Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Праўда, цяпер часы iншыя, але ўсё ж людзi бываюць розныя, хiба не знойдзецца хто пакпiць з адзiнокай немаладой жанчыны. Фрузыне ўсё здавалася, што пасля ўсяго, што здарылася, ва ўстанове не даруюць ёй такога ганебнага мацярынства. Яна ўжо прадбачыла, як будзе выгаворваць ёй Петрачэнкаў, можа, нават выклiчуць на мясцком i дадуць якое спагнанне. Праўда, яна ўсё намагалася пазбыцца турбот аб сабе, дбаць толькi пра свайго малога, але заглушыць неспакой было немагчыма. I Фрузына ўгаворвала сябе трываць - усё перажыць адной, адасобiцца ад людзей, жыць толькi iм, аглухнуць да ўсяго благога.

Папраўлялася

яна добра i праз некалькi дзён адчувала сябе няблага. Ёй дазволiлi ўставаць, i Фрузына, сеўшы на ложку i захiнуўшыся ў халат, чакала ўсё часу кармлення, калi прывозiлi малых. Яшчэ здалёк на парозе яна пазнавала свайго ў радку зусiм падобных белых скруткаў на калясцы i, не могучы ўтрымаць замiлаванай радасцi, першая ўзнiмалася насустрач, кармiла i з вялiкай неахвотай аддавала яго назад. Сестры хвалiлi яе малога, дакторка шматзначна назвала вагу - 4800, i мацярынскае сэрца поўнiлася цiхiм гонарам. Нiколi яшчэ так не ганарылася яна ў сваiм жыццi. Гэта было сапраўднае, вялiкае шчасце.

I вось прыйшоў дзень, калi трэба было пакiдаць бальнiцу.

У апошнюю ноч ёй стала асаблiва неспакойна на душы. Звечара яна прыснiла непрыемны, благi сон, ратуючыся ад пакутаў якога яна прачнулася i ўжо болей не заснула да ранку. Ёй снiўся Петрачэнкаў, i дырэктар Iван Кузьмiч, i Шаўроў, быццам яны з'явiлiся ў раддом i злосна патрабавалi ў яе вярнуць некуды яе малога. Яна вельмi спалохалася, бо яе абвiнавачвалi ў крадзяжы дзiцяцi, на якога яна не мела права, а як апраўдацца, даказаць, што гэта яе дзiцёнак, яна чамусьцi не мела сiлы. I яна толькi пакутавала i бегала па пакоях, па вулiцах, хавала малога, а за ёй ганялiся людзi i атукалi, як у полi на воўка.

Яна не стрывала да канца гэтага страшнага вiдовiшча, але ўжо ведала, што заўтра здарыцца нешта благое. На свiтаннi яна ўзнялася i стала клапацiцца, каб сабраць свае рэчы, званiла па тэлефоне ва ўстанову. Ноччу там дзяжурыла Ганка, якая, аказваецца, цяпер замянiла яе ля дзвярэй, Фрузына папрасiла перадаць Драздовай, каб тая прынесла з кватэры малому бялiзну. Пасля яна стала чакаць, калi папрыходзяць дактары i напiшуць яе дакументы. Ёй было нiякавата ад таго, што нiхто не прыйдзе за ёю, што i ў апошнюю хвiлiну ёй не мiнуць украдкам кiнутых позiркаў сясцёр, санiтарак, - позiркаў, у якiх празмерная цiкаўнасць, здагадкi i прытоенае асуджэнне.

Час iшоў вельмi марудна. Мiнула ўжо i дзесяць, i адзiнаццаць гадзiн, а Драздовай усё не было. Фрузыне ўжо выдалi дакументы - даведку, што ў яе нарадзiўся хлопчык, што яму зроблены ўсе прывiўкi. Гэтую даведку, бы найдаражэйшы дакумент, яна загарнула ў паперку i схавала за пазухай. Яна ўсё хадзiла па калiдоры i чакала, агорнутая клопатам, як данесцi малога дадому па такой сцюжы, што трэба было б купiць цёплую коўдрачку, ды вось дагэтуль на ўсё не хапiла грошай.

Жанчына аж здрыганулася, калi сястра адчынiла ў калiдор дзверы i паклiкала яе апранацца. Там, у пярэднiм прахадным пакойчыку, яна спаткалася з Драздовай - захутаная ў цёплы шалiк, у плюшавым жакеце, вахцёрка чакала яе са скруткам у руках. Яна ледзь прыкметна ўсмiхнулася насустрач Фрузыне знарок сярдзiтымi вачыма i загаварыла сваiм грубаватым голасам:

– Ну што, выхадзiлася, нябога? Ну, нябось пазнала, дзе ракi зiмуюць? А што, не казала я?! Ну! Дзе ён - твой крывапiвец? На вось, сабралi

тут. На кватэру я не хадзiла - далёка, ну яе.

Яна сунула ў рукi Фрузыне тугi скрутак - коўдрачка, прасцiнкi, сiняя шаўковая стужка. Жанчына здзiвiлася: чыё ж усё гэта?

– Бяры, бяры, - папiхнула яе Драздова.
– Сабралi тут. Нонка, Куцячыха, Шаўроў даў паўсотнi. Я сваiх пару пялёнак загарнула - спатрэбiцца.

– Дзякуй, - сказала Фрузына i прыплюшчыла вочы. Ёй раптам стала нечага вельмi жаласлiва на душы - i да сябе, i да iх, што не забылiся, не пагрэбавалi...

– Ну iдзi, iдзi, паказвай свайго крывасмока, - падштурхнула яе Драздова.

Яна хуценька апранулася ў сваё пакамечанае, несамавiтае адзенне, ад якога ўжо паспела адвыкнуць, i ўсё пазiрала на дзверы, прыслухоўвалася - адтуль у першы свой шлях па зямлi павiнен быў выйсцi сын, яе ўцеха i яе вялiкае шчасце ў жыццi.

Вельмi занятая, рухавая i заклапочаная сястра вынесла ёй акуратна загорнуты пульхны скрутак, падала ў рукi i развiталася. Фрузына асцярожна ўзяла яго, адхiнула ражок прасцiнкi - ён соладка спаў, сцяўшыся тварыкам у маленькi ружовы камячок. Драздова таксама зiрнула пад прасцiнку.

– Спiць? Iш ты, Пархом халерны. Ну ладна, расцi. Дай сюды, я...

Яна бесцырымонна забрала яго з рук мацi, спрытна ашчаперыла, штурхнула нагой дзверы, i жанчыны выйшлi на вулiцу.

Пакуль яны iшлi глухаватымi завулкамi, Фрузына паступова набiралася лёгкага радаснага забыцця. Ёй было добра - зноў тонкай, памаладзелай, перанёсшай труднае ў жыццi; радасна, што прыдбалася ў жыццi блiзкая, дарагая iстота, частачка яе жыцця; прыемна, што вось Драздова - заўсёды зласлiвая Драздова - гэтак дарэчы ўслужыла ёй.

А вахцёрка iшла крыху наперадзе i ўсё нешта прыгаворвала малому - нешта знарочыста сварлiвае. Фрузына даўно ўжо прывыкла да гэтага яе тону i цяпер неяк асаблiва выразна адчувала ў iм i спагаду, i пяшчоту, якiя заўсёды былi старанна захаваныя пад гэтай знешняй яе незадаволенасцю. Яшчэ Фрузына вельмi ўдзячна была Нонцы i Шаўрову. Адчувала яна, што шматлiкiя пакуты неяк зблiзiлi яе з людзьмi, далi, вiдаць, ёй нейкае няпiсанае права на людскую прыхiльнасць.

Падыходзячы да iх установы, Драздова нечакана павярнула ўбок, да ганка.

– Iдзi, пакажам твайго крыкуна. Хай паглядзяць. А то - Фрузына такая, Фрузына сякая... Iдзi, iдзi, чаго там, - прыкрыкнула яна на жанчыну, калi тая нерашуча спынiлася на вулiцы.

Фрузына збянтэжылася: ёй вельмi няёмка было несцi туды дзiця, але Драздова ўжо адчыняла нязладныя дзверы. Нiчога не заставалася рабiць, i яна вымушана была пацягнуць за тыя медныя ручкi-поручнi. Дзверы працяжна прарыпелi, бы прывiталiся са старой знаёмай, i гэты iх рып душэўным болем працяў нутро жанчыны.

У вестыбюлi было цёпла, да iх адразу прытупала ў скрыўленых валенках Ганка. Драздова, прымасцiўшыся ля батарэi, начала расхутваць малога.

– Во, глядзi, якога мужыка займела баба. А то думалi, што Фрузына горш за людзей. Вунь як пазяхае, пражора! Толькi есцi давай, - прыгаворвала яна, спрактыкавана разгортваючы пялёнкi.

Заўважыўшы навiну ў парозе, аднекуль з калiдораў прыбеглi дзве прыбiральшчыцы, угары на лесвiцы дробна застукалi абцасiкi, i цераз поручнi нагнулася кучаравая галава Нонкi.

Поделиться с друзьями: