, парослым рознымi высокiмi цянiстымi дрэвамi, памiж якiмi, ападаючы са скал i вывiваючыся, далiкатна журчаў пад серабрыстым туманам крыштальна чысты струмень. Пасярод гаю на зялёным беразе ўзвышаўся збудаваны не чалавечымi рукамi, а мастацтвам багоў прыгожы палац. Увайшоўшы туды, пазнаеш адразу, што перад табой светлы i чысты хорам аднаго з багоў. Выгнутая столь, цудоўна выкладзеная туяй i слановай косцю, абапiралася на залатыя калоны, усе сцены былi абкладзеныя чаканеным серабром з выявай дзiкiх звяроў i розных жывёлiн, якiя быццам выбягалi насустрач. О, гэта быў не паўбог, а сапраўдны бог, што так па-мастацку гэтулькi серабра ператварыў у звяроў! Падлога ззяе каштоўнымi камянямi, якiя ствараюць рознакаляровыя цудоўныя малюнкi. Сапраўды, двойчы, а то i болей шчаслiвыя тыя, што ступаюць па золаце i дарагiх камянях! Такое ж невыказнае
багацце вiдаць ва ўсiх частках гэтага вялiзнага будынка - усе сцены, пакрытыя золатам, ззяюць такiм бляскам, што каб нават сонца перастала свяцiць, дык яны б залiлi ўвесь дом дзённым святлом, бо зiхацiць у iм кожны пакой, кожны балкон, кожная створка дзвярэй.I ўсе iншыя прадметы не менш адпавядаюць багаццю дома, i можна падумаць, што сам вялiкi Юпiтэр стварыў гэтыя пакоi нябесныя для сваiх сустрэч са смяротнымi.
2. Захапiўшыся гэтай небывалай прыгажосцю, падыходзiць Псiхея блiжэй, адважыўшыся, пераступае парог i неўзабаве з вялiкай цiкавасцю разглядае ўсе прадметы цудоўнага палаца. Пазней знаёмiцца з багаццем, якое знаходзiцца ў збудаваным за домам вялiкiм свiрне. Няма таго на зямлi, чаго б там не было!
Але найдзiўнейшым было тое, што нiхто гэтага багацця не пiльнаваў, не было там нiякiх ланцугоў, нiякiх засавак i нiякiх вартаўнiкоў. I калi яна так аглядала ўсе тыя каштоўнасцi, аднекуль пачуўся голас, хоць нiдзе нiкога не было вiдаць: "Што дзiвiшся, панi, з такога багацця? Гэта ўсё тваё. Iдзi ў спальню i адпачнi ад стомы ў пасцелi, а калi жадаеш, загадай нарыхтаваць купанне. А мы, чые галасы ты чуеш, твае служкi, мы будзем старанна табе прыслугоўваць. Як толькi будзеш гатова, перад табой з'явiцца багаты стол".
3. Псiхея адчула вялiкую асалоду ад такiх прыветлiвых слоў i, паслухаўшыся невядомага голасу, спачатку сном, а пасля купаннем зняла з сябе рэшткi стомы. Убачыўшы перад сабой паўкруглы стол, накрыты для яе, ахвотна ўзялася за ежу. I ў той жа час розныя, быццам нектар, вiны i сама далiкатныя i смачныя стравы падаюцца ёй нiбы на хвалях ветру, а слуг зусiм не вiдаць. Яна чула толькi iхнiя галасы. Пасля багатага стала ўвайшоў нябачны хтось i заспяваў, а другi зайграў на кiфары, якой яна таксама не бачыла. Чулася шмат галасоў, i, хоць нiхто з людзей не з'яўляўся, можна было зразумець, што пяе хор.
4. Пасля гэтых забаў i заняткаў з надыходам цемнаты пайшла Псiхея спаць. Раптам глыбокай ноччу будзiць яе нейкi лёгкi шолах. Вельмi баючыся за сваё дзявоцтва, спалохана чакае яна ў гэтай самоце невядомай бяды. I вось увайшоў яе таямнiчы муж, узышоў да яе на ложак i стаў яе сапраўдным мужам. Ранiцай перад усходам сонца ён моўчкi падняўся i пакiнуў спальню. I ў тую самую хвiлiну ветлiвыя галасы акружаюць маладую, што страцiла цнатлiвасць...
Так працягвалася доўгi час. Псiхея пачала прывыкаць да новых абставiн. Спачатку ўсё здавалася ёй чужым, а пасля, паводле законаў прыроды, частыя спатканнi становяцца ёй штораз прыямнейшымi. Гутаркi з нябачным мужам былi ў яе самоце вялiкай уцехай.
Тым часам яе бацькi старэлi ў сваiм няўцешным горы, але чутка пра лёс дзяўчыны дайшла да старэйшых сёстраў. Яны, даведаўшыся пра тое, як жыве Псiхея, пакiнулi свае хатнiя агнiшчы i, змрочныя i затурбаваныя, падалiся адна за адной парадзiцца з бацькамi.
5. А ў тую ж ноч муж Псiхеi, якi быў недаступны толькi зроку, а не слыху i дотыку, казаў так: "Дарагая мая Псiхея, наймiлейшая мая жонка! Няўмольны лёс пагражае табе вялiкай небяспекай, да якой павiнна ты аднесцiся з найвялiкшай асцярожнасцю. Твае сёстры не вераць у чутку аб тваёй смерцi. Хутка прыйдуць яны на тую скалу шукаць тваiх слядоў. Калi часам пачуеш iхнiя галашэннi, не адказвай iм i старайся нават не глядзець у той бок, бо наклiчаш на мяне вялiкую непрыемнасць, а на сябе немiнучую загубу".
Яна кiўнула галавой на знак згоды i абяцала рабiць так, як раiў муж. Але як толькi ён з канцом ночы знiк, яна ўвесь дзень праплакала i прагаласiла, паўтараючы, што тут яна абавязкова загiне, замкнёная ў богаслаўлёную цямнiцу, без сувязi з людзьмi, дзе нават сёстрам, якiя па ёй гаруюць, не можа дапамагчы цi хоць на кароткi час з iмi ўбачыцца. Так, не еўшы i не пiўшы i нi да чога не дакрануўшыся, пайшла яна спаць.
6. Праз момант на ложку побач з ёй з'явiўся яе муж i, абняўшы заплаканую, пытаецца: "Цi ж гэта ты мне, мая Псiхея, абяцала? Чаго ж мне, твайму мужу, ад цябе чакаць, чаго спадзявацца? Нi ўдзень, нi ўночы, нi нават у мужавых абдымках не сцiхаюць твае пакуты. Што ж, рабi як знаеш, паддайся патрабаванням сваёй душы, якая цягне цябе да згубы. Аднак, калi надыдзе запозненае нараканне, прыпомнi мае сур'ёзныя папярэджаннi". Тады яна просьбамi i пагрозамi, што памрэ, дамаглася ад мужа згоды на сустрэчу з сёстрамi, каб зменшыць iхнюю журбу i пагутарыць з iмi. Так паслухаўся муж просьбаў сваёй жонкi, а нават дазволiў ёй падараваць iм з залатых упрыгожанняў цi з каштоўных камянёў, што ёй уздумаецца. Аднак моцна i не раз папярэджваў, падмацоўваючы свае словы пагрозамi, што калi яна, паддаўшыся ўгаворам сёстраў, захоча ўбачыць свайго мужа, то гэтай блюзнерскай цiкавасцю скiне сябе з вяршынi свайго шчасця i назаўсёды пазбавiцца яго абдымкаў. Яна падзякавала мужу i сказала: