Нічые
Шрифт:
Карпа сярдзіта зірнуў яму ўслед, пашкадаваў, мабыць, што выграбся з хаты, - сядзеў бы сабе, пакуль не скончыцца ўсё...
– А крывянкі - Божа ж мілы!..
– міжволі ізноў злавіў краем вока нябожчыка і зноў перахрысціўся.
– Даходзіў доўга, - патлумачыў Чуб, як пра кабана сказаў, а не пра чалавека.
– Камуністы, яны жывучыя, што ты!
Ён адвярнуўся ад ветру, чыркнуў сярніцаю (агеньчыка зусім не было відаць у вялізных далонях), прыкурыў тоўстую самакрутку.
Дзяніс расчыніў дзверы пуні, выпусціў сабаку. Той выскачыў - злы і нацяты, ашалелы пасля цемры ад зыркага святла, ад пахаў, ад чужых людзей, якіх трэба кусаць, ірваць, гнаць адсюль, са сваіх уладанняў... Аж раптам
– Бач, не йдзе! Крывянку чуе... Ды замаўчы ты, падла!
– не вытрымаў Карпа, шукаючы што пад нагамі, каб запусціць у сабаку.
Мікола рагатнуў.
– Ну, дзядзьку... Крывянку чуе... А ты хацеў, каб і красных біць і каб кроў не йшла? То так не бывае - дзе б'юць, там і льюць!
– задаволены, што так дасціпна перавярнуў прыказку, падышоў да Чуба.
– Пакінь пару цягаў.
Гнат з вяроўкаю падступіўся да палонных, пачаў з Кецкі:
– Лапы давай, калека... Ды дзякуй Богу, і праўда, што нам патрапіўся - рэгулярнай арміі!
– сказаў з нядобрым нейкім смехам, дыхаючы на Кецку перагарам добра знаёмай і самому рэўкамаўцу мясцовай самагонкі, зіркаючы на яго сваімі прыгожымі пукатымі вачыма, і зірканні гэтыя не абяцалі нічога добрага...
Адзін з палонных, крайні, раптам рыўком адштурхнуўся ад сцяны і матлянуў за вугал хаты, з трэскам паваліў хіленькі тын і знік з вачэй.
– Назад!
– Стаяць, курва!!
– паляцела яму ўслед.
– Пільнуйце гэтых!
– Чуб, выплюнуўшы цыгарку, якую Карпа адразу ж падабраў і прытушыў у снезе, ірвануўся следам, лямантуючы нечакана тонкім голасам, галосячы ледзь не па-бабску: - Гнат, давай хутчэй-чэй-чэй!!! Сюды з вінтом, абрэз не даб'е!
– і ў гэтым ляманце-галашэнні чуўся азарт, была непрыхаваная радасць паляўнічага, які выцікаваў звера.
Падбег Гнат, трушчачы ботамі спарахнелыя калкі тыну.
Чуб бухнуўся на калені:
– Кладзі!
Гнат уладкаваў на яго плячы вінтоўку, прыліп шчакою да прыклада. Занадта доўга, як падалося нават марудліваму Чубу, пачаў цэліцца...
– Не патрапіш - самога заб'ю, - сур'ёзна паабяцаў Чуб, аблізваючы вусны.
Уцякач, падхапіўшы аберуч крысы шыняля, нязграбна, пятляючы між абвязаных саломаю дрэўцаў, спатыкаючыся на прысыпаных снегам разорах, бег падпараным полем к далёкаму лесу. Суха шчоўкнуў стрэл. Чырвонаармеец бег як ні ў чым не бывала. Гнат перасмыкнуў затвор, вылецела і шпокнула ў снег гільза, ізноў стрэліў.
Перш падалося, прамазаў. Але Чуб, які ўвесь час стрымліваў дыханне, шумна, з палёгкаю выдыхнуў, а сам Гнат выпрастаўся.
– Я цябе навучу!..
– адно прамовіў.
Уцякач спатыкнуўся, бы з разбегу наляцеў на туга нацягнуты дрот, заплёўся нагамі і грымнуўся вобземлю - тварам уніз...
Чуб устаў, абціраючы мокрыя накаленнікі. Моўчкі, з любоўю паглядзеў на Гната і паціснуў яму руку вышэй локця.
III
Дзяніс не бачыў, толькі чуў, як страляюць, чуў, як Мікола, мацюкаючыся, гнаў чырвонаармейцаў, каб хутчэй цягнулі сюды, у двор, яшчэ аднаго забітага.
Забітага чалавека!
– і гэта тут, у двары, знаёмым да кожнай трэсачкі ў дошках плота, двары, дзе адно свіней пад Каляды ці авечак рэзалі, дык і тады ён, Дзяніс, усімі праўдамі і няпраўдамі стараўся схавацца, перастаяць дзе за сцяною, заплюшчыць вочы, заткнуць пальцамі вушы!.. Зрабіць тое, што ён і цяпер зрабіў - проста ўцёк, схаваўся па другі
Як таму сабаку, яму захацелася раптам падціснуць хвост, заскуголіць і ўпароцца ў пуню, забегчы ў хату або прытаіцца хоць тут, прысеўшы на карачкі, у гэтым закутку... Хай здагадваюцца, хай расказваюць пасля ў Семежаве, у атрадзе, што ён сцыкун, што не вытрымаў, што ў яго слабыя нервы, што ён не мужчына яшчэ, а смаркач... Хай!
Яго трэсла ўсяго. Ён расшпіліў шынялёк, зачэрпнуў снегу - шурпатых уледзянелых крупак, і хутчэй разагнуўся, баючыся, каб не зблажыла сагнутага. Пацёр лоб і шыю. Халодная макрата папаўзла па твары, па грудзях, адразу стала лягчэй. Узяў раптам і крадком выглянуў з-за прыбіральні на агарод, і хоць на імгненне, на хвільку толькі зрабіў гэта, але ж угледзеў і запомніў нават, як чырвонаармейцы нясуць забітага: двое справа, двое злева, сашчапіўшы рукі «замкамі», бы насілкі зрабіўшы... Крысо шыняля валачылася па снезе, матлялася з боку ў бок нежывая галава, целяпаліся рукі, на мокрыя расквашаныя чаравікі наліплі круглякі гразі, абмотка з аднае нагі развязалася і цягнулася ззаду брудным доўгім бінтам... І кроў, зноў кроў, праклятыя чырвоныя кропелькі на снезе, як рассыпаныя брусніцы!..
За спіной пачуліся крокі. Дзяніс уздрыгнуў і не адразу, нясмела азірнуўся. Чуб стаяў побач, пад сцяною, і корпаўся ў крэсле галіфэ. Зацурчэў струмень. Чуб скасавурыўся на хлопца, толькі і сказаў:
– Калі млосна, не цярпі, засунь два пальцы ў рот - паможа.
І пайшоў сабе.
На двары нікога ўжо не было. Адзін стары Карпа шкрабаў сухім, сцёртым да таго, што акурат у руку ўзяць, венікам каля сцяны і пры ганку, зграбаў брудна-чырвоную кашу ў кучку...
Чуб моўчкі сабраў у абярэмак вінтоўкі, падаўся на вуліцу.
Натоўп вяскоўцаў сабраўся каля плота насупраць Карпавай хаты, па той бок вуліцы, - стаялі, ціха перагаворваліся, бы ў чаканні звычайнай будзённай хаўтурнай працэсіі, пазіралі, як Гнат загадзя ачышчае, прыбірае задок падводы, скідваючы проста долу мяшкі і кошыкі; як пасцілае паддон паловаю брызенту - другая звесілася з воза да зямлі; як чырвонаармейцы, іхнія нядаўнія рабаўнікі, упэўненыя ў сваёй сіле і беспакаранасці, а цяпер пакорлівыя і безадказныя, выносяць і ўзвальваюць на падводу сваіх нежывых таварышаў... Узвалілі, Гнат прыкінуў трупы брызентам, паправіў неастылую яшчэ, падатлівую нагу, што высунулася праз дзірку драбіны, - тую самую нагу, з расквашаным мокрым чаравікам, з доўгай, на бінт падобнай, абмоткаю.
Дарослыя - па большасці старыя дзяды і кабеты, стаялі спаважна, са скрушнымі тварамі, як і належыць добрым людзям у такіх выпадках - калі выносяць нябожчыка. Але між імі ўвесь час круціўся, аж прытанцоўваў на месцы хлапчынка гадоў дзесяці, крэпенькі, чырванашчокі, бы снягір, у валёначках і ў вялікай, непаразмернай яму шапцы-вушанцы. Шапка ўвесь час спаўзала на вочы, ён падбіваў яе знізу даланёю і шморгаў носам. Было відаць, як круціць яго ўсярэдзіне, як так і прэ з яго жаданне выпаліць вось зараз гэтым дзядзькам і цёткам нейкую важную, аднаму яму вядомую тайну...
– А гэта ж я, далібог, я!
– не вытрымліваў тады і азіраўся, шукаў вачыма такую ж, як сам, крэпенькую, зграбную, чырванашчокую дзяўчыну, нізка, па самы лоб абвязаную хусткай-«канаплянкаю», як бы ўжо яна была дарослай маладзіцаю.
– Праўда ж, Лізка? Ну, скажы!
У яго звонкім, дрыготкім ад уласнае смеласці голасе былі і дзіцячая неразумная пахвальба, і нецярпячка, і боязь, страх нават, што яму не павераць, смяяцца пачнуць або яшчэ прагоняць адсюль...
– Далібог, не хлушу!
– сцягваў шапку і жагнаўся з наіўнай шчырасцю, як і ўсе бязгрэшныя дзеці.
– Дзядзька Мікола, дзядзька Гнат - ну, скажэце!.. Праўда ж?