На сцяжыне жыцця
Шрифт:
– Ладна, паправiм. Цяпер няма калi, а пасля абеду папраўлю. Напомнiш, цётка.
Напаследак ён, здаецца, усмiхнуўся ледзь-ледзь, аднымi толькi куточкамi вачэй i, пакiнуўшы ў вестыбюлi моцны, непрывычны тут пах махоркi, выйшаў. Ёй чамусьцi адразу зрабiлася вельмi самотна адной i захацелася яшчэ зiрнуць у акно, як ён, няспешна тупаючы па снезе, iшоў да сваёй машыны.
Батарэю ён адрамантаваў, праўда, не пасля абеду, а на другi дзень i зноў, закурваючы, спынiўся ля Фрузыны, пазiраючы, як спрытна мiльгаюць у яе руках сталёвыя пруткi i ўвачавiдкi даўжэе, расце рукавiца.
– Ладныя рукавiцы будуць, - сказаў
Фрузына вязала рукавiцы на рынак, дзе патроху прадавала ў нядзелю, i цяпер адчула, што за ягоны клопат нечым абавязана гэтаму чалавеку.
– А што, падабаюцца?
– спытала яна i нясмела ўзняла вочы.
– Можа, звязаць вам, калi не маеце?
– Не, дзякуй, - сказаў шафёр.
– Што толку з iх - на адзiн рэйс. Каб тут якiя скураныя i то - на тыдзень, не болей.
Яны зноў разышлiся, i зноў Фрузыне стала нiякавата адной - хацелася яшчэ пагаманiць з гэтым зважлiвым чалавекам, але жанчына ведала, што яна нецiкавая, дык цi будзе ён бавiцца з ёю?
Можа, праз тыдзень цi болей пасля гэтай размовы Фрузына ўжо ўпрыцемкi вярталася з працы дадому. Яна жыла на самым ускрайку горада, ля шашы, у цесным кутнiм пакойчыку дашчанага, пракуранага вугальным дымам барака. Каб дабрацца сюды з цэнтра, ад яе ўстановы, трэба было, два разы перасаджваючыся, ехаць аж на трох аўтобусах, а пасля яшчэ з кiламетр абходзiць пустку. Зiмой, праўда, можна было сцяжынкай перайсцi цераз роў з замёрзлаю ручаiнай i такiм чынам зрэзаць добры крук дарогi.
Яна ўжо выбралася з рова, выйшла на агароды i наблiжалася да шашы, цесна атуленай дамамi гэтай ускраiннай вулiцы.
Тым часам добра сцямнела, чорнае, без зорак неба мяккiм змрочным полагам вiсела ўгары, на снезе, у нясмелых паўзмроках чарнелi навокал будынкi, дрэвы, невыразныя плямы зямлi. Снег быў мяккi, мароз адпусцiў нанач, бралася на адлiгу, i было золка.
Жанчына зранку не была дома i цяпер спяшалася - на сконе дня прывычна вабiла хатняе цяпло, спакой i адпачынак. У кiрзавай чорнай сумцы яна несла з сабою небагаты харч - хлеб, селядзец, кiлаграм круп i ўсё гадала, каб як абысцiся гэтым якiх два цi тры днi i зэканомiць на дровы.
На шашы яе асляпiла святлом фараў, абдало грукатам i лязгам iмклiвых аўтамабiляў. Якраз у тым месцы, дзе яна заўсёды зварочвала з дарогi на сцяжынку да свайго дома, нерухома стаяла машына. Фрузына не стала звяртаць на яе асаблiвай увагi - цi мала машын спыняецца на шашы - пастаяць, шафёры зробяць што трэба i паедуць далей. Жанчына ўвайшла ў сенцы, намацала ў кiшэнi ватоўкi ключ, адамкнула дзверы. У пакойчыку было холадна - ужо два днi яна не палiла грубкi, пахла нечым неабжытым i пакiнутым. Чагосьцi тут не хапала ў гэтай кватэры, хоць i было ўсё прыбрана - i вузкi ложак з высока падбiтай падушкай i лебедзямi на танным дыванку на сцяне, i вымытая падлога, засланая наўскасяк палавiчком, i накрыты марляю посуд на невялiчкiм столiку. Яна прыслухалася - суседзяў штось не чуваць было. Распрануўшыся, жанчына адчула холад i падумала, што трэба было б прапалiць у грубцы, каб былi насечаны дровы.
У гэты час у дзверы пастукалi.
Да яе рэдка калi хто заходзiў, i кожны раз на стук Фрузына насцярожвалася. Але не паспела яна што адказаць, як дзверы адчынiлiся i ў пакой увайшоў апрануты ў паўшубак чалавек. Не
зважаючы на зiму, ён быў увесь расхлiстаны - i паўшубак, i кашуля, i шапка, ссунутая на патылiцу, з рота вырывалася бачная на холадзе пара. Яна адразу пазнала - гэта быў яе нядаўнi знаёмец, iх шафер. Прыжмурыўшыся ад яркага святла, ён пераступiў з нагi на нагу i, вiдаць, не пазнаючы жанчыны, загаварыў:– Добры вечар, гаспадыня. Цi не паможаце ў бядзе, так сказаць? Лiха на яе, машына занаравiлася - аднаму не справiцца.
Фрузына ўжо развязала хусцiнку, але зноў чамусьцi пачала закручваць на шыi рагi, пазiрала на чалавека, як ён не дужа ёмка таптаўся ля парога, i сэрца жанчыны ў нейкiм недарэчным прадчуваннi хутчэй затукала ў грудзях.
– А што здарылася?
– як мага спакайней спыталася Фрузына.
– Э, - здзiвiўся шафер, прыгледзеўшыся i толькi цяпер пазнаючы яе.
– Гэта вы? Тут жывяце?
– Ды тут. Вось прыйшла толькi.
– А я гляджу - святло загарэлася, думаю, дай пастукаю, - казаў ён ужо больш упэўнена i з прыкметнай iскрынкай радасцi ў голасе. Адталымi пляскатымi валёнкамi прагiнаючы маснiчыны, ён адышоў ад парога.
– Чорт бы яе ўзяў, шафёрскую долю. У Мiнск ездзiў учора, праз ноч туды, цяпер адтуль i вось не дацягнуў -кандэнсатар прабiла. А тут адзiн, машыну не кiнеш i завесцi нельга - хоць плач. Можа б, вы паглядзелi, каб не чапаў хто? Цi, можа, у гараж падскочылi б, там у хлопцаў ёсць запасныя. А то проста бяда...
Яна, усё яшчэ недарэчна хвалюючыся, запрашала шафёра прысесцi, пагрэцца, казала нешта пра холад у пакоi - не паспела насекчы дроў, а сама тым часам апранала ватоўку, гатовая ўслужыць чалавеку.
– Што ж, калi трэба, дык трэба. Я хутка, аўтобусам. Але як яе, гэтую частку?
– Кандэнсатар, там у Змiтрукова цi ў Цярэшчанкi спытаеш - дадуць, - казаў ён, выпраўляючыся за ёю.
– Я i сам збегаў бы, ды груз у машыне, на шашы ўсё ж.
У яго голасе чулася вiнаватасць за тое, што турбуе, ён збiраўся выйсцi следам, але яна запрапанавала:
– А вы нiшто, не турбуйцеся. Пагрэйцеся тут. Калi што, дык у акно вiдаць.
Ён падзякаваў i застаўся, стомлена апусцiўшыся на лаўку ля акна, а яна, на хаду зашпiльваючыся, падалася ў горад - трэба было спяшацца, каб не зачынiлi гараж.
Кандэнсатар Фрузына адразу ж дабыла ў Змiтрукова, ён аказаўся маленькай лёгкай штуковiнай, але часу на абодва канцы шляху ўсё ж мiнула нямала. Калi яна зноў адчынiла свае дзверы, святло ў пакоi было выключана, пэўна, каб лепей бачыць у акно. У расчыненай грубцы, пырскаючы iскрамi, трашчалi сукаватыя смалякi, што нерассечаныя гады два валялiся на панадворку, а побач, на табурэтцы, змораны, аблакацiўшыся на шырока расстаўленыя каленi, драмаў шафёр. Ён не варухнуўся на стук дзвярэй i, звесiўшы долу заблытаныя валасы, цiхенька i мерна высвiстваў носам.
Фрузына паклала на стол кандэнсатар, зняла ватоўку, стараючыся не нарабiць шуму; пацерла густа запацелую шыбу, каб бачыць машыну, i прысела на лаўцы.
Невядома, колькi мiнула часу, а шафёр усё драмаў. Дровы ў печцы спакваля дагарэлi, пакiнуўшы груду зiхатлiвага вуголля. На сцяне пад столлю варушылiся густа-барвовыя водблiскi; схiленую голаў, плячо i рукаў чалавека залiло гарачай мiгатлiвай чырванню. Ад грубкi на ўвесь кут i паўстолi нерухома падаў вялiзны раскiдзiсты цень чалавека.