Палескія рабінзоны
Шрифт:
Нарэшце галасы пачалі набліжацца да хлопцаў, пачуўся хруст, і абодва чалавекі зноў выйшлі да грэблі.
– Мусіць, яны ў гэтым баку, – казаў адзін з іх.
– Усё ж такі дзіўна, што яны не адгукаюцца, – прамовіў другі. – Не можа быць, каб нашыя стрэлы і крыкі не былі чутны.
– Пагукаем яшчэ тут. Калі няма, значыцца, няма.
– Ці не маглі яны як-небудзь выйсці?
– Апрача таго месца, прайсці нідзе нельга, нават у самае сухое лета, – чуўся голас чорнага. – Куды б яны ні сунуліся, усюды загінуць.
– А можа, якім-небудзь чынам даведаліся
Чорны дзядзька гучна засмяяўся:
– А ты сам упэўнены, што пройдзеш цяпер адзін?
– Не вельмі. У такім разе, можа, нам і не трэба будзе турбавацца?
– Дай Бог.
І яны на вачах у хлопцаў зноў пачалі страляць і гукаць:
– О-о-го-го! Сюды-ы!…
Хоць і не да смеху было нашым хлопцам, але яны не маглі не ўсміхнуцца.
– Вось дабрадзеі знайшліся, каб яны хутчэй самі ўтапіліся! – сказаў Мірон, калі людзі адышлі.
– Гэтага мала, – злосна прамовіў Віктар. – Хоць тры гады буду сачыць, але аддам іх пад расстрэл. Пойдзем дахаты, хай яны там блукаюць.
– Ох! – прастагнаў Мірон. – Усё цела здранцвела: мусіць, гадзін пяць ляжалі нерухома.
І яны пайшлі да стаянкі. Ззаду чуліся крыкі і стрэлы іхніх «дабрадзеяў». Хоць хлопцы і не баяліся, што ворагі зараз будуць іх шукаць, але ўвесь час адчувалі небяспеку.
– Горш за ўсё, што агню нельга раскладаць, – казаў Мірон. – Калі яны вернуцца ды ўбачаць, што вогнішча нехта падправіў, дык адразу здагадаюцца, што мы тут. А агонь тым часам можа згаснуць.
– Падсунем тоўстыя кавалкі пад попел, можа, не звернуць увагі, – параіў Віктар.
– А што, калі заўважаць? – непакоіўся Мірон. – Ад гэтага можа залежаць наша жыццё.
Падумалі-падумалі і парашылі лепш рызыкнуць агнём, чымся жыццём.
– Можа, небяспечна кратаць і нашу спажыву? – сказаў Віктар. – Таксама могуць заўважыць.
– І гэта праўда, – згадзіўся Мірон. – Вось дурное становішча: глядзець на сваю ўласную ежу, галадаць і не мець права крануць яе.
Усё гэта было б нават смешна, каб не было гэтак небяспечна.
Не сядзелася ім на месцы. Увесь час пазіралі ў той бок, дзе былі «дабрадзеі». Нарэшце Віктар не вытрымаў:
– Не! Не магу! Ідзём схаваемся побач.
Адышліся ў балота, у зараснік, і там заселі. Адтуль была відаць і іх стаянка, і дарога, па якой маглі прыйсці ворагі. Нарэшце паказаліся і яны. Падышлі да будана і селі каля вогнішча.
– Каб канчаткова ўпэўніцца, трэба пачакаць вечара, – сказаў малады, – калі яны яшчэ жывыя, то павінны прыйсці сюды начаваць.
– Але ў такім разе мы сёння не зможам вярнуцца назад, – заўважыў чорны.
– Ну, дык пераначуем тут. Вось і будан ёсць. Нават барсучыная скура ў ім. А вунь і палова зайца, і рыба вісіць. Заяц, відаць, яшчэ свежы. Значыцца, учора яны тут жылі. Калі загінулі, дык толькі сёння.
Бандыты падклалі ў агонь дроў. Чорны выняў з торбы хлеба, сала, солі.
Калі ўбачылі гэта хлопцы, дык у іх аж сліна пацякла.
– А можа, пакаштуем іхняга зайца? – сказаў малады.
– Не варта важдацца.
– Ну, дык я маленькі кавалачак
сабе спяку. – Падышоў, узяў зайца і сказаў: – Як ён скрэмзаны. Відаць, у іх нажа не было.– А вось неяк трымаліся, чортавы дзеці! – буркнуў чорны. – І якім чынам здолелі зайца злавіць?
– Мусіць, іх там навучаюць цяпер розным такім штукам, – казаў малады, адразаючы нажом тонкую лусту мяса. Потым палажыў яе ў попел.
Хвіліну памаўчалі, глядзелі, як скварыцца мяса. Надыходзіў вечар. Навокал было так спакойна і мірна, што цяжка было падумаць пра тую людскую жорсткасць, якая панавала тут у гэты час. Відаць, гэты настрой мімаволі ахапіў і малодшага.
– А можа, плюнуць на ўсю гэтую справу і пайсці дадому, пакуль не позна? – прамовіў ён.
Чорны сурова зірнуў на яго:
– Праз два тыдні нам спатрэбіцца гэта месца. Калі мы страцім яго, нам самім прыйдзецца рызыкаваць жыццём. Няўжо ж з-за гэтых шчанят ты сам згодзен пацярпець?
– Ды я гэта кажу толькі таму, што ўпэўнены ў іх смерці. Наўрад ці могуць яны столькі часу не прыходзіць.
– Каб цвёрда быць упэўненым, трэба перачакаць ноч, – сурова сказаў чорны.
Малады выняў мяса, пачысціў яго, пасыпаў соллю і са смакам пачаў есці.
– Нішто, – сказаў ён. – Раю і табе.
– Не хачу гэткага дабра, – махнуў рукой яго таварыш.
Бедныя хлопцы ледзь не плакалі, калі глядзелі, з якім смакам есць вораг іхняе мяса. Ды яшчэ з хлебам, з соллю! Хоць бы драбінку гэтага хлеба і солі пакаштаваць.
– Кладзёмся спаць, – прапанаваў стары. – Калі прыйдуць, не пакрыўдзяцца. Яны і спадзявацца не маглі ўбачыць тут людзей, якія могуць іх вывесці.
Віктар сціснуў кулакі, заскрыгатаў зубамі і ледзь не зароў ад злосці.
Стары ўлез у будку, палажыў пад сябе стрэльбу і разлёгся на скуры.
– Паглядзі, там яны чарапаху паставілі на бярозавы сок, – сказаў ён з будана. – Піць хочацца.
Малады пайшоў, узяў чарапаху і паднёс свайму таварышу.
– Добрая рэч, дай Бог ім здароўя, – засмяяўся той.
Потым і другі ўлез у будан. Пра нешта яшчэ пагутарылі там, але хлопцы не маглі разабраць.
Стаяла цішыня. Толькі нейкія вячэрнія птушкі часам парушалі яе. Надышла ноч. Хлопцы сядзелі ў сваёй засадзе, нібы скамянелыя. Ім здавалася, што ў гэткай цішыні чуваць не толькі кожны іх рух, але і дыханне, нават стук сэрцаў. Доўга не адважваліся яны паварушыцца. Вось ужо і храп пачуўся з будкі, а яны ўсё яшчэ баяліся крануцца з месца. Ад холаду і вільгаці пачалі дрыжаць.
– Ну, давай вылазіць, – прашаптаў Віктар.
Паварушыліся – і зараз жа храснуў леташні сухі чаротнік. Самлелі хлопцы, стаілі дыханне, прыслухаліся – нічога. Палезлі далей.
І вось тут адбылося самае жудаснае ў іхняй гісторыі: Мірон заблытаўся нагамі ў лазняку і… ляснуўся на зямлю.
У будцы зараз жа заварушыліся, і адтуль вылез чорны бандыт са стрэльбай у руках. Зірнуў ва ўсе бакі, прыслухаўся, пачакаў некалькі хвілін і схаваўся назад.
– Што там такое? Можа, яны? – пачуўся сонны голас маладога.