Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пагарэльцы

Макаёнак Андрэй

Шрифт:

Кудасаў. Правільна! Абавязкова кадры! Вось хоць бы вы… Вас цяпер паднялі… Хіба для вас ёсць што-небудзь даражэй за свой пост? Кім вы былі раней?

Ухватаў. Рабочым. Гліну мясіў на цагельным заводзе. А потым выдзвінулі. А цяпер яшчэ раз выдзвінулі.

Кудасаў. Во! П'ём за выдзвіжэнні і перадзвіжэнні! (П'юць.)

Ухватаў (утаропіўся на Кудасава). А ты хто? Твае бацькі да семнаццатага года — хто? I ты кім быў до?

Кудасаў (папярхнуўся гарэлкай). Рыкшам.

Ухватаў.

Рыкшам?

Кудасаў. Па сутнасці — рыкшам. I дзед мой, бацька мой, і я. Возчыкамі. На чужых конях. Па сутнасці — на мне ездзілі. Значыць — рыкша. А цяпер я!.. Кім буду?.. У вас?

Ухватаў. Нешта ты спяшаешся да ўлады.

Кудасаў. А як жа не спяшацца? Правароніць можна. Вы наберыцё з такімі біяграфіямі, што… Мне цяжка будзе цягацца. Я адкрыта: мой дзед цара не забіў, дзекабрыстам не быў. Дзевяцьсот пяты год праспаў на печы. Ён, дурань, аб унуках не клапаціўся. А ў лейтэнанта Шмідта вунь колькі ўнукаў! Праўда, бацька мой у грамадзянскую не падвёў. Не прымкнуў ні да Пятлюры, ні да Балаховіча. Устаяў! I за тое — дзякуй. А мог бы на рэвалюцыйнай хвалі ўзляцець… А цяпер вот і я быў бы на сметніку, каб не класавае чуццё і адданасць.

Ухватаў. Цяпер канечне — пасля перамогі, калі ўлада акрэпла, да яе ўсе ліпнуць, усе хапаюцца, бадзёрымі папутчыкамі шагаюць у ногу. Ды ўлада — не дура, прыглядаецца і ад каго трэба — адмяжоўваецца. Адсякае. Толькі выпадак часам памагае. Толькі на выпадак можаш спадзявацца. На ўстраску!

Кудасаў. I за выпадак. і за ўстраску можна… выпіць. Можна і аддзячыць за выпадак. Дык — хто я? У вас буду?

Ухватаў. Мая правая рука… Бачу — я табе вельмі патрэбны.

Абодва ап'янелі ці ад выпітай гарэлкі, ад узаемных пахвал, ці ад таго, што адчулі слодыч улады.

Кудасаў. Ясна. Цяпер я пагарцую, паезджу!

Ухватаў. На мне?

Кудасаў. Што вы, што вы?! Вы — гістарычная, можна сказаць, фігура. Калі на тое пайшло — хочаце — я вас правязу. А? Сядайце вярхом. Хочаце?

Ухватаў. Яшчэ ўроніш. Не-е! (Адмахнуўся.) Не хачу!

Кудасаў. Я — шануючы вас. Э-эх… (Бярэцца за паўлітэрку.) «Бродяга Байкал переехал, навстречу родимая ма-ать…» (Спявае галасіста, чулліва.)

Рая (выглядае з кухні). Федзя!!!

Ухватаў. Т-сс… Вот, гляджу я, мы, як птушкі. Вель-мі падобны на птушак… людзі. Ты бачыў калі-небудзь сініцу ў кармушцы? Як яна там? А? Ухопіць кавалачак і тут жа ўбок. I перш чым клюнуць, сем разоў азірнецца. I ад чаго так стала з сініцамі? Заўсёды насцярожаныя.

Кудасаў. Таму, што кошка недзе побач. Ці яшчэ які свой — у такіх жа пер'ях — драпежнік. (Асяніла.) Ясна, Фёдар Паўлавіч, усё. Перш чым разок клюнуць, трэба сем разоў азірнуцца. Прасвяцілі! Якая кніжачка!

Ухватаў даўно ўжо заўважыў, што Кудасава вельмі зацікавіла чырвоная кніжачка на акне.

Ухватаў (бярэ кніжачку, гартае). Гэта жонка любіць перапісваць з кніг розныя выказванні і вытрымкі. Паэтаў розных. Пралетарскіх асабліва. А потым і мне дакладвае. Вот. (Чытае.) «Некалькі

наводных пытанняў аб паслядоўнасці з'яў і часу». Та-ак… «Адыходзячы на спачын, запытай сябе. Сам. Што ты зрабіў? Сёння. Падвядзі вынікі. Справам тваім. Можа, чужое проса вытаптаў? Пакрыўдзіў каго? Аблаяў? Пакараў? Звольніў з работы? Ці асудзіў? Каго? За што? Ці справядліва? Чым гэта павернецца для цябе, для людзей заўтра? Праз год? Праз дзесяць год? А праз дваццаць год? Успомніць аб гэтым не сорамна будзе табе? Перад сабой. Перад сынамі. I перад унукамі. Што ты зрабіў? Сёння?»

Кудасаў (крычыць, апраўдваецца). Нічога такога я не зрабіў! Мура нейкая. Яшчэ допыты самому сабе? «Спытай сябе…» Ёсць каму допыты рабіць. Мура, і ўсё. Глупства! Выцяжкі няма. Во давайце вып'ем і закусім. Яшчэ і пракурорам над сабой будзь. (Плюецца. I зноў запявае.) «На-алей! Вып'ем, яй-богу, яшчэ!..» (Налівае.)

Нечаканы стук у дзверы. Хведар Паўлавіч і Кудасаў струсілі.

Рая (прыбягае з кухні). Я ж гаварыла! Федзя!

Ухватаў. Прыбраць!!!

Прыбіраюць шклянкі, хаваюць бутэльку. Кудасаў у паніцы хавае у кішэнь нават відэльцы і нажы. Выхапіў з партфеля газету і ўголас чытае загаловак артыкула: «Вялікая перамога металургаў. Першы савецкі блюмінг перакрыў праектную магутнасць…»

Рая. Ну во, я ж казала, я ж казала…

Ухватаў. Ну хопіць! (Перадражнівае.) «Казала, казала».

Рая адчыняе дзверы. На парозе з'яўляецца Бусько з кошыкам і чамаданам, якія ён ставіць каля парога.

Рая. Калі ласка!

Ухватаў (нібы і ўзрадаваўся). А-а! Цэ ты?

Бусько. Я! Здароў!

Ухватаў. Здароў!

Бусько (абдымаюцца, паляпваюць адзін аднаго па спіне). Хведзька! А цэ твая баба?

Ухватаў. Яна.

Бусько (здзіўляецца). Така малюпасэнька! Х-ха-ха-ха! Така кнопачка? (Хацеў шлёпнуць Раю ніжэй паясніцы.)

Рая. Федзя! Што за фамільярнасць?

Ухватаў. Бусько! Асцярожней!

Бусько. Не шкляная. От ты, брат Хведзька, хітры, выбраў собі… Таку ж і прокорміць і одзягнуць — раз плюнуць, не тое шо мою… Штоб обгарнуць толькі кузаў, тры метры мадэпаламу трэба. (Паказвае на Кудасава.) А о цэ хто?

Ухватаў. Мая правая рука. (Кудасаву на Бусько.) А гэта — разам на цагельні гліну мясілі. Потым яго выдзвінулі. У заготжывёлу.

Бусько. Дык гэта я выдзвінуўся? Не ўспамінай. А вы што? З самага ранку за газету? А што б вы прыпухлі! А я ехаў до тэбэ і думаў: можа, адрас памяняў. Напісаў пісьмо, а адказу няма. А ты ўсё яшчэ тут. Цеснавата. З маёй бабай тут і не размінуўся б.

Кудасаў. О-о! Напомніў! Хведар Паўлавіч! Гэта я ўжо на сябе бяру. Кватэру вам я падрыхтую.

Поделиться с друзьями: