Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паляўнiчы (на белорусском языке)
Шрифт:

– Янот, - сказаў Скоцi, - ведаў, што рабiў. Няма ў лесе лепшага звера, чым янот, - працягваў Скоцi.
– I больш ахайнага, чым ён. Якi звер, акрамя яго, перш чым з'есцi мяса, памые яго ў вадзе?

– I як толькi ён яго не падсмажвае?
– насмешлiва зазначыў Рой.

– Ну, але гэтае, ва ўсякiм разе, падсмажана, - сказаў Мэрэй пра свае бiфштэксы з аленя.
– Давайце талеркi.

Яны елi, седзячы на сасновай лаўцы ля стала, прыбiтага да сцяны. Як i ўсё ў хацiне, стол быў самаробны, але не крывы i моцны. Рой майстраваў яго на гады. Ён збудаваў хацiну так моцна, што Самсон запэўнiваў, што гэта ён сам сабе змайстраваў труну. Але для хацiны яна была занадта вялiкая - дваццаць футаў на васемнаццаць, i без адзiнай шчылiны. Акрамя стала тут было два ложкi, галава да галавы,

у адным канцы ля дзвярэй маленькi столiк з умывальным тазам, кладоўка, ля акна скрыня з дабром Роя i невялiкая жалезная печка. Усё было змайстравана грунтоўна: падлога моцная, з бярвення, без перакосаў i прагiбаў, страха з толю, чатыры акны. У адным кутку да самай страхi былi складзены бярозавыя цуркi, i Рой, на хвiлiну адарваўшыся ад яды, падкiнуў некалькi цурак у печку.

Стала горача, Самсон ускочыў i адчынiў дзверы.

– Тут задыхнешся з табой, - закрычаў ён.

– Снегавiк Самсон!
– паскардзiўся Рой.
– Ты калi-небудзь замерзнеш. Хутчэй за ўсё, у сваёй хацiне.

У супрацьлегласць хацiне Роя, у Самсона была хiлая хiбара, уся на скразняках. Самсон знарок трымаў яе ў запусценнi. Скоцi, якi жыў разам з iм, казаў, што зiмой у ёй зусiм невыносна, але Скоцi нiколi не скардзiўся, бо згодна з яго перакананнямi, ён мусiў улiчваць правы iншага. Яны абое пакутвалi ад гэтага, але Рой ведаў, што абое задаволены тым, як i чаму пакутуюць.

– Як гэта ты не задыхнуўся ў сваiм танку на фронце?
– сказаў Рой Самсону.
– Ты, вiдаць, свiдраваў дзiрачкi ў бранi, каб дыхаць свежым паветрам.

– Калi станавiлася горача, - сказаў Скоцi, - ён выскокваў i бег побач.

Франтавыя справы былi тым адзiным, чым Скоцi i Самсон дражнiлi адзiн аднаго. Яны разам пайшлi на фронт i служылi на адным танку, гэтаксама як i зараз жылi ў адной хацiне. Яны ваявалi ля Арнгема, вызвалялi Данiю, перапраўлялiся цераз Рэйн, а пасля вярнулiся дамоў, занялiся паляваннем; адзiн яшчэ больш загрубелы, другi з iдэямi. Мiж сабой яны захоўвалi мiр тым, што нiколi не спрачалiся, хоць Рой за апошнiя два гады шмат разоў спрабаваў справакаваць iх. Адзiн да аднаго яны адносiлiся з павагай, нават калi спрачалiся пра ваенныя справы, у iхнiх перапалках не было з'едлiвасцi, зусiм не было.

– Ведаеш, я ўжо амаль дабудаваў хацiну ў заказнiку, - спакойна заявiў Мэрэй, пакiнуўшы сваю валавяную талерку i абапёршыся на стол.

– Табе лепш было б не расказваць пра гэта ў прысутнасцi такiх законапаслухмяных грамадзян, - зазначыў Рой, налiваючы ўсiм па вялiкаму кубку кавы.

– А я думаў усiх вас запрасiць туды з сабой, - сказаў Мэрэй.

– Зел ужо запрашаў мяне, - азваўся Рой.

– А як вы?
– спытаўся Мэрэй у астатнiх.

– А там норка водзiцца?
– спытаў Самсон.

– Што толькi там не водзiцца, - адказаў Мэрэй.
– Усяго на ўсiх хопiць. Там можна налавiць столькi, што хопiць на шмат гадоў наперад, асаблiва бабра. Нiдзе не бачыў гэтулькi бабровых хатак, Рой.

– Дык як, Самсон?
– спытаў Рой.
– Пойдзеш туды?

– А ты?
– спытаў Самсон.

– Мо i пайду, - падахвоцiў яго Рой.
– Асаблiва калi пойдзеш ты.

Скоцi ведаў, што Рой можа справакаваць Самсона на любую, нават сама безразважлiвую справу. У мiнулым годзе, перад самым ледаставам, ён паспрачаўся з Самсонам на пяцьдзесят даляраў, што той не пераплыве возера. Самсон пераплыў, але пасля гэтага ледзьве выжыў. Зараз Рой падбухторваў Самсона на забаву яшчэ больш смяхотную i небяспечную, i Скоцi чакаў бяды.

– Калi вы, сябры, надумалi стаць мiльянерамi, - сказаў ён, - чаму б вам не абрабаваць банк? Гэта не больш рызыкоўна, чым паляваць у заказнiку.

– Ды нiхто цябе там i не ўбачыць, у заказнiку, - сказаў Мэрэй.

– Вельмi нават проста!
– заявiў Рой.

– А яшчэ прасцей папасцiся, - папярэдзiў Скоцi.

– Яго прападобнасць, айцец Скоцi Малькольм, - сказаў Рой.
– Чаго, уласна, ты баiшся? Iнспектара?

– Нiчога я не баюся, i iнспектара таксама, - сказаў Скоцi.
– Вам, сябры, проста не церпiцца парушыць закон. Толькi i чакаеце выпадку. А як жа можна без закону? Чым была б без яго наша краiна?

– Менавiта тым, чым

з'яўляецца i зараз, - адказаў за ўсiх Рой.

– Трэба ж ва ўсiм адрознiваць дабро i лiха, - настойваў Скоцi.

– Тады гэта лiха, - сказаў Рой.
– Пойдзем, Самсон?

На барадатым твары Самсона было выразна бачна, як яму цяжка ўстрымацца супраць адкрытай каверзы.

– Скоцi?
– усклiкнуў ён.
– Што ты на гаты конт думаеш?

– Не, вы ўжо без мяне!

Самсон пацiснуў плячыма, i гэта было дастаткова выразным адмаўленнем, але Рой ужо не мог стрымацца i прыставаў да Скоцi аж да той пары, пакуль Мэрэю гэта не надакучыла.

– Ладна, адзiн або ўсе, - сказаў ён.
– Але толькi кожны са сваiмi пасткамi.

Скоцi адчуў, што, бадай, перайшоў мяжу са сваiмi павучаннямi, ён пакалупаўся ў брызентавым мяху i дастаў бутэльку гарэлкi.

– Мара звералова, - сказаў ён Рою.
– Пачынай!

– За вашу прападобнасць!
– усклiкнуў Рой i адразу ж прыклаўся да бутэлькi, быццам чалавек, якi памiраў ад смагi.

Да гэтай пары Рой несур'ёзна адносiўся да прапановы Мэрэя паляваць у заказнiку. Разыгрываў на гэты конт ён i Самсона. Але ў душы ён ведаў, што заводзiць Самсона таму, што сам заведзены Мэрэем, паддражнiвае Самсона рызыкоўнай iдэяй таму, што яна i самога яго зачапiла за жывое. Заўсёдная гiсторыя. Даўнiшнi выклiк Самсону пераплысцi возера ўзнiк з насмешлiвай заўвагi Самсона, нiбыта Рой старэе. Ён перакiнуў насмешку на самога Самсона, i так атрымалася, што замест саракатрохгадовага мужчыны цераз возера паплыў малады дваццацiсямiгадовы чалавек. На гэты раз Роя выратавала тое, што Самсон ледзь вытрымаў гэтае выпрабаванне, i Рой з задавальненнем пераканаўся, што маладыя целы могуць быць менш вынослiвыя, чым тыя, што старэюць. Але зараз Мэрэй прапаноўваў сур'ёзна, i Рою даводзiлася аднаму змагацца са спакусай i самастойна рабiць выбар.

– Даўжыня таго возера каля дзесяцi мiль, - расказваў Мэрэй, пакуль усе чацвёра дапiвалi гарэлку.
– З усiх бакоў у яго ўпадаюць рэчкi, i на кожнай бабровыя плацiны, так што ўсё навокал забалочана. На ўсiх запрудах, вiдаць, не менш трохсот бабровых хатак. А гэта значыць, не менш дзевяцiсот дарослых баброў. Так, Рой?

– А чаму ж нiхто iх там не ахоўвае?
– спытаў Рой.

– Не ведаю, - сказаў Мэрэй, - але ўжо больш як пяць гадоў туды нiводзiн абходчык i носу не паказваў. Нам трэба толькi перакiнуць туды адзiн з тваiх чаўноў яшчэ да марозаў, тады можна будзе аблоўлiваць адну рэчку за другой. I ўся гэта першагатунковая пушнiна на адным пятачку!

Адзiн з чоўнаў Роя! Мэрэй патрабаваў шмат i ведаў гэта, як ведалi i Рой, i Самсон, i Скоцi. Але Мэрэй умеў прасiць, ён не лiчыўся з тым, пра што просiць, умеў прасiць з мiмаходнай абыякавасцю. Рой ухiлiўся ад прамога адказу.

– А скуль ты ведаеш, што абходчыкi туды не зазiраюць?
– спытаў у Мэрэя Скоцi.

– Яны заўсёды пакiдаюць свае сляды, - сказаў Мэрэй.
– Забiваюць слупы, пазначаюць дрэвы, дарогу. А вакол гэтага возера нiякiх слядоў альбо адзнак няма; я там усё аблазiў. Ва ўсякiм выпадку, да блiжэйшага кардона там не менш як трыста мiль, i гэта на самай ускраiне заказнiка.

– А мо яны пра гэтае возера наогул не ведаюць?
– сказаў Рой.

– Я ў гэтым цалкам перакананы, - сказаў Мэрэй.

– Ты i мiнулым разам быў перакананы, аднак жа трапiўся, - сказаў Скоцi. Ён пашкадаваў, што дастаў бутэльку, баяўся, што яна магла падштурхнуць Роя да вар'яцкiх учынкаў, i лiчыў сваiм абавязкам змагацца за Роя супраць злачыннага ўплыву гэтага валацугi.

– Мiнулым разам, - спакойна азваўся Мэрэй, - мне давялося прайсцi праз увесь заказнiк, каб дабрацца да месца палявання. Вось яны мяне i высачылi. Але гэтае возера ў сама далёкiм канцы. Туды мы можам патрапiць, калi абыйдзем участак Iндзейца Боба i зрэжам на поўнач ад твайго, Скоцi, затым перацягнем човен праз хрыбет Белых гор i спусцiмся па далiне да Сярэбранай ракi. Возера крыху на поўнач, i знайсцi яго няпроста. Яно губляецца сярод соцень iншых азёр i ў самiм заказнiку i за яго межамi. Нам толькi трэба дабрацца туды да замаразкаў i аблавiць болей рэчак, пакуль яны моцна не замерзнуць. Iнакш давядзецца зрабiць добры шпацыр туды i назад.

Поделиться с друзьями: