Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)
Шрифт:
27. Не паспела Псiхея закончыць сваёй гутаркi, як тая, успалымнеўшы парывам безразважнага юру i згубнай зайздрасцi, ашукаўшы мужа тут жа прыдуманай хлуснёй, быццам атрымала паведамленне аб смерцi бацькоў, зараз жа села на карабель i накiравалася да вядомага скальнага абрыву. I хоць дзьмуў зусiм не той вецер, усё ж яна, ахопленая сляпой надзеяй, крыкнула: "Прымай мяне, Купiдон, тваю дастойную жонку, а ты, Зефiр, падтрымай сваю паню!" I з усяго маху кiнулася ў бездань. Аднак да месца прызначэння не дабралася нават у выглядзе трупа. Падаючы на каменне скал, цела яе разбiлася i развалiлася на кавалкi, рассыпаўшыся ў розныя бакi, i яна загiнула, як таго i заслужыла, стаўшы лёгкай здабычай птушак i звяроў.
Не замарудзiла i наступная кара. Пусцiўшыся зноў у вандраванне, Псiхея дайшла да другога горада, дзе так, як i першая, каралевай была другая сястра. I гэта паддалася на прынаду роднай сястры, i сапернiца
28. Тым часам, пакуль занятая пошукам Купiдона Псiхея абыходзiла розныя краiны, ён сам, пакутуючы ад апёку, ляжаў i стагнаў у спальнi сваёй мацi. Тады беласнежная птушка чайка, якая плавае на крылах па марскiх хвалях, паспешлiва дае нырца ў глыбiнi акiяна. Там, стаўшы ўмомант перад Венерай, якая купалася i плёскалася, дакладвае ёй, што яе сын апечаны, стогне ад болю, якi прычыняе яму рана, ляжыць i невядома, цi ачуняе. А ў народаў вакол чуецца нараканне на Венеру i на ўсю яе радню, маўляў, сынок, займаючыся на паверхнi каханнем, а яна сама, купаючыся ў акiяне, забылiся пра свае абавязкi. Праз гэта няма нiякай прыхiльнасцi, нi чароўнасцi, нi вабнасцi, а ўсё зрабiлася несамавiтым, грубым i дзiкiм. Няма нi шлюбаў, нi сяброўскiх яднанняў, нi пашаны ад дзяцей, а толькi агульная няслава, горыч i агiда ад брудных сувязяў.
Гэтак верашчала балбатлiвая птушка ў Венерыны вушы i чарнiла добрае iмя яе сына. А Венера, моцна загневаўшыся, раптам запытала: "Дык, можа, у мiлага майго сынка завялася якая-небудзь сяброўка? Ну, ты, якая толькi адна мне верна служыш, скажы, як завецца тая, што спакусiла майго высакароднага i чыстага хлопчыка? Можа, яна з роду Нiмфаў, цi з лiку Ораў, цi з карагоду Музаў або Грацыяў, маiх прыслужнiц?"
Не змаўчала балбатлiвая птушка i кажа: "Не ведаю, панi, але мне здаецца, што ён мае вялiкi iнтэрас да дзяўчыны, а калi не памыляюся, завецца яна Псiхея". Тут Венера крыкнула ў абурэннi: "Дык ён праўда любiць Псiхею, маю сапернiцу па прыгажосцi, рабаўнiцу майго iмя? Можа, гэты шалапут нават лiчыць мяне зводнiцай, бо я расказала яму пра гэту абрыдлую мне дзяўчыну!"
29. Сказаўшы гэта, хутка выплывае яна з глыбiняў мора i накiроўваецца ў сваю залатую спальню. Убачыўшы там, як ужо было сказана, хворага сына, яна проста з парога загаманiла на ўвесь голас: "Вельмi гэта прыстойна i варта нашага паходжання i тваiх добрых паводзiн, што ты, не паслухаўшы павучанняў сваёй мацi i панi, замест таго, каб на пакаранне маёй варагiнi абудзiць у ёй ганебную схiльнасць, сам хлапчук яшчэ, бярэш яе ў свае распусныя i няспелыя абдымкi. Ты думаеш, я змiруся з нявесткай, якую ненавiджу? Цi, можа, ты, пустадомак i паганы бадзяга, лiчыш, што толькi ты адзiн можаш прадаўжаць наш род, а я ўжо састарэла i не магу зачаць? Дык жа ведай, нараджу другога сына, шмат лепшага за цябе, цi для большага твайго прынiжэння ўсынаўлю якога-небудзь нявольнiка i перадам яму i гэтыя крылы, i факел, i гэтыя стрэлы, i ўвесь гэты рыштунак, якi я дала табе не на такi ўжытак, бо нiчога не было ўзята на гэта ўзбраенне з маёмасцi твайго бацькi.
30. Зрэшты, ты з малых дзён кепска выхаваны, на руку шустры, старэйшых крыўдзiў без нiякай пашаны, нават мяне, сваю мацi, мяне, кажу, ты, забойца, кожны дзень крыўдзiш i часта ранiш, не лiчачы за мацi, быццам удаву якую, не саромеючыся свайго айчыма, знакамiтага сiлача i вялiкага змагара. Мала таго, ты на шкоду маёй з iм сувязi ўзяў моду раз за разам дастаўляць яму ў наложнiцы дзяўчат. Але я змушу цябе пакаяцца за гэтае свавольства, убачыш, якая цяжкая i горкая будзе твая жанiцьба! Цяпер, пасля такiх здзекаў, што мне рабiць? Куды падзецца? Якiмi спосабамi абразумiць гэтага прайдзiсвета? Няўжо звярнуцца мне да варожай Устрыманасцi, якую я гэтак часта з прычыны распуснасцi гэтага хлапца абражала? Але як мне гаварыць з гэтай вясковай неачэсанай бабай! Адна думка пра гэта наганяе на мяне жах! Аднак адкуль бы помста нi прыходзiла, грэбаваць ёю не варта. Якраз Устрыманасць, i нiхто iншы, можа быць мне найбольш карыснай у сама строгiм пакараннi гэтага пустамелi: забраць калчан, стрэлы, аслабiць лук, факел патушыць ды ўтаймаваць яго цела надзейнымi сродкамi. Тады толькi палiчу адпомшчанай сваю крыўду, калi яна кучары, зiхатлiвае золата якiх я так часта церабiла, яму зголiць, а крылы, што я на сваiх грудзях нектарам акрапляла, абрэжа".
31. Пасля гэтага маналога яна гнеўна рынулася з дому, але жоўць яе яшчэ не супакоiлася. Тут жа сустрэла Цэрэру з Юнонай, а яны, убачыўшы яе надзьмуты твар, пытаюцца, чаму азмрочваюць ссунутыя бровы прыгажосць яе блiскучых вачэй? А яна: "Вось дарэчы я вас сустрэла, i вы выканаеце жаданне майго распаленага сэрца. Малю вас, пастарайцеся знайсцi мне ўцякачку Псiхею. Да вас, я спадзяюся, дайшло, што здарылася ў маiм доме. I гэта натварыў той, якога
не магу больш называць сваiм сынам!"А багiнi, якiм усё, што здарылася, было вядома, каб суцiшыць палымяны гнеў Венеры, пачынаюць так: "А што ж, панi, благое зрабiў твой сын, што ты гэтак упарцiшся ягонаму шчасцю i хочаш загубiць дзяўчыну, якую ён любiць? Што за грэх, калi ён радасна ўсмiхаецца да прыгожай дзяўчыны? Цi ж ты не бачыш, што ён ужо дарослы юнак, цi мо забылася, колькi яму гадоў? Цi мо таму, што ён выглядае маладзей як на свой узрост, дык да гэтага часу здаецца табе хлопчыкам? Ты мацi,i прытым жанчына разважлiвая, а ўсё стараешся разведаць пра ўсе свавольствы свайго сына, абвiнавачваеш яго ў распусце, умешваешся ў яго любоўныя справы i ганiш у сваiм цудоўным сыне свае ўласныя хiтрыкi i ўцехi. Хто ж з багоў цi з смяротных дапусцiць, каб ты паўсюль сеяла юрлiвасць, калi ты са свайго ўласнага дому выжываеш каханне i наглуха замыкаеш доступ да жаночых слабасцяў?"
Гэтак яны, баючыся Купiдонавых стрэл, старалiся дагадзiць яму сваiм прыхiльным заступнiцтвам. Але Венера, абурыўшыся тым, што яны зводзяць прычыненыя ёй крыўды на дробязь, апярэдзiўшы iх, хуткiм крокам накiравалася ў другi бок - да мора.
КНIГА ШОСТАЯ
1. Тым часам Псiхея, пераходзячы з месца на месца, шукаючы ўдзень i ўночы свайго мужа, усё мацней жадала калi не ласкамi жонкi, дык хоць просьбамi астудзiць яго гнеў. I вось, убачыўшы на гары нейкi хорам, падумала: "Хто ведае, можа, тут знаходзiцца мой уладар!" I адразу кiруе ў той бок свае шпаркiя крокi. Надзея i жаданне сустрэчы вярнулi ёй страчаную бадзёрасць. Падняўшыся па крутым адхоне, падыходзiць упэўненай ступою да святынi i бачыць там наваленыя ў кучу i сплеценыя ў вянкi каласы пшанiцы i ячменю. Заўважыла таксама там сярпы i iншыя прылады жнiва, але ўсё гэта ляжала абы-як i абы-дзе ў беспарадку i без нагляду, як гэта бывае, калi работнiкi ў спёку ўсё параскiдаюць.
Псiхея разабрала старанна ўсе прылады i, як належыць спарадкаваўшы, думала пра тое, што нельга ёй грэбаваць нiякай святыняй, нi абрадамi любога з багоў, а ў кожнага з iх шукаць лiтасцi i спагады.
2. За гэтай працай застае яе кармiцелька Цэрэра i яшчэ здалёк гукае: "Ах, вартая жалю Псiхея! Па ўсiм свеце шукае цябе да крайнасцi разгневаная Венера, якая рыхтуе табе лютую кару, усю сваю боскую сiлу хоча абрынуць на помсту табе, а ты клапоцiшся тут аб маiх рэчах i нiчога не робiш для свайго ратунку!"
Тут Псiхея кiнулася ў ногi багiнi, аблiваючы iх горкiмi слязьмi. Падмятае багiнiны сляды валасамi i ўмольвае яе сардэчнымi просьбамi: "Заклiнаю цябе тваёй пладаноснай правай рукой, радаснымi абрадамi жнiва, запаветнымi тайнамi кашоў, крылатай каляснiцай тваiх прыслужнiкаў драконаў, баразной сiцылiйскай зямлi, драпежнай каляснiцай, зямлёй-кармiцелькай, сыходжаннем да беспрасветнага шлюбу Празерпiны, светлым вяртаннем знойдзенай дачкi i ўсiм, акружаным маўклiвасцю ў святынi атычнага Элеўсiна, - зрабi ласку душы Псiхеi, якая ўмольвае тваёй апекi! Дазволь мне схавацца ў гэтай капе калосся хоць на некалькi дзянькоў, да той пары, пакуль страшны гнеў велiчнай багiнi памалу не астыне, цi хоць на той час, пакуль мае аслабленыя доўгiмi пакутамi сiлы адновяцца ў цiхiм супачынку".
3. Адказвае ёй Цэрэра: "Узрушана я тваiмi слёзнымi просьбамi, аднак не магу выклiкаць незадаволенасцi маёй сваячкi, добрай жанчыны, з якой я злучана повязямi даўняй дружбы. Дык зараз жа пакiнь гэта памяшканне i будзь рада, што я цябе не затрымала i не пасадзiла пад варту".
Атрымаўшы такi нечаканы адказ, прыгнечаная падвойнай скрухай, зноў пускаецца Псiхея ў дарогу i праз нейкi час бачыць у глыбокай далiне сярод панурага гаю вельмi дыхтоўна збудаваную святыню. Стараючыся не прапусцiць нiякай магчымасцi палепшыць свой лёс, яна была гатова заслужыць лiтасць у любога з багоў, таму наблiжаецца да святых варот. Бачыць тут дарагiя прынашэннi i палотнiшчы з залатымi надпiсамi, развешаныя на галiнах дрэў i на вушаках дзвярэй. Адначасова з выказваннем удзячнасцi напiсана было i iмя багiнi, якой усё гэта прысвячалася. Перш за ўсё, выцершы слёзы, становiцца Псiхея на каленi, абдымае рукамi яшчэ не астылы алтар i ўзносiць такую малiтву:
4. "Сястра i жонка вялiкага Юпiтэра, цi ёсць ты ў старадаўняй святынi Самоса, якая славiцца як адзiны сведка твайго нараджэння, немаўлячага крыку i ранняга дзяцiнства, цi знаходзiшся ў блажэнным прыстанку высокага Карфагена, дзе ўшаноўваюць цябе як дзеву, што на льве рухаецца па небе, альбо паблiзу берагоў Iнаха, якi славiць цябе як жонку Грамавержца i каралеву багiняў. Ты ахоўваеш слаўныя аргоскiя сцены, ты, якую ўвесь Усход ушаноўвае як Зiгiю, а ўвесь Захад называе Люцынай, будзь мне ў маёй пiльнай патрэбе Юнонай-апякункай i, зняможаную ў гэтулькiх перажытых мною пакутах, ад страху навiслых нада мною небяспек вызвалi! Мне ж вядома, што ты ахвотна дапамагаеш цяжарным жанчынам, якiм пагражае небяспека".