Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пад страхам смерцi (на белорусском языке)
Шрифт:

II

Кожныя пяць хвiлiн аднаногi выпiваў адным глытком шкляначку вiна i загадваў Лябро такiм тонам, што пярэчыць нiяк было нельга:

– Дапiвай, Аскар!

I Лябро пiў. Пасля трэцяй бутэлькi ён ужо ледзь бачыў стрэлкi гадзiннiка на званiцы царквы: было цi то дзесяць гадзiн, цi то адзiнаццаць. А Жуль, адкiнуўшыся ў крэсле, палiў i палiў да самага канца цыгаркi, якiя ён сам скручваў, i бурклiва дапытваў Лябро:

– Адкуль ты?

– З Пон-дзю-Ляса... Гэта непадалёк ад Тулона...

– Ведаю! А я з Марселя, з квартала Сэн-Шарль, - радасна

ўсмiхнуўся Жуль. Але ў радасцi гэтай, як, зрэшты, i ва ўсiх астатнiх праявах ягоных пачуццяў, было i нешта жахлiвае. Нават калi ён прыкметна мякчэў у гаворцы, то ўсё роўна глядзеў на Лябро, бы на мураша, якога збiраўся вось-вось раздушыць.

– Бацькi багатыя?

– Бедныя... Так сабе... Не, хутчэй бедныя...

– Як i ў мяне. Вучыўся ты дрэнна - iду ў заклад. З матэматыкай заўсёды было кепска. Зноў жа - як i ў мяне!.. Дапiвай! Кажу табе, ну!.. Як ты трапiў у Габон?

– З адной марсельскай фiрмы, пасля службы ў армii.

Жуль спытаўся ў Лябро i пра ўзрост. Выявiлася, што Лябро быў на год старэйшы - i гэта вельмi ўзрадавала аднаногага.

– Урэшце, мы маглi сустрэцца на якiм-небудзь параходзе, а яшчэ раней у армii... Весела было б, га?.. Яшчэ пляшку, мiленькая...

Лябро ўжо дрыжаў ад адной думкi, што яму яшчэ прыйдзецца пiць.

– Не бойся!
– засмяяўся Жуль.
– У мяне норма. Дый табе лепш, калi я набяруся: убачыш тады, якi я чуллiвы...

I ўсё гэта было на вачах у людзей: адны заходзiлi да Марыса выпiць, другiя гулялi на вулiцы ў шары. Усе ведалi свайго былога мэра, але дапамагчы яму не мог нiхто. Лябро махалi рукою, клiкалi яго, але адзiнае, што мог ён зрабiць, гэта вымушана ўсмiхнуцца.

– Значыцца, калi ты так брыдка абышоўся са мною, табе было дваццаць два гады... Як ты апынуўся ў балотах Мбале?

– Фiрма даручыла наладзiць у тамтэйшых селiшчах збор пальмавага алею.

– Такой спякоты, як там, я больш нiдзе не сустракаў... Сама малярыйны экватарыяльны лес... Але ж ты не адзiн там быў?..

– Са мною былi яшчэ кухар i два весляры.

– I ты згубiў сваю пiрогу?.. Адказвай?.. Чакай... Выпi спачатку... Выпi, або раструшчу табе галаву!

Лябро цераз сiлу пiў. Усё яго цела пакрывалася потам, як некалi ў час службы ў Габоне, але гэты пот быў халодны. Аднак зманiць смеласцi не хапiла. Ён шмат думаў з таго часу пра гэты выпадак з Жулем - i ўдзень, i ўначы, калi не спалася. Каб не гэтая афрыканская гiсторыя, ён мог бы лiчыць сябе сумленным чалавекам, нават шчаслiвым чалавекам. Успамiн аб ёй прыходзiў кожныя два-тры месяцы, працiнаў душу знянацку i стаў ягоным сапраўдным кашмарам.

– Я не губляў пiрогi, - прызнаўся Лябро.

Жуль глядзеў на яго, нахмурыўшы бровы, i не мог паверыць таму, што пачуў.

– Дык што ж ты тады?..

– Была страшэнная задуха... Мне здалося, што ў мяне лiхаманка... Тры днi ледзь паспявалi адмахвацца ад камароў...

– Я таксама...

– Мне было дваццаць два гады...

– Мне таксама... Яшчэ менш: дваццаць адзiн...

– Я не ведаў Афрыкi...

– А я?.. Пi!.. Пi, я табе

сказаў!.. У цябе была пiрога, i, нягледзячы на гэта...

Цяпер, праз многiя гады, пан Лябро, былы мэр Паркэроля, i сам не мог зразумець свой колiшнi ўчынак.

– У мяне быў мурын, вясляр з племенi пагу... Ён сядзеў зусiм блiзка ад мяне, i ад яго нясцерпна смярдзела...

Гэта i была сапраўдная прычына ягонага злачынства. Бо Лябро ўсведамляў, што зрабiў злачынства, i не шукаў сабе апраўдання. Калi б трыццаць гадоў назад ён проста забiў чалавека, то, мажлiва, i не пакутаваў бы гэтак праз тое цяпер. Але ягоны ўчынак быў горшы за забойства - i Лябро разумеў гэта.

– Расказвай далей, - утаропiўся ў яго Жуль.
– Значыцца, ты, паскуда, не любiш, як пахнуць пагу...

Лябро ўспамiнаў.

Балоты Мбале... На паверхнi мутнай вады лопаюцца велiзарныя бурбалкi... Усё кiшма кiшыць кракадзiламi, змеямi i ўсялякай iншай брыдотаю... I нiдзе нi купiнкi цвёрдай зямлi - толькi балота, такое зарослае дрэвамi i кустоўем, што ледзь удавалася прадзiрацца скрозь гэты гушчар... I ўдзень i ўначы камары, а кусалiся яны так балюча i небяспечна, што ён не здымаў з твару маскiтнай сеткi, пад якой проста задыхаўся...

Можна было плыць цэлымi тыднямi i не сустрэць нiводнай халупы, нiводнага чалавека... I тут ён убачыў раптам схаваную памiж карэннямi мангля* пiрогу, а на ёй - маленькi шчыток з надпiсам:

"Лодку не браць - пад страхам смерцi.

Жуль".

* Мангль - трапiчнае дрэва, якое расце на iлiстых берагах i мае спецыфiчныя паветраныя каранi, што iдуць ад ствала i галiн у глебу.

Словы "пад страхам смерцi" былi двойчы падкрэсленыя. Гэта i выклiкала ў Лябро смех.

Тут, у гушчары экватарыяльнага лесу, за сотнi кiламетраў ад усякай цывiлiзацыi, ад блiжэйшага жандарскага паста, гэтае папярэджанне, напiсанае друкаванымi лiтарамi, здавалася вар'яцкiм. Вось яму i прыйшла ў галаву не менш вар'яцкая думка, якая магла нарадзiцца хiба што ў гэтай саракапяцiградуснай спякоце. Ногi ў яго зацяклi, бо ў цемнаце ён вымушаны быў падкурчваць iх пад сябе. Ад мурына нясцерпна смярдзела - той невядома калi апошнi раз мыўся... А калi ён возьме гэтую пiрогу i прывяжа яе да сваёй, то застанецца ў лодцы зусiм адзiн да самага канца падарожжа i не будзе больш чуць, як смярдзiць ягоны вясляр...

"Пад страхам смерцi?" Вось i добра! Якраз таму i вазьму, што пад страхам смерцi!

– I ты яе ўзяў?

– Я прашу ў вас прабачэння...

– Я ўжо сказаў табе, каб ты быў са мною на "ты"... Памiж намi гэта больш натуральна... А я якраз у той самы момант пайшоў раздабыць што-небудзь паесцi, бо здыхаў ужо з голаду некалькi дзён... I вось, вярнуўшыся назад да пiрогi, апынуўся раптам у становiшчы вязня на выспе...

– Я не ведаў...

Але гэта было яшчэ не ўсё. Лябро не толькi ўзяў чужую пiрогу, але i дадумаўся нават брыдка адказаць яе невядомаму гаспадару. Узяў i напiсаў на тым самым шчытку, якi пакiнуў на месцы ўкрадзенай пiрогi:

Поделиться с друзьями: