Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Муштук і папка
Шрифт:

Валя жыла асобна і з'явілася пазней.

Сярод маіх пляменнікаў — большасць дзяўчат. Калі я ўпершыню ўбачыў «адэскую Валю» (ёсць і другія Валі, вясковыя), іх, пляменніц, было чатырнаццаць. Няёмка перабіраць, ацэньваць, але пятнаццатую, Валодзеву, я любіў, здаецца, найбольш. Перад усім, вядома, з-за яе трагічнага сіроцтва. Дый так, сама па сабе, яна была слаўная. Добрая, шчырая, шчабятліва вясёлая. І ўся наша радня яе любіла. Гэта — пазней ужо, пасля таго, як я ўлетку пяцьдзесят дзевятага ездзіў на толькі што купленай «Волзе» ў адэскі дом адпачынку ўкраінскіх пісьменнікаў, а вяртаючыся адтуль з прыемнасцю пачаставаў нашу Валю радзімай бацькоў. З жонкай, траіма дзецьмі і госцяй — на Кішынёў, Львоў, Берасце, з заездам у Белавежскую пушчу,

і — у нашу сталіцу, Загора. Дзе жылі яе цётка і дзядзька. Тады ў суседнія Маласельцы, дзе яшчэ адзін дзядзька. Пасля ў «далёкае» па-ранейшаму, за цэлых семнаццаць вёрст, Палужжа, дзе найстарэйшая цётка. І ўсюды столькі дваюрадных, і ўсе так шчыра рады ёй!..

А ў сорак дзевятым убачыў яе і сапраўды «з першага позірку» палюбіў я першы.

…Два здымкі ў альбоме. Гляджу на іх — праз сорак гадоў пасля той першай сустрэчы.

На адным — дзве сям'і, абедзвюх Трыбуцянак, Надзі і яе старэйшай сястры. У тое хлопец і дзве дзяўчынкі, у нашай толькі маленькая Валя. Па выглядзе яе можна меркаваць, што было ў трыццаць трэцім або ў трыццаць чацвёртым годзе. Цыбаценькая, тады светлагаловая, яна сядзіць на бацькавых каленях, тварыкам вельмі падобная на таго, каго абняла тонкай ручкай за шыю, замкнутая ў кальцы ягоных рук, счэпленых спераду ў «клямары» вялікіх далоняў. Вясёленькая — побач з яго вялікай, пад машынку астрыжанай галавой і худым, чагосьці сумным тварам. Побач з тым, каго я ледзь-ледзь, «як праз сон», памятаю і не ведаю так, як трэба ведацца братам. Яна — як іскарка, што збліжае нас хоць так: з ім была ў маленстве, са мной у маладосці… Мець брата і так вось, больш як праз паўстагоддзя, пазнаваць яго вельмі здалёк, прыблізна, па здымках такое даўнасці — як гэта дзіўна, нязвычна да сцішнаватасці!

На другім здымку, таксама не пазначаным датай, Валі, адной тут, па выглядзе нейкіх дзевяць гадоў. Яна ўжо чарнявенькая, пастрыжаная пад хлопчыка з непаслухмяна прыгладжанай направа грыўкай. Вялікія цёмныя вочы, гатовыя бачыць не проста вельмі многа, але ўсё-ўсё. І стрыманая ўсмешка. Бацькава. Складзеныя рукі — локцямі на засланым стале, а далоні схаваныя. Шчаслівае дзіця ў сям'і, якой страшны лёс мноства іншых людзей яшчэ не пагражаў сваім наканаваным набліжэннем…

Цяпер адной з маіх унучак, сынавай дачцэ таксама шчасліва вясёленькай, якраз столькі, колькі Валі на здымку. Я даўно прызвычаіўся да глыбейшага пазнавання жыццёвых з'яў такім чынам, што перш за ўсё і міжвольна стаўлю ў розныя незвычайныя сітуацыі сваіх найбліжэйшых, уяўляючы іх на тым месцы. І мне цяпер, праз унучку, балюча бачыць, як яе даўняя равесніца, — Надзя расказвала мне і пра гэта, — крычала цераз бездапаможны плач:

— Ты не иди за ним! Ударь его! Прогони их! Папочка, не иди!..

Гэта — увосень трыццаць сёмага, калі Валодзю арыштоўвалі. Калі прыйшлі ў сям'ю і па нейкім «праве» забралі бацьку. У тых, для каго ён — усё.

Думаючы пра яго, бацьку тое дзяўчынкі, пра лёс яго, мне страшна, жудасна перайсці думкай і сэрцам да бацькі гэтай дзяўчынкі, ставіць унучку на месца пляменніцы, сына на месца брата. А ён жа, Валодзя, таксама быў сынам!.. Цераз сваіх найбліжэйшых — да разумення агульналюдскога. Тут мы становімся найбліжэй да спрадвечнага, найвярнейшага запавету чалавечнасці: палюбі бліжняга — як самога сябе, як сваіх найраднейшых, такое хочацца дадаць.

У сорак дзевятым Валя была на сваім дваццаць першым. Мела сыночка, мужа. (Мы не пабачылі яго, ён паехаў да маці, у сяло.) Прыгожанькая, стройная, бойкая адэсітка. Калі мы віталіся, упершыню ў жыцці, яна какетнула: «Я не целую вас, дядя, я накрашена». «А мне это совсем не мешает», — адказаў я, абняўшы яе, танклява, модна элегантную, ці то з нейкім дзіўным, невыразна светлым напамінам пра кагосьці вельмі блізкага, любімага, ці то з прадчуваннем нашай сардэчнай дружбы, з перапіскай і спатканнямі.

На працягу наступных гадоў, да восені семдзесят другога, — да таго адвячорка, калі яна, касір невялікай аптэкі, маці двух сыноў і жонка хваравітага мужа, шафёра

таксі, сумна вярталася з працы і… назаўсёды ўпала на тратуары свайго завулка. Падкошаная кровазліццём у без пары пасівелую галаву, бездапаможную ў жахлівым тупіку наркаманавай маці.

І ўсё гэта жыццё, жыццё!..

Дзядзька Павел яшчэ ў пяцьдзесят трэцім годзе пайшоў з дому і не вярнуўся, так ужо абяспамяцеў. Надзя ледзьве знайшла яго ў адной з бальніцаў, на самым адыходзе.

Сама яна, сардэчніца, памерла ўлетку шэсцьдзесят сёмага.

Потым Валя. І ўжо таксама семнаццаць прайшло.

Мая Адэса для мяне пусцее…

Зрэшты, на гэты раз я меў толькі тры гадзіны вольнага часу, ад самалёта да вечара ў тэатры, дзе будзе Шаўчэнкава міжнароднае свята, дзе трэба будзе выступіць, а пасля вечара — на цеплаход і ў Херсон, і далей.

Я паспеў толькі сустрэцца з Віктарам, пагаварыць ды памаўчаць удвух над Валіным фотаальбомам… Інжынер-будаўнік, і ён тым часам — куды мы, Божа, спяшаемся? — таксама ўжо добра на шостым дзесятку.

А бацьку не памятае зусім…

БРАТ № 17643

Быкаўнянскія сосны больш дародныя за нашы, што ў Курапатах, хоць і растуць таксама на пясчаным грунце. І лес як быццам чысцейшы, цяплейшы. Як у нас на Берасцейшчыне. Сярод соснаў сям-там акацыі, якім гадоў па дваццаць пяць. Трава і траўка, свежая, якою гэтай вясной пакрылі раскопкі, маскуючы сляды эксгумацыі. Яшчэ і бярозкі, таксама сёлета пасаджаныя, — у светлым дзіцячым няведанні яны хораша прыняліся, зелянеюць новай лістотай, пяшчотна стракацяць тоненькімі стваламі і галінкамі.

Прастадушны румянец вялікіх півоняў — букеты ў нашых руках. Я прыехаў сюды са сваім даўнім сябрам, украінскім пісьменнікам. Кветкі мы пакладзём да помніка з чырвонага граніту, перад якім стаімо. На ім надпіс: «Вічна пам'ять», а што было яшчэ ў правым ніжнім кутку — пра ахвяры… нямецка-фашысцкіх зверстваў — акуратна здзёўбана. Нядаўна. Пад націскам грамадскасці.

«У мяне не забілі нікога — ні маці, ні жонкі, ні брата…» Успамінаецца такі пачатак ваеннага верша аднаго з нашых паэтаў. Гэты першы радок засеў у памяці даўно і частавата паўтараецца з нейкім няпростым сэнсам.

Успамінаецца і бліжэйшае, з телеперадачы пра адкрыты, паказальны суд паміж староннікамі розных лагераў: прасталінскага і новага, сучаснага. Слова сваё прагрэсіўны адказчык пачаў з таго, што ў сям'і яго ніхто не быў рэпрэсіраваны, і таму ён будзе гаварыць зусім аб'ектыўна. Як і той, у каго не забілі нікога, і таму ён пра зверствы гітлераўцаў таксама гаворыць з вышэйшай пазіцыі.

І дзякуй Богу, што не забілі, не рэпрэсіравалі.

А ў мяне тут брат, у сябра майго жончын бацька. Усенароднае мы адчуваем праз сваіх. Мяркую так па сабе, бо мы, вядома, маўчым. Усе ж яны, якіх тут пад старой і новенькай травой толькі сям-там прыкрытая безліч, усе камусьці блізкія, а з гэтых блізкасцей і складаецца неабдымна жахлівая лічба сталінскіх ахвяраў, пра якія так пранікнёна гавораць словы памінальнай малітвы: «…имена же их Ты, Господи, веди…» І ад свайго, ад роднага ідучы, я неяк бачу, нібы ўяўляю мноства тых, каго не бачыў, не ведаў, а намагаюся адчуць іх жывымі, у невыносных пакутах. З яшчэ большай безліччу іхніх сем'яў, таксама ж ахвяр, пакутнікаў.

Зусім нядаўна я ўпершыню дакрануўся да братавай «справы».

Адзін з карэспандэнтаў «Литературной газеты», не той, што званіў мне два месяцы таму назад, а цяпер у далёкім ад'ездзе, — другі, старэйшы, знаёмы і паважаны даволі даўно, дапамог мне і кіеўскаму сябру скантактавацца з гарадской пракуратурай. Там нас прыняў следчы па Быкаўні, сярэдніх гадоў таварыш, інтэлігентны і сціплы.

Нечакана, адразу расхваляваўшыся, я пачаў гаварыць яму тое, што чуў і думаў дагэтуль пра брата, паўтараць паўвекавую сямейную легенду пра «сына польскага памешчыка», закатаванага ў белацаркоўскіх засценках, які на спатканні з жонкай сказаў, — я паўтарыў гэта ледзь не з прыплачам гордасці, — што ён нічога не падпісаў…

Поделиться с друзьями: