Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:
IV

— Ну, досыць! — загадаў Берасевіч.

Лёня адразу ж замітусіўся, пачаў разбіраць і хаваць па частках у чароце «павука».

Патэпалі назад. Зноў лес і халодны туман, раса на траве і на лісцях, камары і салаўі, і знаёмае чвяканне пад нагамі.

— Хто ў Ленінгра-ад прабіраўся бало-отамі, — нягучна заспяваў Лёня, пасвістаў крыху і змоўк.

Скончылася роснае кустоўе, пасвятлела, паказаўся высокі, парослы травою насып, і запахла шпаламі — гэта была чыгунка. Берасевіч з Лёнем падняліся наверх, паабціралі аб рэйкі гразь з ботаў і падкасалі халявы.

— Далёка яшчэ?

— Ву-унь, да стрэлак, дзе семафор. Бачыце?

Берасевіч

паглядзеў і нават сваімі добрымі шафёрскімі вачамі нічога не ўбачыў. Пайшлі збоку паўз пуць, дзе паміж шпаламі было больш камення і лягчэй ступалася. Дыхнуў аднекуль ветрык, адагнаў праклятых камароў, пасвяжыў твар. Берасевіч зняў шапку і ўзбіў далоняй мокрыя валасы. Зноў яму крыху стала лягчэй, зноў паверылася, што ўсё хутка скончыцца, адпусціць гэтая дрэнь і настане час, калі мазахісцкая камарыная ноч успомніцца не як кашмар, а як штосьці лёгкае, нават рамантычнае, успомніцца не гразь пад нагамі і не бруд на душы, а салаўіны спеў, шолах чаратоў, гэты ветрык, што так прыемна пахне мазутам і далёкай дарогай, і Лёневая спіна ўперадзе…

Цяпер Берасневіч разгледзеў зялёную ў тумане пляму семафора. Яны дайшлі да яго і спыніліся перакурыць. Адсюль пачыналася двухпутка, быў раз’езд, папярочную дарогу з двух бакоў перакрывалі шлагбаўмы. Унізе ля самых пуцей, аддзеленая ад чыгункі невысокім бетонным плоцікам, утульна, заманліва свяціла маленькім вакном хатка. Мала дзе засталіся цяпер на пераездах такія мініяцюрныя будачкі, звычайна дагледжаныя, пабеленыя, з садзікам пад вокнамі; тым больш, калі яны яшчэ трапляюцца, ёсць у сузіранні іх штось мілае, даўняе, рамантычна-самотнае, звязанае з марамі, з дзяцінствам, калі хацелася, як вырасцеш, стаць бакеншчыкам, лесніком, стрэлачнікам ці станцыйным наглядчыкам.

Але Берасевічу не да рамантыкі было. Ён курыў, часта зацягваючыся, і пляваў пад ногі.

— Чакаюць, — паказаў Лёня акуркам на вакно. — Я ж казаў, не праблема, — і пакашляў збянтэжана, усё нешта мыліўся. — Гэта… пра дзеўку я. Як вам сказаць. Ну, не зусім яна…

— Што ты нясеш?! Не зусім дзеўка?

— Не гаворыць яна. Не ўмее. І не чуе, — Лёня дакрануўся далонямі да вушэй, нібы гэта не дзеўка, а Берасевіч быў глуханямы, і яму трэба было тлумачыць на мігах. — Не — а так, усё астатняе ў яе — не праблема!

— Ну і чорт з ёю, — Берасевіч старанна растаптаў, як чарвяка, акурак. — Вядзі!

Гучна ляпнулі веснічкамі. Пастукалі ў шыбу. Адразу ж засвяцілася яшчэ адно вакно, такое ж малюпасенькае. На ганак выйшаў босы дзядзька ў белым, з доўгімі сівымі валасамі, падобны на прывід, ці на смерць мужчынскага роду, толькі без касы.

— А-а, вось і госцейкі дарагія, няжданыя-няпрошаныя, нязваныя-някліканыя!..

І адступіў са святла ў ноч, прапускаючы іх.

V

Яны зайшлі. Моцна запахла прэллю, брагай і вагонным тамбурам.

Прадаўгаваты калідорчык і падобны быў на тамбур, вузкі, ледзь прайсці, ды яшчэ ляпіліся паўз сцяну нейкія скрынкі, бочкі, дзежкі, заваленыя зверху лахманамі. Асобна ў кутку, як ганаровы самавар у рускіх, стаяў старадаўні стрэлачнікавы ліхтар з ручкаю, і на падлозе, рассыпаныя, ляжалі брудныя, у мазуце трубкі чыгуначных флажкоў. У канцы калідора ў паласе святла паказалася дзяўчына, міг усяго пастаяла, зырачыся са святла на незнаёмцаў, і адразу ж знікла ў баковачцы. Але і гэтага хапіла — Берасевіч паспеў заўважыць, якая яна рослая, якая русая каса ў яе цераз плячо, як шчыльна аблягаюць спартыўныя штаны яе ногі і як адтатурчваюцца грудкі на кашулі з закасанымі рукавамі. Ухапіў ён усё гэта вокам і радасна і нядобра ўздрыгнуў: нічога сабе «малая». Хоць тут пашэнціла. Звычайна ў яго ну хто былі? —

даяркі-цялятніцы, праўда, адна школьніца-гулёна, але часцей зусім нікога: каму тут узяцца ў цяперашніх вёсках, дзе на дзесяткі кіламетраў вакол адны бабулі, бярозы ды сосны.

У пакойчыку Лёня з Берасневічам знялі мокрыя ад расы і туману цяжкія ватоўкі. У рваным старым адзенні (якое ў Лёні ў запечку знайшлося), брудных ботах, няголеныя, змораныя, яны цяпер зусім сталі падобнымі на класічных браканьераў, ці на кулакоў са старых фільмаў, толькі абрэзаў не хапала. Што да гаспадара, дык той у сваім споднім нагадваў знянацку засталага, раптоўна ўспоратага з ложка сельсаветчыка, па душу якога кулакі і заявіліся.

Тут, на святле, праступіў прыблізны ўзрост кожнага. Лёня, спіты і зкураны, выглядаў на пяцьдзесят, Берасевіч на сорак, а гаспадар — на ўсе восемдзесят з гакам. Хаця, маючы такую дачку, наўрад ці быў ён намнога старэйшы за Берасевіча.

Берасевіч падыйшоў да маленькага люстэрка, умураванага ў сцяну. На яго глянуў аброслы, з чорнымі пісягамі ад расчаўленых камароў твар з дзікімі, трывожнымі вачыма. Раптам ён убачыў, што гаспадар стаіць ззаду, таксама пазірае ў люстэрка і нават як бы падміргвае яму, Берасевічу, нібы ведае пра яго непрыстойны сакрэт і вось-вось збіраецца агучыць яго.

— Што табе?! — Берасевіч хутка і чамусьці спалохана адвярнуўся ад люстэрка.

Сціплы стол ужо чакаў іх. Пачак солі, бохан хлеба і буталь самагону. Лёня з Берасевічам прыселі, «дзядзька Іван» — так Лёня паважна назваў гэтую старую сволач (а хто ж ён яшчэ, калі гандлюе ўласнай дачкой?) — абмыў у вядры маладую цыбулю, культурна паклаў перад кожным па корчыку — з белымі нітачкамі каранёў. Берасевічу дасталася чарка, якую дзядзька Іван выцер крысом сподняй сарочкі, Лёню — шклянка, а гаспадару — кубак з адколатай ручкай.

Дзядзька Іван узяў буталь, узважыў у руцэ:

— Вось я неяк…

— Дай сюды! — Берасевіч забраў буталь, наліў аднаму сабе, выпіў, тыцнуў у соль цыбулю і зачвякаў.

Лёню стала няёмка, а дзядзьку Івану хоць бы што. Ён падняў кубак (Лёня паспеў напоўніць) і, хітра пасміхаючыся, пачаў гаварыць тост:

— Хоць і сказаў Гарбачоў — нікакіх магарычоў…

— Ты на якім свеце?! — уперыўся ў яго, ажно жаваць перастаў Берасевіч. — Гарбачова няма ўжо гадоў трыццаць!

Лёня вырашыў умяшацца: маўляў, ціха, зараз я ўсім дагаджу.

— Вып’ем за тых, хто камандаваў ротамі… хто ў Ленінград прабіраўся балотамі…

Берасевіч са злобаю глядзеў на іх, слухаў і думаў — гэта ж жывыя Навінкі. Гарбачоў, Ленінград… А — зрэшты, хіба не гэтага ён шукаў, не такога хацеў? Апрашчайся, апускайся, ачышчайся — вось ён, народ, жыві ў ім. Аднак калі ён убачыў, як Лёня п’е — прагна, коўць-коўць, самагонка цячэ з куткоў рота, капае на грудзі, — Берасевіч не змог не пазайздросціць і яму, і гэтаму дзядзьку Івану чорнай зайздрасцю, іхнім простым, як сем капеек, паводзінам, прамому, як лінейка, мышленню, іхняму прымітыўна-амёбнаму ўспрыманню жыцця. Іх не будзе трэсці ад нерваў (хіба што з пахмялюгі), гэтыя не ведаюць пакутаў душы, у іх надзейныя лекі: выпіў — і «няма праблем».

Берасевіч перавёў вочы ўніз. З-пад стала вытыркаліся босыя ногі дзядзькі Івана, з парэпанымі ступакамі, бруднымі пятамі, крывыя пальцы з тоўстымі выпуклымі пазногцямі залазілі адзін на аднаго. Белыя кальсоны-споднікі з адарванымі матузкамі тут, на святле, аказаліся бруднымі, заношанымі, у жоўтых леапардавых плямах. Лёня перахапіў пагляд Берасевіча.

— Адзецца не паспелі, дзядзька Іван? — спагадліва спытаў ён.

— Не, я так заўсёды ў іх хаджу. У кальсонах. Слабадней целу, — ахвотна адгукнуўся дзядзька Іван.

Поделиться с друзьями: