Муштук і папка
Шрифт:
Шура прынёс мне яшчэ адзін цікавы і патрэбны дакумент, знойдзены ў маленькім чамаданным архіве, што застаўся пасля яго набожнай мамы. Мне хочацца прывесці тое пасведчанне ў шэрых вокладачках проста поўнасцю:
«УССР. Губтрудсобес и Губкомтруд. Подотдел учета и распределения силы.
Личный учетный билет No.8292. Лейко Вера Романовна, 1901 г. р., возраст 19 лет. Педагог дошкольн. Белорусская труд. школа No.115. Судейский пер., 2.16.ХІІ.1920 г.
Продлен до 9.V.1921 г.».
На Ігната такой даведкі няма, не захавалася. А ён таксама працаваў тады вечарамі ў беларускай школе, можа, і ў той самай. У пачатку сорак пятага, калі я паслаў яму свае першыя публікацыі ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну», ён мне пісаў, што яны з Верай чытаюць іх разам, бо
Пішучы пра вучобу ў Мірскім гарадскім вучылішчы, а адзначаў, як мне прыемна было думаць, што ў адзін час з нашымі вучыўся Ўладзімір Жылка… У верасні шэсцьдзесят сёмага мы, чатыры беларускія літаратары, будучы ў Маскве, паехалі ў Хімкі — наведаць старога Міхайлу Грамыку. Вучоны-геолаг, паэт і драматург, яшчэ адна ахвяра сталінскай барацьбы з беларускім «нацыяналізмам», ён быў яшчэ і вельмі змястоўны, абаяльны чалавек. Светла ўспамінаецца мне вечар, праведзены ў гасціннай сям'і гэтых маскоўскіх беларусаў, а перш за ўсё — сам белабароды, у белай доўгай кашулі, светлы душой гаспадар. Потым, прачытаўшы, што ён у пачатку дваццатых гадоў наладжваў і вёў у Адэсе беларускія школы, я сумна пашкадаваў, чаму не ведаў пра гэта ў той вечар. Тады старэнькая гаспадыня сказала, адкуль яна родам, — з мястэчка Ярэмічы, што за шэсць кіламетраў ад маёй вёскі, і мы весела паўспаміналі роднае Наднямонне. Зноў жа неяк па-зямляцку шчымліва-светла думалася над Верыным даўнім адэскім пасведчаннем пра тое беларускае настаўнічанне, і шкада (ох, ці мала чаго шкада!..), што і ў Грамыкаў пра гэта не згадалася, бо не ведаў, і з братавай не сабраўся пагаварыць як след пра гэта дый пра іншае таксама…
Тая адэская моладзь, пераважна дзеці чыгуначнікаў, русіфікаваная царкоўнапрыходскімі школкамі ў вёсках, гарадскімі вучылішчамі ў мястэчках Беларусі, гімназіямі ды інстытутамі ў расейскамоўным горадзе, дома чула беларускую мову бацькоў, адчувала роднасць яе такім чынам. Нашы хлопцы найбольш па маме, якая потым, у вёсцы, і мне дала вельмі нямала роднага ў пісьменніцкім станаўленні. І таму мне Ігнатава з Верай настаўнічанне бачыцца невыпадковым. Не думаю, што і ў Валодзі тое роднасці не было, хоць ён чамусьці не настаўнічаў.
Службу свяшчэннікам Ігнат пачаў — выразна помніцца гэта змалку па зваротным адрасе яго пісьмаў адтуль — у сяле Візірка на Адэшчыне. Арыштавалі яго ў кастрычніку трыццаць першага года; Шура і дзень мне дакладна назваў — 31-га, страшны дзень іх сямейнай гісторыі. Спачатку рабілі вобыск. Хлопцу было тады восем гадоў, ён памятае, як адзін з чэкістаў нават вядро памыйнае не абмінуў — выплюхнуў яго перад ганкам: ці не схаваны там якія доказы або каштоўнасці. Ігнат яшчэ заставаўся дома. Назаўтра, калі малы прачнуўся, то ўбачыў, што бацькаў ложак — засланы. Спытаўся, дзе папа, а мама заплакала. Зрэшты, яна, відаць, яшчэ і не спынялася ціхенька плакаць.
Свяшчэнніка адправілі на лесанарыхтоўкі, у тайгу каля Марыінска, адкуль пасля перавезлі на будаўніцтва Беламорканала.
Амаль праз сорак радоў пасля таго будаўніцтва, падарожнічаючы па Карэліі, у драўлянай Кемі, перавалачнай перад Салаўкамі, я, наслухаўшыся расказаў пра частыя гукі начных адстрэлаў у той час, успамінаў Ігнатавы пісьмы з тых катаржных мясцін. Пісьмы — ужо без зваротнага адрасу, з суровай тэлеграфнасцю тэксту, на няпоўную старонку са сшытка, адкуль тры словы адчаканіліся ў маёй памяці, нібыта назва аповесці з таго жыцця: «Одет, обут, накормлен». І подпіс: адно загалоўнае «И» з кропкай… (У лістападзе трыццаць дзевятага, мокры, халодны, галодны нявольнік, зусім нядаўні польскі салдат, я пісаў з «арбайтскаманды» маме — тымі самымі словамі пра сваё ўжо — «адзеты, абуты, накормлены». Пісьмо гэтае, на стандартным лагерным бланку, першае маё пісьмо з палону, дайшло і захавалася…) Успаміналіся ў Кемі і чатыры радкі Ігнатавага зэкаўскага верша, што трапілі ў маю памяць з яго пасляваенвага пісьма з Урала:
Малыша моего мне хотелось бы видеть портрет:
У меня, как вы знаете, ведь его нет.
Радость будет большая моя.
Ах, мой мальчик, порадуй меня!
Улетку
трыццаць трэцяга года мы атрымалі ў Загоры яшчэ адно кароценькае пісьмо з подпісам И., і я са здзіўленнем убачыў на паштовым штэмпелі слова Мінск (а можа, і Менск: не запомнілася). Колькі розных здагадак і меркаванняў у нашай вясковай глухамані!.. Намнога пазней стала вядома, дзе ён быў, адкуль вяртаўся. З «перековки», датэрмінова, як ударнік. Так успамінае яго сын. А я чытаў нядаўна, што, калі тое славутае будаўніцтва было трыумфальна закончана, начальства атрымала ордэны, а кожны шосты зэк (там гэтае слова і ўзнікла) адпускаўся дахаты. Відаць, наш аказаўся шостым.Забралі айца Ігнація ў расе, а вярнуўся ён у нейкім бушлаце, «лагерном серяке», разрэзаным на левым баку, дзе нутраная кішэня. Расказаў, што ў вагоне ён засынаў на сярэдняй паліцы, а цераз праход ляжала нейкая жанчына. Нібыта праз сон, яна махнула рукой і — ён пачуў праз дрымоту — ляпнула па левым баку яго грудзей. А потым, калі ён прачнуўся — там было разрэзана, дакументы і сякія-такія грошы зніклі. Суседка — таксама. Праз нейкі час, ужо ў Адэсе, дзядзька Павел прынёс з вакзала яго паперы, знойдзеныя ў смеццевай урне: па прозвішчы іх аддалі старому Брылю.
Неўзабаве прыехаў з Кіеўшчыны Валодзя. Шура бачыў тую сустрэчу. Мамы, фельчаркі, дома не было. Абдымаючы брата, дзядзька Валодзя расплакаўся, але ж адразу тады і сказаў:
— Ну что, помог тебе твой Христос?
На што Ігнат адмахнуўся:
— Об этом не будем. Не будем.
Па характары ён быў стрыманы, аскетычны. У маладосці купаўся ў моры зімой, правяраў сябе доўгаю галадоўкай, строга займаўся гімнастыкай па сістэме Мюлера. Бязлітасна муштраваў па ёй Колю і Мішу, з абліваннем халоднай вадой уключна. Толькі мяне яшчэ не чапаў, па малалецтве ці па матчынай забароне. Нават і ў вёску ён нам тое «пособие» палажыў у карзіну разам з іншымі кнігамі, і мы з Мішам, вярнуўшыся з вучобы на гаспадарку, у разгары самаадукацыі нават і таго Мюлера не абмінулі, што было смешна для юнакоў, скажам, пасля накідання гною або малацьбы цапамі. А Ігнату ён, Мюлер, і галадоўкі, і маржаванне, можна думаць, і ў тайзе, і на канале прыдаліся, як набытая загартоўка.
Пра стрыманасць. У сорак шостым, калі яны з Шурам прыехалі да мяне, я быў на рабоце, у рэдакцыі. Прыбег дахаты, куды было недалёка, задыханы, кінуўся вітацца і заплакаў. А брат, такі незнаёмы і такі свой па расказах ды пісьмах, у той час не святар, а часова, дзесяць гадоў, выкладчык расейскай літаратуры, геаграфіі і нямецкай мовы ў Троіцкім рабфаку, саракапяцігадовы, трохі вусаты мужчына ў даўгавечнай выгаралай касаваротцы, — ён павітаў мяне стрымана, словамі першымі і ў памяць маю — назаўсёды:
— Спокойно. Спокойно.
Расказваючы пра тую сустрэчу бацькі з дзядзькам, дзе быў закрануты Хрыстос, Шура мне сказаў, што бацька тады вельмі пакрыўдзіўся. Гэтую крыўду я памятаю і па Ігнатавым расказе пра сустрэчу са старэйшым, які ў той час, можна сказаць, быў у росквіце сваёй кар'еры: і прэміі атрымліваў, і на курорты ездзіў, нават з наркомам сустракаўся. І крыўда тая, справядлівая, усё-такі ў нечым была для мяне з нейкай горкай недагаворанасцю…
Сухаром Ігнат не быў. У адзін з тых радасных дзён, над рэчкай і яго маленства, над нашай ціхай, маляўнічай Вушай мы сядзелі з ім удвух, з вудачкамі, глядзелі на паплаўкі, на родную красу, няспешна гаманілі. І вось ён пачаў спакваля падбірацца са сваім запаветным — угаворваць, каб я ахрысціў сваю Галю, якой не было яшчэ года.
Пасля «перековки» ён быў паспрабаваў зноў стаць свяшчэннікам, але яго зноў, ужо ў іншай вобласці, выклікалі і строга папярэдзілі. Прыйшлося падацца за Ўрал, балазе там былі знаёмыя па Адэсе, надзейныя. Яны, самі ўжо там абжыўшыся, змаглі ўладзіць яго настаўнікам у іх рабфаку. Дырэктар, праўда, касавурыўся на той разрэзаны ды зашыты лагерны «серяк», аднак і выкладчыкі былі патрэбны, і рэкамендатар салідны, — новага прынялі. Настаўнічаў ён на добрым узроўні, карыстаўся пашанай студэнтаў і выкладчыкаў, аднак у душы заставаўся самім сабою. Што і ўсплыло наверх праз год пасля гасцявання ў нас. Ён па здароўі звольніўся ў рабфаку і зноў аблачыўся ў расу.